Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 12

Кабала
Кніга першая
9

Оглавление

Ранішняя, пакуль дрымотная цішыня. І вось-вось прагучыць тое, чаго чакаюць, што наплывае паімгненна, гатовае абудзіць душу:

– Бо-о-оммм… Бо-о-оммм… Бо-о-оммм… Дзінь…

Чысты меладычны гук, мяккі і пругкі, прывольны і прадонны. Бо-о-омм!.. Разлягаецца ўдалеч. А ўслед бягуць урачыста-вясёлыя падгалоскі: дзінь-дзілінь-дзінь!.. Яны бытта ўлягаюць за тым, за галоўным звонам, бытта даганяюць яго.

Выспяваюць толькі-толькі народжаныя промні сонейка, а ў сядзібе Рамановічаў ужо даўно ўсе на нагах. Пыняць гаспадарку, пры гэтым спяшаюцца, каб паспець да таго звону, а ён ударыць, апавяшчаючы збор на прастольнае свята Спаса – Ратавальніка.

Урачыстасць рэдкая для мотальскага люду, таму яшчэ звечара гаспадар Пятро разам з любай унучкай уважліва агледзелі яблыні і знялі з галля, сабралі ў кошыкі з зямлі, волкай, зрэдку ўтравелай, папярэдне стрэсеныя яблыкі.

Раней быў мядовы Спас, а гэты – яблычны. І ён ўвачавідкі аддае водарам спелага сакавітага лета, смакам садавіны. Гэты – бытта казырны туз у поступе прыроды. Прынамсі – для Моталя.

Дык вось і Спас! За тым звонам ужо ідуць-ідуць, цягнуцца да царквы прыхаджане, каб памаліцца і каб асвяціць яблыкі, што сімвалізуюць сабой скарб, энергію і водар ураджаю. Не ў кожнай сядзібе, праўда, сады – мястэчка густа і густа забудаванае – не да раскошы! Таму напярэдадні Манін дзед і баба Ганна падзяліліся сабранымі яблыкамі з суседзямі – Малыцькамі і Германкай, – такая спагада мела добры знак. А яшчэ Аксіння з унучкай Маняй сумелі выбраць хвіліну пры захадзе сонца, каб занесці яблыкі Васілю, Пятроваму брату. Адно гэта, прабачце, толькі прыказка да казкі – адмысловага святочнага рэю.

Вунь ад самага світанку грабуцца, уз’язджаюць на местачковы пляц каралевы Боны фурманкі селюкоў, гэта значыць сялян з наваколля, яны вязуць яблыкі і іншую садавіну ды гародніну. З гэтых селюкоў акурат і пачынаецца шматлюдны і шматгалосы кірмаш, туды і Пісарчук завітае.

А ў самой царкве і на цвінтары люд гудзе, нібы пчолы ў вуллі. Над усім – хваласпеў святароў і царкоўнага хору. І яшчэ, і яшчэ цягнуцца сюды свежа ўмытыя і прыстойна апранутыя вернікі. Амаль у кожнага з іх у руках белая хустачка, напакаваная садавіной як завязаць.

Ідзе ютрань, пры сканчэнні якой светары робяць паўгадзінны перапынак, дзеля таго, мусіць, каб хто яшчэ не прыдбаў яблык, маглі купіць іх на кірмашы. Пасля перапынку – чарга царкоўнай літургіі, пад час якой народ атрымае прычасце, адпушчэнне грахоў. Працэс доўгі па часе, як што людзей шмат. Пасля літургіі, з царскіх варот выяўляючыся, паволі набірае крок адмысловы хрэсны ход. Мужчыны нясуць харугвы, крыжы, царкоўны ліхтар, жанчыны – абраз Багародзіцы ў вялікай разной з пазалотай бажніцы. Цвінтар поўны народу. Абраз умацоўваюць на ўкладныя насілы і ўздымаюць высока. Некаторыя вернікі стараюцца прапаўзці на каленях пад абразам.

Святар асвячае кожны бок храма.

Крэсны ход, ідучы супраць ходу сонца, тройчы агінае царкву.

Крэсны ход па чарзе спыняецца каля заходніх, цэнтральных, усходніх варот – людзі ўздымаюць над сваімі галовамі яблыкі ў белых хусцінках і святар у бліскучым убранні, ступаючы, бы той цар, свяшчэннадзейнічае, узмахваючы крапілам. У яго адпаведныя словы пропаведзі, адно зрэдзь ён устаўляе і сваё тое-сёе. Як зазвычай бацюшка шчодры і акрапляе святою вадою не толькі садавіну, але быццам бы незнарок і саміх прыхаджан, дзядзькоў, маладзіц, апошнія пераважаюць і рэагуюць на святы дождж пудка – зляканымі і радаснымі воклічамі.

