Читать книгу Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа - Страница 12
8
ОглавлениеВечар, усе, каго ты ведаеш, сёньня п’юць.
П’юць у рэстарацыях, барах і на здымных кватэрах, у гасьцях і дома, у машынах і грамадзкім транспарце.
А я сяджу на зэдліку, на кухні, мяне пачынае ціха калаціць:
«Можа, схадзіць купіць выпіць?
Вельмі хочацца.
Ажно скулы зводзіць.
Альбо ня піць?
Так.
Не, ня буду сёньня піць.
Альбо буду?
Усё-ткі – не, і кропка.
Пайду павешуся!
А можа, лепей раней спаць пакласьціся.
Гэта называецца ўнутраны гандаль.
Блядзкі гандаль!
Трэба заняцца чымсьці цікавым!
Але трэба быць яшчэ і моцным, і хаця б раз на месяц ня піць!
Порна паглядзець?
Адцягнуць увагу ад думак?
Ці?..
Не!
Альбо адцягнуць увагу ад думак?!
Ня буду сёньня піць!
Вырашана!
А ў мяне, дарэчы, і міні-сэрыял з Ўудзі Аленам ёсьць.
Але калі я гляджу кіно – я п’ю. І як так, паглядзець фільм і не нажэрціся?
Трэба дачакацца дзесяці вечара… калі зачыніцца крама!
Але я бачыў, што ў майго суседа па кватэры ў лядоўні дзьве бутэлькі гарэлкі!
Пачытаць?!
Не, не атрымаецца, калі галава так пульсуе ад іншай думкі!
Зьесьці чаго смачнага?
Але я паеў гадзіну таму.
Заварыць гарбату?
Але літаральна трыццаць хвілін мінула, як я выпіў два вялікія кубкі зялёнай гарбаты!
Альбо ўсё-ткі схадзіць у краму і не ябаць сабе мозг?!
А можа, выпіць снатворнага?
Паболей!
Альбо яшчэ пасьпець схадзіць у вінны аддзел?
Жыцьцё – боль».
Прыйшоў ліст: адзін пісьменьнік прапаноўвае перакласьці пару маіх тэкстаў на адну з эўрапейскіх моваў.
Дзякуй Богу, ёсьць нагода! Я адразу пішу Тэрэзе, каб кідала ўсе справы і ехала па мяне на сваёй машыне, альбо на таксі, ня важна, тэрмінова трэба ў начнік!
Няма часу тлумачыць, усё распавяду па дарозе.
Тэрэза адказвае мне адразу.