Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 23

Кабала
Кніга першая
20

Оглавление

У Моталь прыйшлі неўзабаве не немцы, якіх усе баяліся, а расейцы, так іх звалі, дакладней – прыйшла Чырвоная Армія.

Людская грамада захлынулася ад наплыву самых розных пачуццяў. Праўда, той асноўнай падзеі ў мястэчку папярэднічалі іншыя, што нітаваліся між сабой. Як толькі сюды данеслася вестка, што Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу і пачала свой вызваленчы паход па землях Заходняй Беларусі, раніцай наступнага дня, гэта значыць 18 верасня, Андрэй Райкевіч, адзін з найбольш выпрабаваных лідэраў камуністычнага падполля, выкаціў свой ровар, узяў у рукі чырвоны сцяг і, размахваючы ім, паехаў па вуліцах Моталя.

– Шаноўныя грамадзяне! Суайчыннікі, таварышы, браткі-беларусы! – выракаў ён, абмацваючы кожнае слова, шукаючы, якое лацвей. – Да нас ідзе воля! Яе нясе нам Чырвоная Армія. Канец панаванню, прымусу і здзеку! Няхай жыве адзіная і вольная Беларусь!

– Шаноўныя грамадзяне! – на новым адрэзку вуліцы выгукваў ён амаль тое ж. – З нас доўга і зацята вымотвалі душу, выбівалі дух, які мы перанялі ад продкаў. Выбаўлялі веры і мовы. Зневажалі і катавалі… Але дарэмна! Парвем ланцугі, зруйнуем турмы! Сонца шле нам свае промні з усходу…

Багата хто з местачкоўцаў выходзіў насустрач вестуну і слухаў і радаваўся, багата хто далучаўся да яго ды ішоў следам за сцягам. У выніку ўтварылася ўрачыстая, можна сказаць, і выбуховая ў пэўнай меры працэсія.

Маня заўважыла натоўп местачкоўцаў, седзячы на яблыні, куды забралася, каб дастаць вялікія, налітыя шафраннай чырванню шлапакі, што ўсё яшчэ віселі на вецці і спакушалі дзіцячае вока. Яна куляй зляцела ўніз і падворкам – на стайню, дзе даглядаў коней дзед:

– Дзядуля а дзядуля, ідзі паглядзі!

Чынны гаспадар Пятро Рамановіч выйшаў за веснічкі. Ён, пэўна, адчуваў хваляванне, бо яшчэ ўчора шэльма Абко прынёс яму навіну аб накаце войска з усходу, што, на яго цвярозы розум, магло карэнным чынам паўплываць на лад жыцця, да якога ён прызвычаіўся. І вось як пацвярджэнне – абвестка з вуснаў Райкевіча, чалавека, які быў прыяцелем яго сына Барыса.

– Браткі беларусы! Ідзе Чырвоная Армія! Ідзе прасветлая гадзіна! Яе нам ужо нядоўга чакаць. Цяпер наш ганаровы абавязак – абясшкодзіць панскіх прыхвасняў і сатрапаў!..

Каля Пісарчуковай хаты ён прыпыніўся:

– Дзядзька Пятро, якія чуткі адтуль?..

– Няма чутак. Ад Барыса ніц нема.

– Шкада… Шкада, што сёння ён не з намі!

– Што зробіш…

Працэсія рушыла далей, і тут з яе вылучыўся, ступіўшы колькі крокаў убок, невысокі чалавек з перавязанай рукой. Чарнявы, схуднелы, ён быў у паношанай форме польскага жаўнера. Пісарчук здзіўлена глядзеў, як той крок за крокам набліжаецца да яго.

– Дзень добры гаспадару! Калі будзе ласка паслухаць, я маю вам штось сказаць, – пачаў ён, пераадольваючы пэўную нервовасць.

– Кажы, ягамосць-ваяр, толькі праўду, – падбадзёрыў яго ўсмешкай дзед.

– Я вярнуўся адтуль, дзе грымоты, пажар… Мы былі разам з Барысам, служылі ў адным палку, стрымлівалі націск немцаў на Варшаву. Даруйце, пры адступленні я бачыў яго… Ён ляжаў… мёртвы… пад кустом вербалозу.

