Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 5
Кабала
Кніга першая
2
ОглавлениеДля гэтай маталянкі падзеі ў яе родным кутку бытта спыніліся на тым трагічным моманце, калі зямля раптам рушыла са сваіх асноў, з векавечнага свайго падмурка, і пайшла з-пад ног у людзей, не пакідаючы ўжо ні ёй уласна, ні радзіне нічога, ні для тагачаснага дня, ні для будучыні. Тады ўсё-ўсё ў бурнай плыні неслася кудысьці ў мінуўшчыну.
Дзяўчына між тым помніла сваю зямлю, сваю згубленую ў віры вайны Атлантыду і аднаўляла ў памяці найбольш яркія малюнкі жыцця. Унутраным зрокам яна аналізавала местачковы побыт, узаемаадносіны з суседзямі і, перажываючы карціны па-новаму, старалася тут жа забыць іх, бо душу агортваў жах, як тады… І праз гэты нядобры набытак яна нітавала свой лёс з лёсам роднай зямлі і міжволі скіроўвала да яе свае думкі.
Дзед Пятро на векі вякоў асталяваўся там, і ад таго, бадай, нарасталі яе роспач, адчай. Яна глядзела на жыццё вачыма свайго дзеда. О, як таму не дзівіцца, але гэта было так… Адным жыццём жылі. Урэшце, іх вачыма зямля-матухна глядзела на сябе, бо ў гэтых іхніх удумлівых, добрых, немітуслівых вачах было ўсведамленне сябе і зямлі як адзінага цэлага.
Яна і ён, унучка і дзед – як пачатак і канец, – памяталі багата чаго з таго, што ў свой час ім на вочы трапляла. Зямля ж памятала ўсё, што дзеeлася з ёй і з людзьмі; у яе памяці адбівалася кожная кропля энергіі, асабліва калі тая энергія штосьці значыла, калі ўтварала і тварыла, калі ўзварушвала, скранала з месца што-небудзь.
Местачковец, земляроб Пятро Рамaновіч, або, як яго звалі яшчэ, – Пісарчук, чытаў кнігі і разумеў іх карысць у назапашванні ведаў. Адначасова ён усведамляў, што чалавеку не ўсё дадзена ў спасціжэнні свету і адзін пранікае ў таямніцы глыбей, цяміць больш, другі – менш. Нехта ж надзяляе людзей здольнасцямі, ды не ў аднолькавай меры.
Пятро Рамановіч здагадваўся аб наканаванасці жыцця, аб існаванні, так бы мовіць, плана альбо карты падзей, якую ці не сам Усявышні трымае ў сваіх руках. Молячыся ў царкве і дома, ён прасіў Бога аб ласцы даць яго сэрцу і розуму сілы, каб спасцігнуць сутнасць рэчаў глыбей, дайсці да першапрычыны. «Даруй мне, Госпадзе, калі ў тым мой грэх», – казаў ён і пільна ўглядваўся ў свет навакольны.
Так, зямля глядзела на сябе вачыма Пісарчукоў, вачыма мотальцаў, а яны – народ дабітны, дапытлівы, кемны і за вялікую ўдачу для сябе лічаць тое, што ў часы ўтрапёнага сярэднявечча, недзе блізка 1518 года, іх заўважыла найадметная ў краіне жанчына Бона Сфорца, якая брала што сваёй прыгажосцю, што абыходлівасцю і розумам. Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага і кароль Польшчы Жыгімонт перадаў ёй, каханіцы, ёй, мілавіцы сваёй, пінскія і тураўскія землі, вядома, разам з Моталем, што варушыўся ў тым часе між Пінскам і Янавам.
Што ведаў пра гэта яе дзед Пятро Рамановіч?
А ён ведаў, напэўна, што ў маёнтку пана Канстанціна Скірмунта, таго самага пана, які пэўны час працаваў міністрам замежных спраў Польшчы і амбасадарам Польшчы ў Лондане, захоўваліся два наўздзіў яскравыя і важныя дакументы. Спадар Скірмунт іх рэдка выцягваў з архіва, каб пахваліцца таму ці іншаму госцю, але ж аднаго разу выцягнуў і паказаў дзівосныя манускрыпты рупліўцу Пятру Рамановічу, які прыехаў да яго ў маёнтак – прывёз прачытаныя кнігі і прасіў новыя. Зрэшты, дзед Пятро меў таксама бібліятэку, толькі ж яе не параўнаць было з панскай, дзе шмат чаго пракідалася з прыродазнаўства і гісторыі.
