Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 18
Кабала
Кніга першая
15
ОглавлениеГанна даіла кароў на аціхлым падворку, ёй памагала Маня. Гэта была вечаровая дойка, і быў момант, калі сонца, што завісла за сінімі хмарамі, афарбоўвала ў мяккую чырвань серабрыстыя краявіны. Пурпур пакідаў на душы і захапленне, і трывогу.
Насоўваліся прыцемкі. З возера чулася рэдкае спатоленае гагатанне гусей, яны збіраліся ў гурт і, валюхаючыся, кіравалі да сваіх падворкаў. І цурчэла малако. Струменіла і білася аб даёнкі. Малако – дарунак, які ўсе любяць, і Маня таксама, балазе з сырадою вырабляецца багата ўсялякіх прадуктаў, наталяючых душу і страўнік.
Малако ў Ганны цурчэла доўгімі струменьчыкамі, у Мані – кароткімі, хоць Маня і старалася ўсё рабіць, як маці. Пагладзіўшы вымя ў Лыскі, яна абмыла цёплай вадою саскі, выцерла іх белым зношаным фартухом і, прысеўшы на дыбачкі так, што даёнка ўпакойвалася ў яе між каленяў, хапала ў жменьку то адзін, то другі набрынялы малаком пругкі сасок, сціскала жменьку, адначасова адцягваючы яе ўніз, – з-пад рукі ляцеў у даёнку белы струменьчык. Цыр-р-р, цыр-р-р, цыр-цыр… Пахла цёплым сырадоем. А Лыска ціха пахрумствала – жавала жуйку.
Дзяўчынцы гэтак хацелася не адставаць ад маці, але ж у Ганны далоні шырэйшыя і ў кулаку моцы больш: цыр-р-р, цыр-р-р-р… Бойка струменіла малако.
Мані нічога не заставалася, як упохапкі заціскаць у сваіх кулачках саскі: цыр-цыр, цыр-цыр…
– Не спяшайся, доню, – падала голас Ганна, – так і стаміцца нядоўга, дый Лыска любіць, калі з ёю спаважна абыходзішся.
– Я ведаю, мама…
А на зямлі, крыху воддаль ад Мані, ляжала свежая чорная пляма – дзед Пятро з сынам Паўлам надоечы смалілі вепрука.
Вогнішча ад саломы клубілася белым дымам і ў сваім асяродку было чырвоным і вабным, як і гэтыя сінія хмары, падпаленыя сонцам. Гаспадары, бацька з сынам, саскрабалі чорны нагар. З-пад яго ж спакваля вызвалялася падсмажаная шкурка залацістага колеру. Яна песціла вока і заўжды ўносіла нешта святочнае ў Манін настрой, ды, мусіць, і не толькі ў яе. Адно, што на гэты раз дамешвалася смуткам, на краіну пагрозлівай навалаччу насоўвалася вайна, і парсюка закалолі, не чакаючы прымаразкаў.
Цыр-цыр, цыр-цыр… Цудоўная песня сядзібы! У Мані пачыналі ўжо нямець і паколваць іголачкамі ступні ног, бо сядзела дзяўчынка ў нязручнай позе.
Яна паварушылася, каб трохі размяць ногі, ды як бы незнарок спыталася:
– Мам, а хто там сёння ў дзеда? Госці?
– Напэўна… А што табе рупіць?
– Дзедусь пазавешваў шторамі вокны…
– Значыць, там у іх будзе патаемная вячэра. Цяміш? – Маці ўсміхнулася. – Ну, каб у сінагозе не даведаліся, што жыды тут свініну ядуць і п’юць гарэлку…
– Вось табе і маеш!
Цыр-цыр, цыр-цыр… Які дзіўны свет! Некаму забараняецца есці свініну.
– А пра што яны гаварыць будуць? – спытала, млеючы ад цікаўнасці, Маня.
– Будуць… Пра нештачка… Я ўжо падаіла сваю. – Ганна адарвалася ад вымя і ўстала на ногі.– Цяпер табе памагу, бо ты ўсё роўна чыста не выдаіш. Ідзі ўжо – бачу, куды цябе цягне! Адчыні толькі варотцы шырэй, няхай з возера гусі заходзяць.