– Т-сс! – прыклаўшы палец да вуснаў, цыкнуў на яго дзед Пятро і адвёў далей ад Мані і Аксінні, якія стаялі непадалёку і слухалі; дармо, дзедава перасцярога была запозненай.

– Ён ляжаў мёртвы.

– Ой! Людцы родныя! – выгукнула Аксіння і, спатыкаючыся, кінулася ў хату, мо каб даць волю пачуццям і выплакацца, а Маня стаяла разгубленая, не ведаючы, як можна паверыць у такое няшчасце.

Дзед Пятро, мусіць, ад той жа разгубленасці, казаў штось не ў лад пра вайну і распытваў у былога жаўнера, чый ён, бо не мог прызнаць яго сярод мотальцаў, і ўдакладняў мясціну, дзе быў той апошні для Барыса бой.

Авалодаўшы сабой, Маня кінулася ў двор шукаць маці. Яна адчула, што ў местачковае жыццё раптоўна ўварвалася віхура і робіць нейкі свой заварот, замінае жыццю, нездарма ж у школе часова адмянілі заняткі, як што настаўнікі пахаваліся, а некаторыя з іх нават паўцякалі ў Янаў. Туды ж далі драла і паліцаі з мотальскага пастарунка.

Пра віхуру Мані нагадваў акурат і небывалы людскі ход, арганізаваны камуністамі. Калі калона выйшла на плошчу, свой чырвоны палымяны сцяг Андрэй Райкевіч замацаваў на будынку апусцелага паліцэйскага пастарунка. Людскі галас, воклічы, смех – усё гэта надавала адметнасць святу.

Камуністы і камсамольцы – апошніх узначальваў Данік Плюнгер – арганізавалі ўзброеную групу самааховы і аператыўных дзеянняў. Хлопцы як бачыш раззброілі польскіх асаднікаў і ляснічых, праўда, тых было небагата, з натхненнем пачалі шукаць, дзе б яшчэ прымяніць свае сілы і ваенную вывучку.

Неспакойная ўвага сяброў гэтай і іншых рызыкоўных груповак найчасцей спынялася тут на паляках, якіх прымалі за чужынцаў, а яшчэ на яўрэях, што ўцяклі з Польшчы, звычайна багатых, напалоханых і безабаронных. Да іх нахабна ліплі, прыставалі ды розным манерам адбіралі дабро.

З гэтага дня, бадай, і пакінулі мястэчка Моталь спакой, калі ён яшчэ ў каго заставаўся, лад у думках, калі пэўныя думкі былі. Доўгія гады прыціску, несправядлівасці, здзеку, які польскія ўлады чынілі з тутэйшага люду, спарадзілі багата ў каго прагу да помсты, а сёй-той проста браў прыклад з іх жа, ліхадзеяў. Ну хіба мог Данік Плюнгер, скажам, мець лагоду ў душы, умеркаваны розум, спакойны характар, калі з-за ягонага камуністычнага імпэту жандары раз за разам успорвалі страху ў бацькоўскай хаце і глуміліся з іхняга набытку? Дайшло да таго, што бацькі афіцыйна мусілі адмовіцца ад свайго сына Даніка… І не давядзі Божа каму перажыць такое. Не, не, ён, бадай, адплоціць свету і найперш панам за ўсе свае крыўды.

Так і іншыя. Цяпер кожны з пакрыўджаных і абражаных хацеў паказаць сваю сілу.

Дачуўшыся, што ў маёнтку Скірмунтаў у Моладаве сабралася шмат паліцыянтаў і іншых класава чужацкіх і падазроных элементаў з вясковага наваколля, мотальскія рэвалюцыянеры на чале з Плюнгерам паспяшаліся туды. Аднак высокія і тоўстыя сцены агароджы з бітым шклом наверсе рабілі маёнтак крэпасцю. Разгневаныя асадай, паліцыянты схапілі і закатавалі Алеся Дзямковіча, парламенцёра, пасланага туды для перамоў. У перастрэлцы загінуў яшчэ адзін з апалчэнцаў – Герась Кузюр… Іх кроў – як тая жывіца ў агонь.

