Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 10

Кабала
Кніга першая
7

Оглавление

Падчас службы Барыса ў Войску Польскім здарылася такая прыгода: адзін з ягоных мотальскіх прыяцеляў – Андрэй Палто – атрымаў шыфраванае пісьмо, аўтарам якога быў не хто іншы, як ён, капрал Рамановіч. Вестка нейкім чынам абляцела мястэчка. Асаблівую ж вастрыню ёй надавала тое, што небараку Палто пачала цягаць дэфензіва на допыты.

Местачковаму абывацелю гэты выпадак падаваўся цікавым перш-наперш як штукарства Барыса. Усе ведалі, што ён пісьменны і, бадай, самы адукаваны пасля пана Юргенсана і свайго бацькі чалавек, што ён валодаў як рускай, так і польскай каліграфіяй ды надта прыгожа пісаў. Літары і словы на паперы клаліся шчыгульна і вольна, не раўнуючы, як пракос у добрага касца. Багата хто з малапісьменных і непісьменных жыхароў Моталя прасіў яго памагчы ў напісанні ліста, заявы ці якога-небудзь іншага дакумента, і ён нікому не адмаўляў – пісаў і тлумачыў, што рабіць далей. Грошай за паслугі не браў. А калі даводзілася разлічвацца з тым ці іншым за паслугу, аказаную яму, сыпаў у жменю злотыя, не шкадуючы. Шчодрай, невымерна шчодрай душы быў чалавек.

Ніхто не думаў, што малады і дасціпны атожылак Пісарчука здольны на такое штукарства – крыптаграмы, або шыфраваныя лісты, што наогул рабіла яго чалавекам адметным, загадкавым і рызыкоўным. Партыйная спулка, напэўна, магла б ганарыцца канспіратыўнымі здольнасцямі свайго сябрука.

Але ж гэта не спадабалася бацьку, які не падзяляў захапленняў Барыса палітыкай. Селянін Пятро Рамановіч наогул цяпер не любіў палітыку, а калі больш дакладна – нахабнага духу бальшавікоў, таго духу, які адчуў у Расеі,– не ўспрымаў пераробкі грамадства на апраметны камуністычны капыл, – і тым больш, калі там пачалася калектывізацыя.

У тым пралетарскім хаўрусе яго багата што насцярожвала, і, слухаючы часам ад Барыса або ягоных прыяцеляў мілагучныя ведамкі з паноўленай Беларусі, ён не верыў ім; яго непакоіла празмернае захапленне мясцовых сялян падзеямі і ладам жыцця там, куды ніхто з іх цяпер не меў вольнага доступу і пра што меркавалі з няпэўных і суб’ектыўных паданняў, улётак, агітацыйных лісткоў.

Праўду казаць, не цешылі душу Пятра таксама й пілсудчыкі, іх гвалт, уціск, здзек з простага люду Крэсаў Усходніх. Праз сівыя стагоддзі доўжыцца палітыка польскіх паноў па апалячванні беларусаў, і няма на яе ўпыну. Шляхту збольшага пераманілі, апалячылі, а з сялянамі горш – упарціцца беларускі мужык, трымаецца за свю мову, традыцыі, звычкі – не хоча панець, прабач Госпадзе, і за такую нязрушнасць, няўступчывасць, упартасць ён атрымаў ад раздражнёных паноў пагардліва-абразліваую мянушку «быдла».

Пятро хацеў працаваць і не ведаць аніякага палітычнага шалу, але ж сын міжволі ўцягваў яго ў прастору, дзе нараджаліся і бурапенілі грамадзянскія хвалі.

