Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 6
Кабала
Кніга першая
3
ОглавлениеА час валок за сабой чараду падзей, дакладней, ён крочыў падзеямі, і чалавек імкнуўся заўжды ці то ўхіліцца ад іх, калі яны неслі яму штось пагрозлівае, ці скарыстаць іхні ход на свае патрэбы, унесці ў жыццёвы калаўрот часцінку сваю.
У далейшым супольным жыцці ў Моталі ўсё больш прыкметную ролю адыгрываў Манін бацька – Барыс Раманoвіч, сын Пятра і Аксінні, іх першынец. Барыс рос кемлівым і дужым хлопцам, праўда, той пракаветнай прыцягальнай сілы і ўлады, якую зямля-матухна мела над Пятром, яго бацькам, ён чамусьці не зведаў; зямля не займала аніякага месца ў сэрцы і думках маладога чалавека, які глядзеў паўзверх галоў сваіх местачкоўцаў. Але ж і ён час ад часу мусіў дапамагаць бацькам упраўляцца з гаспадаркай, асабліва калі хадзіў кавалерам. Араў, сеяў… Свой абавязак перад бацькамі выконваў спраўна, як і малодшы брат Паўлюк – гэткі пеўнік, гарачы, задзірлівы. Адным словам – браты, хоць замесу былі неаднолькавага.
Зрэшты, тут патрабуецца тлумачэнне. Пракаветны сялянскі лад і рытм у сям’і, а дакладней, у мотальскай сядзібе Рамановічаў, раней быў парушаны вайной, што атрымала назву Першай сусветнай, а потым – эвакуацыяй у глыб Расеі. Сыны Пятра і Аксінні, на малалецтва якіх выпалі тыя прыгоды і выпрабаванні, як вядома, не пасвілі кароў, не тапталі голымі пяткамі раллі і не атрымалі паўнацэннага сялянскага выхавання.
Пісарчукі – Рамановічы вярнуліся ў Моталь ажно ў 1922 годзе, калі Заходняя Беларусь ужо была пад Польшчай.
Іх сям’я была зусім не жабрацкая. Пятро Рамановіч служыў у царскай арміі і за службу атрымліваў золатам. Падчас падзей 1917 года і Грамадзянскай вайны працаваў на дробных промыслах недзе ў Ніжнім Паволжы, пра што больш дакладных звестак у нашчадкаў не захавалася. Сям’я мела грошы, і старэйшы сын Барыс вучыўся ў гімназіі. За ім пацягнуўся й малодшы.
Менавіта ў Расеі, нягледзячы на свае маладыя гады, Барыс успрыняў ідэі бальшавікоў і стаў прыхільнікам сацыялізму. Пераезд сям’і на радзіму з Паволжа не столькі цешыў, колькі засмучаў хлопца. Ён шкадаваў гімназію, рэарганізаваную потым у школу, і неаднойчы папікаў бацькоў за тое, што не дазволілі яму завяршыць вучобу. У Моталі ж учарашні гімназіст знайшоў сабе аднадумцаў, сярод якіх асаблівым імпэтам вызначаліся былыя салдаты, франтавікі, у іх ліку і Пятро Мінюк, былы камісар спецатрада Чырвонай Арміі. Разам стварылі камуністычную спулку (суполку), у якой Барыс выконваў абавязкі скарбніка. Іхняя групоўка фармальна ўваходзіла ў Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, якая на той час з’яўлялася дахам для многіх падобных суполак. Людзі шукалі сувязяў з падпольнымі групамі навакольных вёсак і далей – у Янаве, Пінску. Кіравала імі жаданне выпрацаваць адзіную тактыку дзеянняў супраць польскіх уладаў і дамагацца ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй, камуністычнай.
Народу, зажатаму паміж Расеяй і Польшчай, у набліжэнні да дваццатых гадоў, мусіць, самі планеты прадвызначалі ўтварыць цэласную і суверэнную дзяржаву, а сталася наадварот. І свет адно з гэтага мог спачуваць беларусам.
