Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 7

Кабала
Кніга першая
4

Оглавление

Можа падацца дзіўным, але ж на светапогляд Барыса і ўспрыманне ім жыцця, апроч бацькоў, свой пэўны ўплыў зрабіў таксама і памешчык Раман Скірмунт, дабрадзей, дзівак і, бадай, непапраўны рамантык, які жыў паблізу, у вёсцы Парэчча.

Пра Скірмунтаў у гэтым кутку Беларусі сама зямля-матухна распавядае чалавеку, як ён толькі народзіцца. Бо радавод Скірмунтаў ідзе ад часоў гістарычнай беларускай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага – і сваімі каранямі сягае недзе аж да яцвягаў і люцічаў. Гербам старажытнага роду ў іх быў разгалісты дуб.

А цяпер галіны гэтага дуба засталіся ў Моладаве і ў Парэччы. Тыя і гэтыя Скірмунты між сабою былі стрыечнымі братамі і сёстрамі.

Дзед Рамана Скірмунта Аляксандр у свой час быў буйным магнатам. Ён заснаваў у 1836 годзе ў маёнтку Парэчча над Ясельдай рэдкую для тагачаснай феадальнай краіны фабрыку, на якой выраблялі сукно. Праз два-тры дзесяцігоддзі фабрыкант Скірмунт пабудаваў яшчэ і цукровы завод. Меў ён таксама сыраварню, паравы млын… Такім чынам, звычайная вёска Парэчча ператварылася ў прамысловы цэнтр, робячыся ўзорам у развіцці капіталізму на гэтай блаславёнай славянскай зямлі. Пісарчукоў сын Барыс, дарэчы, добра ведаў, што такія багатыя і прыкметныя асобы, як Аляксандр Скірмунт або ягоны сын Аляксандр, а потым і ўнук Раман, іншыя яго сыны і ўнукі, у Савецкай Расеі не ў пашане і лічыліся найпершымі ворагамі. Там буржуі ліквідаваны як клас. Не толькі яны, нават уся царская сям’я палегла. Барыс ведаў пра гэта. Але ў душы ён не адчуваў ні жалю, ні болю за тыя ахвяры. Нібы самі сябе яны асудзілі на смерць, і чынны шпаркі ход падзей не пакідаў ім аніякага іншага выйсця. Такія жорсткія ўмовы прадвызначала людзям камуністычная ідэалогія, да якой ён таксама схіляўся.

Адно толькі дзед Рамана – Аляксандр Сымонавіч – памёр сваёй смерцю, ён памёр якраз у тым годзе, калі нарадзіўся Ленін. Тады яму было 72 гады. Пакінуў пасля сябе шэсць сыноў, дзве дачкі. Ён падзяліў паміж імі фартуну: бацьку зусім яшчэ малога Рамана – Аляксандру – дастаўся маёнтак Парэчча, а бацьку Канстанціна і Генрыка – Генрыку – маёнтак Моладава… Раман выйшаў у людзі акурат на вяршыні славы парачанскай вытворчасці сукна, аднак выраб тавару яго не так захапляў, як палітычная дзейнасць, дый пасля 1915 года, калі засталіся ўсяго толькі разваленыя сцены ад фабрыкі, Раман больш не бачыў магчымасці яе аднавіць. І тут справядлівым будзе зазначыць, што вядомасць у сваім краі, у супольнасці тутэйшых людзей, а ён любіў называць сябе тутэйшым, Раман Скірмунт набыў ужо дзякуючы не столькі парачанскаму спадчыннаму капіталу, колькі ўдзелу ў грамадскім і палітычным жыцці. У Моталі ж яго ведалі як дэпутата 1-й Дзяржаўнай Думы Расеі.

