Читать книгу Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа - Страница 15
4
ОглавлениеКожны дзень Амэрыка прыносіў у школу штосьці цікавае і, як папугай, насіўся з гэтым.
Шлем гульца ў амэрыканскі футбол – і цэлы дзень у калідорах школы толькі і чуваць, як хлопцы носяцца за кімсьці, хто ў шлеме.
Носяцца за ім, а той спрабуе зьбегчы, альбо спыняецца і разварочваецца, і бяжыць у натоўп хлапчукоў, і літаральна за імгненьне ператвараецца з хлопца ў шлеме ў шар для боўлінгу, а тыя, хто трапіліся на дарозе, – у кеглі.
Бэйсбольная драўляная біта – і ўвесь трэці паверх зьвініць бітым шклом, бо ў памяшканьнях біта зь няўмелых і слабых рук школьнікаў выпадае і ляціць верталётам у бліжэйшую шыбу, і вось ужо дырэктар вызвоньвае бацькоў.
Рагатка амэрыканскай вытворчасьці ў параўнаньні з нашымі драўлянымі рагаткамі выглядала як сапраўдная зброя. Мэталічная цяжкая ручка і гума, якая была здольная нацягвацца на даўжыню рукі, і біць хутка, як пісталет, прабіваючы дзіркі ў сьценах.
Скураныя каляровыя шарыкі для жангляваньня, напампаваныя пяском, на цэлы дзень ператваралі школу ў сьвята, кожны вучыўся, як гэта – круціць у руках тры, чатыры ці пяць мячоў. Амэрыка, здаецца, мог круціць усе дзесяць.
Распавядаць пра тое, што зь цікавостак Амэрыка мае дома, альбо што ён меў у Айдаха, бессэнсоўна, бо ніводны тэтрыс ня стане на адзін п’едэстал з прыстаўкаю, каляровым тэлевізарам ці сапраўдным, самым сапраўдным крутым горным роварам.