Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 2

Мастацкі ўзор і веліч праўды
Роздум над трылогіяй Васіля Якавенкі «Пакутны век»

Оглавление

«Гісторыя належыць паэту», – гаварыў А. С. Пушкін, і думка гэтая неаспрэчная. Гісторыя ўвогуле належыць і пісьменніку, жывапісцу, кампазітару, гісторыку, сацыёлагу, археолагу, псіхолагу – усім людзям, усяму чалавецтву. Але Пушкін, патрабуючы праўды ў яе адкрыцці альбо раскрыцці, вывеў, па сутнасці, усю рускую літаратуру ХІХ стагоддзя на такі ўзорны, праўдзівы паказ, якім потым абрадавала свет эпапея Л. М. Талстога «Вайна і мір». Пушкінскай традыцыі мастацкага адкрыцця и адлюстравання праўды гісторыі заабавязвалася і ХХ стагоддзе, абавязваецца і наша ХХІ. І, пэўна, у адкрыцці і асэнсаванні праўды гісторыі яшчэ больш абавязваюць урокі яе паказу ў цэлым у ХХ стагоддзі і, у прыватнасці, за 70-годдзе развіцця літаратуры ў савецкі час. Канешне, быў розны вопыт у 20-я гады, у 30-я, у вайну, у пяць пасляваенных дзесяцігоддзяў. Розны не толькі ў літаратуры, але і ў гісторыі, канцэпцыю якой мяняла кан’юнктура.

Да вайны я, напрыклад, скончыў тры класы і памятаю, якой была трактоўка гісторыі Сярэдняй Азіі, Каўказа: пакарэнне, заваёва іх. А што пісалася пра Каўказ, Туркменістан, Узбекістан у пасляваенны час, з 50-х гадоў? Ніякага пакарэння! Супраціву пакарэнню царом не было ні ў Грузіі, ні ў Арменіі, ні ў Туркменіі, ні ва Узбекістане. Уз’яднанне – добраахвотнае ўз’яднанне з Расеяй! СССР пры сваім узнікненні меў дабравольную цягу народаў…

О, як распісвалася шчасце ўз’яднання! Сваю ролю, несумненна, іграла прапаганда 1939 года, якая не шкадавала фарбаў для паказу шчаслівага ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй і Заходняй Украіны з Усходняй. Той вераснёўскі міф, несумненна, спрыяў у пасляваенны час і ўзнікненню міфаў аб уз’яднанні Каўказа, народаў Сярэдняй Азіі.

На долю майго пакалення не выпала ведаць, як адлюстроўвалі рэвалюцыю, Грамадзянскую вайну ў 20-я гады, напрыклад, Арцём Вясёлы, Ісаак Бабель: ні «Гуляй-Поля», ні «Расіі, кроўю ўмытай» першага, ні «Канарміі» другога мы тады не чыталі, а чыталі «Разгром» Аляксандра Фадзеева, «Жалезны паток» Аляксандра Серафімовіча, «Як гартавалася сталь» Мікалая Астроўскага і поўнай праўды аб Грамадзянскай вайне не ведалі.

У 30-я гады, у блізкім пярэдадні Вялікай Айчыннай, шырокім патокам пайшоў гістарычны раман. Так, 1941 годам датуецца трылогія Вячаслава Шышкова «Пугачоў», раман «Дзмітрый Данской» Сяргея Барадзіна, «Амур-бацюшка», «Цунамі» Мікалая Задорнага. Гэтыя цікавыя творы былі, па сутнасці, плёнам сацыяльнага заказу. Ішла паэтызацыя гераізму, класавай нянавісці, ваяўнічасці, праўда, не без вульгарызацыі. Але калі назіраецца вульгарызацыя, то ці ж захоўваецца праўда гісторыі? У часы росквіту культу Сталіна ішла манументалізацыя вобраза тырана Івана ІV Жахлівага – ідэалізацыя яго як дзяржаўнага дзеяча, нягледзячы на жудасныя крывавыя сродкі, якімі ён нібыта мацаваў дзяржаву, нягледзячы на амаральнасць, дэмагогію, ілжывасць, двухаблічнасць. Ці ж гэтым зацвярджалася праўда? Тыранствам Івана ІV Сталін апраўдваў сваё тыранства.