Яшчэ са студэнцкіх гадоў у Пецярбургу ён шукаў дружбы ў нацыянальна свядомых беларусаў, а неўзабаве і сам згуртаваў вакол сябе патрыётаў сваёй зямлі. Яны заснавалі ў Менску вясной 1917 года Беларускі нацыянальны камітэт, што стаў першай ластаўкай на шляху самавызначэння беларусаў. Скірмунт сабраў і правёў улетку гэтага ж года сялянскі з’езд. Так ці інакш ён закладваў падмурак для Першага Усебеларускага з’езда, скліканага па нацыянальных пытаннях у снежні 1917 года.

Багата што з памянёнага заставалася ў памяці мясцовага люду, у памяці прасветленай і пакуль яшчэ не зашэрхлай ад часу. Зрэдку з нейкай там нагоды гісторыя ўзварушвалася рознымі даходжымі людзьмі, выклікаючы неадназначныя меркаванні і спрэчкі ў мотальцаў, пераважна яўрэяў, якія вызначаліся адмысловай палітычнай дасведчанасцю. Гутаркі шырокага плана вяліся і ў бацькавай хаце, найчасцей – пры ўдзеле Лазара ці Абка, што жылі на адной з Пісарчукамі вуліцы. Вядома ж, увага і прыцэл мясцовых мысляроў былі найперш да памешчыка Скірмунта, бо, як вядома, пры ўсіх сваіх палітычных узлётах і няўдачах, можа, нават падзеннях, Раман Скірмунт заставаўся іхнім земляком і суседам. Таму і выказваліся пра яго шмат, прычым мотальскаму люду цікавым падавалася тое, што са сваімі слугамі і сялянамі знаны ў свеце пан заўжды размаўляў на беларускай мове, якой іншыя паны грэбавалі.

У дзень перад Спасам, асядлаўшы каня, Барыс Рамановіч падаўся паўз гумны на аселіцу і адтуль – на дарогу, што тонкай ніткай прашывала і лес, і вёску Моладава, вілася ўздоўж Ясельды, а потым праз новы лясок выводзіла на Парэчча. Як бытта нашаму купцу-малайцу Барысу рупіла паглядзець у бліжэйшых вёсках на крамы, паглядзець на тавар, параўнаць асартымент і цэны з мотальскімі цэнамі. Бацька ж, акрамя таго, прасіў Барыса наведаць у Парэччы перакупшчыка Клямку ды пацікавіцца ў яго, на якіх умовах ён бярэ мёд для вывазу на пінскі рынак і далей, у Польшчу. Сам гаспадар Пятро не меў асабліва часу, каб ездзіць ды вывучаць рынак, дый, праўду казаць, не любіў ён гандлярскага клопату.

Конь пад Барысам ішоў то машыстым крокам, то бег трушком, і думкі хлопца скакалі, пераносячы яго штораз на вечаровую мотальскую зборню. Там, у асяродку бойкіх жаніхоў ды харашунь-нявест, было ўдосталь вясельнага клёку.

У прыпеўках і песеньках, з якімі дзяўчаты завіхаліся ў танцах, чуліся імітацыя жальбы, скрухі, а разам і цнатлівая гарэзлівасць. Барыс карыстаўся не абы-якой увагай маталянак, і таму многае, пра што яны спявалі, здавалася скіраваным проста да ягонага сэрца, кранала мілагучнасцю, шчырасцю:

Ой, скакала на таку

Ды на беленькаму,

Выплакала чорны вочы

Ды па міленькаму.


Ад пільнай увагі дзяўчат ягоны настрой нявесціўся і злёгку кружыў яму голаў.

Пры пад’ездзе да Парэчча Барыса нагнала пралётка. Яна выскачыла порсткім трушком з гаю. Наш купец збочыў і прыпыніў свайго гнядога, каб прапусціць пралётку; сам ён не надта спяшаўся, дый цікава было паглядзець, што за важная птушка ездзіць па ўзбярэжжы Ясельды на рысорным вазку. Як глянуў – па целе прайшла і шыбанула ў твар гарачая хваля: па ўсіх прыкметах сядзеў на рысорах сам Раман Скірмунт. Так, гэта ён, адукаваны і дасціпны чалавек, гаспадар маёнтка, як і ўсёй навакольнай прасторы.

