Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 27
Кабала
Кніга першая
24
ОглавлениеМотальская гміна як бачыш ператварылася ў небывалы дагэтуль орган улады – пасялковы Савет, і ў ім пачалі працаваць, падначальваючы сабе ўвесь ход і парадак жыцця, якасна «новыя» савецкія постаці, прынамсі, такімі яны лічыліся, бо як не ўсе належалі да камуністычнага свету.
Новай уладзе, калі шчыра казаць, нельга было пазайздросціць, бо вызвольнае жыццё пайшло на яе лавінаю, і столькі першародных пытанняў, задач, найважнейшых праблем накацілася, што ніхто з нанова выпечаных чыноўнікаў і пералічыць іх не ўзяўся б.
Адно зямля… Колькі з ёй клопату! Паспрабуй забяспечыць беззямельных, калі не адцяць шнуры і абшары ў тых, хто меў яе ўдосталь. А школа?.. Яна патрабавала кадравага, ідэйнага і матэрыяльнага забеспячэння, новых праграм. І культура, дзе па выхадзе з «крэсаў» ёй не было за што зачапіцца… Сваім парадкам ішлі спісанне польскіх пазык і пераразмеркаванне маёмасці. І яшчэ розныя гаспадарчыя кампаніі, як пілаванне і нарыхтоўка лесу на розныя патрэбы. Апроч таго, прыём грамадзян і дапамога – усім. Усім дапамога. Прынамсі, тым, хто быў бедны.
Новыя ўлады ці то паводле нейкай жорсткай каманды, ці то па ўласным сваім парыванні стараліся дагадзіць любому і кожнаму, няхай нават раз у жыцці, па першай заяве, па першым крузе… Стараліся. Таму за кароткі тэрмін і з’явіліся ў мястэчку кіно і радыё. У «клуб», дзе пажарнікі раней трымалі коней, пацягнула як дзяцей, так і дарослых. Дзіва кіно!.. І моладзі быў адкрыты шлях у розныя навучальныя ўстановы, пачынаючы з рамесніцкіх вучылішчаў у Пінску, Янаве… Вядома, у першую чаргу на вучобу прымалі камсамольцаў і дзяцей з бедных сем’яў, чым як бы ўсталёўвалася сацыяльная справядлівасць.
Яно, можа, і ўтаймавалася б неяк жыццё, і новы лад, палагодзіўшы культурнай чыннасцю душы тутэйшага люду, займеў сваю перавагу перад тым, што было, калі б не праявы хцівай сілы, воўчага нораву энкавэдыстаў, якія, бы тыя рыцары цьмянага вобліку, пад прыкрыццём ночы з’яўляліся ў мястэчку, дый па іншых паселішчах, і ў лічаныя хвіліны заграбалі цэлыя сем’і. Іх вывозілі таварнымі цягнікамі з родных мясцін у невядомую далеч. І стагнала зямля пад коламі тых цягнікоў.
А між тым у службовай чыннасці энкавэдыстаў было шмат ад самога зародка, гэта значыць «сваяцкага», спадчыннага – тайная паліцыя (царская ахранка), надзвычайная камісія Часовага ўрада, а потым, так бы мовіць, рэвалючыйныя ЧК – ВЧК – ОГПУ – НКВД… Карную службу рэвалюцыі ствараў Фелікс Дзяржынскі, яе «рыцар», да гэтага – рэцыдывіст, які меў бліскучую, паводле бальшавіцкіх меркаванняў, біяграфію: адзінаццаць гадоў турмы і катаргі за розныя аферы, рабункі, забойствы – гэта быў сапраўдны брыльянт у бальшавіцкай аправе. На «абарону рэвалюцыі» Фелікс узняў з дна вялікай імперыі ўсю крымінальную муць, з якою знаўся ў месцах зняволення, – інтрыганаў, садыстаў, дегенератаў, палітычных авантурыстаў. Адсюль і паходзіць армія «чэкістаў». У сваіх сакрэтных інструкцыях чырвоны бос-рэцыдывіст павучаў іх: маўляў, дзейнічайце паводле прыёмаў езуітаў, ціха і беспамылкова. На справе ж яны і былі езуітамі чырвоных часоў, у пераважнай долі і ступені. Утваралі густую крыважэрную сетку надзвычайных камітэтаў: губернскіх, павятовых, гарадскіх, фабрычных, сельскіх, транспартных, франтавых. І гэта не ўсё. Брутальна разгортвалася сфарміраваная яшчэ пры царызме і запатрабаваная цяпер агентура стукачоў, даносчыкаў, правакатараў, аматараў афер, катаў, і для іх было ўсё роўна, на каго рабіць, але ж тут на гады і дзесяцігоддзі адкрывалася неасяжнае і захапляючае поле працы. Дзейнічалі яшчэ ваенна-рэвалюцыйныя трыбуналы і асобныя аддзелы, надзвычайныя штабы і карныя атрады… Пра вартасць чалавечага жыцця яны, праўда, нічога не цямілі, дый марксісцка-ленінскія ідэі з настарчывай барацьбой за камуністычную прышласць для іх былі ўсяго толькі фетышам.