Таму, калі ноччу варожы хаўрус пакінуў маёнтак і рушыў у напрамку Янава, камуністычнае, так бы мовіць, апалчэнне ўварвалася ў панскі палац і ўчыніла расправу над прыслугай, палічыўшы, пэўна, па нейкіх заломах класавай думкі, што прыслуга таксама мае віну перад камуністычным светам. Знайшлі і паноў – Генрыка Скірмунта і ягоную сястру Марыю, іх вывелі за сцены маёнтка і расстралялі. Толькі ўшанаванаму польскімі ўладамі дыпламату Канстанту Скірмунту ўдалося ўцячы разам з узброеным атрадам.

Выканаўцы гэтага рэвалюцыйнага акта не пакінулі для нашчадкаў сваіх візітовак. Фактам, аднак, застаецца тое, што ў карных экспедыцыях не ўдзельнічалі ні Андрэй Райкевіч, ні Ян Мацукевіч. Мо яны прынцыпова пазбягалі крывавай і бруднай справы – самасуду?.. Магчыма.

Цяпер кожны дзень прыносіў у сядзібу Пісарчукоў скрушлівыя і жахлівыя весткі. Яны прымушалі трымцець і як не ламацца нагостраныя пачуцці ў душах нявольнікаў, што дарослых, што дзяцей, прычым ніяк нельга было ад іх, благіх навін, засцерагчыся – не было апірышча ў разняволенай грамадзе. У спадарстве, у людскім мурашніку не дзейнічалі больш ні закон, ні права, а камуністычная мараль, якую разам з тэрорам неслі мясцовыя ідэйныя хаўруснікі Плюнгера, здавалася даволі-такі дзіўнай і дзікай.

Ты багаты?.. Мы зробім цябе бедным, бо гэта будзе адпавядаць прынцыпам роўнасці і братэрства… Тваё жыццё цяпер належыць нам, уладарам становішча, бо ўсталёўваецца дыктатура такіх, як мы, жабракоў, латруг, калек духам і целам. Зрэшты, цела тут ні пры чым.

І рэвалюцыйны, з дазволу сказаць, ператрус прагным чортам круціўся па ўсіх дарогах, заглядваючы нават у аддаленыя куткі, у ліку якіх была і заможная, слынная колісь вёска Парэчча. Купец Клямка, калі дачуўся пра набліжэнне камуністычнай навалы, якая ўяўлялася яму не інакш як лілова-чырвонай хмарай, што, падбіраючы свае рызманы, насоўвалася з усходу, перажагнаўся тройчы і адчуў на руках і на ўсёй сваёй тонкай скуры ліпкі пот. Рабілася няўтульна і брыдка. Трывожыла няпэўнасць. Ён не ведаў, куды, на якія ляды падацца, дый чакаць небяспеку склаўшы рукі таксама не выпадала. Уцякаць?.. Пэўна!

Клямка чуйна прыслухоўваўся, пра што вядуць рэй сяляне ў Парэччы. А яны, збіраючыся на падворках, а часам і на вуліцы, умаяванай, выцягнутай, бы лут, не столькі гаманілі, колькі загадкава глядзелі адзін аднаму ў твар.

– Э-э…

– Бачыш…

– Калі ўжо на тое, на гэтае…

Мужыцкая думка б’ецца марудна, толькі мужык – сам сабе гаспадар і няпэўнае прышлае раскладвае да драбязы, глядзіць, каб павярнулася яно да яго не горшым бокам. У большасці тутэйшых, аднак, пачувалася радасць з нагоды хуткага прыходу чырвоных, і гэта не падабалася Клямку. Цяпер купца ў сяле як і не бачылі, пра яго, бадай, забыліся, праўда, не ўсе. Сёй-той кідаў у ягоны бок доўгі пагляд, і Клямка сіліўся прыгадаць, ці не пакрыўдзіў у свой час каторага.

Пасля цьмяна-імжыстай ночы, сцярожкай, пакутлівай, калі ён высунуўся з хаты ў блякла-рдзяны заранак, калі паветра было яшчэ не пазбаўлена вечаровага куродыму ад спаленага бульбоўніку і калі куры толькі-толькі зляталі з седала, яму на слых легла нястройная і занепакоеная гамана. Клямка выглянуў за веснічкі. Ад маёнтка ў ягоны бок рухалася падвода. З набліжэннем да чарговага двара насустрач выходзілі людзі, войкалі, кідалі гучныя воклічы і хрысціліся, а некаторыя схіляліся пры гэтым у паклоне. Клямка ўбачыў на возе ўладара парэчанскага маёнтка памешчыка Рамана Скірмунта, а поплеч з ім на сене, пасцеленым у вазку, сядзеў ягоны швагер Баляслаў, муж сястры Гелены. І яшчэ былі двое. Першы Іван Цудзіла – трымаў у руках лейцы, а другі – Юстын Пархамчук – доўгую, бы друк, вінтоўку… Мужыкі-тубыльцы, яны былі вядомыя тым, што раз-пораз учынялі закалоты ў асяроддзі сялян.