Маня, адораная вольнаю воляй, падскочыла ад радасці. Яна ў адзін міг справілася з даручэннем – расчыніла варотцы і наступны момант ужо была ў хаце.
Бабуля Аксіння ўвіхалася каля печы, у чэраве якой палала вясёлым яркім агнём. Там на вялікай чыгуннай патэльні смажыліся тлустыя скваркі з яечняй, узбітай на малацэ. На другой патэльні пухнаціліся і браліся зверху карычневым загарам бліны з грэцкай мукі. На кухонным стале пад ручніком ужо высіўся ладны іх стос. Побач з бабуляй – нявестка Зося, яна мыла посуд і раскладвала на талеркі парэзаную гусяціну, каўбасу-крывянку і іншае. У Зосі выпіраў гарбузом жывот. Маладзіца была цяжарная.
Бабуля спрытна ўпраўлялася ў печы віламі, чапялою… Нарэшце яна выцягнуда адтуль на прыпечак патэльню з яечняю, кінула ёмку ў куток.
– Манька, – пазвала ўнучку, ведаючы, што тая толькі і чакае ад яе знаку, – бяры блінцы, бяры яшчэ што-кольвек, а я патэльню панясу.
У сталовай за шырокім сталом, накрытым чыстым ільняным абрусам, разам з дзедам Пятром сядзелі госці: сусед Абко, вядомы ў Моталі рымар, – шыючы хамуты і іншую вупраж, ён і сына навучыў шыць аброці для коней. З Абко поплеч сядзеў знаёмы гандляр газай, шклом да лямпаў, шклом для вокан – Борух, гэты, апроч крамы, трымаў у сваёй сядзібе яшчэ карову, праўда, дзівак, кармы назапашваў не на ўгоддзях, як робяць сяляне, а па людзях – па сядзібах местачкоўцаў, прапануючы ім узамен кармоў свой тавар або іншыя якія-небудзь паслугі. Трэці ж госць быў зусім незнаёмы Мані, ён сядзеў спінай да яе, таму яна зайшла збоку, павіталася з ім, з усімі, падала на стол дзеду цёплыя бліны, загорнутыя ў ручнік, паставіла талерку з прадаўгаватымі кавалачкамі каўбасы, якая пахла часнаком. Аксіння тым часам усталявала пасярэдзіне стала шырокую патэльню з яечняй, якая ўсё яшчэ пыхкала жарам. На стале ў місках стаяла пакуль не астылая бульба, разварыстая, сопкая, каля бульбы – гуркі з дзежкі, раней прыгатаваныя скваркі, мёд, іншая закусь, і госці паспелі ўжо асушыць па кілішку.
Непрызнаны Маняй хаўруснік павярнуў голаў, утаропіўшы на яе свае вялізныя, быццам валовыя, вочы – у іх, змеціла Маня, глыбока-глыбока хаваліся ягоныя кемнасць, увага і сум. А галава ў ягамосця – стаўбуном, як рэдка ў каго, адно яе аздаблялі высокая пакатая лысіна ды пэйсы, пацярушаныя срэбрам. Яны адвольна спадалі, лахмаціліся і закручваліся на плячах.
– То бэндзе пенкна паненка! – пахваліў ён Маню, пры гэтым яго вусны расслабіліся, спрабуючы ўсміхнуцца, але да ўсмешкі нейк не дайшло.
– Дык што казаць, васпане Мэндаль, – кінуў яму дзед Пятро, відавочна, працягваючы перапыненую гутарку, – Польшчу рве паганы звер. Англія і Францыя – саюзніцы Польшчы – аб’явілі Германіі вайну. Ці спыніць гэта Гітлера?
Утварылася невялікая паўза.
Маня знарок прыпынілася каля дзвярэй у кухню – чакала і слухала.
