Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 17
Кабала
Кніга першая
14
ОглавлениеДля Пятра Рамановіча, як і іншых местачкоўцаў, якія мелі займацца земляробствам, зямля атаясамлівалася з раллёй, сенажацямі, пашамі. У той жа час Пятро разумеў, што пад глебай, узнятай плугам, акурат і пачынаецца тое, што людзі маюць на ўвазе, гаворачы: «Прыйшлі мы з сырой зямелькі, у сыру зямельку й пойдзем».
Зямелька, такім чынам, усведамлялася дзедам Пятром, дый грамадой увогуле, аб’ёмна, бы той бохан хлеба. Аднак далей, абапіраючыся ў нейкай меры на звесткі, атрыманыя з кніг, Пятрова фантазія магла маляваць тое, што прырода хавала ў нетрах сваіх.
Мястэчка Моталь стаяла на правым беразе палескай ракі Ясельды, якая выцякала недзе з Белавежскай пушчы. Ясельда несла адтуль свае дрыгвяныя, бураватага колеру воды ў Мотальскае возера, а з яго – на паўднёвы ўсход – пад Пінск, дзе ўпадала ў Прыпяць.
Местачковыя вуліцы і завулкі ляжалі на так званай Загародскай раўніне, якая выступала з балотаў – ні даць ні ўзяць – пірагом і падпірала сабой Ясельду на працягу васьмідзесяці пяці кіламетраў.
Дарэчы, мотальскай парэчнай старане раўніны выпала быць хвалістай, зрэдзь пасечанай, і яна часам распадалася на асобныя грады, пагоркі. Навука даводзіла, што ўсё гэта ўтварылася недзе блізка каменнага веку, калі, насунуўшыся з поўначы, пачаў раставаць ледавік.
А яшчэ трохі далей, на поўнач ад Загародскай раўніны, на балотах блізка Ясельды было багата азёраў; некаторыя з іх рака літаральна нанізвала на сваё рэчышча.
Пазагістарычныя часы пакінулі пад нагамі ў Пятра Пісарчука пяскі ды сугліністыя наносы, а за два кіламетры на поўдзень – гліны, добрыя пластычныя гліны светла-шэрага колеру. Вядома ж, адтуль сяляне і ён з імі разам бралі гліну, калі рабілі цэглу і будавалі з яе новыя хароміны.
Адно калі б нейкі галайдакаваты моталец, цяльпук ды прыдумшчык, аднойчы мог апусціцца ў нетры больш як на 80 метраў, то ён, пэўна, прыкмеціў бы пераход супясчаных водна-ледавіковых парод у так званыя марскія адклады – крэйду, мергель, гліну або сцэментаваны пясок.
Граніт і іншыя цвёрдыя пароды ляжалі пад Моталем, як і пад усёй Загародскай раўнінай, яшчэ ніжэй, на глыбіні прыкладна 450 метраў. Іх ніхто і нішто яшчэ не трывожыла. Ляжалі і будуць ляжаць. От каб там было золата, то мотальскія далакопы ад гандлю, што мелі на яго добры нюх, даўно б растрыбушылі нетры.
Камень і ўвогуле цвёрдыя пароды, думаў Пятро, па-свойму ўплываюць на псіхічны стан і энергію чалавека, таму ёсць пэўная заканамернасць у фарміраванні характару беларуса, яго раўнавагі, спакою, тымі абставінамі, што крышталічны фундамент зямлі аддалены ад яго на сотні метраў і перакрыты асадкавай тоўшчай, фігуральна – падушкай больш позніх парод.
– Зямля ў нас, Манька, – паміраць не трэба! Спакойная, мяккая. Разам з астатнім улоннем, вадою, расліннасцю, яна дае чалавеку ўсё для жыцця.
