Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 19
Ільвінае вока[1]
Шкаляры
17
ОглавлениеНарэшце крэсла вынікла з шэрагу мэблі і паплыло насустрач.
Нешта ў грудзях ёкнула і захвалявалася.
Кастусь ня ведаў, які метад спрацаваў: альбо ён павялічыў прадмет, альбо сам паменшыўся да мікраскапічных памераў, як гэта раіў настаўнік.
Рух распачаўся і захапіў.
Нечакана выскачыў жах магчымага сутыкнення – і Кастусь інстынктыўна сцяўся, пачаў адхіляцца і тармазіць. Але ў свядомасьці пстрыкнула: абараняйся!
Тут жа ўспыхнуў здогад – і ён, асенены, усім сваім іством выпаліў:
«Ведаю!»
У паветры на міг выніклі пранізлівыя вочы настаўніка. І цуд: хлопец не трэснуўся аб крэсла, а толькі здрыгануўся ад зыркага пошугу святла і адчуў, як бязбольна рассякае абалонку прадмета і нырае ў невядомы свет.
Барыс тут жа трапіў ў гушчыню светлых і цёмных промняў, якія прашывалі прастору ў розных накірунках і дзе-нідзе мелі выгібы альбо разрывы. У ёй блукалі, нібы шукаючы выйсця, бліскучыя целы розных памераў і колераў. Яны натыкаліся на промні і ўспыхвалі, пасля чаго адны выбіралі іншы напрамак, другія затрымліваліся і ад гэтага папахадзілі на пратыкнёныя стрэламі кулі, трэція, чырванеючы ад напружання, рабілі прагалы і працягвалі прамы рух.
Былі і такія, што ўляталі знадворку, неслі з сабою жах і разбуралі ўсё на сваім шляху аж пакуль не гублялі энерцыі і не супакойваліся, захоўваючы вакол сябе знішчальнае поле, якое бязлітасна ганодала кожнага, хто да яго набліжаўся.
Уражаны і асцярожны, Барыс не адважваўся на спатычку альбо блізкасць з якім-небудзь аб'ектам і ўвесь час збочваў.
Лао ўстурбаваўся і затармазіў.
Ён адчуваў бесперапыннае манатоннае гудзенне і нейкія трывожныя імпульсы, але не быў упэўнены, адкуль яны ідуць: знутры альбо звонку.
Успыхнуў намер вярнуцца, а за ім і жах: як?
Затое Аляксандр чмурэў ад відовішча і прагнуў непасрэдных кантактаў. Ён столькі замаўляў гэты момант, так утрапёна рыхтаваўся да яго, што, дасягнуўшы мэты, хацеў зведаць усё напоўніцу, з максімальнай карысцю для сябе.
Не паспеўшы асвойтацца, юнак на радасцях спехам рынуў за адчуваннямі.
Ледзь крануў зіготкую галу – тая спынілася, заззяла ярчэй і, як толькі дотык прапаў, стала ранейшай. Калі ж прыклаўся да яе шчыльней і падштурхнуў у іншы бок, яна, не губляючы набытай зыркасці, паімчала шпарчэй.
Гэтак жа Аляксандр памкнуўся змяніць кірунак аднаго, двух промняў – і яны забліскацелі па-новаму, даўшы больш прасторы галам.
Андрэй разыйшоўся і моцна выцяў па кулі. Тая скаланулася, пачырванела і паляцела, як віхор, узварушваючы і раскідваючы атачэнне. Узнікла жудасная мітульга, у якой ніхто ні на каго не зважаў і тым самым пагражаў усім.
Малойца напачатку цешыла такая блытаніна, а потым, як з'явіліся ахвяры, замаркоціла.
Генрых таксама эксперыментаваў, але стрымана, з роздумам.
Промні яму нагадвалі нешта структурнае, канструкцыйнае. Затое бліскаўкі, як ні круціў іх і як ні ўглядваўся, нічым не падказвалі аб сваім прызначэнні. Загадкавай была і шэрая прастора, якая гэтакай ўяўлялася толькі на першы погляд. Паводле больш дэталёвага разгляду яна пакідала ўражанне эфірнага асяроддзя, шчыльна запоўненага вельмі дробнымі жывымі стварэннямі, многія з якіх відавочна перашкаджалі і запавольвалі рух.
Жак адчуваў іхнюю цікавасць да сябе: яны праціналі яго імпульсамі, дакраналіся і нават казыталі-паскубвалі, быццам прабавалі. Калі ён рэзка торгаўся ці плыў рыўкамі, тады яны балюча джалілі роем, а як тольма сціхаў – атаку перапынялі.
Хлопец асадзіў сябе, паспрабаваў прыстасоўвацца і манеўраваць, але невядомасць і рызыка ўзбуджалі, вабілі, прыспешвалі – і нябачныя істоты не адставалі.
Адкараскацца ад іх было немагчыма. Мікаэль махаў рукамі і сукаў нагамі, трос галавою, выгінаўся, запрагаў думкі – але яны толькі прырасталі колькасцю і яшчэ ярасней яго мучылі. Збоку гэта выглядала як танец звар'яцелага.
У нейкі момант ён адчуў палёгку, а затым і наогул спад пакутаў.
