Читать книгу Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа - Страница 13
9
Оглавление«Ты, канечне, майстра апісаць момант. Крута! Ну і пра сэксуальныя, інтымныя рэчы пішаш сьмела – часам шакуе, але я прызвычаілася.
Калі разьмежаваць пачуцьці на сымпатыі ды спачуваньне герою, то я хутчэй яму спачуваю.
Ягоныя разгубленасьць, супярэчлівасьць, эмацыйнасьць – гэта тое, што рэзануе з маім унутраным станам. Магчыма, я сама сабе спачуваю, ці хачу, каб мне паспачувалі».
«Наконт моманту – так, я шмат над гэтым працаваў, часам сам адчуваю, наколькі гэта мяне ўласна кранае.
Наконт шчырасьці, я стараюся апісаць тэму як мага больш эмацыйна і шчыльна да дробязяў, мне тады здаецца, што гэта дапамагае сюжэту жыць напоўніцу».
«Не магу сказаць, што я закрыты чалавек. Супярэчлівасьць для мяне ў тым, што з таго панка, які быў (а ён быў? хацелася б больш доказаў), не вынікае чалавек, які цяпер ёсьць. Значыць або праўда жыў жыцьцём кагосьці іншага, або некалькі супрацьлеглых граняў асобы сышліся ў адным чалавеку. Вось гэта мне знаёма. Я куляюся часьцей за ўсё ад гіпі да сур’ёзнай бізнэс-лэдзі. Супярэчлівасьць і ў тым, як плавае самаадзнака, ступень упэўненасьці ў сабе. Эмацыйнасьць – калі кранае. Амаль усё кранае. Часам хочацца пазбавіцца ад гэтых акуляраў, якія высьвечваюць для цябе ўсё: прыгажосьць, боль, пачварнасьць. Але бязь іх робісься цынікам і губляеш ласку тых, хто побач. Так і застаесься неабыякавым дэбілам, якому баліць і трэба больш за ўсіх. Я гэтак адчула героя. Але я апошнім часам параною на тэму «мы бачым у іншых тое, што ёсьць у нас», таму чорт яго ведае. Я дакладна такая, таму мне адгукнулася».
«Я з табой згодны наконт падвойнага, супярэчлівага жыцьця, я сам быў вымушаны шмат гадоў так жыць, і працаваць, удаваць зь сябе кагосьці іншага, і часта ва ўнівэрсытэце жартаваў, што я Дор’ян Грэй, ажно пакуль не пачаў сталець, і Дор’ян Грэй паступова зьнік».