Маня з дзедам ехалі на пчальнік. Дзед трымаў у руках лейцы, яна ж круціла перад сабою сцябліну піжмы з выспелым, пабурэлым суквеццем. Піжму сарвала на вуліцы, пры агароджы, проста дзеля забаўкі, але дзед нечакана даў ёй параду: пацерці піжмай рукі, каб на іх, чуеце, пчолы ўвагі не звярталі. Го, ці не жарт?.. Не падобна, аднак… Дзядуля сёння сур’ёзны, засяроджаны, трохі нават пануры. Панурасць, напэўна, сядзела ў ягоных вусах, якія ён час ад часу абмацваў, можа, сам дзівячыся з няпрошанай госці.
Ён зноў загаварыў пра зямлю:
– Столькі зямлі і такая ў ёй жывародная сіла – ткні калом – вырасце дрэва, ступі раз – тут табе ягада, другі раз – тут табе грыб!..
Пазней Маня сказала б, што яе дзед – тыповы прадстаўнік гэтай зямлі, і, мусіць, ён быў блаславёны ўсюдыісным як не касмічным полем на тыя клопаты, якімі займаўся, на тое жыццё, якім жыў.
– Пры нашай зямлі, Манька, спакой і спакой патрэбны, а яшчэ – лад адпаведны, тады ўсім усяго хопіць. Жыццё магло б быць… А пакуль: ні ладу ні складу! Э-ге-ге… Адна варажнеча!
Неўзабаве выехалі з Моталя. Пры гаі, што стаяў яшчэ ў зялёным уборы, дзе там-сям жаўцелі асобныя бярэзіны, паказаўся пчаліны гарадок – усё квадратныя, або, як іх звалі, рамачныя, вуллі, пафарбаваныя пераважна ў сіні колер, а то і нефарбаваныя. Яны патаналі ў ранішняй смузе, аксамітнай і волкай.
Для Мані за гэтай смугой ляжала як не казачнае царства мядовых пахаў, ціхага верасовага гулу, гудзення.
На пчальніку, каля адчыненага вулея, глыбокі пругкі водар прасякаў як не ўсю істоту дзяўчынкі. У ім, няйначай, было сабрана ў адзіны пук ці згустак усё-ўсё, што цвіло і цвіце ў наваколлі, на палетках і лясных галявінах, у садах і прысадах. А да сабранай тут духмянасці дамешваўся і моцны пах воску – рэчыва, якое нідзе больш, як у вуллях, не сустракалася. Воск рабілі пчолы, уласна, з гэтага іх рупная праца і пачыналася. З воску – соты, як вынік калектыўнага дойлідства.
– Трымай, – казаў дзед, перадаючы ёй дымар, якім толькі што дзьмухаў на рамку з мёдам.
Маня ўмомант перахапіла з рук дзеда дымар – забаўную фацэтную рэч, якая, калі націскаць на яе зборку, пыхкала дымам.
Пчолы не любілі дымовай пачосткі. Ад густога гаркаватага дыму яны п’янелі і пачыналі адпаўзаць, адлятаць, пакідаючы соты ў руках пчаляра.
Маня ўважліва сачыла за кожным рухам дзеда і за паводзінамі крылатых стварэнняў. Назіраць за імі не замінала ёй нават сітцо з танюткага дроту, якім асланяўся твар.
Пчолы запячатвалі ў сотах мёд тым жа жаўтавата-матавым воскам, і Маня радавалася, калі на рамцы не было пустых ячэек. Замураваную вагавітую рамку дзед ставіў у скрынку, спецыяльна змайстраваную дзеля гэтага. Найчасцей, аднак, ён прывозіў на пчальнік медагонку – сярэдніх памераў бочку з матавілам, у якое ўстаўляліся рамкі. Пры кружэнні з сотаў цягай гнала мёд – выганяла чыста, да кроплі.
Маня любіла каштаваць мёд у сотах, па-мясцоваму – яшках, таму і здаваліся ёй найвялікшай каштоўнасцю рамкі з яшкавым мёдам.
Рамкі былі цудам, ёю яшчэ не спасцігнутым.
Перш чым дастаць з вулея адну або некалькі рамак, дзед правяраў іх усе, падлічваў запас мёду, каб не ўзяць лішку, каб пакінуць у вуллі на зіму пэўную частку бурштынавага скарбу – лета было на сконе, для пчол заставаўся апошні верасовы ўзятак.