Але звернемся да ўзорнасці «Вайны і міру» Л. М. Талстога. Ці займела руская літаратура і ці мае наша беларуская падобны ўзор мастацкай праўды аб Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў? Калі пад адной вокладкай, то не мае. Шырокую панараму паказу той вайны ўсё ж мае, адно што пад многімі вокладкамі, ад многіх аўтараў. У цэлым у 2-й палове ХХ стагоддзя адбывалася набліжэнне да праўдзівага паказу вайны. Але як дэфармаваў у нас тую праўду міф аб кіруючай ролі ў перамозе над фашызмам камуністаў, камісараў, партыі, дружбы народаў увогуле! Сярод герояў-франтавікоў не мог не быць першым – ці адным з першых – грузін; калі ваеннапалонныя – то спрэс здраднікі (бо гэта быў погляд Сталіна); немцы – як доўга – ніякімі разумнікамі не былі і не маглі быць; хто апынуўся пад акупацыяй – падазрэнні да таго не канчаліся… Вельмі цяжка было гаварыць праўду аб вайне, ці ж не засведчыў гэта вопыт Васіля Быкава?

Гаварыць усю праўду аб вайне цяжка і сёння. Мы памятаем, як крытыкаваўся Іван Чыгрынаў, калі першы напісаў апавяданне пра паліцая. А як скрыгатала зубамі крытыка, калі Алесь Адамовіч выдаў аповесць «Карнікі» – нібы не вайною яна спароджана, нібы праўду гэтага твора не дапаўняла Адамовічава кніга «Vіxі» – старонкамі пра Сталіна і Гітлера?

Увогуле ў нас дасюль заставалася і застаецца недастаткова раскрытай праўда аб партызаншчыне ў Беларусі, аб падполлі ў гарадах, аб акупацыі. Так, доўгі час адзіным творам аб атмасферы акупацыйнага часу заставаўся раман Івана Навуменкі «Сорак трэці». Раман «Плач перапёлкі» Івана Чыгрынава быў аб 41-м годзе. Ён, як і «Сорак трэці», – пра ўсходнія вобласці Беларусі, паказваў, як фашысты аднаўлялі там калгасы.

Толькі летась з’явілася трылогія Васіля Якавенкі «Пакутны век», і сітуацыю ў літаратуры яна значна мяняе. Як Навуменка і Чыгрынаў, аўтар трылогіі сам з Усходняй Беларусі, родам са Светлагорскага раёна. А ў цэнтры ягонай трылогіі – Заходняе Палессе, Брэстчына, пільным вокам убачанае і паказанае мястэчка Моталь. Галоўныя героі – ураджэнцы Моталя Пятро Рамановіч (Пісарчук), Барыс Рамановіч, капітан Сяргей Калінічэнка, айцец Георгій, Данік Плюнгер. Але тут жа і род Скірмунтаў, памешчык Раман Скірмунт, былы член Дзяржаўнай Думы, стаяў каля вытокаў фарміравання нацыянальных сіл і ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гэта трылогія – твор, можна сказаць, усебеларускі, эпапея нацыянальнай гісторыі, даваеннага часу, 1939 года, Другой сусветнай вайны, пасляваенных падзей і характараў. У полі зроку аўтара тэрыторыя ўсяе Беларусі, яе мінулае і сучаснасць. У эпапею ўсеславянскую, усееўрапейскую гэты манументальны твор ператварае тое, што і Варшава, і Прага, Берлін і Нью- Ёрк, Масква і Вільня, як і Мінск, Пінск, Баранавічы, Наваградак, Карэлічы і мноства беларускіх вёсак становяцца месцам разгортвання падзей. Шырокі свет адчыняецца цераз скрыжаванне герояў трылогіі з мясцінамі, дзе адбываюцца падзеі, удзельнікамі якіх яны становяцца. Сутычкі іх з рэальнымі персанажамі гісторыі, можна сказаць, энцыклапедызуюць мастацкі твор, робяць яго сапраўдным гістарычным раманам.

