Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 21
Кабала
Кніга першая
18
ОглавлениеЛіпавая алея вяла да варот маёнтка. Кроны дрэў так паразрасталіся на волі, што стваралася ўражанне суцэльнага зялёнага калідора, трохі парудзелага, ды не менш прыгожага ўвосень, і па ім чалавек ехаў, пачуваючы на сэрцы палёгку ад таго, што ў старой вячыстай алеі, дзе вольна пырхалі птушкі, завяршаўся ягоны шлях да знаных паноў.
Кожная апора варот – гэта высокі чатырохгранны слуп з каменным шарам наверсе, а пры тым слупе – карацейшыя, па два з кожнага боку.
Вароты былі адчынены, і Пятро Рамановіч (тут ягоным прозвішчам Пісарчук менш карысталіся) укаціў на ровары ў двор пры палацы. Злева стаяла капліца, а па правую руку, за дрэвамі і дэкаратыўнымі кустамі, хаваліся гаспадарчыя будынкі.
Ён мінуў шырокі, як акінуць вокам, газон з россыпам кветак, а далей, за кветнікам, адкрываўся палац, збудаваны і абжыты Сымонам Скірмунтам напрыканцы ХVІІІ стагоддзя; месціўся ён непадалёку ад старога двара Агінскіх. Увогуле тут каранілася сівая гісторыя, і, усведамляючы гэта, Пятро Рамановіч, нашчадак духу і велічы ліцвінскай зямлі, цяпер перажываў неспакой і хваляванне. Думалася: нешта ж павінна рабіцца з таго, што рабілася, інакш які сэнс быў лучыцца ў адзінай грамадзянскай супольнасці, у адзінай дзяржаве, сеяць, жаць, ствараць штось адмысловае ў архітэктуры, мастацтве, несці ў свет самавітасць. Усё, што пасеяна тымі стагоддзямі, павінна б узысці, прабіцца нават праз мур, як прабіваюцца парасткі на ўтаптанай глебе. Адно каб не войны і гвалт над народам!
А царкоўныя метрычныя запісы сведчылі, што у ХVІ—ХVІІІ стагоддзях у Моладаве гнездаваў слынны ў Вялікім княстве род Войнаў. Потым, як Вайнаўчанка Элеанора выйшла замуж за Казіміра Агінскага, маёнткі Моладава і Парэчча на працягу стагоддзя належалі роду Агінскіх. Але ж Агінскія прыязджалі ў сваю абладу толькі час ад часу, што не дазваляла ім тут як след чыніць справы, даглядаць адшары, і Міхал Клеафас Агінскі, вядомы музќка, кампазітар, апошні з гэтага роду ўладар моладаўскага і парэцкага маёнткаў, абцяжараны гаспадаркаю, прадаў іх урэшце разам з зямлёй Сымону Скірмунту. От той Сымон, маршалак Берасцейскай зямлі і павета Пінскага, пасол сейма ў Рэчы Паспалітай, будучы ў шлюбе з Елізаветай Ажэшкай, даў новую галіну генеалагічнаму дрэву Скірмунтаў.
Пятро Рамановіч, дарма што з сялян, уважаючы на добрую славу і гонар моладаўскіх уладароў, грунтоўна ведаў іх радавод. Сымон умеў гаспадарыць і панавіў земляробства, пасадзіў дрэвы на пясчанай глебе і пустках, пачаў закладваць парк.
Ягоны белы палац меў адмысловыя формы. Гэта быў падоўжаны прамавугольнік на адзін паверх, пасаджаны на высокія цокальныя лёхі. Казалі, што ён адпавядаў стылю ампір.
Цяпер пад чатырохсхільным дахам палаца, крытым ацынкаванай бляхай, узвышаліся коміны; з двух комінаў курыліся ледзь прыкметныя дымкі, раствараліся ў паветры.
Сонца хілілася на той бок палаца, яно час ад часу хавалася за шэрай, напаўпразрыстай навалаччу ў небе, і тады на прастору двара падалі і беглі кудысь кудлатыя мітуслівыя цені.
Пакінуўшы за спінай зялёны газон, Пятро ўзняўся па прыступках на тэрасу, упрыгожаную чыгуннай дэкаратыўнай агародкай. З тэрасы быў цэнтральны ўваход. Ён прыхінуў да калон ровар і хвіліну пастаяў, пераводзячы дыханне: заставаўся апошні крок, каб пастукацца ў панскія дзверы. Тут Пятро заўжды пераадольваў сваё хваляванне.
Сцяну палаца аздаблялі барэльефныя гірлянды над вокнамі. Яны навісалі кветкамі, перавязанымі стужкай. Дзве пары белых калон стаялі на цэнтральным ганку. Яны падпіралі прыдашак з трохкутным шчытом, на якім былі змешчаны гербы: радавы «Дуб» Скірмунтаў і радавы «Кораб» Ажэшкаў. У гербах жылі памяць і павага да продкаў, сіла і сямейная моц.
За калонамі на сцяне, над дзвярыма, быў вымураваны круглы медальён з ініцыяламі заснавальнікаў палаца.
Госць зняў лёгкі капялюш – няйначай, з пашаны да гэтага медальёна. Але не паспеў пацягнуць за нітку званка, як дзверы адчыніліся і перад ім паўстала пані Марыя – гаспадыня, сястра Канстанціна і Генрыка Скірмунтаў; яны жылі разам, прычым ніхто з іх не меў сваёй уласнай сям’і, што нямала дзівіла Пятра, прызвычаенага да народных і сямейных традыцый.
– Дзень добры! Які гонар: сама пані ласкава сустрэла мяне.
