Читать книгу Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа - Страница 28
5
ОглавлениеЯ спыніў машыну, уключыў жоўтыя габарыты. Мозг не адразу ўсьвядоміў, што салён аўто наскрозь прапахнуў перагарам, а сам я не пасьпеў працьверазець, і калі апушчу вакенца, на даішніка проста вывергнецца плынь алькагольных пароў, таму я са спазьненьнем, але ўсё-ткі зразумеў, што калі я выйду з машыны, сьвежае паветра разьвее вакол мяне гэтае ambré.
Я пэўна занадта жвава выскачыў з машыны з дакумэнтамі і правамі кіроўцы, як каўбой, што выклікае на перастрэлку, таму сяржант трохі напружыўся, калі да мяне падыходзіў. Ён прадставіўся і папрасіў мяне прайсьці ў машыну ДАІ.
Сэкунда, і я ўжо, нібы валацужны сабака, пацягнуў ногі, прадчуваючы непазьбежнае разьвітаньне з правамі, ці, што яшчэ горш, – з машынаю. Пахмельле не давала засяродзіцца на праблеме, настрой скокаў, сэрца гучна грукала.
Адчыніўшы пярэднія пасажырскія дзьверы машыны, я сеў побач зь іншым даішнікам, які быў за стырном, ён адразу мяне папярэдзіў, што ідзе запіс, і што яго супрацоўнік на заднім фатэлі праверыць дакумэнты.
Я, не азіраючыся і спрабуючы як мага радзей дыхаць нават праз нос, перадаў усе дакумэнты.
Даішнік за стырном выйшаў з машыны – такі сабе вучань Хрыста, лавец душаў з паласатай палачкай, – і як толькі дзверы за ім зачыніліся, я пачуў за сьпінай:
– Ну, табе толькі ў казыно сёньня і ехаць, з такой удачай.
– Што? – я не зразумеў адразу.
– Я кажу, віншую цябе, алкаш ты недарэзаны, пашчасьціла табе. Сёньня я патрулюю твой раён замест іншай каманды.