У аздобе той шарачковай варты паны сядзелі трохі прыгнобленыя. У Баляслава на твары ляжала панурасць. Раман Скірмунт кіўком галавы адказваў на паклоны сялян, капялюш ляжаў побач, і промні сонца, выпаласканыя і накрухмаленыя асеннім ранкам, мякка перабіралі яго сівыя ўскудлачаныя валасы.

Са свайго падворка выкацілася жвавая кабета Хрысціна Цярлецкая, яе дзед, расказвалі, працаваў у Скірмунтаў на бровары, хоць было тое яшчэ да Першай сусветнай – да таго, як немцы вывезлі вытворчасць у Германію.

– Панове! – не адрываючы вачэй ад нявольнікаў, усклікнула Хрысціна. – А куды ж гэта, шаноўныя, вас вязуць?

Вязні не знайшлі слоў для адказу, тады яна ўскінулася на Юстына, чмураватага дзецюка, які сядзеў бліжэй да конскага хваста:

– Юстын, клятая твая душа! Вы што ж гэта робіце?

– А нам загадана адвезці паноў у Пінск для большай бяспекі. Вось і вязём!

– От гэта паны, а не мы! А паны цяпер на вагу золата! – выскаліўся, паварочваючыся на Хрысцінін голас, паплечнік Юстына – Іван.

Купец Клямка, на якім ад перапуду ўжо, пэўна, твару не было, схаваўся за шулам варот, збуцвелых, пабітых шашалем. Стаяў колькі доўгіх і даўкіх хвілін, а вуліца гудзела, як моцна напятая і патрывожаная струна. Калі ж гамана трохі аціхла, ён кінуўся ў хату і похапкам сабраў у старую кашолку свае найкаштоўныя рэчы, у іх ліку, вядома, і сярэбраныя ды залатыя лыжкі, якімі любіў чэрпаць мёд. Ён укінуў туды яшчэ кавалак хлеба, прыкрыў усё гэта крамнінай, накінуў на дзверы замок і пайшоў цераз вуліцу напрасткі па ўтравелай сцяжыне, у Каранёўскі лес. У руках ён трымаў хатні нож, шырокі, новы, што прагна адліваў сталлю… Цяпер ягоны знешні спакой, як і нож і старая кашолка, павінны будуць засведчыць перад любым стрэчным-папярэчным: чалавек ідзе па грыбы! Ідзе і вернецца, далібог, ён не ўцякае. Толькі сам ён адчуваў, як нутро сцялася ад страху. Ён меў намер колькі гадзін правесці ў лесе, каб супакоіцца, адпачыць, а там думка-гаротніца павядзе яго далей… Куды? У шырокі свет. Цяпер галоўнае – не сядзець дома.

Волкія нізкія галінкі час ад часу сцёбалі яму па твары, прымушалі быць уважлівым. Ішоў доўга. У нагах пачала адчувацца стома, і ён прысеў адпачыць на стары, учарнелы пень. А навокал было гэтак сцішана! Тут царыў па-ранейшаму дрымотны, зямны і незямны свет. З дрэва на дрэва пераляталі сарокі і, усаджваючыся, калывалі хвастамі, чачэкалі. Пырхалі драбнейшыя птушкі. Воддаль стукаў дзяцел па дрэве. Спакваля ападаючы з яркіх шатаў, кружылася барвянае і жоўтае лісце.

На яго навостраны слых леглі гукі чалавечага голасу, спачатку прыглушаныя, потым – больш выразныя. Пачулася, як фыркнуў конь, а неўзабаве затрашчала ламачча. І гэта было жахліва. Пан Клямка падхапіўся з наседжанага і зручнага пня, асцярожна прайшоў крокаў трыццаць туды, адкуль даносіліся гукі. З-за кустоў алешніку адкрылася невялікая прагаліна; ён рассунуў вецце і аслупянеў: акурат перад ім стаялі ў асенніх паліто і насунутых на лоб капелюшах паны Раман Скірмунт і Баляслаў, муж скірмунцянкі… Суровыя, спалатнелыя твары. У Рамана ссівелыя скроні.