Дзедаў твар хаваўся таксама за сеткай. Адкрытымі, голымі ў яго былі толькі рукі, і калі Маня старалася трымаць свае рукі далей ад вулея, то дзед Пятро ані ад пчол не засцерагаўся – і мядлівыя пчолкі вольна поўзалі па ягоных руках, нібы даследуючы, ці ёсць ім ад іх якая-небудзь пагроза.
Дзве рукі дзеда – заўжды галоўныя дзейныя асобы на пасецы, таму зрок Мані і быў прыкуты да іх: дужыя, з адметным цёплым адценнем, што нагадвала і вашчыну і мёд адначасова. Гэтыя рукі сімвалізавалі сабой як не ўсю існасць селяніна-сейбіта, селяніна-творцы і, вядома ж, пчаляра.
На жаль, у гэты вераснёвы дзень яе дзед мала чаго расказваў пра жыццё пчол і наогул быў маўклівы. Толькі зрэдку за пчалярскім сітцом варушыліся яго вусы, колерам крыху цямнейшыя, чым лёгкая даматканая світка, у якую ён быў апрануты.
– Дзе наша чага, Манька?
– А вунь, каля скрынкі…
– Вазьмі і падсып у дымар.
Яна была рада хоць крышку памагчы дзеду. Умомант засыпала ў дымар сухую, пакрышаную на дробныя кавалачкі чагу, зачыніла накрыўку і праз колькі хвілін паднесла дымар пчаляру. У руках дзеда ён пыхкаў з новаю сілай. Пчолкі ж, адведаўшы мяккага куродыму, пачыналі гудзець як не ўсім роем.
– Спакойна-спакойна, – казаў ім гаспадар. – Ніхто вас крыўдзіць не будзе.
Тыя словы прамаўляліся дзедам як бы здалёку, спаважна, завучана. І, слухаючы блізкага ёй чалавека, як Бога, Маня ўсёй істотай, можа, хутчэй не па словах ці не столькі па словах, колькі па ягоным дыханні, па запаволеных рухах, пачала разумець, што сам ён у думках не тут, а недзе далей… Ой-ёй, – памочніцы як бачыш перадаваўся дзедаў журботны настрой, і ў нейкі момант дзяўчынка ўцяміла, што трывожыць дзеда.
Яго сына Барыса, а яе бацьку, забралі з запасу на службу ў польскую армію. Здарылася тое ў сярэдзіне жніўня, а неўзабаве бацька вярнуўся ўначы, пастукаў у дзверы. Маці адчыніла, запаліла лямпу. Яна не ведала, радавацца ці трывожыцца, гледзячы на яго. Толькі сказала, дзівуючыся:
– О-о, табе да твару вайсковы мундзір!
– Цяпер я нявольнік гэтага мундзіра, і таму, Ганя, у мяне мала часу – прыехаў развітацца.
– Чаму? – няўцямна спытала яна, знерухомеўшы ўмомант. Але, не дачакаўшыся адказу, кінулася ладзіць вячэру.
Барыс падышоў да ложка, дзе сядзела, падабраўшы пад сябе ногі, Маня; яе вялікія ў паўзмроку вочы выказвалі захапленне і цікаўнасць.
– А вось гэта табе і Вольцы. Ён высыпаў з мяшка на коўдру шакаладкі, вабныя, у яркай абгортцы, з якіх утварылася ладная горка.
За сталом гаворка ў бацькоў ішла паўшэптам, але Маня зразумела бацькавы словы:
– Ганя, будзе вайна…
Праводзілі яго на другі дзень. Праводзілі на шлях, які слаўся ў бок Пінска – там капрала польскай арміі чакала чыгунка. Маці, развітваючыся, нейк нясмела перахрысціла яго і заплакала; бацька абняў і пацалаваў яе, пацалаваў Маню, Вольку – малая трымалася за падол матчынай спадніцы. У астатні момант Барыс змушана храбра, выбачліва і вінавата ўсміхнуўся, пры гэтым дадаў: «Маліцеся за мяне і не сумуйце!» Хваляванне перадавалася без слоў, і Маніна сэрцайка сцялася.