У адным дакуменце дакляраваліся правы на вольнасць, якімі «Гаспадар Вялікага Княства Літоўскага» надзяляў мотальцаў. Згодна з гэтым дакументам, Моталь належаў непасрэдна вялікаму князю, меў сваю самаўправу і паншчыны не адрабляў, выплачваў адно падатак Гаспадару. Такім чынам, жыхары Моталя набывалі пэўную незалежнасць, як што вызваляліся: ад феадальных павіннасцей, ад улады ваяводаў і старастаў, у цэлым – ад варункаў прыгонніцкага ладу, якім уціскаліся навакольныя вёскі. З тых часоў, займеўшы столькі гонару, тутэйшыя местачкоўцы перасталі нават сялянамі сябе называць.
Магдэбургскае права, якім з пратэкцыі каралевы Боны быў надзелены Моталь, спрыяла развіццю ў мястэчку рамесніцтва і мены таварамі, ажыў, як ніколі, кірмаш. Людзі, няйначай, спаборнічалі паміж сабой ва ўменні жаць, прасці, ткаць, вырабляць скуры, класці печы, будаваць што хочаш, хутка і хораша, ды яшчэ і спяваць свае песні.
У другім манускрыпце была засведчана паездка каралевы Боны ў Літву (Беларусь). Відавочна, ездзіла яна, кіруючыся не столькі ўласным, колькі вышэйшым дзяржаўным клопатам. У Моталі яна падарыла праваслаўнай царкве абразы «Маці Боская» і «Нараджэнне Хрыстова».
Па дарозе назад, у Варшаву, высокая пані спынілася начаваць у мотальскай карчме, робячы гонар тубыльцам. Напэўна, і потым, падарожнічаючы па ўсходніх землях, дзе жылі беларусы, яна заязджала ў Моталь – шляхі ж дазвалялі дый мястэчка яе вабіла, захапляла майстэрствам месцічаў, імпанавала нават вонкавым абліччам людзей. На той час мотальцы абуваліся не ў пасталы, як селюкі наваколля, а ў чобаты і чаравікі, і гэта яшчэ больш дадавала ім самавітасці, годнасці. Паводле таго ж дакумента, каралева Бона пасяліла тут, сярод месцічаў, некалькі сем’яў сваіх суайчыннікаў з Італіі. Магчыма, адсюль і выводзяцца прозвішчы Палто, Кульбеда, Шыкалай ды іншыя, якіх нідзе ў навакольных вёсках больш не пачуеш. А ўвогуле ўсе прозвішчы мотальскага люду канчаюцца на іч: Данілевіч, Мацукевіч, Міховіч, Райкевіч, Стасевіч, Жыховіч, Рамановіч… Выключэнні рэдкія.
У гісторыю краіны пані Бона Сфорца ўвайшла перш як апякунка вялікакняжацкай казны, у якую яна перадала нават свой гардэроб (дакладна: 28 сукенак з грызэту-парчы і 18 з аксаміту, 96 чэпчыкаў, увітых залатымі пазументамі і каштоўнымі камянямі). Праз суд яна адабрала ў магнатаў і перадала таксама ў казну незаконна прысвоеныя імі землі. З яе ініцыятывы ў Вялікім Княстве Літоўскім былі праведзены зямельныя рэформы, што атрымалі назву «Валочная памера» і «Устава на валокі».
Толькі ж добрую славу сваю на гэтай зямлі Бона Сфорца перакрэсліла адным учынкам. Калі яе сын Сігізмунд Аўгуст пайшоў супраць яе волі і патаемна ад каралеўскага двара павянчаўся з прыгажуняй ліцвінкай з Нясвіжа Барбарай Радзівіл, яна затаіла на сэрцы вялікую крыўду. Пагалоска даводзіць, што яе ж клопатам і атручана нявестка Барбара, дух якой неўзабаве перасяліўся з кракаўскіх каралеўскіх палацаў у Нясвіж. Прывід Барбары – Чорнай панны Нясвіжа – і дагэтуль хвалюе ўяўленне нашчадкаў.
Адно ўжо, пасля смерці караля-мужа, у скрусе жыццёвай і будучы апантанай чыста жаночым каварствам, гэтая пані вывезла з Вялікага Княства Літоўскага ў Італію ці не за сто падвод скарбу, у тым ліку сорак восем вазоў, запрэжаных шасцёркамі коней, напакаваных золатам, серабром, крышталём, фарфорам…
Як прыкмету і досвед тых далёкіх часоў, калі амаль казачная каралеўская дама кіравала тутэйшымі землямі і мела зносіны з Моталем, рыначная плошча доўгі час захоўвала назву: пляц каралевы Боны. І яшчэ да нядаўніх часоў настаўнік, пачынаючы першы ўрок у першым класе мотальскай адукацыйнай школы, дэманстраваў вучням Грамату аб наданні Моталю магдэбургскага права ды распавядаў ім пра каралеву Бону, пра гонар, славу і досціп сваіх продкаў.