У тутэйшых патрыятычных сіл узняў дух ІІ з’езд Камуністычнай партыі Польшчы, які адбыўся ўвосень 1923 года і прызнаў правы беларусаў (таксама як і ўкраінцаў) на выхад з-пад улады польскага каланіяльнага рэжыму. Гэты з’езд, да гонару камуністаў-палякаў, блаславіў уз’яднанне разадраных нацыянальных зямель. Адначасова была ўтворана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Такім чынам польскія камуністы кінулі выклік сваім самаўпраўным панам-заваёўнікам, якія праглі вялікай дзяржавы.
Барысу гэта не магло не легчы на душу. Яно дадавала штосьці істотнае да справы, якой ён самахоць займаўся ў камуністычнай спулцы, з’яднанай і дружнай.
Камуністы наважваліся справядліва і шчыра вырашыць найперш нацыянальнае пытанне і выбавіць народ ад прыгнёту польскіх паноў, затым яны дакляравалі яшчэ нямала такога, на што проста адгукалася спакутаваная сялянская душа, і ў ёй запальваўся агеньчык надзеі.
Барыс бачыў, як мяняецца выраз твару ў сялян-местачкоўцаў, калі Мінюк ці хто іншы з камуністычнай спулкі чытаў ім улётку «Далоў акупантаў-грабежнікаў!», і, хоць той лісток быў выдрукаваны далёка – у знаным горадзе Вільні, ягоны змест браў кожнага за жывое, як што ў Крэсах Усходніх людзі скрозь жылі аднолькава і за хлеб уважалі мякіну. Праўда, калі шчыра казаць, – мотальцаў крыху выручала рамесніцтва. Аднак і гэта не ўсім грэла душу.
Пяты год стогне наш край. Пяты год нанятыя панамі апрычнікі гвалтуюць, рабуюць працоўны народ.
– Прадай усё, што маеш!
Хіба, сапраўды, нам добраахвотна аддаць сваю карову, каня і ўвесь свой жабрацкі скарб, адракчыся свае гаспадаркі і, адзеўшы торбу, ісьці на паноў, біць іх, паліць іх, катаваць іх?
А падаткі тым часам сыплюцца і сыплюцца, як град на галаву, дзень за днём павялічваюцца, і канца-краю не відаць.
Бяднейшыя сяляне і работнікі, а разам з імі і сярэдняе сялянства ўсё больш і больш пераконваюцца, што няма іншага выйсьця, як толькі рашучая, бязлітасная барацьба з акупантамі.
Але як яе весьці, як бараніцца ад цёмнае хмары грабежнікаў?
І вось пачаўся стыхійны байкот падаткаў. Цэлыя вёскі і гміны перасталі плаціць!
– Ня можам плаціць, ня будзем плаціць, ня хочам плаціць!
– Бо нават каб і «хацелі», то няма з чаго.
У той жа час асаблівай увагай у паняволеных сялян Крэсаў Усходніх карысталіся расказы, легенды і байкі пра чыннасць Саветаў, пра эканамічную і культурную палітыку, што звалася на тым баку нэпам. Маталяне нярэдка атрымлівалі важную інфармацыю амаль з першых рук – ад сваіх хадакоў у Савецкую Беларусь. Іх чалавек Хведар Філіновіч, напрыклад, некалькі разоў пераходзіў польска-савецкую мяжу і прыносіў патрэбную літаратуру. Тое ж рабілі Ян Мацукевіч і іншыя.
З афіцыйных крыніц вынікала, што за Саветамі сяляне павялічылі надзелы на чвэртку і што сераднякі, якім належала да шасцідзесяці працэнтаў фермаў і блізка сямідзесяці працэнтаў ворнай зямлі, абрасталі майном. Колькасць іх множылася, і яны цяпер утваралі асноўную сілу ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Абкладвалі іх падаткамі мякка, у адрозненне ад польскай дзяржавы, дзе выплочваць даводзілася як не за кожнае курынае яйка. Усё паказвала на тое, што Саветы свядома стымулявалі працу сялян.