Яшчэ не забыўся Барысаў арышт і непакой з-за яго, а тут новая праява – гэтая шыфроўка, за якой у сям’ю магло пацягнуцца немаведама што. Пятро Пісарчук напісаў сыну ў войска ўшчувальны ліст, на які Барыс адказаў, што гісторыя з шыфроўкай не вартая выедзенага яйка, бо ў ёй ніякіх сакрэтных звестак не ўтрымліваецца. І бацьку ад таго лепей на душы стала. Яму заставалася думаць адно, што за той шыфроўкай да Андрэя была гульня, не болей, трэніроўка сынавых здольнасцей.

Мінуў час. Барыс вярнуўся са службы і пачаў па-новаму штукаваць у камерцыі і вытворчасці. Ён заснаваў разам з прыяцелямі спулдзельню, у якой рабілі і прадавалі местачкоўцам дахоўку і пустакі – пустацелыя будаўнічыя блокі. У краме таварыства, адчыненай імі таксама, прадавалі ўсё, і тавараў было зусім не меней, чым у крамах яўрэяў. Адно гандаль тут улічваў попыт і здольнасці пакупнікоў з мясцовага атачэння. Багата хто браў тавар у крэдыт, і якраз праз рукі Барыса Рамановіча праходзілі ўлік і ўсялякая іншая пісьмовая аздоба – ён працаваў за бухгалтара.

Бывала, прыходзіў да Барыса селянін і бедаваў, што трэба накрыць хату, а грошай няма на дахоўку. Барыс высвятляў сітуацыю ў селяніна глыбей і нарэшце суцяшаў бедака:

– Не журыся. Талан не ў грашах, а ў кемнасці. Бяры картку для ўліку. Пішы… Бяры дахоўку, а як будуць грошы – аддасі.

Пісарчук-старэйшы ганарыўся дзелавым спрытам сына і разам з тым імкнуўся засцерагчы Барыса ад далейшых памылковых поглядаў, меркаванняў, што тычыліся, бадай, аднаго – практычнага ўвасаблення сацыялізму ў Моталі. Пра сацыялізм у Савецкай Беларусі найгоршыя прадчуванні Пятра такі спраўджваліся. Неслі праўду адтуль асобныя рызыкоўныя і адважныя людзі, каму ўпотайкі ўдалося прабіцца праз мяжу і вярнуцца назад.

З адным такім вандроўнікам Пісарчука пазнаёміў той самы Андрэй – сын Кузьмы Палто, – які атрымліваў ад Барыса крыптаграмы. Займеўшы спадчынную палоску зямлі і трохі грошай, ён здолеў разгарнуць гаспадарку і завёў дружбу з Пісарчукамі.

З Андрэем Палто жыў малодшы брат Ладзя, але ў таго сваёй зямлі не было, і ён не ведаў, за што рукі зачапіць, каб пачаць ладкаваць жыццё, набыць сваю чалавечую годнасць ды, нарэшце, сям’ю. Ладзя наведваў маладзёжную групоўку, якая сваім калектыўным нутром хінулася да штандараў камунізму; там штодня баялі пра заможнае жыццё ў камуніі, дзе няма бедных і багатых і дзе для ўсіх усяго ўдосталь. Ладзя пачаў марыць пра гэтакую незвычайную зямлю, пра тую краіну і аднойчы знік на цэлыя два гады. Ён быў там. Аднак у тое, што ён перажыў і пра што распавядаў потым, ніхто чамусьці не хацеў даваць веры.

Пятро Пісарчук наважыўся бліжэй пазнаёміцца з небаракам і праз Андрэя Палто наказаў Палто-малодшаму, каб той заскочыў да яго надвячоркам.

Пісарчук паклікaў сыноў – Барыса, Паўла, і яны разам сустрэлі невысокага, хударлявага юнака. У Ладзевых рухах, калі ён адчыняў дзверы і заходзіў у хату, можна было заўважыць нерашучасць. Ён павітаўся і акінуў сям’ю крыху разгубленым і таму мітуслівым позіркам.

– Праходзь-праходзь, браце, госцем будзеш! – падняўся з канапы, падаў яму руку старэйшы, сухі, жылісты, а за ім і астатнія Піcарчукі.