– Так, я была тутай, – кіўнула на сені.– Я заўважыла вас у акно… Прошэ мондрага госця праходзіць далей.
У голасе важнай кабеты з прывялым і напамаджаным тварам прагучала штосьці гарэзлівае і як не кплівае нават…
– Пані Марыя смяецца з мяне, называючы мондрым?
– О не, ніколькі, ніколечкі! – Сумныя і адначасова жывыя вочы пажылой Скірмуцянкі ўважліва вывучалі яго, таму Пятро на момант адчуў сябе нехлямяжа, няўтульна, так, нібы не выспеў у людскасці ці быў са зрэбных нітак сатканы.
– А я вам скажу, – мовіла пані Марыя, – на тым тыдні, калі вы ў нас былі, пан Канстант меў задавальненне зазначыць: «Не панскага паходжання ягоная мосць, а іншы пан яму пазайздросціць! Чаму? Далягае да ксёнжак. Сваім розумам дастае да глыбіняў жыцця і гісторыі продкаў. Мондры… Дбайна вядзе гаспадарку».
– Хвала Богу і дзякуй васпані…
– Што ж вас прывяло да нас цяпер?
– А ўсе тое ж: трывога, няпэўнасць…
– Я вас правяду ў белы салон, дзе вы пачакаеце крыху, пакуль я знайду пана Канстанта. Добжэ?
– Але ж.
Яны разам прайшлі шырокім калідорам. У ім была высокая столь і сцены ў светлых танах, і на сценах віселі рогі ласёў і аленяў, а ў кутку стаяў прыгожы куфар, завезены сюды разам з іншай мэбляй з Італіі. Дзверы з правага боку вялі ў сталовую залу, дзе стаяў вялікі дубовы стол, упрыгожаны разьбой, ды адпаведныя таму буфеты з дубу. Яны павярнулі налева і праз колькі крокаў адчынілі шыкоўныя дзверы з барэльефам на лакаваных панелях, з разьбой і пазалотай, увайшлі ў вялікую залу, дзе светла-крэмавыя сцены ўвенчваліся купалам столі. Святло трапляла сюды праз чатыры акны і залівала ўсю пакаёвую прастору. У гэтай зале было трое дзвярэй, з якіх адны выводзілі на садовую тэрасу, другія – у бібліятэку. Яны павярнулі зноў налева, да трэціх дзвярэй, і, расчыніўшы іх, пані паказала на крэсла:
– Прошэ, адпачніце…
Тут, у белым пакоі, як і ў іншых, Пятру ўжо даводзілася бываць. Два акны, паркетная падлога, камін, бронзавая люстра з крыштальным абажурам, пісьмовы стол, вялікае люстэрка між вокнамі ў пазалочанай аправе ў стылі ракако, як казаў пан. Цераз калідор даносілася ціхая і журлівая музыка, удавала, што хтосьці самотны іграе на піяніна, мажліва – пан Генрык.
Уважаючы на ўтульную, з пазалотай прастору пакоя, Пятро падумаў, што і гэтаму бляску пагражае вайна, як і палацу, і Пятровай сядзібе, і ўсяму свету, бо ніхто і нішто ад яе не застрахуецца.
Як мала значыць цяпер чалавек – ці то мужык, ці пан! Прыкладам – тая сусветная вайна, калі ўсё гарэла, бурылася, і немцы вывезлі з Парэчча ў Германію абсталяванне суконнай фабрыкі. Усё, што было там, панішчылі. І больш не адрадзілася вытворчасць сукна, а яно ж на розных усерасейскіх і сусветных выставах неаднойчы атрымлівала сярэбраныя ды залатыя медалі.
Невядома чаму, але настрой, з якім Пятро ехаў сюды, пачаў псавацца. Унутраны голас падказваў яму, што ў гэтай адрэзанай ад свету глухамані паны ведаюць мала чаго больш ад яго, што на Парыпава бачанне свету ўглыб, дакладней, на ягоныя прадказанні яны не здатныя, дарма што пан Канстанцін, або Канстант, як яго клічуць у гэтым будынку, – былы дыпламат і паплечнік Пілсудскага. Ды вось і ён сам падкаціў на інваліднай калясцы – прыслуга адчыняла яму дзверы.
– Вітаю госця!
Збянтэжаны госць паспяшаўся насустрач, каб паціснуць працягнутую руку, мяккую і тым не менш энергічную.
Пятро ведаў, што ў пана пасля нейкай хваробы заставалася анямелай нага. І ўсё ж, нягледзячы на гэта, ён захаваў добрую форму, жвавасць, настрой, і, каб не срэбра на галаве, ніколі б не даў яму 72 гады.
– Пані Марыя сказала, што вы край занепакоены нечым. Што здарылася?
– Уласна, нічога, і я прашу прабачэння ў пана за частыя візітаванні.
– Ну што вы, што вы! Няхай гэта вас не бянтэжыць! – Вялікія шэрыя вочы спанатранага ў палітыцы чалавека праменілі прыязнасць. – А вы прыехалі якраз дарэчы, паколькі ў нас бавіць час мой стрыечны брат, а ваш прыяцель, як я разумею, Раман Скірмунт.
– Што вы кажаце! – абрадаваўся Рамановіч, хоць той Скірмунт калі і быў ягоным прыяцелем, то чыста ўмоўна; яшчэ варта зазначыць, што з-за разыходжанняў з братам у палітычных поглядах на Беларусь і ролю Польшчы ў свеце памешчык Скірмунт з Парэчча рэдка наведваўся ў Моладава да сваёй радзіны, хоць жылі яны, лічы, побач. І от цяпер ён быў тут.