Фарміравалася езуіцкая каста, і па пэўнаму скруту варункаў ды, магчыма, трапяткіх парываннях душы ў Беларусь на падмогу ў вялікай рэвалюцыі памкнуліся таварышы з Расеі, знаўцы крывавага рамяства – берманы і гепштэйны, шэйкманы і каўфманы – усё вартыя паслядоўнікі Айзефа. І скрозь, чынячы над нявінным людам расправы, не шкадавалі яны, сказаць праўду, і сваіх суродзічаў.
Арышты надавалі дзяржаўнай уладзе характэрныя рысы рэжыму, новай санацыі і не маглі не палохаць людзей сваёй непрадказальнасцю, жорсткасцю. Скрозь, як і ў Моталі.
Ні з таго ні з сяго вывезлі на Салаўкі Ладзю Палто, хлопца, які дома ў Пісарчукоў распавядаў пра свой шлях цераз мяжу і свае пакуты ў Савецкім Саюзе ды ўцёкі адтуль. Палто служыў у польскім войску і ціха вярнуўся з палону. Яго загрэблі як ворага, а чаму – невядома, і выслалі. Адначасова выслалі і цяжарную жонку – Аляксандру. Апошнюю – у казахскія стэпы.
Арышты чыніліся спарадычна, гэта значыць не дзень у дзень. Тым не менш яны дасягалі сваёй мэты: за кароткі тэрмін пасялілі ў кожнай сядзібе, у кожным куточку аціхлай і заплямленай крывёю зямлі страх такі, якога людзі не ведалі нават за прыяцелем братоў-беларусаў, шэльмам Пілсудскім.
З местачковых жыхароў, бадай, не баяліся нікога толькі Данік Плюнгер ды Ілля Дубовіч. Першы таму, што сцвердзіў сябе сапраўдным важаком камсамоліі, калі актыўна расчышчаў шлях ад варожых савецкай уладзе элементаў. Дзёрзкі, адчайны, ён паспеў зрабіць многае як для ўсталявання камуністычнай улады, так і для сябе. Праўда, стараўся не раскрываць свайго ўдзелу ў патаемных акцыях, і таму цяпер ніякі д’ябал не ў стане яго падсекчы. У пасялковым Савеце ён пыніўся на пасадзе, блізкай да кіраўніка справаводства.
Другі – Ілля Дубовіч – вырас ва ўласных вачах і паверыў у свае неабмежаваныя сілы, магчымасці, калі выкрасліў з палітычнага жыцця ды падсек пад корань сям’ю Андрэя Райкевіча, сакратара мотальскай партыйнай арганізацыі. Услед за Райкевічамі пайшоў і Ян Мацукевіч, які паспрабаваў быў таварыша абараніць.
Плюнгер і Дубовіч пры сваёй палітычнай і класавай порсткасці ўцалелі абодва, бадай, толькі таму, што іхнія шляхі або сцяжыны нідзе не перасякаліся і яны не заміналі адзін аднаму. Затое як адзін, так і другі пільна сачылі за побытам сваіх местачкоўцаў, каб не дай бог каторы з іх не адхіліўся ад парадыгмы камуністычнага ўладкавання жыцця.
