Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 19

Кабала
Кніга першая
16

Оглавление

– Азохэнвэй![4] – усклікнуў Мэндаль і звярнуўся да Боруха: – А ці не цвеліць з нас гаспадар, га? – І да Пятра: – Увесь свет ведае пра ганенні на яўрэяў. Ці ж гэтага мала?

– Свет чуткамі поўніцца, і, канечне, васпане, тое-сёе даходзіць да нас, асабліва цяпер, разам з уцекачамі. Аднак я мушу ўдакладніць пытанне, бо вы не адказалі мне на яго. Дык вось, панове: якая ж карысць будзе Гітлеру, калі ён адлучыць яўрэяў ад жыцця ў грамадстве, збярэ іх, скажам, у гета?..

– Карацей кажучы, – не вытрываў Паўлюк, – чаму ён уз’еўся на жыдаву?

Цішыню, а яна зноў выдавала ніякаватай, парушыў Абко:

– Вып’ем…

Чарка неяк лагодзіла напружаны момант, але не здымала пытання, і купец Мэндаль, пэўна, прыкідваючы, што адказаць, пабарабаніў пальцамі па стале; на безыменным у яго сядзеў залаты пярсцёнак, тоўсты, пукаты, бы літы павук.

– А ведаеце, вялікай загадкі тут і няма, – пачаў ён.

– Вой, ды ці варта пра гэта, га, Мэндаль?.. Ці мала што можа выдумаць якісьці вар’ят? – Борух выбачліва бліснуў вачыма спадылба на гаспадара застолля, з якім часам рабіў дробны гешэфт.

– Не! – распасцёр пальцы ў нязгодзе, няйначай асланіўся далоняй небарака Мэндаль. – Не-не… З павагі да вас, гаспадар Пятро, і да вашага ўніклівага розуму мушу адказаць больш разгорнута. Вядома, свет нічога не страціў бы, калі б нас не было: ні Боруха, ні Абко, выбачайце, і мяне таксама – простых яўрэяў. Як не страціў бы свет і з-за хаўрусу сіяністаў – нашай, так бы мовіць, духоўнай знаці, у якой, меркаваць хачу, Бог зацікаўлены не болей, як я ў Галівудзе. Не бянтэжся, дружа Борух… Бог калі і даў нам больш чаго-небудзь, дык гэта знявагі людской. Я ведаю, што кажу. Нашы скрушлівыя, нашы мілейшыя продкі да дваццатага стагоддзя жылі ў вузкай пройме паміж расейскай і еўрапейскай культурамі. Яны паступова пашыраліся і неслі на сабе іншы знак прысутнасці. У масе сваёй гэта былі махляры, перакупшчыкі, карчмары, кантрабандысты, ліхвяры, але ж сярод іх пракідаліся і ўмелыя краўцы і шаўцы… Вось апошнімі мы ўпаўне можам ганарыцца! Як і тым, што яўрэі арганізавалі сучасны гандаль у Еўропе, якога не было.

– Толькі, мусіць, не пра адзін цыганскі род пайшла слава злодзеяў у законе, – доўжыў Мэндаль. – Нас цярпелі, але ўжо на пачатку нашага стагоддзя не хто іншы, як Вялікабрытанія прапаноўвала яўрэям перасяліцца з Еўропы ва Уганду, краіну на ўсходзе Афрыкі. Уяўляеце, каб мы там былі, то тут пра нас нічога не ведалі б! Прапанова была адхілена. І ўжо калі прыпякло пазней, за нацыстамі, то на ініцыятыву містэра Рузвельта, прэзідэнта ЗША, адгукнулася некалькі краін: дамо прытулак дзесяткам, а то і сотням тысяч яўрэйскіх перасяленцаў з Германіі! Ды сіяністы-шэльмы на чале з вашым дастахвальным земляком Вайцманам – чуў я ў Хелме – акцыю сарвалі. У іх былі свае планы, важнейшыя, чым паратунак яўрэяў. І вось вам вынік.

Нацысты наладзілі масавы пагром яўрэяў пад кодавай назвай «Крышталёвая ноч». А як адрэагаваў на тое Хаім Вайцман? У жніўні 1939 года ў Жэневе сабраўся 21-ы з’езд сіяністаў усіх краін, і Вайцман, нядоўга думаючы, абвясціў вайну Германіі, прычым не ад сябе, не ад сіяністаў, заўважце, а ад імя ўсіх яўрэяў свету. Які пасаж! А ці меў ён права, каб гэтак нас падстаўляць?.. У Хелме абшчына абуралася. Абармот, сукін сын!.. Тады ж нацысты пачалі крычаць: юды развязалі вайну!