Расказвалі пра яго, што вось так нечакана, толькі пеша з’явіўся ён аднойчы за спінай у мужыка, які, забраўшыся ў панскі гай, стаяў каля пня і палкай адбіваў губу для крэсіва. Пан знянацку хапіў яго за плечы, прыўзняў і шпурнуў убок:

– Прэч адсюль! Не палохай сваім стукам коз.

Строгасць уладара, аднак, нядоўга бянтэжыла хлопца, наадварот, яна надала яму вясёлай энергіі:

– Дзень добры, паночку!

Пан прыпыніўся.

– А чаму гэта малады чалавек так утаропіўся ў мяне?

– Дзіва ж! Бачу яснавяльможнага пана, у якога мой бацька неяк эліту ячменю купляў.

– А хто ў цябе бацька?

– Пятро Пісарчук… З Моталя…

– А-а, гэта які вярнуўся з Расеі? Прыгадваю, твой бацька – селянін дасведчаны, учэпісты. Ён і цяпер пчалярыць? І поспех мае?

– Мае… А вы, баюць людзі, сенатар, у Варшаве, палітыкай займаецеся. Ніяк не чакаў сустрэць вас тутака.

– Сапраўды, у сваім маёнтку цяпер рэдка бываю, на жаль, – пан уздыхнуў.– А ты куды едзеш?

– Нявесту шукаю, – адказаў Барыс акурат у тон пану.

– То злазь з каня, сядай побач. Разам паедзем нявестаў шукаць. Я ж у халасцяках засядзеўся таксама.

Барыс ведаў, што Скірмунту ўжо каля шасцідзесяці, але на выгляд ён быў маладжавы, меў энергічны позірк, востры, дапытлівы. Толькі ж і на твары Барысa – тая ж дапытлівасць. На ласкавае запрашэнне пана ён не прымусіў сябе доўга чакаць, саскочыў з каня, падвёў яго да пралёткі і зачапіў павадок аброці за дужку ззаду, сеў побач. Той торгнуў лейцы:

– Дык як жыве здавён-даўна вольны мотальскі люд у крэсах польскіх? Славіць Бога?..

– Пан дазваляе сабе жартаваць? Э-эх… Пакутуе люд. Волі мала, зямлі мала, грошай мала. А падаткаў – зашмат. Пілсудскі – узурпатар, дармо што ён з-пад Вільні і, кажуць, беларус.

– А ведаеш: мой брат Костусь з Моладава… Дзіва: хто ён? Выкшталцоны поляк! Міністрам у Пілсудскага служыць.

Барыс не мог падтрымліваць надта высокую тэму гутаркі, таму павярнуў у свой бок:

– Цяпер багата хто глядзіць на ўсход, дзе зямлі і ўсяго болей. Бальшавікі ўтварылі вольную рэспубліку. Вось і нам далучыцца б да БССР!

– Тп-пру! – спыніў пралётку памешчык. – Шо ты чаўпеш?

Пан шокаў зазвычай.

– На шо маніць? На крыві ўчынена, на слязах замешана твая новая рэспубліка! Хм, калі ты нарадзіўся?

– У год, калі Расея ваявала з Японіяй.

– Г-хм… Вісус! Правільней было б казаць: бальшавікі захапілі вольную народную рэспубліку!.. Нягоднікі! Аднак адкуль табе ведаць?..

– Чаму ж, я ведаю… Пры вашым, пане, удзеле была ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка – буржуазная, як пісалася ў савецкіx газетах. Яна для буржуяў… Так, – і Барыс сумеўся, чуючы штосьці штучнае і несамавітае ў сваіх меркаваннях.