Аўтар не абмінае ўвагай Сталіна, Гітлера, Кубэ; паказ ваенных дзеянняў ідзе з прывязкай да канкрэтна названых мясцін, нумароў дзеючых армій, карпусоў, палкоў, прозвішчаў камандзіраў, прычым не толькі савецкіх, а і нямецкіх. Упершыню ў літаратуры ўражліва падаюцца батальныя сцэны ваеннага тэатра 1941 года пад Віцебскам, дзе была зроблена спроба контрудару Чырвонай Арміі сіламі двух танкавых карпусоў у накірунку Сянно – Лепель з адчайна і адважна пастаўленай задачай затрымаць і адкінуць адсюль вераломныя варожыя войскі.

Пад пяром аўтара гарманічна зліваюцца выпісаныя па-мастацку раздзелы і даведачна-біяграфічныя матэрыялы. У трылогіі адчуваецца талент аўтара як пісьменніка, а яшчэ і вопытнага і яскравага нарысіста, публіцыста, якім мы ведалі яго раней. Прычым «публіцыстамі» найчасцей становяцца самі героі трылогіі – тады, напрыклад, калі выяўляюць для чытача, што не толькі гераічнай была ў Беларусі партызанка, але і марадзёрскай, неапраўдана разбуральнай, правакацыйнай, безуважлівай да працоўнага люду, вёскі, якая ў асноўным савецкую партызанку падтрымлівала, карміла, хоць мусіла карміць і акупантаў, паліцаяў, бо іначай бы не выжыць…

Неаднароднасць партызаншчыны ў Беларусі, яе адмоўныя бакі ўпершыню асудзіла ў нас, знаходзячыся ў эміграцыі, Ларыса Геніюш, у вершах супрацьстаўшы аднабаковаму захлёбнаму іх услаўленню. Менавіта праўдзівым, шматпланавым паказам партызанскага руху рэалізм Геніюш падтрымаў і з поспехам развіў Васіль Якавенка. Падчас вайны Беларусь стала тэрыторыяй, арэнай партызанкі не толькі прасавецкай, а і прапольскай, праўкраінскай, беларуска-патрыятычнай. Прапольская Армія Краёва тут ваявала на два франты – супраць бальшавікоў і фашыстаў, брала зброю ў акупантаў на барацьбу з партызанкай, арганізаванай Масквой. А пісьменнік Якавенка сваім творам сведчыць, што быў у АК яшчэ і трэці фронт – змаганне з карэнным беларускім насельніцтвам, масавае знішчэнне яго па некаторых населеных пунктах і раёнах. Прыгадваю, друкаваліся ў нас успаміны аб жорсткай расправе АК у Налібоках з нацыянальна-беларускімі асобнымі атрадамі.

Армія Краёва на Брэстчыне супрацьстаяла бэндэраўцам, а бэндэраўцы – атрадам беларуска-савецкім. Цэлы клубок, да канца не разматаны… Але ж разматванне яго ўжо пачалося ў гэтым творы пісьменніка, дый адразу ўсяго не ахопіш.

А ці асвоены нашым мастацтвам тыя трагедыі і драмы, якія мелі месца зімой 1942–1943 гадоў пры замене Масквой партызанскіх камандзіраў, што раней былі членамі КПЗБ? У Слоніме, напрыклад, ужо ў жніўні 1941 года былы член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Феакціст Міско стаў арганізатарам партызанскага атрада, але Масква на яго месца прыслала новага камандзіра. Сам жа Міско стаў неўзабаве ахвярай шалёнай кулі.

І яшчэ: хто ведае, колькі ахвяр панеслі ў слонімскіх лясах партызаны-яўрэі, калі, паводле спецыяльнага ўказу, падпалі пад каварную расправу – стрэлы ў спіну падчас сутычак партызан з паліцаямі ці пры блакадзе партызан акупацыйнымі войскамі?

Армія Краёва была даволі шматлюднай і зацятай, і яшчэ праз дзесяць гадоў пасля вайны ў Налібоцкай пушчы, напрыклад, у ваколіцы вёскі Мель-Бярозы, дзейнічаў адзін з яе атрадаў.

Не здзівіўся лічбе банд у Заходняй Беларусі ў пасляваенны час, якую мне ўпотай назваў на пачатку 70-х гадоў Кірыл Грак – выкладчык марксізму-ленінізму. Аб дзевяцістах бандах ён мне гаварыў…

Канешне, у пасляваенны час займаліся разбоем, рабункамі і проста марадзёры, якія прывыклі падчас акупацыі да таго, што яскрава паказвае В.Якавенка ў сваёй трылогіі.