Варта зазначыць: у гэтай інфармацыі не было маны. Беларускі ўрад маладой савецкай рэспублікі шчыра клапаціўся пра сялян, якія ў колькасным складзе насельніцтва былі на першым месцы. Таварышам Чарвякову, Адамовічу і Галадзеду, што стаялі каля вытокаў нацыянальнага жыцця і прыцягальнай, хоць і даволі зманлівай, апавітай саюзнымі ланцугамі дзяржаўнасці, уласцівы былі разважлівасць і мудрасць, душэўны ўздым і самастойнасць у дзеяннях, да чаго яны імкнуліся. Невыпадкова ж таму іхнім паплечнікам, народным камісарам земляробства працаваў Зміцер Прышчэпаў, чалавек, які на справе адстойваў і праводзіў у жыццё дух рэформаў Сталыпіна і таму прытарможваў стварэнне буйных супольных гаспадарак – саўгасаў, калгасаў, земляробчых пасёлкаў, камун, дапускаў стварэнне невялікіх арцеляў, напрыклад, з пяці хутароў, і ставіў за ўзор заможныя сялянскія гаспадаркі, якія палітыкі неўзабаве пачнуць называць кулацкімі. У сакрэтным лісце да ўсіх загадчыкаў акруговых зямельных аддзелаў ён пісаў: «У вашых акругах ёсць выпадкі насільнага навязвання сялянам форм землекарыстання і забароны сяліцца на хутарах і абшарах, перададзеных ім, – на водрубах. Не мяняючы ўвогуле нашай палітыкі ў гаспадаранні, Наркамзем прапануе не чыніць таксама ніякіх перашкод і пры выбары хутароў і водрубаў. Адначасова катэгарычна забараняецца арганізоўваць буйныя пасёлкі з зямлёй больш за 200 дзесяцін, якія ў нашых умовах ніякага гаспадарчага эфекту не даюць».
Справядліва дапусціць, што толькі дзякуючы гэтаму накірунку і ўзрастала атрыманне вясковай прадукцыі: у 1925–1926 гадах яна перавысіла даваенны ўзровень ужо больш чым на 12 адсоткаў. Народ разжываўся. Аляксандр Чарвякоў прыгаворваў тым часам: «Багацей, селянін! Здабывай больш багацця для сябе і Савецкай рабоча-сялянскай дзяржавы!»
І гэтак, зазнаўшы працоўны ўздым, спатольвалі прагу душы беларусы. От так яны цешыліся там, на савецкіх мройных гонях, выклікаючы зайздрасць у заходніх сваіх суродзічаў, землякоў, якім жыць спадобілася пад панскай Польшчай. І гэтак рупіліся аж да першай сталінскай пяцігодкі, пакуль не закруціла, муцячы белы свет, віхура мусовай калектывізацыі, а за ёй і вызначэнне дзейнасці кіраўнікоў рэспублікі ў крывым бальшавіцкім люстэрку, заўжды зменлівым і пагрозліва зманлівым.
Адно пэўна не ведаючы, што далей там будзе, хадакі паведамлялі: у сталіцы Беларусі – Менску і іншых гарадах утвараліся нацыянальныя ўстановы культуры. Дарэчы, разам з беларускімі, казалі, працуюць польскія і яўрэйскія школы. Вучацца таксама дарослыя… Словам, навідавоку былі як воля ў працы, дэмакратыя, так і нацыянальнае культурнае адраджэнне.
Вядома, усё гэта разам абуджала ўяўленне, шыхтавала эмоцыі і аб’ядноўвала свядомых прыхільнікаў нацыянальнай вызвольнай ідэі і камуністычнага руху, клікала іх на мітынгі, дэманстрацыі, вяло нярэдка й далей – у турмы, на шыбеніцы.
Але пра тое, што насіў тады ў сваёй душы Барыс Рамановіч, нельга было сказаць адназначна, маўляў, юнацкая рэвалюцыйная эйфарыя, уласцівая паплечнікам у камуністычнай спулцы.
У Барыса былі палітычныя, з дазволу сказаць, апаненты, прычым непасрэдна ў сям’і, у сваім атачэнні. Можа, таму ён часцей, чым хто з сяброў камуністычнага гуртка, корпаўся ў сумненнях сваіх і тых зазвычай негатыўных меркаваннях, якія выказваліся ягоным бацькам; той не меў аніякай прыязнасці да бальшавікоў. Дый маці Аксіння – таксама.
