Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 4

Ільвінае вока[1]
Шкаляры
2

Оглавление

Кастусь расплюшчыў вочы.

Нязвыкла яркае святло разанула зрэнкі, асляпіла. Ён спалохана зажмурыўся і сцяўся, адчуваючы чыюсці прысутнасць.

Павольна падняў павекі – і нікога ня ўбачыў. Затое знайшоў сябе ў ложку.

Незнаёмы пакой напачатку падаўся пустым, а потым, па меры змянення светлавой танальнасці, паступова праказаўся незвычайным убраннем.

Стол, крэслы, шафа, шматлікія прадметы, прызначэнне якіх Кастусь не ведаў, – усё было круглявае і белае. Ён асалапеў, калі раптам сцяна ператварылася ў вялізнае акно і перад ім расхінулася ашаламляльная вонкавасць.

Гарыстая мясцовасць патанала ў зеляніве і квецені, лашчылася ў сонечным марыве. На ёй узвышаліся фантастычныя збудаванні, якія ўражвалі формаю і афарбоўкаю. У паветры нароўні з птушкамі і казачнымі істотамі луналі-куляліся людзі. Кастусь захапіўся відовішчам і ніколькі не дзіваваў, што цераз шкло адчувае пахі, гукі і нейкія незразумелыя выпрамяненні.

Таму і не адразу яго вярнуў да рэальнасці чыйсьці голас:

– Гэта можна яшчэ і пакратаць. Ён схамянуўся і зірнуў убок. Перад ім стаяў высокі мужчына і прыемна ўсміхаўся. Кастусю падалося, што той вынік прама з паветра.

Незнаёмец працягнуў руку. Нібыта ад чараўніцтва яна падаўжэла, лёгка прайшла праз балонку і кранула цыліндрычны гмах на ўзгор’і. Затым павольна праплыла над зялёнымі бухматымі дрэвамі і нырнула ў лістоту разложыстага дубу. Ад шапацення ўсхваляваліся птахі. Адны з іх узняліся ўгору, іншыя селі на далонь, якая ўвачавідкі пабольшала, і зацвыркалі. Уражвала мноства і мілагучнасць спеўных матываў. Нейкі юнак вёртка крутнуўся ў паветры, скокнуў на далонь, зрабіў сальта і, адштурхнуўшыся, імпэтна ўзнёсся.

Пачакаўшы хвілю, дзівоснік варухнуў пальцамі, спудзіў птушак і вярнуў руку да звыклага стану.

Кастусь зніякавеў і нічога не мог прамовіць.

– А цяпер паспрабуй ты, – пачуў ён прапанову і няўцямна ўзняў правіцу.

Пальцы нібыта расцягнуліся, памкнуліся ўперад і хутка датыкнуліся шыбіны.

Кастусь крыху пастрыг імі, злёгку націснуў. Але нічога не адбылося – і ён бездапаможна апусціў руку.

– Не ўсё адразу, – паблажліва суцешыў незнаёмец. – А пачатак мне падабаецца.

Кастусь паглядзеў на яго больш уважліва і напружыўся: нарэшце неведзь абудзіла свядомасць. Ён ужо гатовы быў выбухнуць пытаннямі, але той апярэдзіў:

– Мяне клічуць Альгердам. Я – настаўнік касмічнай вучэльні.

– Якой?

– Касмічнай, – больш выразна вымавіў Альгерд. – Я буду аэранаўтам?

– Не. Міжпланетныя караблі цябе не чакаюць, хоць лятаць ты зможаш паўсюль.

– Як яны? – кіўком галавы Кастусь паказаў на акно.

– І як яны таксама. – Дзе я? У якой краіне?

– Ты ў Самбале, мясціне вышэйшага чалавецтва і правідэнцыйных сілаў.

– Я не ведаю такой.

– На Зямлі яна вядомая толькі некаторым. – Як я сюды трапіў?

– Я цябе забраў.

– Навошта?

– Каб выхаваць і навучыць. – Чаму?

– Нашай навуцы.

– А як яна завецца?

– Творчасць.

– …Не разумею. Чаму я?

– Ты – абраны.

Кастусь занепакоіўся і падумаў пра няпэўнасць, нават уяўнасць свайго становішча.

– Хаманея. Мне сніцца?

Нешта ўспомніўшы, ён здрыгануўся і хуценька абмацаў свае грудзі. Адчуўшы пад далонню амулет, задаволена ўздыхнуў.

– Ты не спіш і даўно ачуўся.

– Я жывы?

– Канечне.

– Што з людзьмі?

– Жывуць па-ранейшаму.

– А мае родзічы?

– Турбуюцца пра цябе, шукаюць.

– Я вярнуся да іх?

– Не.

Сэрца Кастуся балюча ёкнула ад раптоўнага прыліву горычы, і ён, узрушаны, ускочыў з пасцелі.

– Гэта жорстка. Яны будуць пакутаваць і сумаваць. І ніхто іх не суцешыць. Я хачу дадому.

– Твой дом тут.

Альгерд знарок паддаваў жару, каб пабачыць, як шугае вогнішча.

– Няпраўда! – цвёрда выгукнуў Кастусь і паглядам паімчаў удалячынь. – Ён там, дзе мае маці, бацька, браты, сястра, сябрукі…

– …альбо іншае атачэнне і нават адзіноцтва, калі імі прасякнеш.

Усхваляванасць не пакідала Кастуся. Ён сердаваў, што суразмоўца ўпэўнена і лёгка расхіствае ягоную пазіцыю, а ў яго не стае пераканаўчых аргументаў, каб трымацца.

– Тое, ад чаго пайшоў, нішто не заменіць, – злосна буркнуў ён, ледзь стрымліваючы сябе.

– Правільна. Ты ведаеш, ад чаго?

– Так, я ўжо сказаў.

Альгерд усміхнуўся, і Кастусю падалося, што паблажліва.

– Вы з мяне кпяце?

– Ніколькі. Мне імпануюць твае разважанні. Ты не па веку кемлівы – гэта вельмі добра. Значыць, нашая справа пойдзе належным чынам.

Кастусь маўчаў. Яму хоць і спадабалася хвала Альгерда, але надакучыла барукацца. Ён адчуваў глыбокую самоту і вельмі хацеў дамоў. Горкасць сціскала грудзі і спірала дыханне.

Каханне (зборнік)

Подняться наверх