Але, напэўна, былі сярод лясных зухвальнікаў і свядомыя супраціўнікі бальшавіцкай ідэі. Складаныя сітуацыі былі, няпростыя гісторыі і гісторыйкі чалавечых лёсаў, у цэлым жыцця народнага, аб’ёмна раскрытай пісьменнікам у яго творы.


Трылогія Якавенкі наватарская яшчэ і тым, як паказвае мотальскае гета, пагромы і ратаванне іюдзеяў мотальцамі, праваслаўным святаром Георгіем. Беларуская пасляваенная літаратура мала, вельмі мала выказала пачуццяў жалю і скрухі з-за Халакосту ў Беларусі.

Паўтаруся, што трылогія «Пакутны век» – твор наватарскі.Прычым па многіх параметрах. І праўдай паказу Заходняй Беларусі пасля верасня 1939 года, і паказам народнага жыцця ў акупацыі, у пасляваенны час. Асабліва – адлюстраваннем перыпетый нацыянальнага руху ў Беларусі падчас акупацыі і ў савецкі час. Такой поўнай нікім яшчэ не паказвалася Беларусь, у тым ліку ў адлюстраванні дзеячаў беларускага Адраджэння – да таго ж без ідэалізацыі і без ахайвання, апаскуджвання, якое спрэс панавала ў савецкі час. Чытачу прапануецца рабіць свае высновы аб ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскім і Радаславу Астроўскім, баранавіцкім бургамістру Сабалеўскім і паэтэсе Наталлі Арсенневай, Раману Скірмунту і Янку Геніюшу, Барысу Кіту і Мікалаю Шчорсу.

Большасць галоўных раманных герояў, а іх шмат – удача пісьменніка: гэта сям’я селяніна Пятра Пісарчука, асабліва вобразы самога Пятра, яго сына Барыса, унучкі Мані, святара Раздзялоўскага – айца Георгія, капітана Сяргея Калінічэнкі, а таксама Кубэ, сына Сталіна Якава Джугашвілі… Дарэчы, у поле зроку пісьменніка трапляюць яшчэ і мотальскі рэфарматар калгаса, мільянер, расеец Апанас Стрыгуноў дый Хрушчоў і Мазураў…

Заслуга Якавенкі – у пераканаўчым паказе атмасферы перадваеннага часу, калі падпісваўся Молатавым і Рыбентропам звыродны акт размеркавання ўплываў ва Усходняй Еўропе, Прыбалтыцы. Гэта надзвычай актуальна і важна сёння, калі дзіву даешся рэтраграднаму паўтору прапагандысцкай дэмагогіі дзеля вуалявання тых трагічных для чалавецтва падзей у сучасным кінематографе. Але як жа цяпер, калі прыадчынілася сутнасць многіх падзей, пакідаць па-за ўвагай подласць тагачасных палітыкаў, подласць прапаганды – як?! Гэтая подласць каштавала мільёнаў і мільёнаў людскіх жыццяў. Таму замоўчванню балючай праўды гісторыі даравання не можа быць!

Калі хочаце, яшчэ пра наватарства і сакрэт поспеху аўтара. Ён гуманіст і разглядае падзеі і характары, зыходзячы з агульначалавечых пазіцый, а не прынцыпаў сацрэалізму, што ўвайшло было ў традыцыю.

І апошняе, пра што хочацца сказаць. Дзякуючы сінтэзу ўласна мастацкага, гратэскавага, метафарычнага, філасофскага, публіцыстычнага, узвышана лірычнага, у творы добра адчуваецца толькі яму ўласцівая атмасфера, якой надзелены далёка не ўсе нават добрыя кнігі мастацкай літаратуры.

Не памылюся, калі скажу: эпапея па сваім мастацкім і сэнсавым напаўненні, па сваім шматгранным характары вартая таго, каб прэзентаваць у свеце беларускі народ і стаць яго візітнай карткай.

Алег ЛОЙКА,

паэт, прафесар, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа

Пакутны век. Трылогія

Подняться наверх