Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 16
Кабала
Кніга першая
13
ОглавлениеЯк ні дзіўна, водгулле падобнага супраціву, адчайных і выбуховых падзей на Бацькаўшчыне разносілася даволі далёка, а недзе й збіралася, выклікаючы гнеў, як, напрыклад, у асяродках свядомых або патрыятычна настроеных беларусаў у Вільні, Варшаве ці далей на чужыне – у Празе, Берліне… Адтуль, здалёк, часам бачылася болей, чым прызвычаенаму люду на месцы.
У Празе па тым часе мелі прытулак шмат хто з былых паплечнікаў, аднадумцаў альбо апанентаў Рамана Скірмунта. Жылі там і спявак Міхал Забэйда-Суміцкі, і паэтка Ларыса Геніюш… Раду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі ачольваў Васіль Захарка, ураджэнец Зэльвеншчыны, як, зрэшты, і Геніюш – землякі.
Рада БНР паклікала ў Прагу на сход беларусаў, якія атайбаваліся ў замежжы. На справе гэта быў сход эмігранцкага варушлівага элемента. Дасціпная, чуйная, мілая Геніюш, маючы адметнае мужняе прозвішча, проста дзівілася, якія ўсё ж каларытныя беларускія прозвішчы ва ўдзельнікаў сходу: В. Захарка, М. Крачэўскі, П. Бакач, В. Русак, А. Калоша, В. Хмара, А. Жук, Д. Вітушка, нарэшце, Я. Ермачэнка – халопеніцкі воўк…
Ва ўступным слове старшыня Васіль Захарка казаў:
– Сённяшнія палітычныя падзеі адчуваем востра не толькі мы, сябры, але і цэлы свет. Якое ж у нас выйсце? Найлепшым быў бы развал краін ворагаў нашых, але на тое пакуль не варожыць. У выпадку вайны бальшавікоў або з бальшавікамі на ўсходзе, намі і ўкраінцамі будуць апекавацца палякі. Мы заяўляем: не! Мы хочам самі сабой апекавацца, самі будаваць сваё жыццё! Раней было шмат няверуючых, але Усебеларускі Кангрэс, праведзены ў 1917 годзе, паказаў, што беларускі народ пазнаў свой новы нацыянальны шлях. Так, беларускі народ здольны на жыццё, на новае збудаванне сваёй гісторыі. Таму дарэмнаю і шкоднаю з’яўляецца непрыхільная крытыка беларускага ўрада, створанага Радай БНР, які не толькі нічога шкоднага не зрабіў, але, наадварот, трымаў гонар Бацькаўшчыны вельмі высока.
Гэты спакойны, мяккі і даверлівы спадар Захарка знешне вызначаўся нябуйнай галавой, з прыкрытымі пушком залысінамі, нешырокім падбародкам і акуратнымі, трохкутнікам, вусікамі. Ён сябраваў з Геніюшамі, Ларысай і Янкам. Апроч іх, яшчэ з лекарам і палітыкам Ермачэнкам, жывым, гарачым, прадпрымальным чалавекам, вядомым у беларускай дыяспары ў Чэхіі сваёй прыхільнасцю да беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. От настрой і дух сходу, як і парады гэтага доктара, падштурхнулі спадара Захарку да апраметнага кроку: выкласці на паперы і падаць мацнейшаму на кантыненце суседу, кіраўніку нямецкага народа, канцлеру Германскай імперыі тое, што неабходна памятаць кожнаму ў дачыненні да Беларусі, прынамсі, да яе гісторыі і да сучаснага становішча насельніцтва.
Дыпламатычны дакумент меў, між іншым, сваю яскравую па форме і глыбокую па зместу назву Мемарандум[2] і выяўляў матываваную пазіцыю спадара Васіля Захаркі, старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Тое невымерна цяжкое становішча, у якім апынулася Беларусь пасля сусветнай вайны 1914–1918 гадоў, прымушае мяне звярнуцца да Вашай Дастойнасці з наступным.
Падчас ваенных падзей дзяржавы траістай згоды Англія, Францыя і царская Расея, а затым і тыя, што далучыліся да гэтай Антанты[3] пазней, назвалі вайну вызваленчай; неўзабаве яны нават агучылі лозунг аб самавызначэнні прыгнечаных народаў.