Але ж і за цвінтаром, перапоўненым, тлумным, – людзі трымаюць у руках белыя, напакаваныя яблыкамі хустачкі – чакаюць; таму хрэсны ход падаецца з варот на вуліцу. Свята, шчырасць, шчодрасць! А над усім – асвячэнне. Урэшце, садавіна і там акроплена, тады харугвы разам з бацюшкам паварочваюць назад. Усё – чын па чыну!

Гурма людзей цяпер падзяляецца на два рукавы, і адны шыбуюць на Усходнія могілкі, другія – на могілкі на Муравятніцы, апошнія непадалёку ад хаты Пісарчукоў. Местачкоўцам рупіць адведаць нябожчыкаў і пакінуць ім на грудках святочны пачастунак, якога тыя з нецярпеннем чакаюць; потым ужо з лягчэйшай душой, бо споўнены пачэсны абавязак, людзі шыбуюць дадому. Гаспадыня накрывае святочны стол. Па традыцыі, якая магчыма мае месца і далей ад Моталя, на яблычны Спас да роднага парога збіраюцца ўсе, дзе і як бы далёка хто ні жыў. Толькі Пятру, мусіць, не суджана будзе дачакацца свайго роднага і адукаванага брата Нічыпара, які застаўся ў камуністычнай Расеі.

Пятро і Аксіння былі ўжо непадалёку ад царквы, калі з імі прывітаўся танклявы юнак з прысмаленым на сонцы чубам і рабаціннем на носе. Пад рукой ён трымаў чорны, пашарпаны ў вандроўках футляр, у якім адпачывала да часу ягоная скрыпка. Павітаўся…

– І ты, Піліпе, да прастолу? – у адказ на яго прывітанне кінуў хлопцу Пятро.

– Так… Люблю паказаць на людзях тое, што не месціцца тута, – і ён паклаў руку на сэрца.

– Вось запрасілі б цябе, мастака, у нашу царкву: пры хоры на скрыпцы іграць! Га? – з усмешкай, што хавалася ў вусах, мовіў Пятро, і, калі Аксіння здзіўлена глянула на свайго чалавека, ён патлумачыў: – Гэта ж музќка з вёскі Туляцічы…

– А чаму б і не?! – усміхнуўся на прапанову вядомага мотальца юнак. – Яшчэ і якая ў царкве была б музыка! Ніхто, аднак, не пакліча…

– Жалю варта. А ведаеш, братка, колькі мотальскай праваслаўнай царкве гадоў?

– Не. – Піліп спыніўся, гатовы паслухаць.

– А столькі, што нават дзяды не памятаюць. Адно перадаюць з пакалення ў пакаленне, які звон там вісеў. Во-о! – Пятро ўскінуў вольную ад кашолкі руку ўгору: – Амаль два метры ў вышыню і вагою – дзве тоны. Напэўна, у Бельгіі адліты з чыстае медзі. Звалі яго Мікалаем – так, нібыта ён быў жывой, ва ўсялякім выпадку, адухоўленай рэччу, істотай, якая даводзілася роднаю кожнай сям’і. І вось што было: як удараць па ім – ува ўсе бакі хвалі, ажно на пятнаццаць вёрст і больш! Бооо-о-оммм! Чараваў душу моцны і роўны малінавы гуд. Цяпер от гэты, – кіўнуў у бок царквы, – таксама добры. Але ты музыка, прысланы нам Богам, можа, растлумачыш мне, чаму, калі гучыць у царкве наш, слабейшы, за ім я чую той прастольны адвечны звон Мікалая-асілка? Гучаў ён, можа, за памяццю нашага славутага правідцы Парыпы…

Хлопец стаяў перад ім як укопаны; ён не ведаў, што адказаць дасціпнаму і паважанаму ў гэтай шырокай акрузе чалавеку, адно толькі ўсміхнуўся:

– Я, дзядзька, не чуў раней, пра што вы цяпер расказалі. Я слухаю гэты звон, а вы чуеце той, мабыць, у сваёй душы.

– Пятро, – сказала Аксіння, – а ніхто ж і не ведае, куды той вялікі звон дзеўся.

– А чаму, уласна? Ведаюць… Знялі яго падчас расейска-шведскай вайны, каб Пётр І не забраў у пераплаў на пушкі. Тады гэта практыкавалася… І на сходзе вырашылі: Мікалая часова зняць са званіцы ды перахаваць. Для сховы перавозілі ў Тышкавічы. Праз возера. Адно не давезлі. Лодка перакулілася, і звон пайшоў на дно. Не выключана, што там і дагэтуль ляжыць, урослы ў глей.

