Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 6

Ільвінае вока[1]
Шкаляры
4

Оглавление

– Косцік, чаму ты на мяне так жаласліва пазіраеш?

– Крыўдзіцца не будзеш?

– Не.

– Мне шкада цябе.

– Гэта чаму ж?

– У цябе было цяжкае жыццё, ты шмат пакутаваў…

– Сапраўды, нялёгка прыйшлося. Ды хіба я адзін такі: многія зносілі трасцу.

– Так, усім нашым продкам было бядотна. Марыя Іванаўна казала, што мы, бялусы, вякамі жылі пад жорсткім прыгнётам ліцьвінаў і аслабаніліся толькі дзякуючы нашым братам – мусам. Каб не яны, дык мы б і дагэтуль гаравалі.

– А хто такая Марыя Іванаўна?

– Нашая настаўніца. З Масеі нядаўна прыехала.

– Яшчэ адну заразу прыслалі. Во насланнё!

– Дзядуля, распавядзі, як вы змагаліся.

– Доўга і зацята, але, на жаль, не адолелі ліха.

– Як гэта? Ты ж – пераможца, герой!

– Не, унучак. Падужалі мусы.

– Правільна. І мы з імі.

– Мы ніколі не былі з імі.

– Усё чмуціш, дзядуля! Думаеш, я малы і нічога не петру.

– Наадварот, я лічу, што ты цямлівы хлопчык і павінен ведаць праўду.

– Тады адкажы, хто такія ліцьвіны і куды яны дзеліся?

– Ліцьвіны – гэта мы з табою.

– ?

– Так, не здзіўляйся. Настаўніца вас падманвае.

– Навошта?

– Яна – муска і ўсё робіць па-муску.

– Я нічога не разумею.

– Не хвалюйся, я табе зараз усё растлумачу. Прысунься бліжэй і слухай.

Дзядуля прытуліў унука да сябе і, скіраваўшы позірк удалеч, мовіў:

– Нашая краіна некалі звалася Ліцьвініяй і была вельмі заможнай. Я добра памятаю тыя часы: быў акурат такім, як ты цяпер. Жыццё цякло ў радасць, і ніякіх унутраных звадаў не ўзнікала. Затое звонку нас не-не ды мітрэнжылі. Асабліва Масея. Не ладзілі мы з ёю, хоць покні. Па-першае, час быў жорсткі. Па-другое, ад веку мы ішлі рознымі дарогамі і не разумелі адно аднаго. Таму і ваявалі бесперастанку з-за абы чаго. Мне здаецца, да гэтага спрычыняліся больш мусы, чым мы. З намі, ліцьвінамі, можна было заўсёды паразумецца: іншыя суседзі неяк жа дамаўляліся. Мусы – не. Дужа агрэсіўныя і бязлітасныя, яны варагавалі з усімі. Чым больш нападалі, пляжылі і рабавалі, тым мацней былі іхнія апетыты, то бок верх бралі дрэнныя якасці.

– Амаль як у нашай блазенскай бойцы – перамагае сама злы.

– Так, ад характару многае залежыць, але не кожны пераможца мае рацыю. Наогул, любая калатня – спосаб высвятлення зносінаў паміж удзельнікамі, з якіх, як мінімум, адзін недасканалы. У выпадку з мусамі заўжды адчувалася нейкая іхняя незавершанасць, спрошчанасць, скрыўленасць развіцця. А як вядома з гісторыі, ад навалы дзікунства і прымітывізму церпяць дый гінуць многія цывілізацыі. На жаль, такі лёс напаткаў і нас.

– З захопнікамі трэба змагацца!

– Мы гэта рабілі заўсёды. Увесь край булькатаў гневам супраць чужынцаў. Я добра памятаю тыя часы. Сам удзельнічаў не ў адным паўстаньні. Але нашай дзяржавы ўжо не існавала, свайго войска таксама, і за нас не было каму заступіцца, багата падтрымаць зброяй. А самім добра арганізавацца ў такіх умовах вельмі складана. У барацьбе людзі скарыстоўвалі ўсё, што магло знішчаць ворагаў: сякеры, рыдлёўкі, сахоры, нажы, дубцы і іншыя прылады. Канечне, былі і вінтоўкі, і рэвальверы, але не ў дастатковай колькасці. Масейцы супраць паўстанцаў кінулі армію. А гэта вялікая сіла, якой бы па аснашчанасці яна не была. Знішчалі барацьбітоў жорстка, бязлітасна. Крывёю залілі ўсю зямлю. Шмат ліцьвінаў загналі ў Масею, у рабства, хоць акупанты і дасюль сцвярджаюць. што ў іх ніколі не было такой формы прыгнечання.

– Гэта несправядліва!

– Так наканавана, унук. Пад акупацыяй жыць складана: з кожным днём губляеш нешта дарагое і блізкае сэрцу. Сама цяготнае – зведваць не фізічнае, а духоўнае заняволенне. Мусы зневажаюць і згаршаюць нас. Дашчэнту знішчаюць усё, што хоць яксьці нагадвае нашую былую веліч і годнасць: гісторыю, культуру, мову, традыцыі… Яны нават зваць нас сталі не ліцьвінамі, а бялусамі. Але праз некаторы час ім падалося, што і гэтае слова ўзвышае нас, таму замест яго ўва ўсіх выразах і злучэннях, якія нам давалі, пачалі выкарыстоўваць «нацыянальны». Адчуваеш, Косьцік, як далёка вядуць чалавека заганы і ліхадзейства?

– Чаму так адбываецца?

– У нас мала ўлады над сабой. Ды і ведаў таксама. Зло заўсёды асцярожнічае, маскуецца. Вонках мы заўважаем, калі хто здольны, толькі ягоныя вынікі. А ўсю асноўную, падрыхтоўчую, працу яно робіць унутры нас, у некаторых дык вельмі вялікую. Калі нешта пачынаецца, нам цяжка вызначыць: дабро гэта ці зло. Толькі апасля вымалёўваецца праўда, дый то не заўсёды і не для ўсіх. Назіраць трэба, унук.

– А хто вінаваты?

– Усе, але больш той, хто хітруе і падманвае.

Каханне (зборнік)

Подняться наверх