– Буржуазная?.. Але ж гэта не ёсць аргумент і не ёсць вызначэнне сутнасці. Мана! План быў іншы. Урад БНР на чале з Захаркам і цяпер дзейнічае на эміграцыі. Ён адзіны законны ўрад Беларусі. Но! – зноў торгнуў лейцы. – Паехалі… Калі на тое, малады чалавек, я павінен табе растлумачыць, шо на час кастрычніцкага перавароту на Беларусі жылі ў асноўным сяляне і ніякіх камуністаў не было, больш за тое, сярод месцічаў пераважалі не люмпены і зноў жа не беларусы, а тыя, хто сюды ў пошуку хлеба і чыноў прывалокся з Расеі, багата яўрэяў. Горад ігнараваў нашы нацыянальныя клопаты. Пра нацыянальнае зазвычай дбае карэнны люд або ягоная інтэлігенцыя, вылюднелая, дасведчаная, абагачаная далучэннем да культуры свету. Глянь!..

Пан устрапянуўся і сепнуў лейцы: лясную дарогу спаважна пераходзіў лось.

– О-о! І колькі ў ім грацыі, як высока трымае голаў! Сапраўдны гаспадар у абшары над Ясельдай!

– Так, пане… – Барыс не знаходзіў слоў, каб выказаць захапленне як зверам, якога раней не бачыў, так і самім панам.

– Но… – кінуў свайму каню той і доўжыў далей перапыненую гутарку. – Гэтак ужо склалася ў нашай гісторыі, шо карэннае насельніцтва не робіць ніякага ўплыву на палітыку. У той жа час толькі яно, карэннае, захоўвае нацыянальныя традыцыі і мае патрэбу ў сваёй абароне. Першымі, чуеш, за беларускую справу ўзяліся, калі не казаць пра пецярбургскія гурткі,– Беларуская сацыялістычная грамада і газета «Наша ніва», дзе групавалася наша інтэлігенцыя – інтэлігенцыя як субстанцыя або тое, шо спалучае мазгі і сэрца народа. Колькі спрэчак было… Хісталіся, блукалі, рабілі пралікі. Дзіва! Стукаліся мы лоб аб лоб, як шо псіхалагічна былі прывязаныя хто да расейскага, хто да польскага боку. Вельмі баяліся выпрастаць спіну. Самастойнасці баяліся. От шо было! А ведаеш, пачынаючы з 1906 года, колькі разоў я спрабаваў стварыць беларускую дэмакратычную партыю? Тады яе краёвай называлі… Сацыялісты стаялі ўбаку. І кожны раз кіраўніцтва ёю перахоплівалі палякі. Нашай мэтай, пане-браце, якраз і было ўваскрэснуць, вылепіць сапраўды народную незалежную дзяржаву, якой нас даўно пазбавілі. Па семнаццатым годзе і зляпілі. Паадчынялі шмат беларускіх школ, знайшлі сродкі, каб адкрыць свой нацыянальны універсітэт. Мур заклалі чын- чынам. Энтузіязм чуўся ў працы. І тады ўжо не немцы, а бальшавікі абрынуліся на нас, безабаронных, мятых, змучаных вайной. Шкада… Шкада, браце мой, без дзяржавы мы нішто. Дзяржава абараняе нацыю, клапоціцца аб развіцці яе адмысловай культуры, усяго, што ёсць людскага. А бальшавікі,– пан уздыхнуў,– бальшавікі – за аб’яднанне пралетарыяў у статак. Без дзяржаўных межаў. Без пракаветнага, культурнага, самавітага, узвышанага, што робіць з людзей народ.

Ён зрабіў паўзу, перш чым перайсці да наступнага моманту ў сваіх дэфініцыях. Барыс уважліва слухаў.

– Мы ж не Фінляндыя, шо недзе з краю Расеі, збоку прыпёку. А Фінляндыя вырвала незалежнасць! Мы ў самым цэнтры матухны Еўропы, у зручным для ліхадзеяў месцы, таму і інтарэс у расейцаў да нас воўчы. Таму і ездзяць па нашай хрыбеціне, шо жалю варта. Але ж у семнаццатым годзе мы паймелі гонар, заварушыліся. На нашым баку быў закон, была справядлівасць, якой вымагала гісторыя. Нас неўзабаве прызналі дзяржавы. Адно, братка, не выстарчыла сілы, каб абараніцца ад варвараў гэтага паноўленага веку. Не склалася. А цяпер, пане, ці можаш ты мне сказаць, шо ў той нашай палітычна і культурна самавітай рэспубліцы селяніну жылося б горш, чым жыве ён за Саветамі? Не думаў пра гэта?..

