Читать книгу Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа - Страница 22

8

Оглавление

Я вырашыў сустрэцца з Тэрэзай, маёй старой сяброўкай, жанчынай цікавай і надзвычай нелягічнай, непасьлядоўнай і закаханай у аднаго чалавека, які яшчэ са школы пачаў яе падманваць і біць, але ніяк ня кідае, а ёй і добра.

Тэрэза сама ніколі яго не адпусьціць, але прыехаць да мяне на віно і сэкс яна здольная, гэта яе своеасаблівая помста каханаму. Яна нават неяк рабіла сэлфі са мною і адпраўляла яму, каб зайздросьціў, але ён нічога не адказваў. Дайшло нават да сэлфі з засмоктамі.

Я заўсёды чакаю, як вяртаюся дадому позна, што вось тут, на бліжэйшым павароце, мяне напаткае малаток у патыліцу ад пакрыўджаных мужчынаў.

Тэрэза пазваніла, папрасілася прыехаць. Ня бачыў яе месяц. Адказаў, каб ехала да мяне, ключы пакіну як звычайна ў паштовай скрыні, дзьверцы якой зламаныя, дамафон не працуе, а калі раптам працуе, код 4835, няхай заходзіць, а сам я – у краму, па віно і бастурму, буду праз гадзіну.

Вечар, чарга па мяса, адчайна хочацца як найхутчэй адкаркаваць віно, якое ляжыць у кошыку і самотна на мяне глядзіць.

– Мне, калі ласка, вось гэтую бастурму, нарэжце тонкімі слайсамі.

– Ой як шкада, а я сама так разьлічвала на гэты кавалак, – кажа мне прадавачка, – можа, палову возьмеце?

– Не.

– От жа… – кажа жанчына, якая стаіць у чарзе за мною, – я таксама разьлічвала на гэтую бастурму.

– Выбачайце, але я настроены забраць усю гэтую бастурму. Да віна ў мяне больш нічога дома няма.

– Гэта апошні кавалак, пашчасьціла вам.

– Ну хоць у чымсьці мне пашчасьціла.

У чаргу становяцца двое мужчынаў нападпітку, і на ўсю залю:

– А гэта што, больш бастурмы няма?

– Не, няма, забіраюць апошняе, – уздыхае жанчына за мною, пакуль прадавачка маўкліва даразае электрычным нажом маю ялавічыну.

Мінае доўгая, вельмі доўгая і пакутлівая хвіліна. На маіх плячах увесь цяжар такога ўчынку.

– Можна падумаць, сёньня ўвесь сьвет вырашыў купіць гэтую бастурму, – кажу я.

Часам панкі паміраюць

Подняться наверх