Уважаючы на лагодны тон прысутныx, Ладзя пасвятлеў тварам, палагоднеў і сам, прысеў, чакаючы, пра што пойдзе гаворка.

Нейкі момант яго ўважліва разглядалі – як дзіва. Асабліва доўгі і засяроджаны позірк быў у Барыса – два гады блазен падарожнічаў па Савецкай Расеі! Якога ж ён цяпер колеру?.. Гэтая думка, бадай, цікавіла ўсіх.

– Не чырвоны – ніякі, хутчэй за ўсё – бледны, – жартуючы, першым кінуў Ладзю Паўлюк.

– Здарожыўся? – як бы ў апраўданне хлопцу спытаў гаспадар і запрасіў усіх да стала, на які спагадлівая Аксіння паставіла самавар.

– У Моталі столькі плявузгалі наконт вашых з Пінчуком і Балаганам уцёкаў,– пацягнуў далей нітку бяседы гаспадар Пятро. – У пастарунку з ног збіліся, шукаючы вас, асабліва Пінчука.

– О! Ён – шэльма! Без перабольшвання я вам скажу: хцівы чалавек! У гэтым мы яшчэ раз пераканаліся там, у расейскім турэмным лагеры.

– Як? – няўцямна прыўзняўся Барыс. – За замах на жыццё Зусмана вы ўсе ўтрох сядзелі ў турме?

– Ды не. – Ладзя пачырванеў і, збянтэжаны, адсунуў ад сябе шклянку з гарбатай. – Калі вы хочаце ведаць, Зусман тут ні пры чым. Усё было не так… Не так ад самага пачатку!

– То ты, браце, раскажы, як яно было, – прапанаваў Пісарчук, на каленях у якога ўжо круцілася і штораз спаўзала пад стол трохгадовая ўнучка Маня.

– А было вось як…

І Ладзя Палто расказаў гісторыю, пра якую ў Моталі, бадай, усе збольшага ведалі, але ніхто не чуў яе ад пачатку да канца і не ведаў праўды. Дзіва што… Два гады таму ён, Палто, падгаварыў свайго аднагодка і прыяцеля Івана Філіновіча, якога звалі ў мястэчку Балаганам, пакінуць Мoтaль і папхнуцца ў запаветную далеч – камунію. Праблема была ўсяго толькі ў пошуку патаемнага месца для пераходу мяжы. Наконт гэтага Ладзя і прыйшоў да Пінчука, бывалага і абабітага польскай турмой чалавека, якому трохі пераваліла за пяцьдзесят… Чатыры гады ён адседзеў за неаднаразовы пераход усходняй мяжы і, пэўна ж, ведаў яе дасканала.

Аляксей Пінчук пашкроб патыліцу сваёй чорнай, парэпанай рукой:

– Шкада… Шкада, што я пад наглядам, пта-маць… Мне забаронена з Моталя адлучацца. Зрэшты… каб што прыдумаць, га?..

Ён уталопіўся на Ладзю сваім цыганкаватым вокам. Ладзя ўмольна і прагна глядзеў на яго.

– А што, калі знайсці прычыну-лучыну? Скажам, я еду ў Пінск на кірмаш. Дакладваю ў пастарунак, што адтуль грабуся дадому, а сам разам з вамі – да мяжы. Правяду і – гайда назад! Сапраўды!.. Вам камунія, а мне – конь. Ну, што думаеце?

Праз некалькі дзён Ладзя прыехаў да Пінчука і перадаў яму каня з возам. Той, як належнае, прыняў падарунак і загадаў Уладзіміру чакаць дома, пакуль ён не пакліча іх у дарогу.