Падаў голас Борух:
– Англічане адвыклі ваяваць. А ў французаў, пры іх арыстакратычным імкненні ўплываць на ўсе падзеі ў Еўропе, няма яго вялікасці Напалеона…
– Але ўсё ж гэта дзве магутныя дзяржавы! – не пагадзіўся Абко.
– Магутныя? – перапытаў Мэндаль. – Гм… стары свет… Ім не стае таго прагнага нацысцкага духу, які прэ з Германіі. Гэта, аднак, жахліва! – Ён, уцяўшы голаў у плечы, паёрзаў на месцы – пэўна, яго даймаў страх.
Зноў памаўчалі.
Пісарчук, спаважна мнучы ў пальцах вус, пачаў расказваць:
– У маёнтку Моладава жыве стары амбасадар Польшчы ў Лондане – Канстант Скірмунт. Дні тры таму я з ім гутарыў. Ён за памылку лічыць, што палякі пайшлі на саюз з Германіяй, а не з Расеяй. У Варшаве, кажа, дрэнна чыталі кнігу Гітлера «Майн Кампф». Асноўныя планы гэтага д’ябла ваяваць на ўсходзе. А туды шлях ляжыць цераз Польшчу. Цяпер, калі Польшча гіне, Савецкая Расея маўчыць, а якраз яна можа скруціць галаву каму хочаш.
– На жаль, у Польшчы сваё бачанне Расеі,– шматзначна кінуў Мэндаль.
– Та-ак, і тым не менш…
Мані слухаць усё гэта – клопатна, але і цікава; яна пераступіла парог і ўжо на кухні спытала ў бабулі, хто гэты пэйсаты Мэндаль.
– Э-вой! – адгукнулася жыва Аксіння. – Бог яго ведае. Нейкі купец. Уцякач… Бежанец з Польшчы. Дзед страчаўся з ім калісьці на Спасаўку, калі той прыязджаў у Моталь на кірмаш… Колькі іх ужо навалаклося – мо болей, чым сваіх! А гэты атайбаваўся ў Боруха.
Вярнулася Маня ў сталовую, трымаючы ў руках белую мужчынскую кашулю і маток каляровых нітак. Кашуля належала гожаму хлопцу, які, як і Павел, даводзіўся братам Манінай маці, значыць, ёй – дзядзькам, яго звалі Колем. Летам ён часта заходзіў да іх, хадзіў басанож і любіў, між іншым, строіць вясёлыя жарты. Яна вышывала на ягонай кашулі па каўняры і манішцы васількі і іншыя кветкі.
– То чаго мы, панове, забаўляемся гутаркай аб ратаванні душы? Тут жа не сінагога, дый хлеб-соль на стале… Абко, – кіўнуў дзед кашчаваму суседу-рымару, – налівай сабе і іншым. Няхай абмінае ліха добрых людзей! А-а, глядзіце… во і сын мой малодшы, Паўлюк!..
– Нех бэндзе пахвалёны!
– На векі вякоў!
– Смачнэга вам!
– Сядай разам вячэраць, – запрасіў Пятро сына і далей гасцям: – А старэйшы мой на фронце. Дай Бог яму быць жывым і здаровым!
Паўлюк прысеў, і ўсе паднялі чаркі за здароўе Манінага таткі Барыса.
– А ці ведаеце, што я пачуў,– прыкусваючы ўпохапкі і смеючыся, сказаў Паўлюк. – У гміну нехта прынёс навіну. Кажуць, адзін змыслы літовец, прафесар дарэчы, звярнуўся да свайго ўрада: маўляў, давайце папросім знаную краіну – Злучаныя Штаты Амерыкі, каб перасяліла нас, літоўцаў, на востраў Мадагаскар, дзе невялікая колькасць туземцаў. За гэта няхай Злучаныя Штаты забіраюць нашу літоўскую зямлю. Навошта яна нам?.. Надакучыла народу ваяваць, а яшчэ болей служыць посцілкай для заваёўнікаў, якія колькі стагоддзяў раз-пораз руйнуюць ды пляжаць зямлю.