Хто ведае, ці паспеў капрал Рамановіч вярнуцца ў сваю вайсковую часць, калі немцы, адкінуўшы прэч мірную дамову, пайшлі вайной на Польшчу. Крытычны момант, і ўпершыню польскае радыё звярнулася да беларусаў на беларускай мове як да славянскай супольнасці, заклікаючы іх да сумеснай барацьбы з Нямеччынай. Пра вайну загаварыў не толькі Моталь, што Моталь – шырокі свет. Адно дарослыя – бацькі і настаўнікі – згадвалі пра тую падзею нягучна, як пра нейкае калашматае, бы хцівы звер, ліха, ад якога пацярпелі палякі, і калі называць яго на поўны голас, можа дакаціцца і сюды.
Ад таго часу, як бацька пакінуў іх дом, у Маніным атачэнні, бадай, нічога не змянілася, калі не лічыць, што на мястэчка з кожным днём усё больш і больш наплывала трывога. Аднаго ж разу, ідучы з палатняным ранцам са школы, яна зайшла ў краму, якую лічыла сваёй, але крамнік Кастусь паглядзеў на яе здзіўлена, як на незнаёмку, ён быў разгублены і паскардзіўся: маўляў, не паспелі яны з Барысам Рамановічам як след умовіцца пра лёс гандлёва-вытворчай спулкі, а цяпер невядома будзе, што з ёй рабіць, калі і сюды дакоціцца ліха. Няхай яно ідзе на сухі лес!
Як і раней пры наведванні бацькавай крамы, Маня ўзяла з рук дзядзькі Косці цукерку з сакрэтам, як і раней, Косця запісаў яе кошт у сшытак; дзяўчынка любіла адкрываць у цукерках забаўкі – усялякія фігуркі звяркоў і іншых істот, але ж на гэты раз, калі выйшла на вуліцу, пашкадавала, што зайшла туды, бо ўпершыню выразна адчула, што бацькі няма і што без бацькі свет, у якім яна жыве, можа змяніцца. Ад таго і задумлівы на пчальніку яе дзед Пятро.
Выпадак у краме свежым успамінам, шчымлівым і золкім, зноў дакрануўся да сэрцайка, і Маня падумала, што дзед, толькі дзед, ён адзіны, які застаўся, можа пашкадаваць яе, заступіцца за яе і за маці. Ён спрактыкаваны і мудры чалавек, а вайна – гэта нешта загадкавае і страшнае. І, пэўна, цяпер дзед быў ва ўладзе нядобрых згадак, што нітаваліся з выбухамі, разбурэннямі. Ён трывожыўся за лёс дарослых сыноў і роднай зямлі, сваёй сядзібы і гэтых вось безабаронных дамкоў, населеных пчоламі.
– Дзядуля, скажы, а фашыстам не шкада рушыць дамы і забіваць людзей?
– Хм… хто ведае… У вайне рушацца і дамы, і дзяржавы.
Пятро Пісарчук хутчэй за ўсё не чакаў такога думнага пытання ад дзесяцігадовай унучкі і ў наступны момант адчуў, што яго адказ – не адказ і што малечы трэба штось яшчэ патлумачыць.
Паладкаваўшы рамкі ў вуллі, пастаяў, падумаў і зачыніў вечка. Пчолы гойдаліся ў паветры на крылах, як на нябачных арэлях, але іх пагрозлівае гудзенне спакваля рассейвалася і ўрэшце аціхла. Ён зняў з твару сетку і прысеў на скрынку, пад вечкам якой адна да адной стаялі рамкі з мёдам.
Маня, разблытаўшы завязкі на шыі, таксама зняла маску. Адкрылася яе круглая галоўка з прамым праборам у цёмна-русых валасах, кароткіх, пакручастых.
– Вось і воля галаве! – з усмешкай сказала яна, папраўляючы белы каўнер на лёгкай сукенцы.
Дзед прыгарнуў яе да сябе.