Яны вялі ўлік людзей, і там часам утвараліся прагалы. Найбольшай загадкай для іх была адсутнасць у Моталі Барыса Рамановіча. У той час як бальшыня местачкоўцаў, якія трапілі ў нямецкі палон, вярнулася дадому, гэты аніяк не аказваўся.
Аднак для сям’і Барыса і ягоных бацькоў за таямніцу была цікаўнасць новай улады да блізкага ім чалавека. Вядома, нічога добрага радзіне гэта не варажыла.
Снежаньскім ранкам, калі Ганна Рамановіч ішла ў царкву, на вуліцы яе ціха аклікнуў знаёмы ёй Павел Раманчук:
– Не спяшайся, маладзіца, нешта скажу…
– Шо ты маеш сказаты?
Раманчук, напэўна, належаў да былых Барысавых прыяцеляў; ён працаваў у гміне, а цяпер – у пасялковым Савеце за пісара.
– Твой Барыс пільна патрэбны Даніку Плюнгеру… Дзе ён цяпер і што мае рабіць?
– А ты ведаеш, Паўлюк, показку? Добраму чалавеку праўду не кажы па каліно, а лыхому – па пяту.
– Показкі – показкамі, толькі цябе, Ганна, заўтра паклічуць у пасялковы Савет на допыт. Ты ўжо падумай, што там даводзіць.
– Заўтра? Паклічуць… М-гм, – сумелася яна. – Чэрці!.. Адно дзякуй табе – папярэдзіў. Я ж і сапраўды нічога не ведаю пра Барыса, апроч таго што ён жывы.
– І то добра. Тым часам…
Ганна, захопленая навіной знячэўку, уявіла сабе, што допыт якраз і будзе пачаткам яе шляху ў Сібір, яе высылкі разам з дзецьмі. Таму крыўдна і неяк даўка зрабілася ад гэтых паноўленых думак, ад натарочанай ёй крыжовай дарогі, ёй ніколі ўжо, пэўна, не давядзецца сустрэцца з Барысам, прыгарнуцца да пляча свайго чалавека.
У царкве маладзіца горача маліла Бога, каб пакінуў яе на роднай зямлі ў супакоі. Дадому ішла з Богам… Можа, усюдыісны Уладар і пачуў яе малітвы ды злітасцівіўся. Следчы выклікаў яе ўсяго адзін раз. Ён пазначыў у пратаколе, што муж Ганны Рамановіч яшчэ да службы і ваенных падзей меў у Моталі каханку і таму ёй не выпадае лічыць яго за свайго чалавека, тым болей што ён не вярнуўся дадому, а яна гадуе дваіх ягоных дзяцей. Пра ліст, які прыйшоў ад Барыса з Кёнігсберга, мала хто ведаў, і Ганна не стала даваць тлумачэнні па ім.
Мусібыць, ад тых снежаньскіх дзён улады ўжо і забылі на Барыса і Ганну. Зрэшты, гэтаму маглі паспрыяць і такія абставіны. Даніка Плюнгера паслалі вучыцца на нейкія курсы ў Пінск, як што адукацыі ў яго было мізэр, а Іллюка Дубовіча, з той жа прычыны, – у Драгічын, дзе ён праходзіў шкалярства па сваёй, так бы мовіць, прафесіі масавіка.
Трэба сказаць, што сонца ўдачы Дубовічу свяціла ўсюды, і лёс як бы вёў яго за руку далей. У сваёй біяграфіі Дубовіч пазначыць пазней:
1940 год. Январь… Меня шлют в г. Дрогичин на курсы агитаторов. Это и определило мою судьбу. Я завел там дружбу с секретарем райкома Киштымовым. Именно он преподавал нам политику.
1940 год. Месяц апрель. Меня зовет в Янов тот же Киштымов, теперь секретарь Яновского райкома партии, он выдает мне мандат инспектора в маслопроме.
І – колькі волі таварышу Дубовічу! Шчупака запусцілі ў раку.
