Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 3

Пралог

Оглавление

Восень. Мяккі супакой у шызым сыраватым паветры, і даволі лёгкага подыху ў навакольнай прасторы, каб заварушыліся сцішаныя, дрымотныя галінкі дрэў і, сарваўшыся, паляцела на зямлю з клёнаў і ліп вільготнае лісце, яркае, бы выштукаванае з сапраўднага золата; ад мяккага, насычанага водсвету яго на душы ў прахожых рабілася ўрачыста, утульна. Разам з тым чамусьці нагортваўся сум.

Па сталічным бульвары, засыпаным жаўталісцем, ішлі трое, разам з аўтарам гэтых радкоў. Высокі, станісты, з вусамі, на якія зверху навісала хрыбціна носа, чытаў лірычныя вершы ўласнага вырабу:

Залатая завіруха

Замятае маю скруху

Ды сцяжынкі замятае,

І лісцё на дрэвах тае.


Другі ж, ніжэйшы і таксама зграбны, не быў ні філосафам, ні паэтам, а толькі, як і першы, меў цікавасць да ўсяго – працаваў у навуковай установе геолагам. Абодва – мае прыяцелі; навуковец, праўда, адказваў на сакавітую беларускую мову выключна па-руску. Паэту (яго звалі Лявонам) нічога не абыходзіла перайсці ад лірычных матываў на іншыя.

– Калі прыкінуць, колькі разоў на вяку во гэтак ахвяравальна адгарае і ападае лістота вось з гэтых годных клёнаў і прыгажунь-ліп, то лік падасца не такім і значным. Бо што такое сто разоў лісце апала або – нават пяцьсот! – усклікнуў зварушліва ён. – Пяцьсот ліставеяў ад жыцця нашых продкаў у сярэднявеччы! Якіх-небудзь дваццаць – дваццаць пяць пакаленняў адсыпалася. А там жа ў дзяржаве быў росквіт і, як вядома, прававой мудрасці – больш, чым на долю нам прыпала.

– Але ж, але ж, – пагаджаўся геолаг, які, што казаць, не так багата і ведаў з мінулага краіны, у якой нарадзіўся, як што ў гады ягонай асветы, узмужання не было прынята корпацца ў радаводзе, у гісторыі сваёй зямлі, сваіх продкаў.

Ды Лявон шырыў тэзу:

– Здзіўляе, браце, не столькі розніца ў мысленні, хоць і гэта важна, колькі тое, што адбылося ў характары цывілізацыі наогул. Раней дзяржава дзяржаву гвалтавала – дзялілі і ніяк не маглі падзяліць тэрыторыі. Ці ж не на Гітлеры эпоха падзелу скончылася?

– Не, бадай… Яшчэ не-не дый назіраюцца рэцыдывы. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба, – заўважыў геолаг Максім.

– Магчыма… Толькі ж цяпер час іншых намераў, памкненняў, якія абарочваюцца глабалізацыяй. Над усімі дзяржавамі пачынаюць браць верх ліхвяры, мультыміліардэры, транснацыянальныя карпарацыі, узброеныя найноўшымі інфармацыйнымі і вытворчымі тэхналогіямі. Цяпер менавіта яны здзіраюць скальп з народаў.

– Удакладнім: з якіх народаў?

– З усяго чалавецтва.

– Дапусцім…

– Час чырванаскурых індзейцаў мінуў. Толькі для транснацыянальных кампаній усе людзі – індзейцы з прэрый!

– Так, згодзен, і мы не выключэнне! Мы нават свядома пэцкаем сябе ў чырвоны колер – героі! – адрэагаваў на высокай ноце спадар геолаг. – Я, між іншым, колькі тыдняў нашу з сабой газету. У ёй інфармацыя з амерыканскіх крыніц. Дзейнічае сусветны, так бы мовіць, урад – клуб Бельдэрбергераў, дзе за некаранаванага караля – трыльянер Барух. Клуб валодае львінай доляй багаццяў на нашай планеце, здратаванай хцівасцю. У клубе 63 залатыя галавы і сярод іх адна рыжая – з Расеі. На падыходзе калегі – казнакрады, нуворышы… Як вам гэта падабаецца?

– Э-ей! Мяркую, аднак, што гэта толькі для нас навіна, а там, за акіянам, – сакрэт палішынеля. Тары-бары!.. Бачыце, у які бок свет пайшоў. Цяпер кампаніям, якія трымаюць грашовую плынь у сваіх руках, наогул не трэба валодаць калоніямі. Ім даволі ў той ці іншай краіне выклікаць фінансавы крызіс, а потым ужо, «дапамагаючы», яны прыбяруць да сваіх рук прадпрыемствы, нетры, шляхі зносін, трубаправоды… Сюды, на Беларусь, ужо цягнуцца шчупальцы спрутаў з усходу.

– Шаноўныя! – слухаючы заўзятую гаману, уткнуў і я свой грош. – Ад шкодніцы-глабалізацыі ёсць, бадай, адзін паратунак – з’яднаны народ, яго несмяротная духоўная спадчына! Не выпадкова ж ЮНЕСКА прыняла Усеагульную Дэкларацыю аб культурнай разнастайнасці, якая спрыяе абароне кожнай краінай сваёй самастойнасці, самавітасці – культуры, мовы, калі хочаце, свайго нацыянальнага характару.

