Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 15
Кабала
Кніга першая
12
ОглавлениеЦі ведала Маня, што ёсць за абсягамі Моталя, у сіняй далечы, недзе такі ўладарны вір, у якім таемна закручваецца і бурапеніць адчайна жыццёвая плынь. Акурат адтуль, з нябачнага віру, насланнём кацілася на чатыры бакі, трапляючы таксама і сюды, у Моталь, адмысловая панская палітыка.
Пра яе вялікасць Палітыку, што з’яўлялася зазвычай у жандарскіх мундзірах, мотальцы гаварылі здаўна – Маня чула іхнія байкі, як сябе помніць. І помніла Маня, што людзям Крэсаў Усходніх знялюбела яна, як можа знялюбець нядобрая, жорсткая і пыхлівая пані. Адно ўсё гэта ляжала ўлежна, ціхмяна недзе ў яе падсвядомасці, і набытым досведам яна не карысталася. Вядома, дзяўчо бегала далёка ад дзяржаўнай палітыкі.
І вось нарэшце жыццё нейкай віхурнай каламуццю выпхнула на яе сцяжыну выбухова-скандальны, рэдкі дый па-свойму займальны выпадак.
Час, праўда, аддаляе тое, што здарылася, а было ж гэта ў першай палове года, блізка Вялікадня.
У іхняй паўшэхнай – агульнай для хлопчыкаў і дзяўчынак – школе з’явілася раптам і пайшло па вуснах гуляць дзіўнае слоўца – байкот… Навобмацак яно было нейкім круглым, бы яйка, лёгка вымаўлялася, але чамусьці прыводзіла настаўнікаў у сцішанае трапятанне.
Напачатку вучням Манінага класа ніхто не мог растлумачыць, што здарылася, і пані Ніна, іх настаўніца, пасядзеўшы які момант замружаная, пачынала ўрок. А дзеці нешта ўжо ведалі, адно не асмельваліся звярнуцца да яе з роспытамі пра сутнасць адмысловай падзеі. Сядзелі як на іголках, нічога не слухаючы – іх разбірала цікаўнасць іншага кшталту.
У старэйшых класах вучні дарэшты страцілі сваю паслухмянасць ды пачалі працівіцца настаўнікам, школе – эвой! Такая акалічнасць вельмі бянтэжыла пана дырэктара Стэфана Шымчака, і ён адно мітусіўся, не ведаючы, як справіцца з гэтай камуністычнай пошасцю, як меркаваў, ды ўрэшце надумаў павіжаваць за вучнямі, каб выведаць іхнія тайны. От што напіша неўзабаве Шымчак у пастарунак: «Некалькі тыдняў назад у старэйшых класах даручанай мне школы заўважыў, што ў асяродку вучняў-хлопчыкаў вядзецца нейкая антышкольная кампанія, якая праявілася ў наступным: вучні наўмысна не жадаюць адказваць на ўроках, наведваць школу, спяваць польскія песні, варожа ставяцца да настаўнікаў, адмаўляюцца прымаць удзел у занятках школьных арганізацый «Гарцэж», «Арляняты» і ў школьным хоры.
Маючы на ўвазе вышэйсказанае, я пачаў весці назіранне за моладдзю з мэтай вызначыць ініцыятараў антышкольных выступленняў і прыйшоў да высновы, што вучні Жыховіч Антон, сын Сяргея, 13 гадоў, Мазко Ян, сын Яна, 12 гадоў, Ксёнда Міхаіл, сын Гаўрылы, 12 гадоў, Васілевіч Рыгор, сын Васіля, 12 гадоў, Філіновіч Аляксандр, сын Аляксея, 11 гадоў і Міховіч Сцяпан, сын Фёдара, 13 гадоў – усе жыхары Моталя, вучні 5-га класа, за выключэннем Філіновіча Аляксандра, які з’яўляецца вучнем 3-га класа, забараняюць ім пад пагрозай збівання прымаць удзел у якіх-небудзь польскіх школьных арганізацыях».
Калі па праўдзе, было яно нават прасцей, тады многія вучні без усялякага прымусу далучаліся да небывалай і чыннай гульні – пратэсту супраць польскай палітыкі, і ўжо адно зацуглянае імі слова «байкот» несла кожнага, як добры скакун, у свет неспазнаных, высокіх і шчымлівых імгненняў.
Настаўніцу спадарыню Ніну непакоіла, што эпідэмія вучнёўскага маўклівага бунту перакінецца і на яе клас, таму, адпускаючы дзяцей на перапынак, ціха і лагодна прасіла:
– Не пніцеся быць дарослымі, калі ў вас яшчэ мамчына малако на губах не абсохла. Не рызыкуйце, пакуль не набраліся розуму, ведаў. Ну, а школа – Бог даў.