Лепей ад інспектара цяпер ніхто на прадпрыемстве не ведаў палітыкі партыі, яе асноўных мэтаў, задач, і Дубовіч тлумачыў іх у захапленні ўжо ад самой магчымасці гэта рабіць. Дарэчы, ён пачуваў у сабе апантанасць з таго самага дня, як у 1933 годзе, акурат на 1 мая, яго прынялі ў КПЗБ. Адтуль ішоў адлік яго «другога жыцця».
– Па век, да самай магілы мая клятва ў тым, – казаў ён, – што для мяне больш не будзе нічога вышэйшага за гонар быць членам ленінскай партыі. У любых умовах сваім сэрцам і душой заўжды і ва ўсім буду падтрымліваць мудрую знешнюю і ўнутраную палітыку партыі, якая вядзе наш савецкі народ па ніколі нязменнаму курсу, пераадольвае любыя перашкоды, цвярдыні, нават такія, як лінія Манергейма.
Гэта быў улюбёны стыль прамоў тагачасных прапагандыстаў. Зрэшты, стыль гэты і пазней не мяняўся і нечым вельмі нагадваў модлы, завучаныя духоўнымі асобамі на ўсялякі выпадак.
А ў Моталі такіх заўзятых і бясконца адданых дыктатуры людзей заставалася таксама нямала. Яны гатовы былі ў любы дзень і час засведчыць сваю адданасць новаму ладу і, калі можна, паўплываць на падзеі, паскорыць набліжэнне камуністычнай прышласці.
Да іх належалі перш-наперш былыя беззямельныя ды беспрацоўныя местачкоўцы, якіх улада надзяліла зямлёй. Не кожны з іх ведаў, праўда, што з ёю рабіць, які клопат і якая праца патрэбны, каб зямля радзіла. Таму і ўспомнілі пра калгас. Ва ўтварэнні калектыўнай гаспадаркі бачылі яны як не адзінае, вынайдзенае бальшавікамі рашэнне праблем. І кінуліся нявопытныя і нягеглыя гаспадары запісвацца ў кааператыў. Пятро Пісарчук бачыў, як проста на вачах у яго збіраецца навальніца; хмарна ўздымаючыся, яна пагражала сталым гаспадарам, шчырым, упарцістым, хто, як ён, уласна, умеў і любіў працаваць на зямлі і каго цяпер усяляк адціралі ад зямлі, ад грамадства.
Ілля Дубовіч, той, наадварот, адчуў радасць, калі даведаўся, што яго землякі пачалі ствараць калгас. Праўда, у ягоных пачуццях была не адна радасць, было і засмучэнне. Яму здавалася, што там, у мясцовай палітыцы ў Моталі, мела быць выключна ўдалая акцыя, ад якой ён застанецца ўбаку. Яму зайздросна рабілася. Але зусім нечакана для яго і, вядома ж, мотальскіх закапёршчыкаў калгаснага чыну Іванаўскі (цяпер так зваўся раён) райкам партыі не ўхваліў пачын, ён прызнаў распачатую акцыю па ўтварэнні калгаса дачаснай, таму што гаспадары да яе ніяк не падрыхтаваны. Матыў для адмовы, вядома, быў слушны. Але дзеля праўды зазначым: тут спрычынялася яшчэ і апаска, каб заўзятай калектывізацыяй не выклікаць бунт заможных сялян, бо дзе-нідзе па хутарах і так ужо ўтвараліся варожыя савецкай уладзе групоўкі. У афіцыйных савецкіх дакументах яны праходзілі па табелю банд. І гэты не названы ўладай палітычны матыў, бадай, быў асноўным.