Іван Цудзіла стаяў з вінтоўкай на варце, а ягоны прыяцель Пархамчук тым часам, налягаючы чобатам на заступ, капаў яму – ад працы засопся, выяўляючы ў сваім неглыбокім і пачашчаным дыханні алкагольны чмур. Разагнуў спіну, вылез на роўнае, паднёс заступ Скірмунту:

– Проша, пана, цяпер ваша чарга! Здымайце верхняе адзенне…

І, невядома чаму, Раман як бы ажыў, скінуў з сябе паліто, шпурнуў яго пад куст каліны, у вецці якой ірдзелі чырвонымі гронкамі ягады. Сплюнуў наўзбоч.

– Дык капайце, пане, яму! – паўтарыў загад Цудзіла.

– Сукіны дзеці! – Скірмунт шырока расставіў ногі і стаяў як укопаны. – Я на тое не жыў, каб капаць сабе яму. Гэта ваш дурны клопат. Я і вам, ацяробкам, параіў бы капаць магілу ворагам нашым, а не мне.

– Мужыкі! – Баляслаў выбраў менавіта гэтае простае слова. – А вы ведаеце, каго на той свет збіраецеся адправіць? Ды ён жа атожылак таго самага роду, які заснаваў тут, на вашай нэні, першыя промыслы і завод сукна, якое выраблялі сваімі рукамі вашыя продкі. Аляксандр Скірмунт, яго дзед, адкрыў у Парэччы школу, у якой бясплатна вучыліся дзеці, але сярод іх не чуваць было гэтакіх вырадкаў, каб сваіх забівалі. Вы маеце выканаць сваю паскудную справу, але помніце, што дзякуючы роду Скірмунтаў парачанцы паўтара стагоддзя гора не зналі, і Раман быў багата для каго ў вёсцы за бацьку. Ці ж не так? Вось ён у вас на вачах. Ды ці ж вы зусім сляпыя? Доўбні-доўбні!..

– Маўчаць! – не вытрымаў Іван Цудзіла. – Не канешне нам слухаць контррэвалюцыйную прапаганду!

– Не крычы, – уладарна адказаў яму Баляслаў.– Каб не заняло табе, ёлупень, духу!

– Гы-гы… – ашчэрыўся той у нядобрай усмешцы.

Ад нервовага напружання пана Клямку калаціла ў кустах, ліхаманкай біла крыўда за Скірмунтаў, працінаў страх за іхняе дый сваё жыццё, тачыла нянавісць да хлопаў, якіх шмат напладзілася пад чырвонымі штандарамі,– усё гэта разам збілася ў кучу, сплялося ў клубок і рвала Клямкава сэрца. Ён дастаў нож і моцна сціснуў яго ў руцэ, гатовы кінуцца на д’яблаў у хлопскім абліччы. Толькі ж розум утрымліваў яго. О, Езус Хрыстус, дзе ты? Дай мне ў рукі хоць якую даўбешку.

– Не крычы, выпладак Цудзілы! – паўтарыў Баляслаў.– Гэты чалавек табе не раўня. Ён усе свае сілы, сэрца, душу аддаў служэнню такім… гм, як вы, цёмным людзям. Ён намагаўся вывесці люд да лепшай долі. Не ўдалося, і тое, што вы робіце, – не на дабро, чуеце, гэта ганьба для ўсяго вашага роду. А, зрэшты, было: і ў Хрыста камянямі кідалі! Толькі ж Раман не Бог, але ён прамень светлы для ўсёй Беларусі.

Прашумелі вяршаліны. Кароткі момант цішыні. Чачэкнула сарока, устаўляючы свой сказ у гэты нелюдзяны момант. Недзе воддаль зноў пастукаў дзяцел.

Пан Клямка адчуваў марнасць слоў Баляслава, які, пэўна, думаў, што з людзьмі ў астатнюю гадзіну гаворыць. Ды не-е ж!..

Азваўся Юстын Пархамчук:

– А ў Савецкай Беларусі закон такі: усіх паноў – пад корань!