Цяпер, калі незадаволеныя гэтакім «вызваленнем», «самавызначэннем» дзяржавы і народы сталі рашуча выступаць супраць існуючага насілля, краіны антанты жвава прапаведуюць захаванне міру, інакш кажучы, захаванне таго, чаго фактычна ніколі не было.
Мір, як вядома, цудоўная рэч, але ці карэктна заклікаць да яго тым, хто спрычыніўся да існуючых нягод?
Як, напрыклад, можа ўспрымацца гэты заклік шаснаццацімільённым беларускім народам, меўшым у не такім ужо і далёкім мінулым сваю ўласную, дадам яшчэ, і моцную дзяржаву, якой было Вялікае Княства Літоўскае, а гаспадарылі ў ім продкі сучасных беларусаў. Гэты народ у выніку «вызваленчай» вайны аказаўся раздзеленым ажно на чатыры часткі, у кожнай з якіх яго пазбавілі права нават на родную школу.
Міру чакаюць прагна ўсе, але, каб яго дасягнуць, неабходна перш-наперш ліквідаваць існуючае бяспраўе народаў, асабліва на ўсходзе Еўропы, дзе царуюць Расея і Польшча. І як можна стабілізаваць становішча з бяспраўем, рабствам, разбоем, галечай і голадам?
Не што іншае, як бяспраўе і занявольванне народаў, з’яўляецца крыніцай нагрувашчвання цёмных хмараў, якія ўжо гэтулькі часу вісяць над Усходняй Еўропай і раней ці пазней абернуцца навальніцай і нават бурай.
А ці будзе то рэвалюцыя ці вайна або тое і другое разам, прадказаць пакуль цяжка, адно катастрофы не пазбегнуць.
Бачачы ўжо сёння непазбежнасць такіх падзей, у якіх вымушаны будзе прыняць самы непасрэдны ўдзел і мой народ дзеля таго, каб вызваліцца ад жудаснага жыцця, створанага для яго акупантамі Беларусі, я, будучы галоўным прадстаўніком беларускага народа, упаўнаважаным для абароны яго нацыянальных правоў і інтарэсаў, лічу за свой абавязак даць Вашай Дастойнасці напярэдадні гэтых падзей па магчымасці поўнае і ўсебаковае асвятленне становішча як ва Усходняй Еўропе наогул, так і асабліва ў той частцы яе, каторую займае Беларусь, што імкнецца да свайго ўласнага гаспадарання і суверэннасці.
Як вядома, Беларуская Народная Рэспубліка была ўтворана ў 1917–1918 гадах не толькі на аснове гістарычнага права нашага народа на самастойнае дзяржаўнае існаванне, але і па волі яго 1872 дэпутатаў ад усёй Беларусі на Усебеларускім Кангрэсе.
Пра тое, якім жандарам была Польшча ў дачыненні да Беларусі, Украіны, Расеі дый Германіі, ці трэба казаць. Яна стала такой, атрымаўшы ад Францыі дастатковую колькасць зброі. У Беларусі яе абразы і здзекаванні з насельніцтва доўжацца дагэтуль.
Не давялося доўга чакаць націску на Беларусь і з боку Масквы.
У часе сусветнай вайны заходнія беларускія землі з 1915 года апынуліся пад уладай немцаў. У пачатку 1916 года ў заходняй частцы беларусы атрымалі ад фельдмаршала Гіндэнбурга прызнанне беларускага народа і яго мовы як асобнае ад іншых і раўнапраўнае з іншымі. Ад нямецкай улады беларусы атрымалі права на правядзенне нацыянальнае культурнае працы, чаго ніяк не маглі дабіцца ўсходнія беларусы ад расейскай «свабоднай дэмакратыі». Створаны Беларускі нацыянальны ўрад, на жаль, не паспеў займець сваю ўласную вайсковую сілу. Нямецкае войска пакінула Беларусь, і наш урад вымушаны быў пайсці ў эміграцыю.
Трагедыю майго народа лепей за ўсё можна праілюстраваць прыкладам таго ж падзелу краіны ў выніку руска-польскай вайны і дамоўленасці маскоўска-бальшавіцкага ўрада з Польшчай, Літвой, Латвіяй:
Калі ж мы дадамо сюды і тыя беларускія абшары ў Расеі, Польшчы і Украіне, дзе з цягам часу беларускае насельніцтва ўспрыняла чужую мову – ці то рускую, ці польскую, ці ўкраінскую, – то тэрыторыя Беларусі складзе 500 000 кв. км з насельніцтвам звыш 20 000 000 чалавек.
