Читать книгу Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа - Страница 8
1
ОглавлениеУ кожнага пісьменьніка мусіць быць бар, свая кавярня, сваё гарадзкое месца, дзе ён будзе ствараць кнігі, разважаць і ператварацца ў мясцовы помнік, пэрсону, да якой можна дакрануцца, зь якой можна выпіць і проста пагутарыць пра надвор’е, і абавязкова, што зусім не ў традыцыях Менску, пасьля сьмерці пісьменьніка ягоны любімы бар павесіць шыльду і зробіць стол, за якім той любіў сядзець, месцам пакланеньня.
Але, яшчэ да сьмерці аўтара, гарадзкія ўлады пасьпеюць некалькі разоў зруйнаваць бар і дом з барам, і нават суседні дом-гістарычную-каштоўнасьць зьнесьці, так што ніякай памяці, акрамя гэтага тэксту, пра месца не застанецца.
Адна з сакральных роляў беларускай літаратуры – захаваньне, і гэта датычыць нават кнайпы і дому, у якім гэтая кнайпа ёсьць.
Я выбраў бар «Рукі Мадонны», абсалютна выпадкова, кіруючыся толькі блізкасьцю да дому, каб, калі ўжо так напрацуесься, што будзе складана перасоўваць ногі, ня ехаць паўвечара праз горад на таксі, але акуратна і прыгожа дапаўзьці да сваёй нары за дзесяць хвілінаў.
У першы дзень працы ў «Руках Мадонны» я выпіў два кубкі кавы, астылай і шэрай, як танны пуэр, нічога ня еў, і ўвогуле саромеўся свайго перабываньня ў гэтым месцы на працягу пяці гадзінаў, бо цадзіў каву і нічога не замаўляў, нават двухрублёвую манэту ўмудрыўся закаціць пад барную стойку, калі даваў барыста гасьцінца.
Няўклюдны і спужаны, я выйшаў у халодны горад зь вялікай, велічэзнай цеплынёй унутры ад напісаных трох няшчасных старонак кнігі.
Няшчасных, але доўгачаканых і вартых таго, каб яшчэ раз адчуць усю няёмкасьць замоваў кавы ў «Руках М.».