Пятро Пісарчук вярнуўся з Расеі ні белым, ні чырвоным, ён наогул стараўся трымацца далей ад палітыкі. Праўда, адасобіцца ад яе, назолы, няможна было, як што яна самахоць уточвалася ці то ў сямейныя, ці то ў гаспадарчыя клопаты.
Шчыра кажучы, напачатку ён, адукаваны чалавек, проста не давяраў ідэі прагнага камуністычнага кіравання жыццём і, ігнаруючы новы лад, нават не адрозніваў партыйныя камітэты, створаныя бальшавікамі, ад Саветаў: яму здавалася, што гэта – два бакі аднаго медаля, прынамсі, сплаў брыдоты з дзікунствам. І ён меў рацыю. Але ж пасля падарожжа з Самары – цераз галодную Украіну – дадому пачаў шырэй і выразней уяўляць сабе рэчы. Гэтаму ж потым спрыялі і працяглыя гутаркі з мотальскім святаром Георгіем Раздзялоўскім, бацюшка меў сваякоў на Украіне, ездзіў туды і быў сведкам некаторых падзей, што тычыліся Грамадзянскай вайны і ў меншай меры сялянскай.
Уся справа ў тым, што бальшавікі на самым пачатку дзяржаўнага перавароту, учыненага імі ў кастрычніку 1917 года ў Петраградзе, дакляравалі перадачу зямлі сялянам, улады – Саветам народных дэпутатаў. Таму іхнія лозунгі аднолькава вабілі сялян і рабочых, і была ў тым сіла, уга якая! Але ж Саветы ўтварыліся ў Екацярынаслаўскай губерні, у сяле Гуляй-Поле, яшчэ да кастрычніцкага перавароту, і там жа 25 верасня 1917 года старшыня Гуляй-польскага Савета рабочых і сялянскіх дэпутатаў, рэвалюцыянер-анархіст, былы вязень царскіх турмаў Нестар Махно падпісаў дэкрэт аб нацыянaлізацыі ўсёй зямлі ў павеце ды размеркаванні яе паміж сялянамі. Перакроілі зямлю ціха, мірна, без крыві. Выкананне дэкрэта прынесла славу Махно. Але толькі рэвалюцыйныя заваёвы трэба было бараніць, і ён, гэты трыццацігадовы чалавек аскетычна-манашага крою, чарнявы, не дужа прыгожы, узначальвае адначасова і Камітэт выратавання рэвалюцыі. Уважаючы на шырокую папулярнасць Махно ў Гуляй-Полі і бездакорны рэвалюцыйны аўтарытэт на поўдні Украіны, да яго пацягнуліся сяляне, матросы з патопленых караблёў, былыя афіцэры… Тады ўжо вайсковым атрадам у сорак тысяч чалавек ён раптоўна абрынуўся на нямецкія пасты і фарміраванні. Скрышыў іх. А ў славы хуткія крылы, і неўзабаве з Кіева, каб далучыцца да Махно, выйшаў атрад анархістаў.
У снeжні наступнага 1918 года армія бацькі Махно захапіла горад Екацярынаслaў і ў далейшым стала як не асноўнай сілай, якая стрымлівала Урангеля і ўраўнаважвала становішча на Паўднёвым фронце.
– Богу было заўгодна, – расказваў Пісарчуку святар Раздзялоўскі,– каб Нестар Махно быў надзелены выдатнымі якасцямі атамана, ваяра ды меў вострае палітычнае чуццё. Ён адразу ўлавіў блюзнерства, падман, фальш у строі думак і дзеяннях бальшавікоў. Таму, варагуючы з немцамі, пятлюраўцамі, нарэшце – Урангелем, Махно лічыў вялікімі шкоднікамі рабоча-сялянскай рэвалюцыі і саміх бальшавікоў. Якраз таму ён усяляк агароджваў вызваленыя ім тэрыторыі ад чырвоных, ад іхніх вірлавокіх пасланцоў – камісараў, чэкістаў, як і ад гвалтоўных харчовых атрадаў. Уяві сабе, як усё гэта калола ў нос шэльме Троцкаму, камандуючаму фронту, які бачыў у беспартыйных Саветах і іхнім заступніку – атамане Махно – пагрозу бальшавіцкаму рэжыму.
Пятро Пісарчук быў узрушаны тым, што пачуў, і ў ягоных вачах зайграў водсвет утрапення.