У пакоі, поўным цішыні, Мэндаль аглядаў прысутных. Абко і Борух амаль не дыхалі, яны былі прычаўлены інфармацыяй, якая, нельга сказаць, каб сяды-тады не прасочвалася ў Моталь да іх, але, сабраная разам, ды яшчэ з такой адмысловай дынамічнай падачы суродзіча, бянтэжыла, прыгнечвала, не давала рота раскрыць. Пісарчук-старэйшы, як і сын Паўлюк, тым часам былі заварожаныя дзіўнай шчырасцю і рэдкай словаахвотлівасцю Мэндаля – от як ён абрынуўся на ўсіх тут вадаспадам, за якім пачуваўся і выклік. Каму – невядома. Маня бачыла адно, як светлай утрапёнасцю іскрыліся вочы ў дзеда Пятра і ў яе дзядзькі…

Паўлюк не вытрываў:

– Моталь выкарміў-такі Напалеона Хаіма!

– Так… І Хаім – не схлушу – ад абвешчанай вайны збег кудысьці. Далей ад Жэневы!

– Іншымі словамі, пёрднуў і схаваўся за вугал!

– Гм… Ну, а Гітлер – што?..

– О, гэты – мастак! Не горшы ад таго. Я трохі ведаю нямецкую мову, – паведаміў Мэндаль, – і аднойчы праштудзіраваў змест яго кніжкі «Майн Кампф». Я спаліў яе потым, але ж многае помніцца. Нельга забыць трызненні нацыста, душыцеля нашага.

Борух засоп:

– А ці варта ў гэтай хаце пра нячысціка гаварыць?

– Нічога… – блаславіў Пятро.

– Паслухаем! – Абко прагнуў новых ведамак.

– Вазьміце толькі на ўвагу, – крывячы ва ўсмешцы мясістыя абмасленыя губы, казаў далей Мэндаль. – Яўрэй гаворыць дзеля таго, каб хаваць свае думкі. Каб іх вуаляваць. Так-так… Праўду выказанага ім трэба шукаць пад натрусам слоў… Гэта – з кнігі Гітлера.

– Выдатна! – адгукнуўся гарэзліва рымар Абко.

– Яшчэ ззамаладу Гітлер пачаў даследаваць памкненні і высілкі сацыял-дэмакратаў, іх мэты, метады дзеянняў. Ён быў уражаны, што сацыял-дэмакраты адмаўляюць нацыю, адмаўляюць Бацькаўшчыну, законы і нават існуючую традыцыйную школу. Гітлер стаў прыглядацца, пачаў чытаць выданні, якія належалі гэтаму руху, – брашуры, газеты, вывучаць іх аўтараў, выдаўцоў… Што ж яму адкрылася? Ды там адны габрэі!.. Стаў прыглядацца да правадыроў – за рэдкім выключэннем – сыны абранага народа. Каго ні вазьмі – дэпутатаў рэйхстага, сакратароў партый, старшынь мясцовых арганізацый, вулічных агітатараў – усе габрэі. І жах яго ахапіў. Meіn Gott! Азохэнвэй! Ён пачаў калупацца ў крыніцах – адтуль, не ў гэтай хаце гаворачы, свяцейшы лік Леві Мардахея – Карла Маркса – высоўваецца. Не дай рады… Яўрэйскае вучэнне марксізму падаецца яму суцэльнай бязглуздзіцай. Панове! Марксізм адмаўляе ў чалавеку духоўныя каштоўнасці і сілу, а на іх месца ставіць колькасны склад масы, яе ўтрупянелую вагу. Жахліва!.. Марксізм адмаўляе значэнне народнасці і расы, у тым ліку арыйскай! Марксізм разам з астатнім яўрэйскім хаўрусам пляжыць нацыянальную культуру, школу, увогуле вядзе да разбурэння нацыі. Бачыце, колькі грахоў!

– Цяжка ўявіць, – сказаў Паўлюк да бацькі,– на чым жа трымаецца камуністычны Савецкі Саюз?

– А я, сынок, бачыў, на чым ён трымаецца. Як што чырвоным тэрорам той падмурак завецца! І ці той жа Троцкі, ці іншы д’ябал – наверсе!..