Да Пінчука тым часам з’явіўся местачковец Зусман – яшчэ адзін кліент акурат з такой жа просьбай. Заўжды Зусман спаў і бачыў у сне камунію. Ён прасіў правесці яго на той бок; за паслугу гатоў быў аддаць дзвесце злотых. А па тым часе, да прыкладу, усяго два злотых каштаваў пуд жыта і семдзесят злотых – карова… Пінчуку свяціў шанец нажыцца, і ён, не доўга думaючы, поцемкам пасадзіў Зусмана на калёсы ды павёз яго на кірмаш.

Дарога ладная – каля сарака кіламетраў. Дарога сухая, бо падмарозіла. Снегу яшчэ не было. Бавячы час на калёсах, Пінчук-шэльма прыкідваў, як найхутчэй перакласці тыя злотыя Зусмана ў сваю кішэню, і хутка вынайшаў план дзеянняў. Згодна з тым планам прыехалі ў Пінск, праваднік пакінуў каня з возам на падворку ў знаёмага. Адыходзячы, дастаў з-пад саломы і засунуў за пояс сякеру, з якой рэдка калі разлучаўся. А ў Зусмана за спінай быў хатуль.

Яны выйшлі з горада і падаліся ў замглёную запаветную далеч – на ўсход. Вось і Ясельда… Пераходзілі раку па тонкім лёдзе, і, каб не валачыся далей, да самай мяжы, а хутчэй вярнуцца дадому з грашыма, Пінчук на крок адстаў ад Зусмана, выцягнуў сякеру і… гах! Не?.. Божа праведны! Небараку Зусману ў той момант собіла якраз азірнуцца, і, павёўшы корпусам убок, ён падставіў пад сякеру не шыю, а ўсяго толькі плячо. Адскочыў паганец і кінуўся прэч з усім маладым сваім ды адчайным спрытам. Хутчэй-хутчэй – да людзей! За небаракам ветру не ўгнацца!

А Пінчук, агорнуты жахам, таксама паджгаў чорнымі сцежкамі ў Моталь. Пёр пешы – цяпер яму было не да каня, якога пакінуў у Пінску. Пёр, стараючыся абагнаць нядобрую вестку аб падзеі на Ясельдзе, да якой прычыніўся так страхалюдна. Яго маглі ў любы момант схапіць, тады ўжо не выратавацца ад пакут… Турма – да скону дзён! І гэтая думка, бы той востры бізун, сцёбала па ім і гнала далей. От нарэшце і Моталь. Змардаваны пакутлівым шляхам і бояззю, ён дапяў да сваёй хаты. Аддыхаўся і паслаў жонку па Ладзю Палто. Ладзя прымчаў як бачыш. Пінчук вывеў яго на вуліцу:

– Калі добра сцямнее, пакліч Балагана і прыходзьце вунь на той ускраек лесу, – паказаў рукой. – Пойдзем не адкладваючы, пта-маць. Лёс-пёс гатовы здрадзіць мне, але я вам потым пра ўсё раскажу…

Сустрэліся ў дамоўленым месцы і рушылі. Ішлі тымі ж чорнымі, як казаў Пінчук, сцежкамі амаль усю ноч. Іх праваднік, які цяпер ужо не меў намеру вяртацца назад, горача і ўзрушана расказваў пра надарэнне з Зусманам. Ён, блазен Зусман, нібыта праг таксама перайсці мяжу і дамовіўся з Пінчуком пра паслугу. Пінчук павёў новага кліента. Але ж Зусман паспеў данесці на яго ў паліцыю, і два паліцыянты селі ім на хвост. За здраду, чуеце, Пінчук хацеў засекчы Зусмана, але, такі-гэтакі правакатар Зусман уцёк.

На самай мяжы, каля невялікага гаю, які прытуліў іх на дзень, яны пасунуліся наперад крадком, бы здані. Тым не менш, калі ім ужо свяцілі прастора і воля, перад імі вырас памежнік са зброяй:

– Стаяць! Рукі ўгору!

