Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 15
Ільвінае вока[1]
Шкаляры
13
ОглавлениеУспаміны адцягвалі і блыталі. Розум налыгваў іх па нейкіх правілах і немаведама для чаго. Ува ўсякім разе Кастусь пакуль не меў намеру ў гэтым разбірацца, бо галоўнае было – засяродзіцца.
Настаўнік звяртаў вялікую ўвагу на гэты стан і неаднаразова падкрэсліваў, што без яго няма поспеху.
«Сканцэнтравацца і пранікнуць у сутнасць прадметаў.
Апантанаю думкаю распіхнуць іх навалу.
Знайсці-спыніцца на абраным і ўзрадавацца.
Аблашчыць і пагушкаць яго, як дзіцяці.
Загарэцца духам ад ягонае ўсмешкі.
І зліцца.
Вось тады на пагляд выплыве сусвет прадмету.
Прадзівам з'явяцца яго зорныя і энергетычныя сістэмы.
Увачавідкі паўстане неверагоднае, размаітае жыццё.
Расхінецца тайна і сэнсам ускалыхне тваю душу.
Разумей яго, валодай ім і ў згодзе дзей-пераўтварай».
Гэтая запаведзь-малітва гучала ў галаве і павінная была вабіць-узбуджаць нутро, але нічога такога не адбывалася.
Як ні думаў пра крэсла і як ні адштурхваў іншую мэблю, яго па-ранейшаму атачала звыклая абстаноўка і нічога інакшага не праяўлялася.
Толькі раз-пораз ссоўвалася-вагалася ад доўгага напружання вачэй зрокавая перспектыва, і тады прадметы нібыта ажывалі, рухаліся альбо ахутваліся марывам.
Нарэшце ён змарыўся, змякнуў і ўнурыўся.
«Стомленасць ад недасканаласці, бяздзейнасьці духу».
Падступіла прыкрасць і прыцягнула сумнеў.
Кастусь быў не адзін, да каго гэтым часам наведалася журба. Яна зазірнула разам з роспаччу і нават злосцю ў кожны пакой, дзе спрабавалі медытаваць вучні.