Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 11
Ільвінае вока[1]
Шкаляры
9
ОглавлениеУ апошні час Альгерд больш хваліў, чым ушчуваў – гэта акрыляла, але Кастусь ведаў, што да патрэбнай дасканаласці яму яшчэ далёка.
– А хто яе вымяраў? Каму гаварылі: досыць, ты ўжо дасканалы, хопіць развівацца? Ці ёсць такая дастатковасць альбо мяжа? – часам, настаўнік закідваў забаўнымі рытарычнымі пытаннямі – і гэта відавочна яму падабалася. – Ніколі такога не было і не будзе. Дасканаласць – Велічная і Патрабавальная Сіла. Яна не мае ні вымярэнняў і ні прыпынкаў, пачынаецца і заканчваецца БОГАМ, ахоплівае ўвесь Сусвет і выбірае стварэнні толькі па заслугах. Колькі напрацаваў – столькі і атрымлівай. Так што, Кастусь, не спыняйся, дзейнічай.
Кастусь даўно ўцееў, што Рух – галоўная ўласціваьць Жыцця, і спакваля спасцігаў яго законы.
Надзіва, сутыкнуўся з вялікімі аблуднасцямі.
Так, людзі заўсёды лічылі, што ісці-імчаць фізічным целам, існуючай матэрыяльнасцю значна цяжэй, чым пачуццямі, думкамі, духам. У запраўднасці атрымалася наадварот. Ён упэўніўся ў гэтым, калі глыбей зазірнуў унутр сябе.
Усё існае вынікае паводле Касмічнай Волі, развіваецца-вырастае ў канкрэтным, уласцівым для сябе асяроддзі. Для прадметаў і ўсяго, што ходзіць, плавае, лётае, гэта – нашая планета: любы фізічны высілак – і адбываецца рух. Здаўна непахіснаю існуе ўсеагульная перакананасць, што прытулкам для эмоцыяў, мысляванняў, памкненняў з'яўляецца таксама Зямля. Але гэта – абмыл і абмах.
Кожны без выключэньня ведае, што ў зямной рэальнасці ні адзін лятунак і ні адно жаданне, не гаворачы ўжо пра душэўныя мроі, не ажыццяўляюцца хутка, увачавідкі, адным дыхам. Трэба доўга працаваць, прыкладваць шмат намаганняў, каб увасобіць іх у нашай рэчаіснасці. Але многія ўсё адно не паддаюцца і не здзяйсняюцца.
– Чаму?
– Таму што яны прыналежаць да інакшых сфераў. Мы памыляемся, лічачы іх сваім спараджэннем і ўласнасцю, і нават не задумваемся, што самі – усяго толькі механізм, які шукае-улоўлівае іх у Сусвеце і па-свойму трансфармуе-транслюе. Больш набывае той, у каго лепшая сістэма і вышэйшыя здольнасці.
– Гэта значыць, талент.
– Так.
– А калі яго няма?
– Ён ёсць у кожнага, інакш не было б жыцця. Усё залежыць ад таго, як ім карыстацца. Мы практычна спажываем мізэрную частку таго, што прапануе Космас. З гэтага акіяну бярэм тольма кроплі. Калі пастараемся – можам і болей, але як бы не высільваліся, ніколі яго ня вычарпаем.
Кастусь ня мог уявіць такую неабсяжнасць і сябе ў якасці прыймача. Ён зніякавеў і засумаваў, адчуўшы сваё вельмі дробнае значэнне ў Сусвеце.
– Не адчайвайся, – падбадзёрваў Альгерд. – Адно тое, што ты гэта ўсведамляеш, расчыняе твае магчымасці. Не трэба нікога вінаваціць і вышукваць крыўдніка. Паратунак не вонках, а ўнутры цябе. Сярод іншых істотаў чалавек вылучаецца ўжо тым, што здатны гэта зразумець і нешта зрабіць.
Настаўнік, чаму б не навучаў, усё зводзіў да аднаго – шукаць пачатак і канец у сабе. Такі накірунак здаваўся невартоўным, другарадным і не тлумачыў усяе прычыннасці. Кастусь успрымаў яго толькі як этап, метад у засваенні чагосьці больш важнага і значнага.
Калі ты самахоць аб нечым мазгуеш і дзееш альбо залюбадружна з усімі жывеш, – гэта сапраўды тваё, а калі цябе змушаюць да чагосьці, сіламоц прапануюць і ні стуль, ні сьсюль зьневажаюць – ні ў якім разе. Прыродныя з'явы – спякота і цеплыня, сцюжа і холад, вецер і бура, маланка і гром, дождж і снег, паводкі і землятрусы – таксама аніяк не дапасуюць да людзей. А зорная пространь? Хіба яе можна апраўдаць чалавекам?
– Ёсць блізкая і далёкая абумоўленасць, – нібы адгадваў думкі Альгерд і падказваў: – Не асэнсаваўшы аднае, не дабярэшся да другой. Раю пачаць з найпростага, з таго, што побач.
А што побач?
Тыя ж ложак, стол, крэслы…
Безумоўна, самі па сабе яны не ўзніклі. Іх стварылі. З адзінаю мэтаю – задавальняць фізіку чалавечага цела. І так удала прыстасавалі да паўсядзёнага побыту, што іх прымячаюць толькі за адсутнасцю. Зараз яны слугуюць Кастусю і дасюль нічым яго не турбавалі, няблага выконваючы ўтылітарную ролю. І вось упершыню ён паспрабаваў зірнуць на іх як на неадушаўлёныя прадметы, і яму адразу стала пацешна: як у казцы.
Асацыяцыі вярнулі ў маленства.