– Калі я вучыўся ў Варшаўскай гандлёўцы, – паведаміў Мэндаль, – меў слухаць лекцыі аднаго прафесара. Ён расказваў нам пра погляды Маркса на гандаль і жыдоўства. Маркс бачыў у гэтай з’яве сацыяльны феномен. Ён лічыў, што калі б грамадства аднойчы нейкім чынам ліквідавала перадумовы для гандлярства, тым самым яно зрабіла б тыповага жыда збанкрутаваным… На гандлі і ліхвярстве ўзгадавалася каста, стаўшая антысацыяльным элементам у габрэйскім хаўрусе. Гэты элемент, пры дасягненні ім высокага развіцця, павінен распасціся, лічыў ён. А – як? Цяжка сказаць. Гэта я вам пакідаю для роздуму… Хе-хе, – пакепліваў Мэндаль. – Эмансіпацыя яўрэяў у яе канчатковым выглядзе, сцвярджаў Маркс, ёсць эмансіпацыя чалавецтва ад яўрэйства. Дадам: ад яўрэйскай кабалы. Гм, не ведаю, наколькі гэтакая перспектыва недзе там, за спляценнем гадоў, будзе асязальнаю. Даруйце, калі я мудрагеліста пераказаў філасофію Маркса.

Маня пачала стамляцца, слухаючы сур’ёзную і далёкую ад яе дзявочага жыцця гаману, хоць клёк у застоллі і быў абумоўлены пачаткам трывожнай вайны, жорсткай, жахлівай.

Аб яе ногі церлася і лашчылася маладая кошачка Лёля. Яна ўзяла гэты жывы шэры камячок на рукі.

– Гаспадар Пятро, пэўна, бачыў многае наяве, калі жыў у рэвалюцыйным бедламе. Ну і Гітлер у сваёй кнізе даводзіць пра злачынцаў, на руках у якіх кроў мільёнаў спаважных людзей. Уладыкі, піша, выйшлі з народа, рысы якога – гэта сумесь звярынай жорсткасці і непамыснай ілжывасці. У кнізе – кляты сатанінскі момант: кагальнае яўрэйства, якое прыйшло на змену вынішчанаму класу дваранства, памешчыкаў і трымае ў сваіх руках усю Расею… Яно лічыць Германію, бачыце, не саюзніцай, а краінай, якую павінен спасцігнуць той жа лёс, што і Расею. Фюрэр арыйскай расы Гітлер баіцца гэтага і не можа дапусціць думку, каб габрэі дасягнулі сусветнага панавання.

Пятро Пісарчук уважліва, з нейкай нават адчайнай цікаўнасцю слухаў і слухаў з вуснаў дасведчанага купца тое, што давала магчымасць разумець большае.

– Васпане Мэндаль, а вы, чытаючы тую кнігу, выпадкам не прыйшлі да высновы, што прычына вайны Гітлера – знелюбеласць да жыдаўя і рахунак, які ён спрабуе прад’явіць вашаму племю?

– Кніга сапраўды наводзіць на падобныя разважанні. Па крайняй меры, такую думку цяжка аспрэчваць, як і тое, што марксізм – разбуральная сіла. Там ёсць словы: «Калі б яўрэю з дапамогай яго марксісцкага сімвала веры ўдалося атрымаць перамогу над народамі свету, ягоная карона стала б вянцом на магіле ўсяго чалавецтва». Азохэнвэй!

– Дык вунь куды чорная кабыла шэльму фюрэра занесла! – кінуў жартам Абко.

– А што вы думаеце? – на лбе ў Боруха ярусам пайшлі новыя складкі.– Толькі залезлі мы ў самыя нетры палітыкі. Не ўсім яўрэям адно сніліся навуковыя вышукі і досведы Маркса!

– Вядома, – пагадзіўся з ім Мэндаль. – Я, напрыклад, бачу вялікую хібу ў закідах да ўсіх яўрэяў. Ну скажыце, якім чынам нейкі там Мэндаль у Хелме або, да прыкладу, Борух, Янкель, Абко ў Моталі бэсцяць палякаў, крыўдзяць беларусаў? Азохэн… вэй-вэй. Вы паглядзіце на іхнія душы!