– Не, светлы пане, вашы думкі для мяне зусім новыя. Шчыра кажучы, я з іншых.

Скірмунт уважліва паглядзеў на яго:

– Ты камуніст?

Барыса кінула ў жар, чырвань выступіла на твары.

– Віншую! Не чакаў, аднак, шо і ты з імі. Э-ей… Камунізм – не шо іншае, як псіхічная містэрыя. Яна запаланіла Расею, і не толькі Расею. Бальшавікі нацкавалі рабочы клас на буржуяў, а потым і на палітычную апазіцыю – так званых белых. Вайну супраць спрадвечнага ўкладу жыцця і духу народа назвалі рэвалюцыяй. А які ж буржуй з заможнага селяніна ці святара? Іх таксама амаль знішчылі. Вось я буржуй. Па ўсіх канонах! Так… Але ж ці ведаеш ты, шо мой дзед, перш чым стаць капіталістам, доўга вучыўся ў Еўропе, набыў тое, шо завецца еўрапейскай культурай, набыў веды інжынера, тэхнолага. Пры гэтым ён даражыў сваёй радзімай, зямлёю, родам. І нявесту знайшоў не за морам, а тута, непадалёку ад Янава, у маёнтку Варацэвічы. Маёнтак належаў тады інжынеру-фартыфікатару Міхалу Орду. Дзед ажаніўся з яго дачкой Гартэнзіяй, сястрой Напалеона Орды… Чуў пра такога?

– Чуў. Музыка, мастак…

– Мастак, ды яшчэ які! Любы народ ганарыўся б тым, што ён, вандруючы па краіне, знайшоў, схапіў, адлюстраваў. Шчырай, чыстай, як сляза, і высакароднай душы быў чалавек!

– Я ведаю, дзе ён пахаваны. Аднаго разу быў там.

– Прыемна чуць!.. О, гэта прыроджаны патрыёт і дэмакрат. І – дэмакрат! Сімпатызаваў паўстанцам у 1830–1831 гадах і ў 1863–1864 гадах. Садзейнічаў ім. Дзеду майму ён даводзіўся сваяком і, па праўдзе казаць, сваяком не толькі па шлюбу Аляксандра з Гартэнзіяй. Нешта большае лучыла іх. Пэўна, веліч і моц духу. – Памешчык зрабіў паўзу, каб знайсці канец раней выказанай думкі.– Дык вось, дзед прывёз у Парэчча разам з тэхнікай, станкамі, машынамі інтэлектуальны капітал, найперш – яго, і адкрыў суконную фабрыку. А на думку марксістаў, адно, чым Скірмунт займаўся, дык гэта эксплуатаваў рабочых. Спрошчаны і вульгарны падыход, малады чалавек! Аляксандр, сын Сымона Скірмунта, выступаючы арганізатарам вытворчасці, стварыў рабочыя месцы для сялян, якіх папярэдне вывучыў. Дарэчы, Аляксандр Скупеўскі, калі хочаш ведаць, з сялян. А ён працаваў фарбоўшчыкам, затым вырас у тэхнолага і стаў кіраваць усім прадпрыемствам! Прыкладаў шмат… Скірмунт як-ніяк даў дзяржаве найлепшае ў свеце сукно. Скірмунт, нарэшце, плаціў падаткі і таму, можна сказаць, пастаянна дзяліўся прыбыткам з дзяржавай, мацуючы тады расейскую эканоміку. І рабочых не крыўдзіў, разам з імі ператварыў завод у акцыянернае таварыства, дзе кожны атрымліваў долю ад прыбытку. Будаваў для рабочых дамы, аплачваў кватэры. Па сённяшні дзень у Парэччы працуюць бясплатныя лякарня і народнае вучылішча… Без падтрымкі буржуя іх не было б.