Дапытвалі мотальцаў моцна і ніякім іхнім роспаведзям, тлумачэнням наконт уціску паноў і цяжкога жыцця ў Польшчы не давалі веры. Іх утрымлівалі спачатку ў мінскай турме, а потым выслалі на Урал, у горад Перм, дзе, жывучы ў лагеры і галадаючы, яны будавалі баракі для сем’яў рабочых. Дзень пры дні. Два гады…

Ладзя, апавядаючы пра перажытае ў экзатычнай савецкай краіне, так бы мовіць, камуніі,– разгарачыўся, і адчуванне той сваёй нягегласці, несамавітасці, скутасці ў доме Пісарчукоў зусім прайшло. Наадварот, цяпер хлопцу – вандроўніку паняволі – імпанавала ўвага да яго асобы. Тут госця перапыніла гаспадыня, увесь выгляд якой выяўляў дабрыню:

– Валодзька, то чаму ж ты нічога не бярэш?.. І вы, мужчыны, нешта седзіцё, як на хаўтурах! Ешце… Стане з вас гаманы!

– І сапраўды мы заслухаліся, – сказаў гаспадар. – То бяры, Ладзя, што па густу: тварог, масла, сала і – да ўсяго – мёд.

– Дзякуй, я з задавальненнем паспытаю, чым вы людзей частуеце, але найперш скажу: у Пермі і Златавусце, дзе мы потым працавалі, я нічога больш смачнага за падсмажанае лушпінне ад бyльбы не еў. Яго мы збіралі на сметніку і смажылі на грубцы-буржуйцы…

– Госпадзе прамілы! – перахрысцілася Аксіння, відаць, адчуўшы на сэрцы нядобрае. – Як жахліва, калі людзям няма чаго есці! Пятро, помніш… На Украіне людзі пухлі з голаду.

Пятро кіўнуў: пра голад ён помніць.

– Я шкадаваў, што не ведаў сакрэту прыгатавання такой ежы раней, калі быў яшчэ тут, у Моталі.

– Божа! Які грэх мы на душу бярэм! – Аксіння адчула дакор сумлення за сваё забяспечанае жыццё. – І чаму ў нас не кожны мае хлеба кавалак?

Мужыкі пакінулі без адказу яе пытанне.

– Але хацелася б увогуле ведаць пра жыццё там, – уступіў у размову Барыс. – Лагічна дапусціць, што калі ў Пермі ёсць лушпінне, то ёсць у некага і бульба… А як на волі людзі жывуць?

– Адкажу. Прадуктаў харчавання скрозь не хапае. У Савецкай Беларусі – таксама. Можа, таму, – Уладзімір вытрымаў паўзу і паглядзеў па кутках, нібыта жадаючы пераканацца, што яго ў гэтым доме ніхто, апроч Пісарчукоў, не слухае, – можа, таму, што ў сялян адабралі зямлю. Адным словам, нястача. І гэта вынік пяцігодкі калектывізацыі, калі многіх, хто меў зямлю, сеяў, прадаваў збажыну, хто ўмеў рабіць, як вы тута робіце, збэсцілі, змардавалі, назвалі кулакамі і – у Сібір! З некаторымі я сустракаўся ў лагеры, і яны рады былі той жа лушпіне… Цяпер, казалі, жыць у сялянстве няможна. Падаткі такія, што нельга выплаціць. На вёску наклалі шэсцьдзесят пудоў збожжа, апроч падатку, і яшчэ распачалі самаабкладанне на пяцьдзесят адсоткаў з рубля. І вязі здаваць сваё дабро чырвоным абозам… – Небарака ўздыхнуў.– Парушаны адвечны лад. А пакуль займаліся карчаваннем, багата зямлі запусцела. У газетах пішуць, што калгасы неўзабаве накормяць дзяржаву. Можа, і накормяць. Толькі ж сёння на тым баку голад. І якія мы сляпыя былі, калі ішлі туды і думалі, што там у вёсках скрозь каўбасы на плоце вісяць. Гора скрозь. Калгасы, а не каўбасы!

