Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 18
Ільвінае вока[1]
Шкаляры
16
ОглавлениеЯшчэ не загарэўся ўсход, а яны ўжо былі на нагах і збівалі золкую расу.
– Куды мы так рана, дзеду? – пытаў Косцік, трушком паспяваючы за старым.
– Надабе, унучак, – заклапочана адказваў той і наўздзіў борзда дыбаў па сцежцы. – Не заспеем палясоўшчыка дома – ён аддасць галу каму хаця, і мы застанемся без сена.
Косцік разумеў, але яго палохала чорная сцяна лесу і ён не хацеў туды. А раптам выскачыць воўк? Колькі разоў ён чуў пра такое! Ён жа не кіне дзеда і не ўцячэ! Будзе змагацца! Нават цяжка ўявіць, што адбудзецца! Няўжо за дзіцём лесніка абавязкова трэба прыглядваць, пакуль дарослыя будуць швэндацца? Што з ім здарыцца? Ён жа ў хаце!
Лес набліжаўся, пакрысе праступалі цёмныя абрысы хмызняку і дрэваў, між якімі, здавалася, варушыліся цені.
Хлопчык адводзіў вочы і адчуваў, як пульсуюць скроні.
Неба ўсё больш ірдзела і раскідвала барву па ўсяму наваколлю. Шэры гушчар з удзячнасцю прымаў гэтую мілату і спакваля расхінаўся разнастайнымі фарбамі і гукамі.
Косцік прыкмячаў змены і радаваўся. Чым больш святлела пушча, тым суцешней было ягонай душы. Страх саступаў месца замілаванню і пяшчоце.
Яны ўвайшлі ў лес з першымі промнямі сонца.
Хлопчык уздыхнуў і ад захаплення ўсміхнуўся. Ён яшчэ ніколі не быў сведкам такога казачнага абуджэння і ранішняй цнатлівасці прыроды. Якімі цудоўнымі і незлічонымі праявамі яна дэманстравала сваю радасць ад новага дня і жаданне жыць! Ніякае нуды і млявасці. Адно шчасце!