Читать книгу Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа - Страница 5

4

Оглавление

Упершыню Амэрыку я ўбачыў здалёк і быў зачараваны. Я бачыў, як ён мудрагеліста пляваў скрозь зубы на адлегласьць дзесяць мэтраў (мэтры лічыліся вялікімі крокамі). Раніца, празь пяць хвілінаў усіх пачнуць запускаць у школу, а вакол Амэрыкі – натоўп хлопцаў, ён усьміхаецца і харкаецца, а ўсе назіраюць, і колькі пацаноў адразу кідаюцца лічыць крокі-мэтры.

Амэрыка быў сапраўдным героем школы. Ён насіў кепку ЗША з выяваю арла, у яго былі модныя скураныя фенечкі; дзе, хто і як яму іх сплёў, прадаў ці падараваў, – невядома; ён хадзіў у школу ў гарнітуры, зусім не падобным да нашых, якія нам набывалі бацькі ў «Гандлёвым доме на Нямізе», і ў замежных прыгожых красоўках, за якія яму часта даставалася ад дырэктара.

Ён усім распавядаў, што жыў у Штатах усё жыцьцё, а цяпер, калі здарылася перабудова, бацькі прыехалі сюды, бо вырашылі, што тут былым алімпійскім чэмпіёнам лягчэй. Амэрыка нас усіх заварожваў сваёй лёгкасьцю быць нахабным і прыцягальным, уважлівым да кожнага аднаклясьніка і хамам для настаўнікаў. Амэрыка мог лёгка пазнаёміцца зь дзяўчынаю і мог лёгка закінуць «трошку» за баскетбольнай лініяй любым мячом: футбольным, баскетбольным ці валейбольным. І ён мог лёгка пасварыцца з кожным мінаком і адразу даць у вока. Нашая школа такіх кадраў ніколі ня бачыла, і зразумела, абсалютна ніхто, акрамя саміх бацькоў Амэрыкі, не разумеў, навошта яны вярнуліся сюды, у Менск.

Часам панкі паміраюць

Подняться наверх