Барыс маўчаў, прысаромлены і ўражаны. Так уразіла б яго, напэўна, калі б пан Скірмунт раптам дастаў з-пад сядзення пралёткі і пачаў ірваць тоўстую кнігу, на якую камуністы моляцца, – «Капітал» Маркса. На шырокім і гладкім ілбе ў Барыса выступілі кропелькі поту. Ці сведчылі яны пра пэўны заварот чалавечых уяўленняў, пачуццяў, ранейшых і сённяшніх, пра тое, што пачуцці яго супярэчылі адно аднаму, скрыжоўваліся, ламаліся?.. Адно пры гэтым ён намагаўся заставацца спакойным.

– Пане Раман, тое, пра што я спытаюся, можа прагучаць недарэчна, – сказаў ён, – але адкуль гэта вы і я – мы, тутэйшыя беларусы, узяліся?

– О, бачыш! – Памешчык задаволена ўсміхнуўся, каля вачэй сабраліся і зноў разгладзіліся маршчынкі.– Які ты цікаўны… Калі б я быў папом або рабінам, адказаў бы: ад Бога пайшлі! Жыды так і адказваюць, маўляў, яны ад Бога… Пытанне няпростае. Слова «русь» увогуле стараскандынаўскага паходжання. У часы вікінгаў «русть, або рость» азначала: грабец, вандроўнік, чалец марской дружыны. Калі ж найменне пускаецца ў вандроўку, яно нярэдка страчвае той ці іншы гук, літару. Так і «русть» страціла «т» і ператварылася ў «русь». Тым часам калоніі паўночна-еўрапейскіх грабцоў запачаткаваліся ў Даніі і на востраве Руген, дзе ў асноўным жылі славяне. Датчане пачалі зваць гэты востраў Русінам. У самой Даніі гаспадарыла Русь. Такая версія, у якую хочаш вер, хочаш не вер, але і больш бездакорнай я пакуль шо не ведаю.

Падобна было, што Рамана Скірмунта той шчыры Барысаў інтарэс да назвы краіны не захапіў знянацку. У добрым настроі пан расказаў яму пра Палабскую Русь – краіну славян, што ў пятым – шостым стагоддзях ляжала паўднёвей ад Ругена, на мацерыку, у даліне Лабы – Эльбы – і адтуль цягнулася на ўсход, да самага Одэра. Яе сталіцай быў Старагорад, што ў немцаў цяпер Ольдэнбургам завецца. І, што паказальна, казаў палагоднены пан, да Палабскай Русі адносіліся таксама лужыцкія сербы.

– А шо далей?.. Мой дзед Аляксандр, калі вучыўся ў Германіі, зацікавіўся лужыцкімі сербамі, у іх за галоўнае места быў горад Берлін… Яны і цяпер не звяліся. Дзеда захапіла падабенства мовы лужыцкіх сербаў з мовай нашых мужыкоў, беларусаў,– сваякі! Сербы… сорбы… сябры – словы, а значэнне адно. Недзе нашы з імі шляхі-дарогі перакрыжоўваліся, недзе была агульная пупавіна. А тута, – кінуў рукой наўзбоч, – у часы Герадота гаспадарыла кельцкае племя неўраў. Неўры пакінулі пра сябе памяць у назвах Клецк, Галацк, Арэса, Дрыса, Пліса, Уса, Наўра, Нёман, Нярыс – шмат слядоў. Пасля неўраў нашы прасцягі занялі плямёны зноў жа славянскага кораня – дрыгавічы, крывічы, радзімічы… Чуў? Вось толькі пра іх мову, чым яна адрознівалася ад нашай, не скажу табе, малайцу, бо сам не ведаю. Жылі тут таксама плямёны, якія ў дзевятнаццатым стагоддзі пачалі звацца балтамі – жмудзіны, аўкшайты, латгалы, яцвягі, куршы, зямгалы, селы… Яны ўрэшце былі выцеснены туды, адкуль і прыйшлі, альбо растварыліся ў мясцовых плямёнах. Поўнай карціны няма. А вось Палабская Русь, у прыватнасці, частка лужыцкіх сербаў, парусаў, альбо прусаў, рушылі сюды, у нашы землі, паколькі на іх з перанасычанага насельніцтвам захаду пачалі ціснуць германцы. Аселыя і ціхамірныя тутэйшыя плямёны параўнаўча лёгка паддаліся ўплыву гасцей. У сваім гаспадарчым і культурным развіцці тыя былі мудрэй ад іх, дый то казаць – прускі кароль Міндоўг прывёў з сабой вялікую літву, гэта значыць дружыну – трыццаць тысяч палабскіх рыцараў, закутых у латы. Сіла!