Музыка ўздыхнуў:

– Нямы ён цяпер, толькі вы яго й чуеце.

І Піліп няма што яшчэ дадаў у роздуме:

– Можа, і я раней чуў…

Аксіння дакранулася да локця мужа, і той зварухнуўся:

– Дык пойдзем, хлопча, на фэст, на кірмаш… Дарэчы, – дадаў ён, ужо ідучы, – яблычны Спас святкавалі ў нас яшчэ да прыняцця хрысціянства. У гэты дзень, лічылі нашы продкі, спалучаюцца зямля і неба, былое і сучаснае, прычым жывыя перадаюць спачылым звесткі пра ўраджай, і не толькі. У сваю чаргу нябожчыкі клапоцяцца пра талан і шчасцейка для жывых. На гэтае свята сяляне папярэдне падсумоўваюць вынікі сваёй працы за лета. А ты, Піліпе, вольны чалавек?

Музыка падарыў ім яшчэ адну выбачліва-скрушлівую ўсмешку.

У адказ на яе Аксіння сказала:

– Калі бацюшка пройдзе па цвінтары і асвеціць садавіну, падыдзі, Піліпе, я пачастую цябе асвечанымі яблыкамі.

– Дзякуй за ласку…

* * *

Прастора ў царкве поўнілася пахам ладану, і, стоячы непадалёку ад алтара і ўдыхаючы гэты традыцыйны для царквы пах, Пятро Рамановіч слухаў хваласпеў святароў і назіраў за іх карагодам; на прастольнае свята сюды, да айца Георгія, іх збіралася цэлы тузін, калі не болей, з усіх прыходаў акругі. Пятро слухаў і цешыўся, як гучыць і пераліваецца лёгкім наплывам шматгалосы хор, як поўніць ён усю прастору да скляпення і як, узмоцнены сценамі, абвяргаецца зноў на кожнага, працінае наскрозь. На душы было хораша. Болей за тое, гаспадар Пятро ўзносіўся душою над усім, інакш кажучы, усё чутае, вядомае, існае прыўздымала ягоную душу, спалучала яе з жыццём продкаў і несла ад іх па рацэ часу далей і далей – аж сюды. Сваёй памяццю, унутраным пранікнём зрокам, ён бачыў у гэтым жнівеньскім свяце Спасе—Ратавальніку самавітае, шматаблічнае і трыумфальнае шэсце свайго народа, дэманстрацыю народам майстэрскіх здольнасцей, творчых і духоўных сіл.

На цвінтары, калі выйшаў, яму сустрэўся сын Паўлюк, энергічны, узбуджаны святочным настроем вялікай грамады, у якой не кожны, мусіць, табе сват ці брат, але ж усе свае, і было з кім перакінуцца вострым слоўцам ці жартам.

Яны прайшлі далей ад высокіх дзвярэй, адорваючы грашамі жабракоў, якіх тут сабралася нямала. І зноў жа, паводле падання, пададзеныя жабраку грошы ў гэты святочны дзень пераходзілі нябожчыкам, і тыя спрыялі, каб дабро стакроць адплочвалася дабром таму, хто дае.

Спыніліся каля музыкі Піліпа, скрыпка якога цяпер на поўны голас спявала, выяўляючы свет чаруючых мелодый і гукаў.

– Ты яго ведаеш, тата? – спытаўся Паўлюк.

– Чуў пра яго. Мы з ім нават сёння пагаманілі. Нармальны, здаецца.

– Дзіваком лічаць яго, а як іграе! Зайздросна… Памяшаўся розумам на каханні да вясковай дзяўчыны.

– Паўлюк, – Пятро дастаў з кішэні і сунуў у далонь сына непадробную жоўтую манету, – вазьмі і занясі яму, пакладзі ў футляр каля ног.

Калі Паўлюк вярнуўся, споўніўшы бацькаву просьбу, Піліп іграў ужо «Суліко», матыў шырока вядомай грузінскай песні, маркотнай і светлай. Скрыпка плакала, скрыпка захліпалася асабістымі мройліва-журлівымі пачуццямі Піліпа.

Я могилу милой искал,

Но найти её нелегко…


– Сынок, – неўзабаве зноў аклікнуў Пятро свайго сына. – Знайдзі вунь у тым рагу цвінтара сваю маці і памажы ёй занесці асвечаныя яблыкі дадому, а я прайду на кірмаш. Калі будзе жаданне, то вы з Барысам таксама прыходзьце. Потым вернемся ды сядзем за стол.

– А наш Барыс, глядзі што ўжо там.

– То ідзі ж…

Пакутны век. Трылогія

Подняться наверх