Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 7
Ільвінае вока[1]
Шкаляры
5
ОглавлениеАльгерд ведаў, што Кастусь павінен перахварэць тугою па Радзіме і перашкаджаць гэтаму пачуццю нельга. Наадварот, неабходна авысакародзіць яго і скіраваць у стваральнае рэчышча. Ён памятаў прыклады, калі шкаляры сваім маркотным, змрочным настроем даводзілі сябе да ніякавасці і тым самым парушалі ўнутраную творчую гармонію.
Таму ў першую чаргу іх навучалі майстэрству валодаць сабою – якасці, якая адчыняла дзверы да свабоды і дасканаласці.
Менавіта яна адрознівала насельнікаў Самбалы ад іншых жыхароў Зямлі.
За ўсю гісторыю планеты ніводная істота не спажыла яе ў поўнай меры.
Здаўна першы крык немаўляці сведчыць, якую зямную атруту душа ўдыхнула пры нараджэнні і як балюча перакруцілася яе свядомасць. Такое страсяненне паводле энергетычнага воплеску тоеснае сусветнаму катаклізму, і добра, што памяць аб ім схаваная глыбока ў падсведам'і чалавека, інакш жыццё ператварылася б у відавочную суцэльную змору. І ўсё адно ад гэтае хвіліны неасэнсаваны сполах чэпка трымае кожнае жывое стварэнне, змушае яго займаць абарону і змагацца з усім светам безустанку, да скону. А хіба можна думаць пра стрыманасць, уменне валодаць сабою, калі ўсё іство нацэлена выключна на выжыванне? Безумоўна, не.
Тое ж дзіцяці заўсёды віскоча, як парася, калі нешта не па яго. Не, сціснуць бы бяззубы роцік і пацярпець на радасць бацькоў, якія таксама не могуць утрымацца і не ляснуць свайго атожылка па дупе.
Падлеткі гэтак жа не ўтаймоўваюць свае настроі, часта абзываюцца, задзіраюцца і б'юцца да крыві. Заміраюць яны толькі адчуваючы непераўзыдзеную сілу.
Дарэчы, тое ж уласціва і дарослым. Толькі яны больш хітруюць, хлусяць і надзвычай высільваюцца, каб схаваць праўду, – гэтая практыка ўважаецца за майстэрства самавалодання, гнуткасць розуму, удасканаленне жыцьцяладу. Такім чынам і былі вынайдзеныя многія эрзацы Праўды, прыдуманая мараль, этыка, законы.
Але чалавек не прасцяк і не дурыла, каб кажначасна і беспярэчна кіравацца гэтымі парадкамі. Ён ніколі не збіраўся ўціхамірваць і скоўваць сябе, таму і захаваў сваё нутро без пераменаў. Двудушнаму і ленаватаму, яму прасцей апраўдваць сябе ўяўнай злітнасцю з прыродай, чымсь праяўляць дабрамужнасць і перайначвацца істасцю, каб узапраўды адпавядаць ёй.
Прыродзе, напэўна, крыўдна і брыдка, што такая духоўная гнюсота прылучаецца да яе. Яна неаднойчы была сведкаю таго, як асобныя ўнікумы спрабавалі адрачыся рэчаіснасці і засяродзіцца на сабе, але не выносілі ціску шматвяковага досведу чалавецтва, вельмі пакутавалі і ў выніку цярпелі паразу. Знайшліся разумнікі, якія без сумневу заявілі, што ад такіх практыкаванняў адна шкода і трэба жыць як усе, то бок прымітыўна. А таго, што тыя ж унікумы не здолелі разарваць путы старавечча і пераадолелі толькі палову шляху, за якім іх чакала існае Святло, не ўзерылі. Урэшце абцяжарылі людзей чарговаю несусвеціцаю і яшчэ больш прыхілілі іх да зямлі.