– Вой-ёй, якія мудрыя ў Літве вучоныя! Чуеш, Борух? Ход канём і іхняе прыбалтыйскае племя – у райскіх шатах! Ку-ку, хер Гітлер!.. Мо і нам разам з імі сплюндрыць туды? – Мэндаль яшчэ больш развесяліў застолле. – Малайцы літоўцы! – і ён паляпаў Паўлюка па плячы, нібы гэты гладка паголены, чырванашчокі малады чалавек акурат і быў тым літоўцам.
– Выдатныя словы! – падхапіў дзед Пятро; ён дапытліва глядзеў на сваіх гасцей, і ягоныя прыжмураныя вочы ўсё болей аздобліваліся вясёлымі іскрынкамі.– Па-праўдзе, шаноўныя, і вам туды трэба – нідзе лепшага прытулку не знойдзеце! Дый чаго варты будуць літоўцы без вас! Хто ім хамут пашые?..
– І надзене на шыю! – выпаліў знячэўку Паўлюк.
Застолле на момант абмерла, асэнсоўваючы рэпліку Пісарчука-малодшага.
– Гэта – як? – ціха вымавіў Борух.
На твары Мэндаля чытаўся дакор. Толькі Абко, ацаніўшы досціп маладога сутрапезніка, весела ўсміхнуўся.
– Нічога, – сказаў ён. – Там, дзе хлеб-соль, усялякі жарт прыстойны.
Дзед Пятро кінуў доўгі погляд на сына, пры гэтым вочы яго молада іскрыліся:
– А вы ешце, панове, не саромейцеся. Не кожную суботу і ў яўрэя шабас.
– Дый ці ўся ісціна ў Талмудзе? – зноў падаў голас Паўлюк, бачачы, як госці аплятаюць блінцы з падсмажанай у печы свінінай.
– Сапраўды, забаронены плод салодкі! – прызнаў смакату стравы захмялелы Борух, на лбе, што навісаў над ягоным тварам, расслабіліся складкі.– Нашы продкі, відаць, неабачліва паставілі на свініне крыж.
– Во-ой! – Абко кульнуў чарку, паслаў за ёй у шчарбаты рот скрылёк салёнага гурка з мёдам і захрумсцеў.– Яўрэям, напэўна, пашэнціла, што прарок Майсей заікаўся. Калі б ён гаварыў, да прыкладу, як я, то строгіх правілаў і забароны у Кабале і Торы было б куды болей!
– Дык, выходзіць, Майсей быў звычайным чалавекам, калі заікаўся… – неспадзеўкі ўвярнуў Паўлюк.
– Мм… Ніхто не сумняваецца, што прарок Майсей быў, як і вы, паважаны, чалавекам жывым і звычайным, – выказаўся Борух, але словы гучалі не так пераканана і таму ён перавёў вочы на Мэндаля.
У знак згоды Мэндаль заківаў галавой ды выклаў сваё меркаванне:
– Шмат каго дзівіць здольнасць Майсея да асэнсавання шырокага чалавечага вопыту. Майсей у пэўнай меры быў чалавекам пасвечаным і карыстаўся вышэйшымі ведамі, якімі валодалі егіпецкія жрацы. Не выключана, што ў сваю чаргу і ў свой час тыя кантактавалі з краінай Атлантыдай і запазычылі адтуль эзатэрычных ведаў. Нарэшце, калі праўду казаць, у выпадку з Майсеем і, уласна, Егіптам першакрыніцай патаемнай мудрасці з’яўляецца не Кабала, не, а кніга «Смарагдавая скрыжаль» Гермеса Трысмягіста, які быў яшчэ больш галавастым – не адну, а сорак дзве кнігі напісаў. Улічыце!
– Ого! – уражаныя, выдыхнулі слухачы.
