Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 14
Кабала
Кніга першая
11
ОглавлениеАднаго разу гаспадар Пятро зайшоў з нейкай нагоды на сынаву палавіну хаты. Маня ўжо залезла пад коўдру на ложку ды, прыгадваючы, перабірала ў памяці малюнкі мінулага дня.
Прысеўшы на зэдлік, дзед прыгарнуў малую да сябе, пагладзіў па галоўцы. Мані запомніліся ягоныя словы:
– Ты, унучачка, думная – досціпам ды спрытам не ведаю ў каго і ўдалася. Давай жа сходзім з табой да настаўнікаў – няхай падвучаць. Настаўнікі ведаюць адказы багата на якія пытанні, што цікавяць цябе. Чаму, напрыклад, сонца заходзіць? Або дзе вятры нараджаюцца?.. Яны ведаюць і добра тлумачаць. Ты згодная? Малайчына!..
І сапраўды, павёў дзед такую малечу ў школу. А Мані тады было ўсяго чатыры з паловай гадочкі. У дзіцяці рана праклюнулася зярнятка ведаў, і дзед, напэўна, як спрактыкаваны гаспадар, як сейбіт і назіральнік за ўсім жывым, што на сялянскіх гонях з’яўляецца, пайшоў на эксперымент. Ён не хацеў упусціць зручнага моманту, каб перасадзіць тую семачку ведаў у глебу, дзе яна магла б замацавацца карэньчыкамі.
Але Мані вучоба не спадабалася – мо таму, што ў настаўніка не было чым забавіць дзіцячае ўяўленне, а веды – не забаўка. Куды больш цікавы занятак меў яе дзед, і яна лічыла за лепшае не разлучацца з ім, глядзець, што ён робіць, вучыцца ў яго, памагаць яму. І ён пагадзіўся: школа няхай пачакае, пакуль дзяўчо падрасце!
Неўпрыкметку мінулі два гады, і Маня ўжо не гублялася ў паўшэхнай (агульнаадукацыйнай для дзятвы) польскай школе, гаманкой, вясёлай. Адзінае, што наводзіла на яе жах на ўроках, дык гэта тоўстая лінейка ці нейкая іншая прылада ў руках настаўніка, якой ён час ад часу біў па далонях вучняў, каб тыя не ўтойвалі сваіх ведаў.
Перад сном, калі праца ў доме ўжо заціхала, дзеду Пятру рупіла пагаварыць з унучкай. Ён ціха ўваходзіў у спальню, сядаў каля яе ложка:
– Маня, ты спіш?
Не-не… Нават калі б і спала, Маня адчула б дзеда сваёй тонкай скурай, бо ён у гэтым доме быў найвышэйшай асобай, ён быў за добрага духа, апекаваў яе і тату з мамай таксама. Ад дзеда і мамы заўжды чуліся цяпло і лагода. Аксіння, тая стаяла трошкі далей, хоць зазвычай і старалася дагаджаць унучцы. У будзённым жыцці яшчэ далей ад Мані стаяў яе бацька – Барыс, сын Пісарчукоў, у якога заўсёды былі дарослыя клопаты, шырокія, важныя, і не ставала ўвагі да такой малечы. Няма што ён таксама шкадаваў Маню, але, мусіць, лічыў, што досыць з яе цяпла і пяшчоты, якімі яе ахутваюць дома. Маня ж зусім не ўяўляла сабе, які ў бацькі занятак за парогам хаты, сядзібы. Яна не ўяўляла бацьку ў атачэнні вясковым, як уяўляла дзеда.
Толькі дзед Пятро ўносіў ва ўтрапёнае сэрцайка і свядомасць Мані штосьці цэласнае і аб’ёмнае – як не прастору і водар палёў, птушыны галас, надзею на доўгае і сталае жыццё ў вялікім свеце.
Яна ўсміхалася:
– Я не сплю, дзеду.
– Скажы, чаму ты навучылася сёння ў школе? – ціха, спаважна спытаўся добры дух.
Дзяўчынка разумела, што спакойным голасам дзед гаворыць з ёй таму, што шануе цішыню, як шанаваў, напрыклад, дзень і ноч, дрэўца каля хаты і кветку ў полі.
– Ой, проста жахліва было, дзядуля! Мы рашалі: колькі вады ў Мотальскім возеры і за колькі гадоў Ясельда можа занесці яго мулам?
– І – што… Як?
– Выйшла: за трыццаць гадоў возера не стане. Гэта праўда, дзедусь?