Здзіўленне, якое не праходзіла ад самага пачатку вандроўкі, павялічылася.
Ахмад узрадаваўся: нарэшце гэтая поскудзь адстала. Яна раздражняла і гнявіла яго, пазбаўляла асалоды ад прыгодаў.
Не паглыбляючыся ў прычыны і трапечучы ад хвалявання, ён абхапіў галу і пайшоў на таран.
Джордж схамянуўся, агледзеўся і раптам убачыў катастрофу.
Ускудлачаная барвовая куля ўварвалася ўнутр і імкліва разразала прастору, вынішчаючы ўсё на сваім шляху. Буйныя целы ўміг выбухалі, палымнелі і разляталіся ўбакі агнёвымі аскялёпкамі, дробныя – шарахцелі, поршчалі й іскрыліся. Ён жахнуўся і застыг, калі нечакана заўважыў сваіх крыўднікаў, а дакладней – іхнюю смерць. Яна паўставала як яркая светлавая паласа, што заставалася пасля няпрошанай госці – агрэсіўнай кулі.
Замбу прасякла сучуцце – і да яго дайшло, што невядомыя асобіны пасля выяўленьня любой небяспекі заўсёды дружна кідаюцца на яе ліквідацыю і самааддана гінуць. Нейкая таямнічая, але адчувальная сіла кіравала імі, змушала менавіта да такіх паводзінаў, не даючы аніякае альтэрнатывы.
Нават калі гала спынілася і мусібыць ужо нікому не пагражала, яны ўсё адно працягвалі на яе нападаць. Ад гэтага тая ўздрыгвала і раз-пораз мяняла афарбоўку.
Раджыў ведаў, што ўсё рана ці позна знікае і памірае, а хто ў дадзеным выпадку будзе першым – вырашаў Час. Чакаць яму не хацелася. Навошта? Наперадзе столькі цікавага! Паспець бы!
Ён рушыў далей, прагна паглынаючы ўсё бачанае, адчутае і ўсведамляючы канцовасць гэтай прасторы і часу.
Зноў паласнуў светлавы разрад – і Кастусь неўспадзеўкі, у адзін міг выскачыў вонкі. Крэсла імкліва аддалілася і набыло ранейшы выгляд.
Уражаны і сцерхлы, ён ляжаў побач не ў стане адвесці ад яго вачэй.
Розум амяжыўся, ніяк ня мог агоўтацца і выдаваў толькі банальныя высновы накшталт такіх, як «гэта быў сон», «галюцынацыі», «поблуд». А калі адаптаваўся і перамалоў доймы, то праказаўся арыгінальнымі, дасюль неспасціжнымі падыходамі.
З навакольнага асяроддзя нібыта спала смуга – і ўсё наскрозь праяснілася.
Кастусь убачыў прадметы без абалонкі, нібы распранутымі і мог назіраць іхняе актыўнае ўнутранае жыццё. Крэслы, якія дагэтуль здаваліся статычнымі і аднолькавымі, між сабою адрозніваліся структураю, колерам, памерамі і жвавасцю складовых часцінаў. Ніводзін сюжэт не паўтараўся. Кожны развіваўся своеасабліва, цікава і захапляў. Але адразу ўцеець сакрэт такое адметнасці Кастусь не здолеў, хоць і адчуваў ягоную ўсюдыіснасць. Ён стаў кранаць, рухаць мэблю, садзіцца на яе і тут жа прыкмеціў, як яна рэагавала на пабочныя ўзьдзеянні: не толькі звыкла прагіналася і рыпела, але і ліхаманкава перабудоўвалася нутром. Чым даўжэй і мацней заставаўся кантакт, тым драматычней былі пертурбацыі. Некаторыя змяненні захоўваліся і пасля стасункаў, дзе-нідзе групаваліся ў пярэстыя калматыя формы, у асобных месцах такія непрыгожыя, брыдкія і застойныя, што выклікалі жудзь. «Налуск тла надозірку», – здагадаўся юнак і міжволі сцепануўся.
Надосталь згодліва і няўхільна сталі праступаць, высвечваць размаітыя энергетычныя зарады, пакінутыя некалі творцамі, уладальнікамі і карыстальнікамі крэслаў, кожны з якіх, безумоўна, быў непадобны на іншых і меў адмысловы густ. Узерыўшыся, у мітусяніне можна было адрозніць вобразы асобаў і падзеяў, заўважыць віхурыстыя плыні часу і прасторы.
Перад паглядам паўставаў адзін з незлічоных варыянтаў гісторыі, адлюстраванай і захоўваемай прадметамі. Сягаючы цераз тленнасць і мінучасць матэрыі, яна нікуды не знікала, пераходзіла ў попел, дым, паветра, зорную неабсяжнасць, узбагачалася і заставалася заўсёды яснай, усёдасяжнай. Але прачытаць яе можна было тольма ведаючы ўніверсальную касмічную мову, на якой трымаўся і зносіўся ўвесь існы свет.
Кастусь толькі наблізіўся да гэтай дзіўнай мовы, адчуў яе першы чароўны подых – і радасць абняла яго.
Ён натхнёна зірнуў навокал і бліснуў зеначкамі, ладна дадаўшы да сэрца нязгаснага агню.