– Ці не наканаванне зверху, бацюшка, – гэтая вайна сялян? Выходзіць, аднак, што атаман Махно не адмысловы дурань і анархіст, не бандыт з вялікай дарогі, якім яго распісвалі ў расейскіх газетах. Ён абараняў інтарэсы сялян і тут быў жорсткі і паслядоўны. Я правільна разумею?
– Так, браце Пятро. Тыя людзі, якія стаялі поплеч з Махно і багата чаго ведалі, якіх я, дарэчы, прычашчаў і спавядаў, згадвалі мне, што ён, Нестар Махно, як на духу, адкрыта, бескампрамісна, адчайна піcаў у тэлеграмах на адрас Троцкага ў Маскву: маўляў, заяўляю вам, што мой фронт застаецца нязменна адданым рабоча-сялянскай рэвалюцыі – толькі ёй, а не ўсялякім інстытутам ды ўстановам гвалту, што ўвасабляюць вашыя камісары або надзвычайныя камісіі, «тройкі», якія скрозь чыняць здзек.
Цікавасць Пісарчука да асобы Махно і спрычыненых ягонай дзейнасцю эпізодаў вайны не страчвалася, не змяншалася, і ён, паціраючы рукі ад задавальнення, не ўтрымаўся зазначыць:
– Ойча, бачыць Бог, калі б мне надарылася быць там і давялося выбіраць, з кім ваяваць, я пайшоў бы за такім павадыром! Я адстойваў бы акурат такую савецкую ўладу!
– Вось як?.. Але ж небарака Пятро не стаў ваяром! Ці шкадаваць нам пра гэта? У Бібліі ж сказана: «…і спазнаеце ісціну, і ісціна зробіць вас вольнымі». Не думаў я, шчыра кажучы, што цябе, чыннага хрысціяніна, земляроба, лёгка ўвесці ў спакусу. Бачу, ёсць, ёсць і ў тваёй душы порах!
– Ёсць… мо нейкае каліва. Я селянін. Я прырос да зямлі. Як і кожны, хто ўлягае ў працу, люблю справядлівасць. Не мне казаць вам, што справядлівасць усталёўвае лад у душы. А што да спакусы, дык яна ж не д’ябальская, прабачце.
– То я так, для понту, як кажуць у Жытоміры.
– Шкада, што мне на свае вочы не давялося пабачыць Нестара Махно…
– Са слоў паплечнікаў, ён нагадваў хутчэй не палкаводца, а дробненькага манастырскага служку, які добраахвотна замарыў сябе пастамі. Сухі, як ражон.
– Але ж такія людзі нярэдка надзелены моцнай сілай духу.
– Так. Вынослівы. Цвёрды, бы тая сухадрэвіна. Бог надзяліў яго незвычайнымі вачыма. Атаман Махно меў учэпісты і востры позірк, які не мяняўся ні калі ён смяяўся, ні калі аддаваў самыя жорсткія загады. Вочы ў яго існавалі як бы самі па сабе. Яны і вызначалі знешне ягоны характар, асобу ўвогуле. Савет яго арміі сфармуляваў сваё палітычнае крэда, згодна з якім у Камуністычнай партыі і ўсім маскоўскім урадзе сядзяць адны штукары, контррэвалюцыянеры і юды; яны захапілі ўладу ў Расеі хлуснёй і па зманлівым шляху вядуць рэвалюцыю да пагібелі.
– А калі гэта і сапраўды так было? Што вы думаеце, ойча Георгій?
– Я не выключаю гэтага. – Раздзялоўскі зрабіў паўзу. – Прага да ўлады губіць чалавечыя душы.
– І што ж далей?..
