Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 17

Ільвінае вока[1]
Шкаляры
15

Оглавление

Звычайна пасля заняткаў яны шумнаю гурмою вывальваліся на двор, каб пазабаўляцца апукай ці проста адцягнуцца, а сёння выйшлі па адным спакойнымі, задуменнымі і да гульні не рваліся.

Многія яўна пазбягалі зносінаў, адводзілі вочы, спадылба і скоса зыркалі па баках.

– Ну, як першы блін? – парушыў маўчаньне Джордж і гарэзліва крутнуўся на месцы.

– Лепш было б аддаць сабаку, – таксама не вытрымаў Жак і міжволі сцепануўся.

– На жаль, усе доследы мы праводзім толькі на сабе, – ці жартам, ці насур'ёз адцеміў Генрых.

– У нашым выпадку так карысней, – заўважыў Аляксандр і, пацягнуўшыся, стаў размінацца.

– Мала часу, – няведама што вызначыў Андрэй і ўздыхнуў.

– А мне спадабалася, – інакшай танальнасцю звярнуў на сябе ўвагу Мікаэль. – Што менавіта? – спытаў Барыс.

– Усё, – адказаў той і, адчуваючы нязазнанасць сітуацыі, удакладніў:

– Асабліва відзені.

Вакол яго ўмомант утварылася кола здзіўлення. Пасыпаліся пытанні. – Як у цябе гэта атрымалася?

– Які прадмет выбраў?

– Ты прасякнуў?

– Разглядзеў яго?

– Што там унутры?

Ахмад нецярпліва пхнуў Мікаэля ў бок:

– Распавядай падрабязней.

Той сумеўся, паціснуў плячыма і чамусьці стаў абараняцца, як вінаваты:

– Гэта інтымнае, пра яго звычайна не гавораць…

Юнакі абурыліся.

– Не дуры галаву!

– Тут усе свае.

– Знайшоў тайну!

– Скупярдзяй!

– Крыўднік!

Мікаэль яшчэ больш збянтэжыўся і, каб не злаваць сябрукоў, урэшце прызнаўся:

– Я сасніў… прыгожы секс з дзяўчынаю…

Выбух рогату страсянуў двор. У вокнах школы замільгацелі цікаўныя твары.

– Вось дык цудасей! – заходзіўся ад смеху Жак.

– Хвала святой прастаце! – тураваў яму Замба.

– Ну, як красачка? – блішчаў зрэнкамі Ахмад.

– Валяй далей! – бесцырымонна патрабаваў Аляксандр, і многія весела яго падтрымалі.

Узрушаны Мікаэль спярша няўцямна лыпаў зеркамі, апасля скмеціў, у чым справа, надзьмуўся і спехам пакінуў гурт.

– Мы яго пакрыўдзілі, – са шкадаваннем прамовіў Раджыў, гледзячы яму ўслед.

– Так, але не наўмысля, няўзнач, – за ўсіх апраўдваўся Замба.

Весялосць сыйшла, надарыўшы кожнага палёгкаю. Ад ранейшага напружання не засталося і сьледу. Нутром усе дзякавалі за гэта Мікаэлю і прасяклі да яго шчырасцю.

– Я паклічу яго, – радасна выгукнуў Лао і паімчаў у вучэльню.

Не змаўляючыся, шкаляры разам кінуліся да мячыка.

Каханне (зборнік)

Подняться наверх