Патрэскваў кнот у лямпе-васьмілінейцы. Было ціха. У бяседзе зноў утварылася гнятлівая і даўкая паўза. Ладзя размешваў лыжачкай мёд у шклянцы з гарбатай.

Слухаючы перабежчыка, браты Барыс і Павел перажывалі розныя пачуцці, і таму адзін сядзеў пахмурны, другі – бяспечна вясёлы, гарэзлівы. Паўлу падабалася, што ў гісторыі з Палто шмат павучальнага для ягонага старэйшага брата Барыса – удачлівага і ганарыстага круцяля-сацыяліста. Ён жа, Павел, калі шчыра, часам зайздросціў Барысу ў жыцці і мог парадавацца з ягонага промаху. А той, азадачаны, паспрабаваў штось давесці, каб апраўдаць сітуацыю на ўсход ад мяжы:

– Урал… Магнітагорск, Златавуст… Там куецца індустрыя для краіны, якая з усіх бакоў у атачэнні ворагаў. І цяжка пагэтаму…

Пятро Пісарчук адправіў унучку з Аксінняй спаць і цяпер быў вольны. У ціхім роздуме, мнучы ў пальцах вус, амаль нягучна спытаў:

– А як жа ты, браце, вярнуўся дадому?

– У Златавусце разам з намі быў яшчэ адзін беларус – Віктар Корань. Яго вёска акурат пры мяжы, што праходзіць ля Стоўбцаў. Дамовіліся мы з ім уцячы. Звалі з сабой і Філіновіча-Балагана, але ў Івана не было грошай на білет да Менска, і ён застаўся. Мы, дарэчы, атрымлівалі за працу ў лагеры па шэсцьдзесят рублёў у месяц, а білет на цягнік каштуе сто трыццаць, і яму не ставала. Адно Іван папярэдзіў: трымаць нашу змову ў сакрэце ад Пінчука, бо той стукач – данясе. Ён даносіў начальству на ўсіх, хто таіў штосьці ў душы.

Так і зрабілі. Селі ў цягнік. На нас – рабочыя камбінезоны, і гэта непакоіла. Але ж потым, як мы агледзеліся, дык амаль увесь люд, што ехаў разам, быў апрануты абы-як, абы ў што. На некаторых такое рыззё, што глядзець страшна. Расея… Спазналіся людзі з жабрацтвам. У Менску мы нырнулі ў натоўп, каб згубіцца, і выскачылі ў глухую вулку, а там сустрэлі старога яўрэя і папрасілі ў яго лахманы, каб пераапрануцца. Беларусь! Зноў Беларусь, але мы вольныя!..

– Ну і што было на Беларусі? – думаючы цяпер пра нешта сваё, пацікавіўся гаспадар.

– А нічога больш страшнага не было, калі не лічыць прыгод з братам Віктара Кораня.

І Ладзя Палто расказаў новую гісторыю.

У Кораня ў Менску жыў і настаўнічаў брат Нупрэй. Віктар знайшоў свайго брата, але той пры сустрэчы спалохаўся так, што аж спалатнеў, аж затросся. Справа ў тым, што ў гэтых двух братоў недзе дома, у памежжы, яшчэ былі браты. І двое з тых памежных склалі ды нейкім чынам перадалі Нупрэю ў Менск ліст, у якім выказвалі гонар за яго, сталічнага настаўніка роднай мовы, і пісалі, што неўзабаве таксама пакінуць родны кут і прыб’юцца да Менска; яны спадзяваліся на Нупрэеву дапамогу ў сталіцы пры ўладкаванні на працу.

Прачытаўшы той ліст, настаўнік Нупрэй зразумеў усю небяспеку: як толькі прыйдуць браты, яму не мінаваць ГПУ і ён загрыміць на Салаўкі або ў Сібір разам з братамі, такімі вумнякамі. Іх палічаць за польскіх агентаў. Абавязкова! І гэта было для яго настолькі відавочным, што душу ахапіў жах. Многія з ягоных знаёмых зазналі арышт і ссылку па нейкіх падазрэннях, надуманых злосных даносах і наогул невядома, як і па чым.