– Пры ўзяцці чырвонымі Перакопа войскі атамана Махно былі кінуты на самы цяжкі ўчастак; яны ў лоб бралі Турэцкі вал і мелі найвялікшыя страты. Засталося пяць тысяч герояў штурму, і іх з тылу подла і жорстка расстралялі. Па загадзе таго ж Троцкага, паплечніка Леніна. Ваяр Махно страціў нагу, але ўратаваўся. Пасля гэтага, унікаючы чырвонай галгофы, ён па-новаму сабраў войска і пачаў рэйды помсты па Украіне і Расеі. Цяпер ужо без усялякай літасці распраўляўся з камісарамі, чэкістамі, кіраўнічымі партыйнымі і савецкімі работнікамі. Як злы дэман, ён пакідаў пасля сябе адмысловы крывавы след. Ужо летам 1921 года, камандуючы рэшткамі сваёй арміі, Махно змог выскачыць з пасткі і ўцячы за мяжу, нібыта ў Румынію… Так чуў… Казалі, у 22-м годзе яго бачылі ў Польшчы, адкуль нібыта ён падаўся ў Парыж. Не выключана, што там і цяпер жыве.
Пятро Пісарчук доўга маўчаў, уражаны такім драматычным і трагічным канцом гэтай рэвалюцыйнай, з дазволу сказаць, эпапеі.
– А ці ж гэтага заступнік сялян заслугоўваў? – не то вымавіў, не то прастагнаў ён і звярнуўся да Бога: – Божа-Божа, чые шляхі і чый лёс выпрабоўваеш?!
– А гэта тайна вялікая ёсць! – па-біблейску адказаў Раздзялоўскі і праз нейкі момант працягваў: – Я, браце Пятро, не даў веры той показцы, якую прынёс мне аднойчы, уцякаючы з Расеі, манах – не манах, дваранін і думскі дзеяч Георгій Шачкоў. Пакуты пачаліся ў яго з Пецярбурга. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі, сумуючы па цару, які адрокся ад прастола, ён пеша выйшаў са сталіцы і падаўся ў Валынцава Курскай губерні. Надарыўся кастрычніцкі пераварот, і заставацца ў сваім маёнтку было небяспечна. Шачкоў развітаўся са стогадовымі дубамі і ліпамі свайго любімага парку і рознымі спосабамі дастаў горада Кіева, прыйшоў да родной сястры. Што перажыў там, Божа літасцівы! – Бацюшка пахітаў кудластай сваёй галавой. – Бальшавікі бамбілі Кіеў на працягу адзінаццаці дзён. Потым уцёкі пятлюраўцаў, якія абаранялі горад, бальшавіцкія экзекуцыі, расстрэл тысяч людзей, павальныя рабункі… І зноў Пятлюра разам з немцамі, за імі – улада гетмана Скарападскага, калі люд адпачыў трохі, тады – па новаму заходу – пятлюраўцы. Лук’янаўская турма для двараніна Шашкова, бальшавікі, дзянікінцы… З дзянікінцамі, нарэшце, адступае далей на поўдзень, імкнучыся ў Адэсу. Напалоханы, стомлены, змучаны душой і целам, гэты «недабіты буржуй», калі прыйшоў да мяне, прамаўляў паўшэптам ці то Богу, ці мне: «Бальшавізм, апанаваўшы Расею, ёсць не што іншае, як барацьба з Богам і хрысціянствам…» Вось як.
– І дзіва няма, ойча Георгій, усё на тое паказвае. – Пісарчук палічыў, што святар Раздзялоўскі ўжо скончыў расказ пра бывальшчыну, не такую і далёкую, каб не брала за сэрца, і прыўзняўся ў крэсле, наважваючыся развітацца, але той працягваў:
– Я пацікавіўся ў Шачкова, да знямогі абабітага жыццём чалавека, ці доўга яшчэ бальшавікі з народам у рожкі будуць хадзіць?
– І што ж ён адказаў?
– «Мардаванню рускага народа канца-краю не прадбачыцца». Пры гэтым Шачкоў выцягнуў з кішэні пакамечаныя паперчыны: чытайце, маўляў… Там была прамова Лейбы Давыдавіча Бранштэйна-Троцкага недзе перад зборняй «сваіх». Прачытаў я з дзіўным пачуццём, што ў мяне з-пад ног паплыў кудысьці ўдалеч рэальны свет. Або, калі я жыву ў сапраўдашнім свеце, то гэтага не можа быць наогул! Ад завароту пачуццяў мне хацелася плакаць. І часам думаю: ці было тое наяве, ці мне толькі прыснілася?
– А што ж у той прамове так вас уразіла, бацюшка? – даходзіў сэнсу Пятро.