– Во дзіва было! – усклікнуў Барыс.

– Шо яшчэ?.. Да з’яўлення Міндоўга шлях сюды, у Полацкае і Тураўскае княствы, на Берасцейшчыну, Мазыр, Сураж, пракладвалі з Прусіі ваяўнічыя князі Кернус, Мінгайла, Рынгольт – бацька Міндоўга, а таксама князь Скірмунт, ад якога мой род.

– Што вы кажаце?!

– Шо чуеш… Расейскі гісторык Салаўёў, вывучаючы летапісы, зазначыў: на пачатку дванаццатага стагоддзя зафіксавана каля трох дзесяткаў налётаў «літоўцаў» на Полацкае княства. Тыя налёты й скончыліся ўрэшце на Міндоўгу. На ўтварэнні тут новай Русі, шо стала звацца Літвою. Мой дзед называў палабскіх славян каланістамі. Каланісты змяшаліся з мясцовымі плямёнамі і рэшткамі балтаў. Вось табе повязь плямёнаў, у якой галоўную скрыпку ўжо гралі прышлыя на чале з Міндоўгам. Яны і заснавалі Вялікае Княства Літоўскае і Рускае са сталіцай у Наваградку, потым – у Вільні. Уяўляеш?.. Нас часам называюць продкамі русаў. Мы стварылі краіну, сфарміравалі народ, за які і сёння нікому не сорам. Адно на ўсход і на поўдзень ад нас жылі маскавіты і русы… русы таксама – на землях Украіны. Царква у нас была адна – руская. Толькі там ужо іншыя варункі гісторыі.

Барыс слухаў сцішана, раскрыўшы рот: гэтак глыбока чалавек залез у мінуўшчыну! Ажно дух захоплівала. Не ўсё проста ўкладвалася ў памяці.

– Расейскія землі засялялі мала цывілізаваныя плямёны фінска-цюркскага паходжання. І яны спакваля паддаліся славянскай каланізацыі. Яе распачалі з Ноўгарада палабскія славяне з вядомым князем Рурыкам з Любека, а паўднёвей моцны ўплыў аказала Кіеўская Русь, ад якой маскавіты і перахапілі назоў – Русь. Зрэшты, у Расеі на ўсё гэта напушчана шмат туману, – тлумачыў пан, – няхай яго пярун растрасе! Імператрыца Екацярына II паставіла перад сваімі вучонымі задачу: перарабіць на паперы мінуўшчыну на карысць Расеі. Хіжая імперыя адсекла ад нас памяць, збэсціла гісторыю, замяніла ў ХІХ стагоддзі назву Літва на «Белоруссия», а потым наогул – на Паўночна-Заходні край.

– А што, пане Раман, і Літва славянскім племем была?

– Ды не, Барыс – Пятроў сын, як ні дзіўна, у гісторыі ўсё пераблыталася… А ты, напэўна, пра сучасную Літву?..

– Так.