Пісарчукоў сын Паўлюк пры гэтым усміхнуўся загадкава і паварушыўся на месцы, як бы штось муляла яму. А Мэндаль ужо з прыкметнай палёгкай сказаў:

– Дык вось вам і «Майн Кампф». Я неяк тута пераадолеў агіду і адкрыта, не тоячыся, прадставіў вам думкі Гітлера і іншых нацыстаў дзеля таго, каб усе вы маглі зразумець, з кім маем справу. Фюрэр хоча, каб людзі прынялі яго ў вобразе і ролі новага месіі. Куды тады падзенем Ісуса Хрыста?.. Гітлер перакананы, што дзейнічае менавіта ў духу ўсёмагутнага Творцы – тфу-у на цябе!.. «Змагаючыся за знішчэнне юдаў, я змагаюся за справу, Богам ухваленую». Як бы не так!

– Дзякуй, пане Мэндаль, вы шмат расказалі нам пра гэтага вылюдка, – мовіў гаспадар застолля, калі ўцякач з Хелма скончыў апавядаць. – Я нават не спадзяваўся на такую шчырасць і нязмушанасць гутаркі, якая, бадай, магчыма толькі перад страшэннай навалай ды судным днём.

– А ў лазні мы ўсе роўныя! – зазначыў Абко.

– Не забывайце, аднак, што мы за накрытым сталом і гаспадыня любіць чысты посуд. Сілкуйцеся…

– Дзякуй гаспадыні! У яе залатыя рукі і шчодрая душа.

– У беларусаў шчодрасць на першым месцы.

– А я вам пра шчодрага яўрэя раскажу, – прапанаваў Абко. – За сталом яўрэй частуе госця: «Бярыце хлеб, намазвайце маслам». Госць: «Ды я ж намазваю». Гаспадар: «Не, гэта вы накладваеце, а не намазваеце».

Застолле адгукнулася рогатам.

– Калі па шчырасці,– мовіў Пятро Пісарчук, – тое, пра што паведаміў нам пан Мэндаль, наводзіць на глыбокі роздум аб лёсе наўздзіў адметнага вашага народа і разам з тым паказвае, што яўрэі – не ягняты з боскіх пашаў, яны нярэдка выклікаюць дакор і нават больш моцныя пачуцці. Ці ж не так?

– Я вельмі шкадую, бацька, – падаў голас Павел, – што за гэтай пшыязнай размовай няма Барыса, от ён выказаўся б! Дарэчы, наш Хаім Вайцман – дойлід Сіёна!

– Ну – так… Галава, ліха матары, – сіяніст…

– Выбачайце, гаспадар Пятро, вы зацікавілі нас сваім закідам у наш агарод. Пасля Гітлера, можа, нам і варта пагадзіцца з чым-небудзь. Але ж вы гаварыце далей, мы слухаем вас, – папрасіў Борух.

– Я пчаляр, ведаеце, і пастаянна назіраю за пчалінымі сем’ямі. Сям’я пчол – гэта як крылатае грамадства, ды не абы-якое, а, канешне, тое, што ўсвядоміла сябе супольнасцю, нацыяй. Цяпер уявіце сабе, што ў вулей убіваюцца восы ці пчолы нейкай іншай пароды. Як адрэагуе на іх з’яўленне рой?

– Дасць ім дыхту!..

– Так, чужакоў заб’юць і выкінуць. Законы прыроды жорсткія: не лезь не ў сваё радство! Гэта я да прыкладу… Цяпер давайце разгледзім іншую сітуацыю. У рою, скажам, не хопіць сілы, каб перамагчы чужынцаў, а тыя крадуць мёд і ўсталёўваюць у вуллі свае парадкі. Што будзе з нашым роем?.. Ён загіне.

– Не крыўдуйце, панове, – казаў пчаляр Пятро Рамановіч, – але яўрэі – дальбог – тыя пчолы, якія любяць залятаць у чужыя вуллі. І там атайбоўвацца… І калі ўжо яны ўладкаваліся, будуць зноў два варыянты…

Маня з захапленнем глядзела ў самы рот дзеду, дзіва што – так хораша, проста і зразумела ён гаворыць пра пчол і яўрэяў – пра самыя розныя і далікатныя рэчы. І тыя, пра каго ён баяў, слухалі яго, стаіўшы дыханне.

– Першы варыянт. Залётныя пчолы стараюцца не выдзяляцца ад тых, што гаспадараць у вуллі і спакваля ўключаюцца ў агульны рытм і лад жыцця сям’і. Рой у такім разе нічога не страчвае, а, наадварот, мацнейшым становіцца.