– Спрыяе… – Лявон уставіўся на мяне сваім асціста-выпрабавальным позіркам. – Спрыяе… Яно добра, калі ёсць каму спрыяць! А нам, пасля ўсяго, што прарабілі з нашым народам, патрэбна сур’ёзная рэканструкцыя храма духоўнай культуры або, як мовяць палякі, направа быту, чым мы з нашымі маргіналамі ад культуры ніяк не можам заняцца.

І, звяртаючыся да Максіма, паэт прадэкламаваў:

У хворым асляпленні

Мы йдзём да выраджэння.

І скажуць, як аб прусах,

Пра зніклых беларусаў.


– Ці ж не так?.. – спытаўся ён.

– Так-так, – пагадзіўся я. – Да смяротнай шкадобы!

– У мяне ёсць кніга Гумілёва. – Максім прыпыніў крок, разглядаючы яркі, дзівосна сатканы з апалай лістоты дыван. – Гумілёў піша пра старажытныя плямёны, ды не абмінае ўвагай і нас. У беларусах ён бачыць самавітае старажытнарускае, варта толькі падкрэсліць – не расейскае, а наша племя, якое, мала змяніўшыся, сягнула аж сюды, у наша стагоддзе. Яго не закранулі, прынамсі, не згвалцілі і не разубожылі ні татарска-акерманскія орды з поўдня, ні нямецкія рыцары, якім далі запамінальны ўрок пры Грунвальдзе. Я думаю, дарэчы было б сказаць, што і палякі яго не растварылі…

– Так-так, як і расейцы таксама! – жыва падтрымаў нітку размовы Лявон.

– Але ж Гумілёў карыстаецца тэрмінам «пасіянарнасць», што азначае высокі дух, нацыянальны ўздым, перыяд актыўнай творчай рупнасці. Ён падводзіць да думкі, што Беларусь дажыла да сваёй апошняй фазы, ператвараючыся ў старажытнаславянскі запаведнік.

– Адным словам, ад народа, дзяржавы, культуры застаўся гістарычны рэлікт?..

– Амаль што… Пасіянарнасць згасла, як згасае гук закранутай струны.

– Не паверу! – катэгарычна заявіў Лявон. – Яна мо прыціхла? Пэўна! Дый то не сама па сабе. Бо колькі разоў ліхадзеі, ворагі нашы, рэзалі, рвалі тонкія струны, а яны ж узнаўляліся і гучалі па-новаму. Прыгадайце пачатак дваццатага стагоддзя, асабліва рэвалюцыйныя і першыя савецкія гады.

Навуковец Максім глядзеў на паэта ўтрапёным позіркам. Ён, пэўна, радаваўся Лявону і спачуваў, спачуваў і зайздросціў, бо, калі шчыра, сумаваў таксама па нацыянальнай направе, па мове, з якой знаўся ў дзяцінстве і ад якой потым у рускамоўных вучэльнях адвык ды больш не насмельваўся да яе вярнуцца, як і багата хто з беларусаў, пры гэтым Максім пачуваў сябе ніякавата, не тут будзе сказана, бы ў скуры здрадніка. Гэтакае адчуванне ўзрасло, узмацнілася, калі ён вычытаў у Гумілёва, што слова «нацыя», уласна, паходзіць ад лацінскага – нараджэнне, у літаральным сэнсе: нараджэнне мовы і тэрыторыі. От што ёсць нацыя! Таму цяпер, так ці інакш адмаўляючыся ад роднай мовы, ён здраджвае сваёй зямлі, сваёй нацыі, ператвараецца ў маргінала. Гэткае ўяўленне ў яго ішло з падсвядомасці.

Я разумеў сваіх дружбакоў, аднаго і другога, і, калі Лявон, шукаючы лагоды ў душы, чытаў свае вершы, мне раптам легла на думку, што тэма нашай гутаркі заўжды была блізкай і зразумелай багата каму з беларусаў, хвалюючай і балючай. Нездарма ж вядомы ваявода і дзяржаўны дзеяч сярэднявечча, публіцыст і, пры ўсім, стараста Оршы Кміта-Чарнабыльскі ў сваіх лістах да суайчыннікаў закранаў уласцівае ім прастадушша, памяркоўнасць, залішнюю даверлівасць і недаацэнку небяспекі з боку хіжых суседзяў. Уважаючы на гэта, ён усклікваў: «Ото, государю пане, от таковых бед люди топятса! Ото с таковых нендз давятса! Ото с того в неволю даютса!»

Тэма нязжытая, нязношаная, яна па-свойму будзе адлюстравана ў мастацкай тканіне твора і, спадзяюся, не пакіне раўнадушнымі чытачоў. Няхай бы!

А Лявон тым часам чытаў:

Бывае, што неспадзяванку

Ці то ўвечар, ці то ўранку

Боль ціха сэрца працінае

І сэрца весці пачынае

З табою даўнюю гаворку.

І мне тады бывае горка…

. . . . . . . . . . . .

Зямлі маёй крыжы і крылы,

Вас столькі многа, што хапіла б

На больш вялікія дзяржавы!..

Хто сёння мы? Дзе наша слава?


Пакутны век. Трылогія

Подняться наверх