– На тыя даты, калі мой далёкі продак хадзіў на ўсход, Лютвою, або Літвою называлі палабскае ваяўнічае племя люцічаў, якое межавала з лужыцкімі сербамі. Ёсць меркаванне, шо тая Літва перапаўзла па ўзбярэжжы Балтыйскага мора ў Прусію і трапіла пад уладу Міндоўга. Таму Міндоўг, каланізуючы далей разам з Літвою ўсходнія землі, і назваў дзяржаву Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім, уважаючы на разлеглую Палабскую Русь. Да ВКЛ потым дадалося яшчэ і слова «Жамойцкае», гэта калі ў 1411 годзе Жамойцію, пра якую ты спытаўся, далучылі да Вялікага Княства… Толькі ў 1918 годзе яна прыгарнула сабе згубленую намі назву «Літва».

– Дзякуй… Гэтак багата вы мне патлумачылі. Па досведу – ведах святлейшы пан, пэўна, заткнуў бы за пояс прафесара!

– Так… Жалю варта, але ж у польскай і расейскай навуках мала якіх прафесараў гэта цікавіць.

– І ўсё ж: чаму назвалі наш народ гэтым словам – беларусы?

– Любіш ты, вольны казак, да сэнсу даходзіць! – ухвала і дакор чуліся разам у голасе пана. – Не ведаю, чаму, але Белай Руссю і раней зваліся землі ўсходняй часткі нашай краіны. Вядома і тое, што ў Масковіі ў сівыя вякі было слова «белорусец». Гэтак звалі там ліцвінаў і, магчыма, казакоў захопленых у палон, калі тыя рабіліся вернападданымі. Вось, адштурхнуўшыся адтуль, ужо ў часы Пушкіна, Гогаля, пэўна, і далі нам назву. Альбо не?..

Пралётка неўзабаве прывезла іх да маёнтка – велічнага гмаху на два паверхі. Пры маёнтку быў велічны парк. Скірмунт перадаў пралётку ў рукі прыслугі і прапанаваў госцю невялікую прагулку па ўходжаным парку:

– Я мушу закончыць нашу гутарку. Мне зразумелыя памкненні, настроі ўсіх беларусаў Крэсаў Усходніх, іх мары пра лучнасць. Калі па жывому раздзёрта краіна, каму не баліць? Але ж я буржуй, і маё месца, даруй, пане-браце, пад лаўкай – там, каб баяць байкі і трызніць гісторыяй. Такое ў мяне новае становішча, хоць мяне і лічаць палітыкам. Цяпер я адначасова – дома і ў эміграцыі.

У словах пана пачувалася ўдаўнелая горыч.

– Цяпер прабіў час такіх палітыкаў, як Браніслаў Тарашкевіч – вучоны, не эксплуататар, не чужак, малады, таленавіты, выдаў першую граматыку беларускай мовы. Ты што-небудзь чуў пра яго?

– А як жа! Тарашкевіч заснаваў Беларускі пасольскі клуб у сейме. Сябры клуба моцна крытыкуюць польскі ўрад за парушэнні законаў дзяржавы, адстойваюць правы беларусаў. Да Моталя тое-сёе даходзіць. Газеты чытаем.

– То і добра. У кожнага месца ёсць свой дух. І я там штаны праціраю, – пажартаваў Скірмунт з ранейшай сумнай усмешкай. – Не давялося, аднак, паслужыць сваёй зямлі, свайму народу, ну, скажам, так, як таго хацелася б, – і ў наступны момант сенатар падаў яму руку на развітанне: – Паклон Пісарчукам! Скажы бацьку, шо я шкадую сялян і зычу ўсім-усім поспеху, табе, вісусу, – таксама. Адно: не ў разбурэнні жыцця! Тым часам.

Барыс вяртаўся дадому з багатымі ўражаннямі ад новых знаёмстваў у Парэччы, а найбольш – ад сустрэчы твар у твар з тыповым «класавым ворагам», які тым не менш даў яму ўрок прастаты і вытанчанасці, аб’ёмнага бачання грамадскіх з’яў і працэсаў, да якіх ён самахоць спрабаваў далучыцца ў Расеі.

Пакутны век. Трылогія

Подняться наверх