– Азохэнвэй… Тытан духу! Наш Майсей у сваёй Кабале пераказвае тое, пра што даведаўся ад Гермеса. Вядома, ён перадаў прамудрасці праз сваё ўспрыняцце. Так на тое… Але навошта нам, шаноўныя, тлуміць голаў,– спытаўся, – рэчамі, якія вельмі далёка ад нас? Балазе: няма як даведацца, ці мела чалавецтва карысць ад закрытых ведаў. Адно засталася загадка ў выглядзе Егіпецкіх пірамід. Было, праўда і іншае… Адмысловымі ведамі карысталіся ў сярэднявечча «браты вольных муляраў», гэта значыць масоны, у праграме якіх спачатку ляжалі светлыя і высакародныя парыванні, пошук братэрства, любові і праўды. Яны пакінулі нам у Еўропе гмахі гатычных сабораў. Прыгожыя, асвечаныя небам і лёгкія, бытта карункавыя. Па майстэрству выканання і велічы яны таксама ўяўляюць загадку. А масонскае брацтва таго часу пачало пашырацца, змешвацца абы з чым. Паступова распадалася на часткі. Бог ведае, з якімі праграмамі і памкненнямі. Адным словам, вырадзілася. І ніякія масонскія ложы больш не вартыя, каб спяваць ім хвалу.
На гэтым Мэндаль, скончыў сваё тлумачэнне і годна, з павагай паглядзеў на гаспадара.
Ярка гарэла падвешаная да столі лямпа-васьмілінейка. Маня сядзела на відным недалёка ад дзеда; тут яна пачувала сябе адначасова і дарослаю, і малою дзяўчынкай, мо не вартай увагі. Акурат у тым была яе перавага: спакойна поркаючы іголкай у белым палатне, вышывала манішку ды слухала.
– Вернемся з Егіпта сюды, – мовіў дзед. – Непакоіць зрэбная і блытаная аснова таго, што тчэцца між людзьмі. Уявіце: усім пагражае вайна, і літоўцы ў страху гатовы абмяняць сваю зямлю на ціхі востраў у акіяне. Іншая рэч – наколькі гэта сур’ёзна?.. Беларусы, якія спакон вякоў жывуць на бітых ваенных дарогах і ведаюць цану ліхалецця, якія зведалі ўжо і горыч разарванай на кавалкі краіны, таксама моляць Бога аб лепшым лёсе. Адно Мадагаскар у Індыйскім акіяне нікому з іх і не сніцца. Свет вялікі, а душу няма куды падзець. Астаецца жыць, дзе нарадзіўся, ды дзякаваць Богу за куток, які ўжо ёсць.
– Гэта значыць, упакорыцца лёсу?
– Так, пане Мэндаль… А хіба вашы ўцёкі з Хелма сюды – не пакора лёсу? Вы ж пакінулі дом, млын, краму, ды толькі – не страх, не трывогу, якая і дагэтуль азмрочвае ваша жыццё.
– Бачыць Бог! – пахітаў галавою Мэндаль.
– Свет напладзіў шмат заваёўнікаў,– зазначыў дзед Пятро. – Я маю ласку ад паноў Скірмунтаў чытаць сёе-тое з іхняй бібліятэкі. Беларусы, напрыклад, маглі б налічыць дзесяткі, а мо і сотні Іванаў Жахлівых, Напалеонаў і розных напалеончыкаў, ліха на іх, якія ішлі з захаду і ўсходу, з поўдня і поўначы, рабавалі, гвалцілі, спрабавалі прыгарнуць сабе ліцвінскія, то-бок нашыя, землі. Усе яны дзейнічалі аднолькава, і ў Гітлера замашкі – будзьце пэўны! Але ж сваім сялянскім розумам я не дапну, чуеце, да адной дзіўнай рэчы.
Пятро Пісарчук пакратаў відэльцам на талерцы кавалачак каўбасы, бытта вагаючыся, гаварыць далей ці не, і сказаў:
– Прабачце, ну што гэта ў Гітлера за прыхамаць такая, каб, ваюючы з іншымі народамі з-за зямель, асобна зводзіць яшчэ і нацыю, якая не мае ні сваёй зямлі, ні краіны?..
Па тым, як госці пераглянуліся між сабой і лупавата ўставіліся на гаспадара, Маня зразумела, што гаворка акурат пра іх і што яе дзед паставіў рубам самае цікавае на гэты момант пытанне, і яна адклала ўбок вышыўку.