Другі ўмоўны варыянт. Дзякуючы страчанай пільнасці рою або па збегу нейкіх іншых абставін залётныя пчолы пралезлі, атайбаваліся ў вуллі, але не схільныя асімілявацца і жыць агульным жыццём, як што лічаць сябе нейкай асобнай пародай. Яны спрабуюць перахапіць шляхі зносін, дапасці да сотаў, адцяць іх і прымусіць рой служыць сабе.

Вынік таксама прадказаць няцяжка. Пчаліная сям’я, калі не вытурыць іх, страчвае свой ранейшы супольны патэнцыял, гіне. Я не ведаю выпадкаў, каб у вуллі зажылі нейкія варагуючыя з роем насякомыя, – Пісарчук углядаўся ў твары гасцей, шукаючы гожае слова, – напрыклад, восы… чмялі… ці што іншае. Канешне, паважаючы кожнага з вас, я прывёў гэты прыклад.

– Дзякуй мондраму суседу! – Шчэць на хударлявым твары Абко рассунулася, уступаючы месца светлай усмешцы; тут нешта наогул весяліла яго.

Паслужлівая Пятрова ўнучка Маня, абудзіўшыся ад утрапення, прыбрала са стала колькі пустых місак, талерак і панесла на кухню.

Купец Мэндаль спытаў:

– Пане гаспадар, вы, пэўна, маеце нейкія ўласныя назіранні за паводзінамі нашай мосці ў Моталі?

– Назіранні?.. Не, не столькі яны… Уражанні мо з часоў Гедыміна складваліся ў мясцовага люду, і Саковіч, даследчыца з Моладава, дарэчы, пісала пра іх… Я не суддзя, дый палітык – не дай рады які. Адно мяркую: Усявышнім уведзены законы, якія што ў пчаліным, што ў чалавечым грамадстве павінны праяўляцца аднолькава. Таму, калі яўрэі ў Моталі чыняць з сябе эліту, адасабляюцца і выбіраюць собскага старасту, лічачы нашага за казла, прабачце, то гэта не можа не адбіцца на ўзаемаадносінах. Возьмем сіянізм. Сіяністаў нямала на нашай глебе выгадавалі. А сіянізм – не што іншае, як боязь асіміляцыі ў асяродку гояў, гордае іх адасабленне і пошук сваёй запаветнай зямлі, радзімы. Адно добрыя ўмовы для іх, бадай, былі створаны, бо хто і дзе яшчэ ўсё гэта цярпеў бы?.. Невыпадкова ж і тое, што Вайцмана ўскарміла грудным малаком беларуска Агапа. У ягонай маці Рохлі не ставала малака.

Госці пачувалі сябе край несамавіта, нават уцякач Мэндаль не выгукнуў сваё ўлюбёнае «азохэнвэй!» – кракталі і лыпалі адзін на аднаго. Праўда, Абко гэта бянтэжыла ў меншай меры, і ён і вярнуў лагоду ў хаўрус:

– А ведаеце прытчу?.. Прыйшоў Хаім да Сары і кажа: «Сара, мне ўчора хацелі даць па мордзе!» Яна: «Адкуль ты знаеш?» Хаім: «Бо далі». Сара: «Чаму ж ты кажаш, што хацелі?» Хаім: «А то каб не хацелі, хіба далі б?»

Неўзабаве госці падняліся з-за стала. Тры гадзіны ў хаце за гутаркай неўпрыкмет праляцелі, і быў ужо позні вечар. Развітваючыся з гаспадаром, Борух папрасіў Пятра аб ласцы – нарыхтаваць для ягонай каровы сечкі з саломы.

Дзед Пятро кіўнуў у знак згоды:

– От Павел зробіць…

– Будзьце пэўны! – пацвердзіў Павел.

Абко ж зацікавіўся Манінай вышыўкай:

– Для каго, цурка, гэткі цуд ствараеш?

Невядома чаму, але Маня пачырванела, перш чым выціснуць з годнасцю:

– Сакрэт…

– І які ж сакрэт, лей бэ лэ?[5]

– Вялікі…

Толькі тут падаспела маці.

– Глядзі ты! – здзівілася адказу дачкі.– Як дарослая!..

І яна ж падтрымала жарт:

– У яе такі хлопец паглядны! Колем завуць…

– То бэндзе пенкна паненка!

За адным скрыпам госці выходзілі ў змрок на вуліцу.

4

Калі ох як і баліць! Літаральна: аз ох эн вэй (ідыш).

5

Мілая, каханая (ідыш).

Пакутны век. Трылогія

Подняться наверх