Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 24
Кабала
Кніга першая
21
ОглавлениеВызваленчая армія наплывала на Усходнія Крэсы спакваля, расцякаючыся па ўсіх дарогах, што вялі на захад, даючы магчымасць польскаму войску адысці, ачысціць тэрыторыю Беларусі ад сваёй ляшай прысутнасці. Палякі ў бойку амаль не ўвязваліся. Тым не менш у чырвоных байцоў былі напагатове вінтоўкі і кулямёты, шаблі і штыкі, мінамёты і гарматы.
Амаль скрозь сустракалі іх хлебам-соллю і кветкамі.
У Моталі былыя падпольшчыкі для сустрэчы з чырвонымі наладзілі святочную браму пры ўездзе ў мястэчка, з пінскай стараны. А войска, рухаючыся адтуль, прашывала перш вёскі Парэчча і Моладава.
Чырвонаармейцы ішлі пеша, на фурманках жа месцілася зброя і боепрыпасы.
Гэта было невялікае падраздзяленне пераменнага асабовага складу. Інакш кажучы, байцоў тэрмінова прызвалі з запасу, адрываючы кожнага ад зямлі, станка ці варштата. Іх паставілі пад штык для выканання найвысакароднейшай вызваленчай місіі. Фурманкі з коньмі былі таксама ўзяты ў сялян, аб’яднаных у калгасы, з умовай, што вернуць пасля пераможнага шэсця.
І вось гэты «чырвоны раўчук» наплываў на Моталь. Ля брамы зайгралі, заліліся пераборамі гармонікі, дзяўчаты мелі прыветліва махаць хусцінкамі ці проста рукамі, а хлопцы, надзьмуўшы грудзі паветрам, голасна грымнулі: «Чырвонай Арміі слава! Ура!!!»
Сапраўднай радасцю, мо выпакутаванай у дзесяцігоддзях, свяціліся твары камуністаў. Наперад выйшлі Ян Мацукевіч, Андрэй Райкевіч, Ілля Дубовіч, Данік Плюнгер – яны, а таксама іншыя, хто быў смелы, абняліся з камандзірам, станістым хударлявым лейтэнантам. Збоку за гэтымі абдымкамі з цікаўнасцю назіраў Пісарчукоў малодшы – Паўлюк.
Не меней шчасця ад шумнай сустрэчы было і ў дзяцей, якіх круцілася тут процьма. Дзеці, а сярод іх і Маня, знайшлі, што чырвоныя байцы маюць колер зусім не чырвоны, не адпаведны таму, і што адзенне на іх запылена-шэрае, а на некаторых – з зеленаватым адценнем… Такія ж пілоткі.
Салдаты, напэўна, здарожыліся і былі стрыманыя ў выяўленні сваіх пачуццяў. Калі ж калона мінула браму і ўцягнулася ў мястэчка, адзін з чырвонаармейцаў, паджылы, сутулаваты, з іранічнай усмешкай на твары, адштурхнуў ад сябе букет кветак, якія ткнулі яму ў рукі жанчыны. Ад неспадзеўкі тыя жахнуліся і наперабой пачалі кпіць з мужыка. Маня ніяк не магла ўцяміць, што здарылася.
Частка фурманак з рознымі салдацкімі прыпасамі і кулямётамі размясцілася на прывал за Моталем, а астатнія былі размеркаваны па вуліцах мястэчка, адна спынілася акурат насупраць сядзібы Пісарчукоў. Дзед Пятро як можна лагодней павітаўся з гасцямі; сюды выйшлі і цікаўны сусед Абко і іншыя суседзі. Абко, трохі пераігрываючы самога сябе ў шчырых інтанацыях, прадэкламаваў:
– Дарагія таварышы, слаўныя чырвонаармейцы, дзякуй вам, што вызвалілі нас ад польскага ярма!
Яму адказаў салдат, які распрагаў коней:
– Ад ярма вызвалілі, а хамут надзенем!