Сустрэча з Віктарам, які ўцёк з лагера, была яшчэ больш небяспечнай, і таму, крыху авалодаўшы духам, ён прастагнаў:

– Братове! Я хачу жыць, а вы ляціце сюды, як матылькі на агонь! Ды святло ж зманлівае! Пасля вашых візітаў мяне ўмомант абкруцяць, аблытаюць павуцінай ілжы, і ўсе мы патрапім туды, куды Макар цялят не ганяў. Не-не, я не магу больш, я не магу жыць у страху і вучыць дзяцей веры, якой сам больш не маю. Сапраўдны свяцільнік павінен несці людзям святло, а не ўцягваць нявінныя душы ў полымя!

І пасля такой тырады Нупрэй паспешліва забегаў па пакоі, збіраючы свае дробныя халасцяцкія рэчы ў пацёрты салдацкі мяшок.

– Не-не, баста! Не магу! – стагнаў ён, як не ўсхліпваючы. – Апошняя кропля! Чуеце? Твой прыход, Віктар, – апошняя кропля! Я не віню цябе, не, і тых сваіх не віню, бо яны сляпыя. Не, не кажыце, усе мы падманутыя, а жыццё аднойчы чалавеку даецца… Так, аднойчы! І таму няхай прабачае мне Мікалай Астроўскі, гэты святы, гэты баян рэвалюцыі, а я іду з вамі!

Падобна, што за сталом у Пісарчукоў вандроўнік па пакутах Уладзімір Палто выказаў усё, што было на душы. Таму ён адчуваў адначасова палёгку і ўтому. Яму не хацелася больш гаварыць, і калі Паўлюк з усепераможнай усмешкай яшчэ спытаў у яго пра Нупрэя – настаўніка, ці вярнуўся ён у вёску да сваёй радзіны, як хацеў,– той адно ў пацвярджэнне кіўнуў галавой.

Барыс разумеў хітры ход бацькі з запрашэннем у свой дом брата Андрэя, які ўцёк з камуніі, і нервова барабаніў пальцамі па стале: нешта не так, зусім не так у марах-летуценнях уяўлялася яму камунія. Шкада! Цяжка даць веры… Тым часам у яго не было сумненняў, што Палто расказваў праўду. Толькі гэтая праўда ламала ўжо штосьці ў самім падмурку ягонай душы. Распытваць уцекача адтуль, здаецца, не было больш пра што. Бадай, не было чаго і абмяркоўваць у сямейным коле. Хіба каб лішні раз засведчыць, што бацька мае рацыю, калі ўшчувае яго за юнацкія захапленні?.. Свяцільнік міргаў і міргаў. Ці не скончылася ў ім газа?.. Свяцільнік міргаў, спакваля аддаляючыся ад яго, прынамсі, так здавалася. І рабілася сумна, ды ён пераадолеў сябе і нечакана спытаў:

– Тата, a вы ведаеце пра скандал у польскім сейме?

– Чуў… Чуў ад Абко пагалоску пра Скірмунта.

– Сенсацыя! Памешчык Скірмунт прапанаваў праект закону, згoдна з якім дзяржава пакідае панам, абшарнікам усяго па пяцьдзесят дзесяцін зямлі, а астатнюю забірае і раздае сялянам. Што там было?! Уяўляеце, сейм проста ўзарвала, і калі Скірмунт выходзіў на вуліцу, у яго з другога паверха кідалі крэслы. Ледзь уратаваўся!

– Ух ты! – здзівіўся Павел.

– Дзівак… – прамовіў няпэўна бацька.

– А я казаў і кажу: такіх людзей, як Скірмунты, на свеце вобмаль!

