Читать книгу Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа - Страница 27

2

Оглавление

Калі ў мяне прарэзаліся зубы, я ўсё яшчэ працягваў смактаць грудзі, пакусваючы смочкі. Мне гэта было неабходна, пра гэта паведамлялі цэнтры задавальненьня, пра гэта распавядаў салют у вачох. Я нічога ня еў, акрамя малака маці, і настолькі да гэтага прызвычаіўся, што потым, калі застаўся пакінуты на бабку, я вечарамі завітваў у хлеў і смактаў вымя каровы Машкі.

Малако было цёплае, тлустае, і несла ня толькі смак і салют у вачох, але і адчуваньне, што ўсе цягліцы майго цела напружваюцца, пачынаюць выпускаць салодкі прыемны сок па скуры, і ты, як істота, што здольная назіраць сябе звонку, робісься бязважкі і расьцякаесься цёплым малочным сочывам па падлозе.

Гэтае далучэньне да сакральнай першакрыніцы жыцьця адбівалася на маім выглядзе, валасы працягвалі бялець, пакуль зусім не зрабіліся малочнага колеру.

Бабка аднойчы заўважыла, што я вечарамі затрымліваюся ў хляве, і, падлавіўшы момант, адлупцавала, спачатку папругаю, а калі тая выскачыла з рук, біла цяжкімі далонямі па сьпіне, галаве, дупе, куды трапляла.

У той момант мне было не да ружова-пэрсікавага сочыва, мяне падлавілі, я адчуваў боль, душэўны боль.

Я мушу стаць няўлоўным драпежнікам, каб ніколі больш не адчуць таго болю.

Часам панкі паміраюць

Подняться наверх