Чорнай плямай у гісторыі цывілізаванага свету «закрасаваў» Версаль, калі, па ласцы Антанты, немцам давялося перанесці гвалт і здзек. Як і нам, бо тое, што для немцаў значыў Версальскі мірны дагавор, для беларусаў – Рыжская мірная дамова.
Беларускі народ быў кінуты ў такое пекла, у якім не знаходзіўся, бадай, яшчэ ніводзін народ. І пры такіх умовах для нас няма міру, а ёсць барацьба, якую свядомы беларус будзе весці да поўнага свайго нацыянальнага вызвалення.
Працягваючы няроўную па сродках барацьбу са сваімі адвечнымі ворагамі – Польшчай і Расеяй, беларусы не могуць не вітаць нават самыя цяжкія палітычныя абцяжарванні на ўсходзе Еўропы. Гэты цярплівы і трывалы народ будзе шчыра вітаць усё тое, што паможа яму пабурыць пекла, у якім варыцца, зруйнаваць турму, у якую пасаджаны.
Цяпер, будучы перакананым у тым, што якія б падзеі ні разгуляліся ў Еўропе, Германская імперыя заўжды стане выконваць у іх першую ролю, я ласкава прашу Вашу Дастойнасць мець на ўвазе як тыя ўмовы, у якіх беларусы апынуліся, так і законнае памкненне 16-мільённага беларускага народа стаць суверэнным гаспадаром на сваёй уласнай зямлі.
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
В. Захарка
І далей з архіўных дакументаў нам вядома наступнае:
Беларуская дэлегацыя ў складзе старшыні Беларускага ўраду В. Захаркі і знанага ўжо сваёй актыўнай працай на ніве беларускага адраджэння доктара Я. Ермачэнкі з’явілася да пасла Нямеччыны ў Празе сп. Генке і перадала праз яго Правадыру Вяліканямеччыны Адольфу Гітлеру мемарандум. У дадатак да мемарандума другога жніўня 1939 года быў перададзены паслу Генке шырокі даклад сп. Захаркі, якім угрунтоўваліся на падставе гістарычных матэрыялаў і геаграфічных дадзеных правы пакрыўджанага беларускага народа на сваё незалежнае ад чырвонай Масквы і панскай Польшчы існаванне, на вольнае адраджэнне сваёй багатай нацыянальнай культуры.
Пасол Генке адразу ж накіраваў Мемарандум і даклад у Берлін. Рэакцыя нямецкіх уладаў на гэтае пасланне была імгненнай. Літаральна на наступны дзень спадароў Захарку і Ермачэнку тэлеграмай выклікалі ў Берлін у Міністэрства замежных спраў. Дэлегацыю прыняў «легатыёнсрат мэйр» Гайдэн-Гаген. Два дні скрупулёзнай гутаркі, і от яе вынік: гарачыя запэўніванні, што «нямецкі народ не забудзе на беларускі народ, які праз вякі не толькі сваёй слаўнай мінуўшчыны, але і горкай нядолі і няволі пранёс свой антрапалагічны тып, сваю самабытную культуру, свой дух да змагання за лепшую долю. Немцы возьмуць на ўвагу, калі кола гісторыі так павернецца, дамаганні беларускага народа і дадуць яму ўсе магчымасці самастойнага культурнага існавання».
Вынікам гэтых сустрэч было таксама адкрыццё беларускага прадстаўніцтва ў Берліне, у якім асаблівую патрэбу мелі людзі няпэўнага становішча, былыя ваеннапалонныя, паколькі пры іхнім больш-менш вольным пасяленні нярэдка наспявалі клопаты з працай, жытлом, дый ці мала яшчэ з чым. У чэшскай і нямецкай прэсе тым часам з’явіўся шэраг артыкулаў пра Беларусь, пра яе гаспадарчыя і палітычныя магчымасці. І, чытаючы газеты, спадары Захарка і Ермачэнка цешылі сябе думкай аб магчымай удачы.
Іх настрой, безумоўна, перадаваўся і астатнім беларусам на эміграцыі.
Вестка пра беларускае прадстаўніцтва, між іншым, падштурхнула Барыса Рамановіча з’ездзіць туды, у Берлін, для наладжвання зямляцкіх кантактаў.
2
На суправаджальным лісце дата: 20 красавіка 1939 года
3
Ад Entente (фр.), літаральна – згода.