Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 5
Ільвінае вока[1]
Шкаляры
3
ОглавлениеНікога няма. Куды ўсе падзеліся?
– Мама! – крыкнуў ён і палахліва зіркнуў па баках.
На панадворку не было ні курэй, ні качак, ні сабакі. У хляве не рохкалі свінні, не пыхкала карова.
Бразнуў клямкаю веснічкаў і выбег на вуліцу. Таксама пуста. Цішыня аж увушшу звінела.
– Мама! – паклікаў гучней і, праглынуўшы горкі камяк крыўды, пабег у хату.
Калі адчыніў дзьверы, пачуў нязносны крык матулі. Адразу кінула ў жах – і ён ірвануў у трысцен.
Напаўаголеная маці ляжала ў ложку на пакамечаным хаўбосці і чамусьці ненатуральна курчылася. Над ёю схілілася баба Акуліна, якая з падазронай зацятасцю варочала рукамі і аднастайна мармытала штосьці недарэчнае, нібы замаўляла.
– Не, не, не! – залямантаваў Косцік і з кулачкамі наляцеў на старую.
Тая ад нечаканасці здрыганулася і раззлавана адпіхнула яго. Але ён не адступаў і апантана каёчыў яе. Суседка Пелагея, што стаяла побач са скарачом, рашуча ўзяла хлопчыка за руку і пацягнула прэч. На парозе ён пачуў прарэзлівы крык дзіцяці і асалапеў.
Аднекуль выплылі незнаёмыя постаці і твары, якія заклапочана нешта абмяркоўвалі і кудысьці спяшаліся.
Ён мімаволі памкнуўся за імі – і знямеў ад нечаканага светлавога пошугу, за якім узніклі могілкі.
Халодны смутак ахутваў гэтае журботнае месца. Сцюдзёнасці дадавалі горкія слёзы, немае галашэнне і няўцешны плач, што вывяргала гаротная купка людзей ля труны ўскрай свежай ямы. Святар прачула казаў пра вечны спачын.
Косцік панура назіраў панахвіду і не разумеў, навошта яна, бо нябожчык усё роўна ўжо нічога не ўспрымаў. Хлопчык не ведаў, чаму і куды знікаюць людзі, і злаваў на бездапаможнае жыццё, якое збяднела на яшчэ аднаго чалавека. Якім яно будзе, калі нікога не стане?