Яго таварышы зарагаталі, аднак жарт атрымаўся акурат як тыя цукеркі з сакрэтам, якія любіла Маня, у ім было штось нечаканае для большасці жыхароў Моталя.
Абко сумеўся і крутнуў галавой на сухаватай шыі ўлева-ўправа, нібы ўнікаючы таго дакляраванага хамута.
– Хведар, няйначай, будуць праблемы, – сказаў ён другому – Бушкевічу Хведару, ціхмянаму і вытрыманаму на характар суседу.
– Пажывём – пабачым…
– Э-во-ой! А хлопцы ж якія! – уварвалася ў гурт мужчын бойкая маладзіца Германка. – Ці надоўга да нас?.. Го! А мо ажэнім каторага?
– Калі толькі сёння вяселле, то мы згодныя!
– Пашукаем нявестаў… Скажыце, а як у вас людзі жывуць?
Салдаты адказвалі ў тым жа тоне, памагаючы адзін аднаму:
– Добра!
– Бо нічога не маюць…
– А калі нічога няма – няма і клопатаў!
– То, можа, тут, за панамі, жыццё было лепшае, га? – спытаў азадачана той жа Абко.
– Там лепей, дзядзька, дзе нас няма!
Калі гамана трохі страціла сваю вастрыню, дзед Пятро і бабуля Аксіння павялі салдатаў, як сыноў сваіх, у хату. І Маня, гордая такімі гасцямі, суправаджала, разглядаючы кожнага з іх, палівала на рукі, калі яны мыліся, дапамагала маці і бабулі накрываць стол.
Чырвонаармейцы дружна ўпляталі ежу, смажанае сала з бульбай і агуркамі, тварог са смятанай і, уважаючы на шчодрую пачостку, хвалілі гаспадароў:
– О, у вас тут малая Амерыка: каўбасы, залітыя шмальцам, шынка вэнджаная!..
– А яшчэ і мёд!
– А што, у калгасах у вас гэтага няма? – пацікавіўся дзед Пятро.
– У калгасах няма, а такія моцныя сяляне перавяліся.
І тут прыгадаўся Пятру Пісарчуку расказ Ладзі Палто, які колькі гадоў назад пабываў у камуністычным свеце, вярнуўся і быў рады лушпіне.
– Я не буду вас уводзіць у зман, – сказаў гаспадар. – Што маю – не хаваю. Але і ў нас не ўсе сем’і так заможна жывуць.
Салдаты заўважылі чорную хустку на галаве ў нявесткі Пятра – Ганны. У аздобе гэтай хусткі асаблівай бледнасцю вызначаўся яе твар, схуднелы, але ўсё яшчэ прыгожы. Хтось з гасцей спытаў, ці не хворая яна.
– І так, і не, – быў адказ Ганны.
Нябога, яна пры гэтым усміхнулася, бадай, аднымі вуснамі:
– Хворая на мужа-нябожчыка…
Байцы выказалі сваё спачуванне.
Пры развітанні старшы з іх – сяржант Краўчук – пажадаў гаспадару таго, што было для яго запаветным:
– Дай Бог, дзядзька Пятро, каб вас не чапалі!..
Нягледзячы на розніцу ў веку і жыццёвым вопыце, яны добра разумелі адзін аднаго, і, каб тыя словы сяржанта ды Богу ў вушы, яно, можа, і добра было б.
Селянін Пятро штодня прасіў Бога, каб ён адвёў ад яго гаспадаркі і сям’і зайздроснае вока, каб даў людзям мудрасці лічыцца з уласнасцю, як што набыта яна сваімі рукамі, сваім розумам, кемнасцю, спрытам… Прасіў Бога і пры гэтым дзівіўся, што да Усявышняга звяртаюцца не толькі шчыры люд, аратыя, сейбіты, але і ўсялякія ацяробкі, хто не дбаў пра сваё і пазіраў на чужое. Усе-ўсе шукаюць ягонай увагі, разумення, дабраславення, падтрымкі… Куды ўжо больш, калі Гітлер і той браў сабе ў памагатыя Бога, з яго імем распальваў жарсці вайны, ламаў і калечыў, забіваў і катаваў, маўляў, з намі Бог! Тфу на гэтакую пачвару! Але ж чаму Бог церпіць усялякіх злыдняў?