– Я перакажу… «Мы – а гэта «мы», няйначай, належыць Троцкаму – павінны ператварыць Расею ў пустыню, населеную белымі неграмі. Калі мы выйграем рэвалюцыю, парушым Расею, то шляхам тэрору, крывавых бань мы давядзём рускую інтэлігенцыю да поўнага атупення, да ідыятызму, да жывёльнага стану. А пакуль нашы юнакі ў скураных куртках – сыны гадзіннікавых спраў майстроў з Адэсы, Воршы, Гомеля, Вінніцы – ого, як выдатна ўмеюць яны ненавідзець і знішчаць усё рускае!» Цьфу, нячыстая сіла! – Бацюшка Георгій перахрысціўся.
– А навошта, каб усё гэтак рушыць?
– Мэтай сусветнай рэвалюцыі, паводле Троцкага, было руйнаванне Расеі. Мы, казаў, на пахавальным друзе Расеі станем такой сілай, перад якой увесь свет упадзе на калені. Таму і чыняць тэррор гадзіннікавых спраў майстры, схаваныя пад маскамі. Я чуў меркаванне, што забойства Сталыпіна, як і расправа з царскай сям’ёй – усё іхняя чыннасць. Замах на Леніна споўнены імі двойчы… Ленін ім чымсьці не дагадзіў. Мілей быў той – касмапаліт Троцкі.
– Які жах! І вы ўсё гэта ў сваёй галаве носіце?
– Братка, не толькі ў галаве, але і ў сэрцы. Я выдатна разумею душу рускага Шачкова, ягоны адчай. Не давядзі Госпадзе яшчэ каму-небудзь зазнаць падобнае ліха.
Гэтак разважаючы і вывяраючы думкі, пачуцці адзін аднаго, ні святар Георгій, ні Пятро дасканальна не ведалі, з якіх чалавечых подумак, якасцей, уласцівасцей альбо крытэрыяў зыходзіць, калі даваць веры ў зведанае і пачутае імі. Толькі ж, паводле адной занядбанай цяпер версіі, усё, аб чым яны вялі гаману, ляжала вельмі блізка да праўды, а сама праўда-матухна выглядала яшчэ больш уражлівай. Мала таго што большасць паплечнікаў Леніна былі яўрэі і сам ён з імі – мешанец па крыві. Пасля кастрычніцкага перавароту інтэрнацыяналіст Уладзімір Ільіч аб’яднаў пад дахам расійскай Камуністычнай партыі (бальшавікоў) заведама нацыяналістычныя яўрэйскія арганізацыі; у 1921 годзе, напрыклад, ён уцягнуў туды Яўрэйскі саюз (Бунд), супраць чаго раней рашуча выступаў Пляханаў, слынны расейскі сацыял-дэмакрат, а ў 1922 годзе – не менш яскравы Паалей-Цыён… Сіянізм і бальшавізм з тых дат яшчэ больш перапляліся, і ў рэвалюцыйнай барацьбе за ўладу верх брала ўжо не столькі сацыял-дэмакратая, колькі верх браў сацыял-сіянізм.
Мінуўшчына дае нам падставы меркаваць, што не адна, а дзве рэвалюцыі ішлі побач, утвараючы бясконца бурлівую чырвоную плынь. Рэвалюцыя ў пальчатках, прыхаваная, стоеная, падступная, за якую маліліся дасведчаныя рабіны ў сінагогах… Яна несла на сабе другую, ураганную, якая глабальна пахла потам і салдацкімі анучамі, порахам і крывёю. І паколькі ўсім гэтым яна моцна пахла, то яе не жартам захаплялі вячыстыя і прыгожыя дэкларацыі, бліскучыя лозунгі, ажыццявіць каторыя, здавалася, было справай бліжэйшых дзён. Але так было пастаўлена і на тое ішло, што нават Ульянаў – Ленін пачуваў сябе часам трэскай у шырокай вірлівай плыні, мутнай і крывавай, да якой і сам ён яшчэ дадаваў крыві.