– Нам што… Будзем канчаць? – ці то спытаў, ці прапанаваў Цудзіла.

І чамусьці якраз у гэты момант пан Клямка ўспомніў, што парачанскі стралок Іван Цудзіла аднойчы браў у яго напавер слоік мёду – хтосьці хварэў у сям’і, ці што. Грошы не прынёс дасюль… Гэты Цудзіла, дарэчы, меў сваю зямлю, але браў ад яе мала, бо зямля чула-такі гультая. Юстын жа, той не меў зямлі, але быў дужым, цягавітым і хадзіў у парабках, з чаго меў хлеб і да хлеба.

Узнялі стрэльбы.

– Адвярніцеся! – прапанаваў парабак.

Нешта ж муляла выканаўцам няпісанага камуністычнага загаду, як што пазбягалі яны глядзець у вочы сваім ахвярам.

– Адвярніцеся! Каму сказана?..

І прамаўляў Раман Скірмунт; у гэты момант у куточках ягоных вачэй заблішчэла па слязіне:

– Я ад людзей не адварочваўся ніколі, заўсёды шукаў шлях да іх сэрцаў. Я збіраў у семнаццатым самых сведамых і жывых беларусаў дзеля таго, каб адрадзіць славу зямлі, аднавіць краіну. Нас было няшмат, але ўсе, хто быў з намі,– гэта дыяменты ў нацыянальнай аправе, не перад вамі, цёмнікамі, служкамі зла, гэта казаць. Нас прызналі. Нас пачулі. За намі пайшлі. Толькі ж камуна-бандыты, маючы зброю ў руках, як і вы, пачалі знішчаць тое, шо мы стваралі, і нас, і нас саміх. Я ўжо стары, мне сем з паловай дзесяткаў. Усяго пабачыў. Жыццё пражыў. Цешу сябе думкай, шо да нашай справы нехта яшчэ вернецца. А вы, паскуднікі маладыя, – не раіў бы вам смерць чыніць. Вялікі грэх бярэце на душу. Гэта дарам не пройдзе, і будзе род ваш тройчы пракляты!

З рук стралка Цудзілы выпала стрэльба.

Пан Клямка ўздрыгануўся, калі бабахнула з другое вінтоўкі. У момант адчаю ён запусціў нож у стралка, і нож упаў каля ног ліхадзея. Для тых гэта быў як знак з неба.

Клямка кінуўся прэч.

Потым стрэл паўтарыўся.

…Дзед Пятро і баба Аксіння часцей пачалі хадзіць у царкву і прасіць Бога пра літасць і ласку да іхняй сям’і, пра заступніцтва – Бог цяпер быў адзінай асобай, якая магла ахінуць іх сваім крылом і не дапусціць згубы, здзеку, вярнуць іхнім сэрцам спакой. А спакою – анізвання. І Барыс прапаў – хоць бы якая больш пэўная вестка адтуль, дзе ён злажыў сваю галаву. І ці ж пахаваны добрымі людзьмі?

Паехаць туды, на месца бою, Пятру не ўяўлялася магчымым, бо Польшча ляжала пад Гітлерам і невядома яшчэ, якія там парадкі. Адно ніхто не замінаў яму маліцца. І ён маліўся, і не толькі ён… Маня малілася, і яна прасіла Бога за бацьку. Аднаго разу, калі дзед Пятро зайшоў у іхні пакой, дзяўчынка стаяла на каленцах перад абразом Святой Дзевы Марыі і, абліваючыся гарачымі слязьмі, прасіла: «Маці Божая, вярні мне бацьку! Я не хачу быць багатай, калі гэта грэх, я не хачу сіроцкі хлеб есці, бо гэта няшчасце, вярні мне бацьку. Маці ласкі Божай, Маці беззаганная, Маці найчысцейшая, Маці наймілейшая, вярні мне бацьку!»

Дзед прымусіў яе ўстаць з каленцаў, сам сеў на ўслончык, і яна, рыдаючы, прыхінулася да яго.

– Не плач, краска, – суцяшаў ён унучку. – На вайне ўсялякае бывае. Надараецца, што забіты паляжыць-паляжыць і адыдзе, ачомаецца. Дасць Бог, не застанешся без бацькі!