Адчуваючы, што пры ўласнай кемлівасці яму такі нестае сіл і розуму, каб усё, што ведае, чуе і бачыць, спалучыць, упарадкаваць, Пятро аднаго разу прыцягнуў увагу святара Георгія Раздзялоўскага да ходу падзей. З ім нескладана было памеркавацца, балазе яны падтрымлівалі ідэйнае, можна сказаць, сяброўства.
– На ўсё ёсць воля Божая, – адказаў святар завучана, сам адчуваючы незадавальненне падобным адказам, але ж і іншага тут не дадзена, бо каму яшчэ, апроч Хрыста, спадобілася быць пакліканым у боскую канцылярыю і знайсці там лагоду. – Каму Бог даў волю ўладарыць над людзьмі, з таго і спытае. У Бібліі ж сказана: «…якою мераю мераеце, такою адмераецца і вам».
– Ойча, я пра гэта ведаю, – засведчыў Пятро. – Але, калі меркаваць па тым жа Святым Пісанні, Усявышні бласлаўляе людзей як на добрыя ўчынкі, так і на грахі. Сказана ж: «Ён добры і да няўдзячных і злых». А яшчэ: «Дабраслаўны чалавек, якому Бог не накануе граху».
У вачах айца Георгія з’явіўся агеньчык жывое думкі, і, пасмыкаўшы кудзелю сіваватай барады, ён хітра ўсміхнуўся:
– Вазьму на сябе смеласць прызнаць, што першы пастулат мудры. А то як бы ты прымусіў злых спавядацца? Бачыш… І не выстарчыла б святару адпускаць грахі.
– Як жа тады на зямлі могуць усталёўвацца парадак, мір, спакой, дабрачыннасць? Ці могуць быць узаемаразуменне і злагада між людзьмі і Богам? Даруй, Госпадзе, мне грэшныя думкі мае! – і ён перахрысціўся. – Не сплю я, ойча, начамі і ўсё думаю, і перад вачыма тая сухастоіна. Яна падае… А я трызню, уяўляю Барыса жывым. І ці божая то воля, каб ён загінуў ад рук ліхадзеяў, што ўздумалі напісаць на сваіх штандарах: «З намі Бог!» Прабач, Божа, і пакарай брыдоту!
– Усё ў яго волі, браце Пятро. Маліся, прасі ў Бога міласці, каб ён не адвярнуўся ад нас. Каб, прыняўшы ахвяры, паслаў нам і нашым сем’ям, а тож і ўсяму вялікаму свету спакой і збавенне. Няхай адорыць нас ласкай набожнасці, каб заўсёды мы мелі ў сэрцах сваіх любоў, развагу ў малітве.
– Развага – маці суцяшэння, бацюшка. Але ж тыя груганы, якія кружылі і, можа, дагэтуль кружаць над маім сынам, проста клюнулі ў маё сэрца, таму і баліць. Відаць, Богу было заўгодна таксама, каб Сталін вызваліў нас і каб вылюдкі ўчынілі расправу над Скірмунтамі. Ці ж не так?
– Магчыма… – сумеўся святар.
– Праўда, армія – толькі невад, які закінулі ў гэты бок бальшавікі. Што далей будзе, ойча?.. Ці не спасцігне нас ліха, з якім ваяваў раней Нестар Махно?
– Я разумею, чалавеча, тваю трывогу. І не толькі тваю… Я святар і, на жаль, не маю пэўнасці… Мы ж – як той гарох пры дарозе, вялікай і тлумнай. Прымнуць нас? Вядома… Але ж наша карэнне ў гэтай зямлі, і Бог нам адзіны заступнік.
У гутарцы з айцом Георгіем Пятро Пісарчук аблегчыў, але не спатоліў як след сваю душу – не ставала адказу на пытанні, якія данімалі ад пачатку вайны.
