Читать книгу Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа - Страница 7
3
ОглавлениеУ першы дзень пасьля школьнага выпускнога я зьнік. Самым сапраўдным чынам зьнік.
Сышоў. І сышоў не абы-куды, падрыхтаваўся. Грошай, якія я назьбіраў, мусіла хапіць на доўгатэрміновае падарожжа, альбо каб дваццаць месяцаў аплачваць здымную кватэру.
Я чакаў гэтага дня. Я мог і раней зьбегчы, але мне не дазвалялі мае прынцыпы. Я быў упэўнены, што спачатку я мушу атрымаць мінімальную адукацыю, а ўжо потым уладкоўваць сваё жыцьцё.
Пачынаючы з шасьці гадоў я пракручваў у галаве плян зьнікненьня, марыў аб тым, як гэта будзе выглядаць для маці. Як яна будзе праз гэта пакутаваць, як пачне вінаваціць сябе, што кепска мяне гадавала, што не даглядала і не любіла як трэба, што я сышоў, і, можа, недзе ў падвале невядомага менскага дому ўжо нюхаю клей, ці мяне ўжо пасьпелі згвалціць і забіць.
Я ўсё разьлічыў, каб зьнікнуць: дзяцінства навучыла мяне жыць паводле ўласных правілаў і давяраць толькі сабе. Тое, што мяне забралі ў сталіцу і з шостай клясы я вучыўся і жыў прыстойней, ніж раней, ніякім чынам не адбілася на маім адчуваньні ўдзячнасьці або падсьвядомым. Мне хапіла моцы і розуму скончыць школу, сабраць заплечнік, грошы і дакумэнты, і мэтанакіравана выправіцца на чыгуначны вакзал.
Мой бліскуча пабудаваны плян зьнікненьня быў распрацаваны акурат да моманту, як я зьяўлюся на вакзале. Далей мне трэба было наважыцца на падарожжа. Я наўмысна не плянаваў месца свайго далейшага жыцьця: рамантычнасьць выпадковасьці цешыла мяне ня менш за думку пра помсту маці зьнікненьнем.