– То адкуль жа ім быць?

– Быў яшчэ Тарашкевіч. Саветы выцягнулі яго з польскай турмы.

– З агню – ды ў полымя! – уставіў Паўлюк.

І, як бы ў падмацаванне Паўлюковай думкі, Палто паведаміў:

– У Менску шмат вучоных арыштавалі, асабліва якія дбалі пра беларускую культуру і адукацыю. Вой, а што пра Янку Купалу Нупрэй казаў!.. Ведаеце, яму таксама пагражаў арышт, турэмнае зняволенне, і ў знак пратэсту Купала палічыў за лепшае развітацца з жыццём. Ён паласнуў лязом сабе па венах, па жываце, уздоўж і ўпоперак. Ледзь выратавалі! З другім пісьменнікам было не лепей. Яго пры допытах садзілі на кол.

– А божачкі! – жахнулася Аксіння, дый астатнія разам з ёю.

Толькі падобны паварот гутаркі ў дачыненні да Тарашкевіча падаўся Барысу надта змрочным і нават абразлівым, і ён падняўся з-за стала:

– Тарашкевіч – бунтар! Без яго тут магіла была б. А ў асобе Рамана Скірмунта ці не страцілі беларусы самага шчырага нацыянальнага волата? – сказаў, як звязаў напаследак.

Самавіты селянін Пісарчук быў усцешаны гутаркай за шырокім сямейным сталом. Праўда, зноў пачало смыліць на душы ад крыўды і горычы за рэпрэсаваных людзей на тым баку, вучоных, паэтаў, за Янку Купалу. Купалу ён ведаў па вершах, якія чытаў у «Нашай ніве» за маладымі гадамі. Падшыўка газеты «Наша ніва» і цяпер захоўвалася на шафе ў ягоным пакоі. Адтуль у свой час ён багата чаго дазнаўся пра народ, да якога і сам належаў, пра народ, які меў сваю культуру і мову, пра народ, які цяпер мардавалі з аднаго боку палякі, а з другога – расейцы і бальшавікі. Трывога не пакідала яго, і напрыканцы гутаркі гаспадар пацікавіўся ў бедака Уладзіміра Палто пра намеры: чым ён мае заняцца?

Ладзя паціснуў плячыма і зноў пачырванеў, нібыта яго злавілі на нечым прыкрым. Папраўдзе, ён губляўся ў здагадках, што рабіць, бо, як і да ўцёкаў у Саветы, у яго не было працы. І, калі ён вярнуўся ў Моталь, братава жонка, а жылі яны ў бацькавай хаце, адрэагавала на ягонае з’яўленне словамі, якія калолі яму ў самае сэрца:

– Бач, нідзе не ўдавіўся і зноў прыехаў на Андрэеў хлеб!

Дык што ж ён мае рабіць, куды кінуцца?..

Пісарчук усведамляў, у якую пастку нанова трапіў хлопец, але хацеў пачуць яго разважанні далей.

– Наогул, ні працы, ні веры мне ў Моталі няма. Камуністы думаюць, што я засланы адтуль, з Менску, і не ведаюць, як да мяне ставіцца. Амаль усе лічаць: там, за мяжой, на ўсходзе – рай, і калі я кажу, як у камуніі дрэнна, не вераць, бачыце, гэта я кажу дзеля таго, каб мяне паліцыя не арыштавала. А каб ведалі, што я не засланы і што вярнуўся адтуль самахоць, што я кажу праўду, пэўна, забілі б. Я нікому тут не патрэбны. Нікому!

Шкадуючы хлопца, Пісарчук паабяцаў яму схадзіць у гміну, каб даведацца пра магчымасць яго ўладкавання на працу. Ці хадзіў ён туды, невядома, але ж праз некалькі тыдняў Ладзю Палто прызвалі на службу ў польскае войска, і гэта для яго было як збавенне.

Пакутны век. Трылогія

Подняться наверх