Читать книгу Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа - Страница 24
4
ОглавлениеАднойчы Амэрыка прынёс у школу маленькі жоўты дыктафон. Цэлы дзень ён запісваў гутаркі і шэпты, пакідаў жоўты плястыкавы прастакутнік у самых дзіўных месцах: настаўніцкая, прыбіральня, распранальня, пад партамі ў дзяўчат. Хлопцы, якія ведалі пра дыктафон, таксама ведалі і пра месца сустрэчаў праз кожны ўрок, дзе Амэрыка даваў праслухаць запісанае за гадзіну.
Чаго толькі яны ні чулі: і як абмяркоўваюць вучняў настаўнікі, і як хтосьці гадзіць і пукае ў прыбіральні, і як дзяўчаты шэптам адна адной распавядаюць свае сакрэты, прыгоды і думкі, але ўзорным Днём дыктафона стаў той, калі Амэрыка запісаў голас батанічкі, націснуў на колькі кнопак – і ўся кляса рагатала ад яе сьмешнага, скажонага, пісклявага віскату: «Грібы належаць да царства…» Гэта было сапраўды крута – настолькі, што ў аднаго з аднаклясьнікаў Амэрыкі паехаў дах, самым сапраўдным чынам зьехаў дах ад дыктафона, бо хлопец, звалі яго Саша, захацеў сабе гэтую прыладу настолькі моцна, што ня проста пачаў угаворваць замежнага хлопца даць, абмяняць, прадаць яму дыктафон, але прысягаць, што гатовы выканаць усё, што той захоча.
І Амэрыка захацеў. Ён сказаў Сашу, каб той на каленях папрасіў яго падарыць дыктафон. Укленчыўшы, на вялікім перапынку паміж зьменамі, на першым паверсе, каля вахтарскай, дзе больш за ўсё школьнікаў і настаўнікаў.
І Саша пагадзіўся.
Абед. Вялікі перапынак. Стаіць дзесяціклясьнік на каленях, перад ім узвышаецца Амэрыка, усьміхаецца і трымае ў руках жоўты плястыкавы дыктафон з функцыямі зьмены тэмбру голасу і хуткасьці прамаўленьня.
«Дарагі Амэрыка, падары ці абмяняй мне гэты дыктафон, прашу цябе! – і Саша шморгае носам. – Мне ён патрэбны як самая галоўная рэч у жыцьці, я шалёна прагну мець гэтую рэч».