Ад ночы, што заўсёды ахутвала ў морак усё зямное і насылала сон, Маня прачыналася рана, ёй гэта ў звычку ўвайшло. Праўда, нярэдка яе будзіла цэнтрыфуга, на якой бабуля Аксіння адганяла вяршкі малака. У іх жыццёвым побыце з наплывам чырвоных нічога, бадай, не змянілася, подумкі ішлі і кружыліся вакол працы, таму гаспадарчыя ўдачы лагодзілі і спатольвалі душу. Увогуле нельга было прыдумаць больш дзейсных лекаў ад нэндзы, роспачы, чым працоўны занятак.

Паддаючыся таму ж працоўнаму рытму і сваім захапленням, Маня падхоплівалася з ложка і па першых праменьчыках сонца бегла на поплаў, што неўпрыкмет скочваўся ў возера. На ім, зялёным і росным або пакрытым інеем, збірала ў прыпол гусінае пер’е. Больш ніхто, апроч яе, бадай, гэтакім глупствам не займаўся, нават дзеці з бяднейшых сем’яў не здагадваліся, чаго гэта варта. Яны не ведалі, бадай, якая росная радасць – збіраць гусіныя пёркі, цудоўныя, бялюткія, нібы накрухмаленыя, вялікія і малыя. Скарб і скарб, рассыпаны навідавоку. Бо калі іх сабраць і дома паабдзіраць як след, то пухам можна панабіваць падушкі, на якіх добра спіцца.

Яна кружыла па лузе, які з надыходам восені ўжо трохі збуцвеў, па зялёным колеры пайшоў жаўтавата-буры, і на гэтакім фоне яе вочы не адразу распазналі кісць чалавечай рукі… Так, з зямлі тырчала рука!.. І ад жаху захаланула яе сэрцайка. Яна зрабіла крок убок і, не помнячы сябе, закрычала. Крык вярнуў цяпло яе целу і напалохаў гусей, якія купкамі выходзілі з падворкаў на луг. Гусі разам загагаталі, а Маня, абліваючыся чыстымі-найчыстымі слязьмі, спатыкаючыся і рыдаючы, бегла бягом дадому.

– Мама!.. Дзеду… Які жах! Ой-ё-ёй!..

Што на тым лузе было? Мужыкі, узяўшы рыдлёўкі, раскапалі і дасталі з зямлі юнака, казалі, з ліку мотальскіх стшэльцаў. Напэўна, за стшэльскія забавы ў палітычным процістаянні яму помсціліся.

Знясіленая, сцішаная, самотная ў недзіцячых сваіх разважаннях, Маня грэлася на цёплай ляжанцы, калі на дзедавай палавіне хаты загучаў чужы голас, неспакойны, напорысты. Аднойчы яна ўжо чула яго:

– Псямаць, пане… Даруй, гаспадар Пісарчук. У жахлівы час мне спадобілася патрапіць да вас у Моталь – польскі дах, свенты польскі дах абрынуўся!..

Маня саскочыла з ляжанкі – цікаўнасць узяла верх над стомай і ўсімі яе страхалюднымі пачуццямі, прывяла яе ў трапяткі стан. Зазірнула праз шчыліну дзвярэй да дзеда, балазе яны не рыпелі. Так і ёсць, на канапе ў сталовай – ягамосць Клямка, руды, як падпалены корч; ён заўжды з дзедам лагодзіў гандлёвыя клопаты.

– Дах быў моцны, ды падпоркі слабыя! – зазначыў гаспадар сядзібы, уважаючы на словы Клямкі.

Голас дзеда гучаў годна, а разам з тым і неяк квола, журліва:

– Толькі ж ці варта было панам гарод гарадзіць?..

– Вы разумны чалавек, спадар Пісарчук. Але чаму я тут? У Пінску фарысеі рыхтуюць ужо падпоркі для Саветаў, стварылі Рабочую гвардыю, чуеце. Так што дарога цераз Пінск для мяне перакрыта, таму я, псямаць, на ноч гледзячы, паехаў па гэтым шляху – на Янаў. Выпала заадно і грошы вам перадаць, вось яны – рэшта, што вінен. Бярыце, гаспадар Пісарчук, і не памінайце ліхам!

– Дзякуй, пане дабрадзей. Аднак гвардзейцаў новай улады, з дазволу сказаць, і тут хапае. Таму не спяшайцеся, вам лепей ехаць пад раніцу.

