Читать книгу Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа - Страница 20

5

Оглавление

Прачнуўся я вельмі кепска – сказаць, што мне моцна хацелася гэтак рана падымацца, гэта схлусіць і вам, і мне, і ўсім чатыром пакаленьням мужчынаў маёй сям’і.

Я проста ня мог расплюшчыць вачэй. Ня быў здольны ўдыхнуць застаялае паветра ў прапахлым, заканапачаным пакоі. Батарэі грэлі, як на трэцім коле пекла, мая жанчына была на кухні, я чуў звон талерак – мыла посуд, сам я змагаўся з клятай гравітацыяй, каб падняць галаву з пакамечанай і вільготнай падушкі.

Ізноў піў. Ізноў атрымаю на кухні па правай шчацэ, але падстаўлю яшчэ і левую, бо так лягчэй, так самаахвярней, а я гэтак хачу быць ахвяраю.

Адолеўшы пад’ём на рукі ды ногі, я, стоячы па-сабачаму, празь дзесяць хвілінаў эвалюцыянаваў у homo erectus’a і выправіўся ў ванны пакой.

Зубы.

Твар.

Галава.

Падпахі.

Жывот.

Пахвіна.

Ногі.

Памыўся цалкам. Гатовы сьнедаць.

Пасьля свайго цудадзейнага зьяўленьня на кухні я пасьпеў выпіць толькі паўкубка кавы, бо вытрымліваць ціск сварлівых войскаў было ўжо немагчыма. Мая жанчына была не ў гуморы – відавочна чаму, і я яе разумеў.

Я пагадзіўся паехаць у крамы, іншага выйсьця няма, піць мне сёньня нельга, шопінг-тэрапія нам абодвум патрэбная: ёй – супакоіцца, мне – адцягнуць увагу ад сваёй пэрсоны і праблемаў са злоўжываньнем.

Мы селі ў машыну, я завёў матор, прагрэўся і газануў з двара як ашалелы.

І адразу пасьля першага сьвятлафору даішнік палачкай паказаў мне, куды трэба збочыць.

Блядзтва.

Часам панкі паміраюць

Подняться наверх