– Ну – пэўна, калі мул не выбіраць. Але ж ты бачыла, як гаспадары чысцяць возера? Чалавек зазвычай хоча, каб вада ў возеры была чыстая і каб там вадзілася рыба. А Ясельда – рака, яна не ведае, што чалавеку трэба. У яе наогул клопат не пра возера, а пра сваё рэчышча, – даводзіў дзед Пятро. – Раней рака ішла цераз Зазерскае возера, адтуль – праз невялікі перашыек – трапляла сюды. Мулу тут было небагата. Толькі ў мінулым стагоддзі, каб зрабіць карацейшым шлях для лодак, пракапалі канаву, якая злучыла раку з Мотальскім возерам напрасткі. Ясельда ўпадабала і прыняла канаву за галоўнае рэчышча.
– Дзядуля, – Маня глядзела на ягоную дужую руку, што ад працы сялянскай ды сонечнага ветру мела буры колер і ўзвышалася над яе рукой, як бугор, як Цобскі пагорак, на якім раней, згодна з легендай, жылі маталяне. – А ты, дзедусь, возьмеш мяне заўтра ў пчаліны гай?
Ён чакаў ад яе гэтае пытанне і радаваўся яму, быццам добраму знаку жыцця ці мо дабраславенню Усявышняга.
– Добра, дзетка – маміна кветка. Папоўдні адно, калі пчолкі вернуцца з поля, а ты – са школы. Дамовіліся?.. Так. А цяпер – спі!
Толькі сон да Мані прыходзіў не адразу. Яна адчувала сваё дачыненне да навакольнага свету і ведала, што гэта шчасце мець такое жыццё, калі ўсё захапляе, усё-ўсё – ад бесклапотнага матылька на градках да руплівага і нястомнага ў працы дзеда, які, папраўдзе, падаваўся ёй часам асілкам. Яна цягнулася штодня на раллю. А дзед ставіўся да яе, як да дарослай, з павагай, даверам, і на гэта чуйна, у хвалюючым рытме адгукаліся струны яе душы. Неяк яна доўга сядзела на кухні, разгарнуўшы на стале перад сабою падручнік. Пісала, крэсліла і зноў пісала, не цямячы, пэўна, дзе ляжыць ключ да таямніцы ў задачы. Сумная выйшла на вуліцу, дзе і сустрэла дзеда. Той распытаў у яе пра настрой, пра тую задачку. Ён высветліў з яе дапамогай некалькі пытанняў і вывеў на знаёмы ўжо для вучняў прыём у рашэнні.
Назаўтра стала вядома, што Марыя Раманавічанка аказалася адзінай у класе, хто рашыў і даў тлумачэнне рашэнню задачы. Гонару ў яе прырасло! Але, рана сталеючы, яна ганарылася зноў жа не столькі сабой, колькі сваім дзедам, працавітым, удалым. Яна таксама будзе вартаю годнасці дзеда – найлепшая ж вучаніца ў класе!
Сказаць шчыра, дык Мані яшчэ больш надавала значэння ціхая і разважлівая дзедава гутарка з яе маці Ганнай.
– Ганна, бачыш, з якой ахвотай Маня вучыцца? Яна здольная, і ёй нельга спыняцца на сямігодцы.
– Вы так думаеце, тата?..
– Пэўна…
– Гэта добра, людзяна, што палякі прымусілі ўсіх у школу хадзіць. У мой жа час вучыліся адны хлопцы, дый то не ўсе.
– Усеагульнае пачатковае навучанне адпавядае палітыцы польскай дзяржавы. Нас хочуць на свой капыл перарабіць. Але ж веды нам не зашкодзяць, ты праўду кажаш, Ганна.
Аддаючы даніну сваёй павагі старэйшым, Маня шкадавала трохі, што яе маці непісьменная, зрэшты, як і баба Аксіння, як і ўсе жанкі сталага веку. Яны часам збіраліся ў дзедавай палавіне хаты, і дзед употайкі ад яе, Мані, чытаў ім энцыклапедыю, якая была прадметам яго асаблівага гонару, чытаў звесткі пра розныя жаночыя захворванні ды іх лячэнне. За тыя здольнасці чалавека ў навуцы і, пэўна, былы пісарскі занятак яму і прыклеілі мянушку Пісарчук. Дзед даводзіў нявестцы Ганне:
– Маню трэба рыхтаваць на вучыцельку. А што ты, дочка, глядзіш?.. Там плаціць давядзецца. Але ж грошы – у калошы. Дый вы з Барысам свой пасаг атрымалі і сродкі маеце.
Ганна як бы праглынула пачутае і на ім папярхнулася. Для яе, местачковай майстрыцы, што ўмела прасці воўну, ткаць адмысловай прыгажосці ручнікі і абрусы, пыніць гаспадарку, сэнс слова «вучыцелька» быў такім жа высокім і недасягальным – не раўнуючы, як тая аблачына ў небе. Таму, скажыце, як яна магла ўявіць сваю дачку вывучанай ды – свет у сведкі – гожай настаўніцай? Дзед чакаў…
– То няхай, – няпэўна і разам з тым узрушана адказала яна. Прамовіла, адышоўшы: – Дай Бог нашаму цялятку ды воўка з’есці!