Читать книгу Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа - Страница 4
0/7
ОглавлениеЛюдзі пераяжджаюць, перамяшчаюцца зь вёсак у гарады, спальныя раёны множацца, шматпавярховыя панэлькі дублююцца, размываецца сэнс жыцьця, усе драбняцца на маленькія сямейкі, гетэрасэксуальныя і гомапары, альбо абіраюць самоту і кампутарныя гульні, зьяўляюцца даўншыфтэры і гіпстэры, вэйпэры і хайпэры, нацболы і літрболы, раёны ператвараюцца ў клоны, хтосьці з блогераў вам скажа, што гэта ня так, бо кожны новы раён стварае своеасаблівы ўнёсак, адбітак праз жыхароў і новае пакаленьне, але рэальнасьць паказвае зусім іншы бок манэты.
Акрамя гаджэтаў і новай моды, у кожным раёне застаецца той асаблівы подых, які лунае, як Дух Божы пасьля стварэньня сьвету, іманэнтны прывід, створаны праз адмысловы рознакаляровы кантынгент насельніцтва, які часта бывае шаблённым, нават – архетыповым. Дух гэты складзены з густых пахаў згатаванага абеду і вячэры, з квашанай капусты і смажанай бульбы, з пахаў тытуню, траўкі і ацэтону, які выпарваецца падчас варэньня маку. Усё ёсьць, і было, і будзе, пакуль сьвеціць сонца.
Ад усіх гэтых гарадзкіх ваколіцаў і побыту немагчыма пазбавіцца, немагчыма перабудаваць раён, перастравіць яго, пакуль не адсячэш галавы ад гэтай гідры, якая завецца кожны раз па-рознаму, але заўсёды застаецца тым самым местачковым прывідам, якому пакланяюцца, – Сьвяты воблік мінулых шчасьлівых савецкіх гадоў і яго памагаты збраяносец, п’яны супрацоўнік ЖЭСу.
Я станаўлюся выпадковым сьведкам чужога жыцьця, праз усю нашу блізкасьць – панэльныя сьценкі. Жыву, назіраючы міні-сэрыялы, хоць сам таго і не жадаю. І я адчуваю абсалютную аддаленасьць ад людзей, суседзяў, раённых герояў.
Гэта як быць Гі дэ Мапасанам і праз сваю нянавісьць да Эйфэлевай вежы есьці ў яе рэстарацыі, бо гэта адзінае месца, дзе вежы не відаць, гэтак і ў маім выпадку – я жыву сярод сваіх настолькі блізка і шчыльна, што мне іх не відаць, я проста застаюся сярод сваіх пэрсанажаў для новай кнігі, мяне пачынаюць цікавіць жыхары, што побач, адно дзеля наданьня новай рысы свайму герою.
Я не эгацэнтрык і не мізантроп, магу ненавідзець, але так, па-добраму. Я ніколі нікому не зычыў сьмерці, але… Можа быць, аднойчы, калі думаў, пра тое, як было б файна назіраць, як мазгі гэтага гопніка-суседа бягуць кроплямі, апярэджваючы адна адну, як адвальваюцца невялікімі кавалачкамі ад засранай, аблупленай і сьпісанай вільготнымі жаданьнямі кісла-зялёнай сьцяны, рэшткі чэрапа.
Я неяк сядзеў дома, на краі ложка, а трэцяй ночы, і ўяўляў, як міліцыя, якую я выклікаў на гук шансону ў суседняй кватэры, падчас супрацьстаяньня і пагрозаў акуратна, высокапрафэсійна, выносіць мазгі гэтаму курдупелю. Страляе знэрваваны малады сяржант роўна і проста вышэй левай вачніцы, і галава расколваецца, і фантаны крыві, і вока левае, такое зьдзіўленае, спаўзае на шчаку.
Літаральна як у фільмах Квэнтына Тарантына, як я люблю, каб зь перабольшаньнем, з надрывам і няёмкім адценьнем скрыўленьня.