А ці быў той адказ наогул? І ці ведала яго зямля?..
Лагічна і проста ўжо следам за Чырвонай Арміяй насоўвалася савецкая ўлада. У Моталі для яе ўсталявання хапіла ўсяго некалькіх дзён. Утварылі Савет і народную міліцыю. Аднак пэўны час яшчэ не спыняла сваіх дзеянняў самаўладдзе, якое чынілі тыя, хто раней быў у камуністычным падполлі або хоць бы чуў пра яго, а цяпер даў сабе волю і на вуліцы з дапамогай нажа, сякеры, нагана набліжаў прышласць ды ўпарадкаваў на свой густ новы свет. Таму дзед Пятро, засцерагаючы Паўлюка, свайго малодшага сына, ад удзелу ў шалёнай віхуры, неаднойчы ківаў яму пальцам:
– Я бачу, цяжка табе ў хаце ўтрымацца! Глядзі ж, не пакінь дзяцей сіротамі!
Паўлюк расказваў, што чуў і ў што нельга было не верыць: за тыдзень у Моталі мясцовыя пасобнікі камунізму знішчылі блізка сарака чалавек, і ўсё ў маладым веку. Ён, Паўлюк, праўда, неяк паблажліва глядзеў на гэтакі гвалт, а бацьку вусцішна рабілася.
Шчыруючы далей у сваіх рэвалюцыйных высілках, камуністы, а сярод іх баявым імпэтам акурат вылучаўся малады Данік Плюнгер, вылавілі былых гмінных служачых, настаўнікаў – па прыкмеце іх службы дзеля ўмацавання польскага рэжыму, – а таксама іншых, несімпатычных ім асоб, якія не паспелі ўцячы, – чалавек пад восемдзесят. Іх колькі дзён трымалі пад арыштам у Моталі, а потым павезлі ў Пінск, каб перадаць савецкім уладам. Але ж улады адмовіліся ад паслуг заўзятай мотальскай чвані і ўсіх арыштантаў адпусцілі на волю, як што на той момант сабраныя не таілі ў сабе небяспекі для новага ладу.
Разам з іншымі вярнуўся з Пінска дадому і Клім Кузюр, апошні местачковы солтыс, з якім сябраваў Паўлюк Рамановіч. Варта зазначыць пры гэтым, што ў свой час солтыс Кузюр быў у прыяцельскіх адносінах і з некаторымі носьбітамі камуністычнай пераніцоўкі, не выдаваў іх, хоць ведаў багата чаго з мясцовага падпольнага брыку.
Аднак цяпер у іхніх адносінах да Кліма Кузюра адбыліся пэўныя змены, і, можа, лепш было б, каб ён назад у Моталь не вяртаўся. Але ж і Сібір пакуль такіх, як ён, не прымае – прастора ў яго таксама не гумавая.
Таму аднаго вечара Кузюра вывелі з хаты за пуню і выпусцілі яму ў патыліцу шэсць куль з рэвальвера.
Пятро Пісарчук даведаўся пра тое злачынства на другі дзень, калі ездзіў на ровары ў краму. Надарэнне нейкім дурным рыкашэтам закранула і яго сям’ю, яго сядзібу. Узрушаны, ён вярнуўся дадому і знайшоў Паўлюка. Той, нічога не ведаючы, парадкаваў дровы ў прыстрэшшы хлява.
– Ты чуў навіну? – спытаў бацька. – Кліма Кузюра забілі…
– Як?!
– А так…
– Што ты кажаш, бацька? Я ж учора надвячоркам быў у яго.
– От і гавораць, што гэта тваіх рук работа!
– Як? – Паўлюк трымаў у руках бярозавае палена і не ведаў, што з ім рабіць. – Я Кліма забіў? Я забіў Клі-і-ма?!
Белыя і ружовыя плямы пайшлі па яго твары. У роспачы ён запусціў паленам у кучу колатых дроў.
– Ну і людзі!..