– Дык пытаеш, ці не шкада немцу рушыць паселішчы і забіваць людзей?.. Бачыш, унучка, якія тут варункі. На вайне людзі ў ваўкоў ператвараюцца, звярэюць. Іх ставяць у такія ўмовы. Перад тым як пачаць вайну, правіцелі рыхтуюць салдат да рабавання і здзеку. Не дай бог з вайной знацца! Але ж твой бацька ўжо там, у крупарушцы, дзе як каму пашчасціць.
– Ён у конніцы? – вочы ў Мані былі выразныя, матчыны вочы.
– Пэўна… Ён з вінтоўкай на кані, а немцы – з пушкамі на танках ды на аэрапланах. Сітуацыя там – горш не прыдумаеш! – Дзед прыгладзіў свой зрэджаны і пасівелы чуб, які ўжо ладнага месца ўступаў залысінам. – Гэта навала можа дорага каштаваць палякам дый нам…
– А Моталь, дзядуля, бамбіць не будуць? Я баюся.
Па тым, як уважліва ўнучка глядзела ў твар яму, гэты абабіты жыццём чалавек зразумеў, што перад ім пастаўлена пытанне з пытанняў. І яно, відавочна, падказана дзяўчынцы агульнай трывогай у мястэчку.
– Ці ж можа хто бачыць наперад, што нас чакае?.. Тут патрэбен Мікіта Парыпа. Вось ён знайшоў бы, што табе адказаць.
Аднак бачачы, што ўнучка нічога не цяміць пра Парыпу, ён патлумачыў:
– Даўно, можа, дзвесце ці трыста гадоў таму, за Вялікім Княствам Літоўскім, так звалася наша дзяржава, жыў у Моталі селянін Парыпа, які мог прадказваць падзеі. Машын тады не было, і вялікай удачай, напэўна, здаваўся жалезны абруч або вобад на колах фурманкі. Але Мікіта Парыпа абяцаў людзям каменныя дарогі (шашу), потым, казаў ён, і вазы будуць бегаць самі. Сапраўды, прыдумалі чыгунку, стварылі аўтамабілі. «Адным матузком увесь свет павяжуць», – прадвызначаў ён. З’явіўся тэлеграф, тэлефон… «Паны будуць равы капаць, хлеба шукаць…» І да гэтага дайшло пасля кастрычніцкага перавароту ў Расеі. Урэшце, доўгі час у Моталі ніяк не маглі знайсці ключ да такіх слоў Парыпы: «Будуць чорныя птушкі з жалезнымі дзюбамі лятаць, будуць сэрцы кляваць». Дзіўнае прароцтва! Дарэчы, як і ўсе яго прадказанні… З чорнымі птушкамі яшчэ нядаўна ў Моталі атаясамлівалі яўрэяў і лічылі, што Парыпа, гаворачы пра жалезныя дзюбы, меў на ўвазе грошы і нечалавечы ўціск… Але ж войны – адна за адной – паказалі, што ёсць іншыя жалезныя птушкі, ліха на іх… Самалёты… У гэты час яны кружаць над Варшавай і Кракавам. Варшава гарыць. Толькі мы будзем спадзявацца на лепшае, – і дзед Пятро, паказваючы ўнучцы, што размова скончана, як вялікі заступнік і прыяцель, пяшчотна цмокнуў Маню ў цемечка.
Вярталіся дадому. Конь цягнуў фурманку, і Маня, седзячы на возе побач з дзедам, назірала за голымі палеткамі, над якімі збіраліся ў кучы і кружылі вароны. А ўзбоч дарогі, над гаем, у паветры пырскалі-ценькалі дробныя птушачкі.
Сонца ўсё бліжэй хінулася да зямлі. Пахла свежым сенам. І ёй падумалася, што будзе несправядліва і балюча, калі вайна жалезнай дзюбай дастане сюды, закружыць віхурай, перакуліць фурманку з мёдам і пераверне ўсё, што асталявалася ў яе жыцці ды жыцці яе радзіны ў Моталі. Ад такога ўяўлення ўсё яе цела, дранцвеючы, раптам сцепанулася.