Пятро Пісарчук пастаянна сачыў за развіццём падзей і бачыў за імі сілу, якой асобнаму чалавеку або нават народу процістаяць немагчыма. Той факт, што, сустрэўшыся на старой польскай мяжы каля Брэста, арміі Гітлера і Сталіна наладзілі сумесны парад, паказваў на двухбаковую дамову, пакуль прыхаваную дыпламатамі. Пятру неаднаразова прыгадваўся сон. У Спораўскім лесе крыважэрны цмок з нецярпеннем чакае сустрэчы з Гітлерам… Для Пятра відавочным рабілася, што ў тым сне было прадвызначана штосьці рэальнае, што яшчэ, можа, не цалкам спраўдзілася. І няма ладу на сваёй зямлі, бо, што б цябе з ёй ні лучыла, заўтра яе адбяруць. Пры табе няма нічога такога, пра што было б засведчана: гэта тваё! Голым яны цябе бачаць, голым бяруць і голым на той свет справаджваюць… Скрозь, па ўсёй неабсяжнай краіне, – страх!
Пятро Рамановіч пераконваўся ў тым яшчэ раз, калі чытаў ліст, атрыманы ад старэйшага брата Нічыпара, што жыў у Расеі. У свой час Нічыпар скончыў універсітэт у Санкт-Пецярбургу і працаваў адвакатам. Пакідаючы ў Моталі невялікую бацькоўскую хатку на брата, ён адпісаў Пятру і свой кавалак зямлі. Апошні раз браты сустрэліся ў 1920 годзе ў Саратаве. У іх поглядах на будучыню не было пэўнасці, але Нічыпар ухваліў Пятроў намер разам з сям’ёю вярнуцца на радзіму, у Моталь.
Цяпер найвопытнейшы адвакат Нічыпар Рамановіч амаль нічога не пісаў пра сябе, апроч таго што жывы-здаровы, працуе ў дзяржаўнай установе. Нічыпар яшчэ насіў у сваім сэрцы нейкія радзінныя пачуцці да Пятра і, ведаючы, што чыніцца ў Заходняй Беларусі, палічыў за свой абавязак папярэдзіць, а перадусім паспачуваць яму і адначасова як бы апеляваць да розуму брата, які быў уласнікам.
Пятро, я здагадваюся, якое замяшанне пачуццяў можа быць у тваёй душы, калі ламаецца адзін парадак у свеце і ўсталёўваецца зусім іншы, няхай «самы лепшы». Я знаю, што ў такі пераходны перыяд ламаюцца лёсы людзей і нічога не варты ні грамадзянскае права, ні самое жыццё. Таму і раю табе, братка, не журыся пра гаспадарчыя рэчы – яны набытныя, дарма што з твайго мазаля… Ёсць штосьці большае. Таму і раю: не журыся пра зямлю, з якою як селянін ты, напэўна, зросся і таму шкадуеш. Над усім гэтым узвей, уздыміся. Плюнь з горыччу ды забудзь! Не журыся ні пра што. Думай, братка, пра сям’ю і сябе, тады, дасць Бог, і да жыцця зноў вернешся.
Дзіўна, скажаш, пішу? Прабач… Sapіentі sat. Для мудрага даволі. А то як гэта яшчэ ў нас там завецца, калі ў кроснах лішняя нітка? А-а… Лычна нытка – палатну завада. Паклон Аксінні, гэта ж я ад яе пра тую нітку чуў.
Заставайцеся здаровы! Нічыпар.
Ліст быў без адраса адпраўніка, і гэта, як абарваная сардэчная нітка, выклікала неспакой і палохала, прынамсі, не меней, чым навіна пра тое, што кагосьці ў Моталі зноў загрэблі. Ужо калі брат не асмеліўся напісаць свой адрас, значыць, ваяры камуністычнай цемры ладзяць сабе баль паўсюль. Па Расеі… Па СССР…
Гэту думку, выказаную Пятром у сваёй хаце, ніхто не аспрэчваў. Ліст, пры ўсім яго змесце, што нагортваў сум, быў падзеяй у сям’і Пісарчукоў.
– Ён суцяшае мяне… Але добра і тое, што хоць вестку падаў.
– Бачыш, – сказала Аксіння, – калі хата гарыць, не канешне кідацца ў полымя. Не проці ночы хай будзе сказана.
Пятро ацаніў жончыны словы:
– Праўду кажаш… Нікому не хочацца быць жабраком.
– Вядома, з нас хапіла б і таго, што мы зазналі ў бежанцах. Няхай Бог крые!
