Читать книгу Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа - Страница 3
ОглавлениеЯ не хачу пераяжджаць, да падарожжаў я гатовы, да часовага побыту, ня больш за месяц, – таксама, мне ня хочацца жыць у Эўропе, я ніколі не хацеў бы трапіць у Расею, у Штаты я б паехаў працаваць. Я мог бы жыць у Аўстраліі, каля пяці гадоў, і мог бы пажыць на пэнсіі ў Шатляндыі, калі б мне дазволіла мая пэнсія. Я адчуваю, што здольны на раман з краінай, на прыгожыя дачыненьні, а потым доўгае вяртаньне дадому, сваркі, нянавісьць, стрэс, бо ня хочацца з той, якую ты гэтак любіў, аднойчы зрабіцца адно аднаму не цікавымі, стомленымі. Толькі радзіма зможа цябе прыняць такім, які ты ёсьць, і любіць зь любым настроем і целаскладам.
Я шмат дзе жыў, дыхаў паветрам вольным і ня вельмі чыстым, назіраў за суседзямі і эмігрантамі, такімі чужымі і блізкімі, за мясцовымі і карэннымі, як мае расхістаныя зубы, жыхарамі. Мяне цягне дадому, у гэты горад, у гэтую вялікую вёску, на гэтыя расколатыя двары, і мне хочацца вяртацца да сваіх ужо родных бабак каля пад’езду, і сустракаць, хоць не заўсёды ў гуморы, сваіх суседзяў – музыкаў, міліцыянтаў, інжынэраў, прадаўцоў, кіроўцаў таксі – розных, дзіўных, шаблённых, ад нараджэньня вопытных, мудрых і бадзёрых, якія звычайна без парады ці пытаньня пра жыцьцё, так проста не прапусьцяць, хоць ты дакладна ведаеш пароль дамафона і маеш ключы ад усіх замкоў.
У сваім раёне, горадзе, краіне, можна напіцца і адседзець пятнаццаць сутак за яе свабоду. Тут усё маё: мая памяць, магчымасьці, расчараваньні ды немагчымасьці, каханьні і сьмерці родных. Гэты горад – яго зямля ўтрымлівае мае эмоцыі, пачуцьці, яна ўсмактала ў свае нетры мае сьлёзы, кроў і мачу.
У гэтым двары я адначасова вялікі і мужны, і нейкі дурны і нязграбны падлетак. Я сябе адчуваю адным вялікім цэлым, складзеным з разьбітага посуду, кавалкаў мабільнага тэлефона і раскіданага адзеньня, якога я ўжо ніколі ў жыцьці не надзену.
Я нарадзіўся тут, і, зразумела, мяне яшчэ будзе закідваць у розныя месцы зямнога шару, але я ведаю, што ў маім пакоі, які ўсе сэзоны году застаецца ў цені, ахінуты пасаджаным мною бэзам пад вакном, схаваная сярод кніжных паліцаў бутэлька купажнага віна, і гэтая бутэлька ведае, што і калі рабіць: каго клікаць на другі келіх, а пра каго варта забыцца, можа толькі часова, не назаўсёды. Алькаголь дапаможа ўзважыць стомленасьць, супраць мараў усяго жыцьця.