– Я меркаваў, што мой ад’езд палагодзіць Барыс, ваш сын, сацыяліст… Ён дома?

Момант гнятлівай цішыні.

– Барыса няма… Загінуў, абараняючы ад немцаў Варшаву. А ўвогуле я не ведаю, кім ён паміраў – сацыялістам ці не…

– Матка Боска! Няхай зямля яму будзе пухам! Цяпер, уласна, на Польшчу спадзеву няма, у краіне гаспадараць чужынцы. І куды мне падацца?

– Там чужынцы, а ў нас, падчас безуладдзя, свае ліхадзеі чыняць расправы, зводзяць рахункі. Асабліва шчыруюць маладзейшыя – падкамуністыя ацяробкі. Выразаюць і катуюць стшэльцаў… Чысты разбой! Можа, у Парэччы цішэй?

– Што вы! – ухапіўся купец за голаў, пры гэтым злёгку зарыпела пад ім канапа. – Які жах, які жах і здзек з сумлення. Забілі ж Рамана Скірмунта!

– І яго?! Ай-яй! Госпадзе, ушануй і дай спачын душы яго! А ў Моладаве Генрыка з сястрой адправілі на той свет.

І зноў – момант цішыні, і Маня ўявіла, як дзед хрысціцца і чыніць малітву дзеля спакою душы знаёмага, добрага, больш за тое – знакамітага чалавека, які жыў у Парэччы. Маня чула ад бацькі пра таго памешчыка. І тут жа, беручы пад увагу словы пра глум і здзек, прыгадала нежывую руку, што тырчала з зямлі на лузе. Прыгадала таксама жахлівую пагалоску, якая хадзіла сярод дзяцей пра тое, што маладых хлопцаў са стшэльскім накропам камуністы лавілі і вывозілі за яўрэйскі могільнік пад Асаўніцу. Там яны сякерай адсякалі ім рукі, нажамі адразалі насы, вушы, языкі і іншыя органы, выколвалі вочы ды пакідалі іх у такім стане канаць.

У Мані болей сіл не ставала пра ўсё гэта слухаць. Прытупіўшыся, яе ўвага да гутаркі дзеда з напалоханым купцом Клямкам канчаткова згасла, і яна заснула.

Госць тым часам апавядаў дзеду пра падзеі ў Парэччы.

– Псямаць… Я вам скажу, шаноўны земляроб і пчаляр, шаноўны спадар Пісарчук: народ, які зводзіць пад корань такіх людзей, як Скірмунты, не заслугоўвае лепшага жыцця, чым быдлячае. То ж былі людзі, чыя культура і думкі сягалі за воблакі, але… Раман Скірмунт заўжды падкрэсліваў, што ён беларус, і дбаў пра сваё недалужнае племя. Даруйце, спадар Пісарчук, я не хачу абразіць вашы пачуцці… Але за Скірмунта і я абражаны. Ён меў зямлю?.. Так. Меў маёнтак?.. Вядома. Толькі той, хто ў ягоным маёнтку працаваў, адзін атрымліваў столькі, што забяспечваў усю сям’ю. Экс-плуа-татар?.. Псямаць! – Клямка сплюнуў.– Клянуся сэрцам Пілсудскага, не было б у іх стрэльбаў, і я кінуўся б на каторага, нажом перарэзаў бы горла! Асталопы забілі ў гэтых людзях тое, чаго самі не мелі і не маглі мець. Гніды! З-за іх праклён ляжа на ўсю вашу нацыю, калі яна яшчэ існуе. Ды гэта, бадай, не мой клопат, спадар Пісарчук. Праўда? Мой клопат – лахі пад пахі ды далей адгэтуль!

І ўсё ж Пятро Рамановіч засцярог госця і выправіў яго пад раніцу, пры гэтым даў купцу адрас знаёмага чалавека дзесьці за Варшавай, на выпадак, калі пан Клямка па першым часе не знойдзе для сябе якога іншага прытулку.

Туды ж, пакінуўшы свой маёнтак у Заазер’і, колькі дзён таму паехаў і пан Генрык Юргенсан; ён, праўда, пабываў у палоне ў чырвоных і быў абменены ў гандлі з палякамі на чырвонаармейцаў.

Пакутны век. Трылогія

Подняться наверх