– Здаецца, Богу цяпер не да нас. Ці ж ён пачуе кожнага?
Маня найчасцей моўчкі слухала падобныя разважанні дарослых, а тут не вытрывала:
– Дзеду а дзеду! Бог жа аднойчы пачуў нашы просьбы. Калі мы прасілі за татку! Помніш?
– Ай, сапраўды! – Дзед усміхнуўся, і цеплыня ў яго шэрых вачах набыла сіняватае адценне. – Вуснамі дзіцяці прамаўляе ісціна!
Папіўшы сырадою з глінянага кубка, Маня пайшла спаць. Перад тым як залезці ў ложак пад коўдру, яна заглянула яшчэ ў кут, дзе стаялі яе чобаты і горбіўся вандзэлак з сухарамі і некаторымі рэчамі гардэробу. Пры гэтым дзяўчынка як бы прадумвала свае магчымыя рухі і дзеянні на выпадак, калі ўночы загрукочуць у дзверы і пададуць каманду: за тры хвіліны сабрацца! Тады не будзе часу на роздум.
Такія ж клункі, абутак і цёплае адзенне, дарэчы, трымаў напагатове кожны ў гэтай сядзібе: дзед і баба, яе дзядзька Паўлюк і цётка Зося… Малодшай дзятве клункі пакуль яшчэ былі не па сіле.
Пад коўдрай яна прыгадала прыемны момант, калі ўсёй сям’ёй на кухні яны сабіралі пасылку ў Казахстан для радні, што азвалася і прыслала вестку адтуль. Пісала Маніна стрыечная сястра – дачка Баябы і Мар’і – Улляна. Там за колькі месяцаў не было яшчэ дня, каб яны не адчувалі сябе галоднымі. Яно і зразумела: не на святочны стол іх туды паслалі, а на пакуты. Не было ж там у іх ні ежы, ні належнай вопраткі.
У пасылку складвалі, прыціскаючы адно да аднаго, парэзанае брускамі сала, павэнджанае мяса, колцы сваёй дамашняй каўбасы… Маня напісала ліст пад дыктоўку бабулі Аксінні, якая сама пабачыла ў жыцці нямала. «Не сумуйце, – пісала яна, – свет шырокі, і ўсюды жыць можна». А ўжо ж…
Маня засынала, прыгадваючы тыя мілажальныя словы ліста, калі ў двары нешта грукнула, як бы штось цяжкое звалілася на снег. Яна насцярожыла слых: ці не пачуюцца чые-небудзь крокі?.. Аднак ціха было. І невядома чаму, але па целе ў яе пайшлі дрыжыкі. Маня пачала суцяшаць сябе, што няма страху, дакладней, падстаў для яго, маўляў, ніхто не грукае ў дзверы, толькі сэрца дрыжала, бы ў ліхаманцы. Акурат на гэтыя дрыжыкі і лёг успамін.
Колькі год таму, улетку, на світанні да іх на кухню патрапіў местачковец Зміцёр, яго словы: «Не ў гэтай хаце няхай будзе сказана, калі я крочыў каля сядзібы Малыцькаў, смерць скакала цераз плоткі. Нядобры знак. Відаць, у іх нехта памрэ».
Паведамленне так і ўліпла ў дзіцячую душу і прымусіла дзяўчо сцепануцца. Смерць скакала цераз плот. А якая ж яна?..
У наступную ноч Маня прачнулася і, адхінуўшы фіранку, зазірнула ў акно. Яе крык разбудзіў увесь дом.
– Што з табой, Мар’я? – кінуліся да яе маці і іншыя.
– Там, за акном, смерць стаіць!
– Што ты кажаш?!
– Дзе ж яна?..
– Гля… Ды там нічога няма!
Насілу супакоілі малую, якая, з-за сваёй уражлівасці, вялікай цікаўнасці і вольнай гульні ўяўлення, магла пералякаць сябе і іншых.
І цяпер гэтакі ж страх падступаў да яе.
Намагаючыся зразумець што-колечы ў свеце, Маня не адразу заснула.