У 1919–1920 гадах сярод прадстаўнікоў аддзелаў Міжнароднага яўрэйскага саюза распаўсюджвалася сакрэтная адозва. Яна друкавалася на мове ідыш і была знойдзена ў паперах аднаго з забітых. Потым яе ў перакладзе надрукавала эстонская газета. Зрэшты, на думку некаторых пазнейшых знаўцаў і тлумачальнікаў гісторыі, гэта паперчына фальшывая, бо названага ў ёй яўрэйскага саюза не існавала. Міф? А ўсё – па Троцкаму.
Сыны Ізраіля! Час нашай канчатковай перамогі блізка. Мы стаім напярэдадні ўлады над светам. Тое, пра што мы маглі толькі марыць, цяпер ператвараецца ў рэчаіснасць. Яшчэ нядаўна слабыя і бездапаможныя, цяпер, дзякуючы агульнаму крушэнню свету, мы горда паднімаем галаву.
. . . . . . . . . . . . . . .
Аўтарытэт і веру чужой нам рэлігіі мы паставілі пад жорсткую крытыку і насмешкі пры дапамозе ўдалай прапаганды і выкрыцця. Мы нізрынулі чужыя святыні, мы пахіснулі ў народах і дзяржавах іх культуру і традыцыі. Мы здзейснілі ўсё, каб падпарадкаваць рускі народ яўрэйскай моцы і прымусіць яго ўрэшце стаць перад намі на калені. Мы амаль дасягнулі ўсяго гэтага…
Расея знішчана дашчэнту. Яна знаходзіцца пад нашым уладарствам. Але ні на хвіліну не забывайце, што мы павінны быць асцярожнымі і маўклівымі.
Свяшчэнны клопат пра нашу бяспеку не дапускае ў нас ні спачування, ні міласэрнасці. Нарэшце-ткі мы ўбачылі жабрацтва і слёзы рускага народа! Забраўшы яго маёмасць і золата, мы ператворым гэты народ у нікчэмнага раба…
Бранштэйн, Апфельбаум, Розенфельд, Штарнберг… усе яны, як і многія іншыя, з’яўляюцца адданымі сынамі Ізраіля. Наша моц у Расеі неабмежаваная. У гарадах, у камісарыятах, харчовых камісіях, дамавых камітэтах – скрозь цяпер прадстаўнікі нашага народа адыгрываюць найпершую ролю. Але не ап’яняйцеся перамогаю! Будзьце асцярожнымі! Ніхто не можа абараніць нас, апроч нас саміх!
Цэнтральны Камітэт Петраградскага аддзела Міжнароднага яўрэйскага саюза.
У нашчадкаў тых псеўдарэвалюцыйных, а часам па-сапраўднаму рэвалюцыйных падзей і часоў застанецца версія, згодна з якой бальшавіцкая плынь, захапіўшыся бліскучымі лозунгамі і сацыяльнымі эксперыментамі, паспрабуе адарвацца ад свайго падчарэўя, якім прадугледжвалася нешта іншае, адрознае ад агалошанай праграмы бальшавікоў. Вось тады Ленін і стане ахвярай тэрарыстычнай атрутнай кулі. Але толькі ўсё гэта нашчадкі ўсвядомяць пасля ўжо, як мінуць даўгія дзесяцігоддзі, крутыя й крывавыя, ды пачне рассейвацца ружовы камуністычны туман.
Пісарчук вяртаўся ад святара дадому, ацяжараны новымі неспакойнымі думкамі і пачуццямі, а пераважала ўсё-ткі радасць, што ён пакінуў урэшце Расею і як-ніяк цяпер вольны гаспадар сабе. Няхай і брыдка, што за Пілсудскім беларусаў таксама ўціскаюць і схільны зжыць са свету, што лічаць Усходнія Крэсы сваёй калоніяй, але ж калі там, у Расеі, ліха, то тут – меншае, і за тое можна дзякаваць Богу.
Як заўсёды, пасля сустрэчы і шчырай, як не сяброўскай, гутаркі з айцом Георгіем Пятро адчуваў сваю душу і розум адкрытымі перад людзьмі і Богам, прасветленымі. Ён пачынаў куды больш разумець у палітыцы, у падзеях, якія мелі месца і якія яшчэ рыхтавала на зямлі славян прышласць. Вядома, яго меркаванні не мог не ўлічваць і сябра камуністычнай спулкі – сын Барыс.