Апошнія яе словы патанулі ў галасе здзіўлення, нясмелых кпінаў, мяккай нязгоды. Толькі ж яе шкадавалі.
Маня Раманавічанка разам з сяброўкамі – кульмігам на вуліцу. Зазвычай тут, каля школы, утвараўся рэй, калі не сказаць – своеасаблівы кірмаш вучнёўскай весялосці. Збіраліся невялікімі і рухомымі купкамі – найчасцей аднагодкі, пад’юджвалі адзін аднаго або дзяўчатак, рагаталі, строілі вясёлыя і сумныя міны. У гэты ж дзень усё было амаль, як раней. Надвор’е спрыяла, да твараў ліпла мяккае красавіцкае сонейка. Адно нешта новае ўпляталася ў шумную дзіцячую грамаду. За вуглом школы, каля старой грушы, Маня пачула, як гуляюць у нейкую адмысловую маўчанку: адзін, выконваючы ролю настаўніка, гаворыць шмат ушчувальна-абразлівага і звяртаецца да іншых, а тыя ядуць яго вачыма і ні гу-гу. «Што здарылася, нягоднікі, шэльмы?» – пытаецца той, гаваркі, а гэтыя, абступіўшы знячэўку «настаўніка», кладуць яму на голаў далоні выцягнутых рук і пад вокліч «Бай?.. Бай!..» ціснуць разам зверху ўніз. Той крэкча, намагаючыся ўтрымацца на нагах, але не вытрымлівае, згінаецца; у гэтых жа – напашэўку новы радасна-пераможны вокліч: «…КОТ! Сукін кот! Во што знача, пан, байкот!»
Маню нехта пацягнуў за рукаў. Азірнуўшыся, яна ўбачыла Янку Кульбеду, які порстка шыбануў ад яе ўбок. Цыбаты хлапчук з русявым чубком, што пры бегу скакаў упрысядку, Янка часам наведваўся да іх у сядзібу, заходзіў у хату, зазвычай з нейкім клопатам да дзеда, які даручалі яму бацькі… Цяпер Янка шмыгнуў туды, дзе, збіўшыся ў гурт, старэйшыя заўзята штось абмяркоўвалі, і па іхніх анепакоена-засяроджаных тварах Маня здагадвалася, што гутарка ў іх мае быць пра байкот. Неўзабаве аднекуль выслізгнуў, прыпыняючы крок каля іх і прыслухоўваючыся, пан Шымчак, дырэктар. Вучні карцінна схілілі перад ім галовы, а ён пашыбаваў далей у бок гміны. Маня, праўду казаць, мала задумвалася, чаму іх дырэктар апошнія дні такі няветлівы, сцяты, разгублены, не раўнуючы, як той «сукін кот» у жартоўнай гульні падлеткаў.
І ўсё ж нейкі цень ад злавеснай хмары не мог не закрануць Маніну душу. Яна адчула неспакой, калі здагадалася пра патаемны палітычны змест з’явы, названай байкотам. Спадарыня Ніна, урэшце, зусім выразна сказала: «Не ідзіце на рызыку…» І Раманавічанцы хапіла розуму, каб знітаваць тое, чутае-перачутае раней пра арышты дэфензівай бунтаўшчыкоў, камуністаў, з гэтым няўцямным пакуль дзіцячым байкотам.
Яна кіўнула сваёй лепшай сяброўцы Мані Васілевіч: «Чакай!» і подбегам пусцілася па школьным падворку да купкі хлопцаў. Але ж і сяброўка ад яе не адстала. Вучні ўбачылі іх. Янка Кульбеда і Грышка Васілевіч ступілі некалькі крокаў ім насустрач. Грышка даводзіўся раднёй Мані Васілевіч.
– Хлопцы! – нягучна, як быццам захоўваючы правілы небяспечнай гульні, сказала Маня Раманавічанка. – Як гэта ўсчалося?
– Манька, не глядзі на мяне, – папярэдзіў яе Янка, весела ўсміхаючыся. – Я нічога не ведаю. Адно спяваць развучыўся. Настаўніца: «Оо-о-о, по-о-ле», а я: «Уу-у-у, во-о-ля», яна мне зрабіла заўвагу, а ў мяне тады і зусім голас прапаў. От няхай Грышка скажа.
– А што казаць?.. Трэба спяваць свае людныя песні, якія падабаюцца, а не чужыя, – па-даросламу адказаў той і прадэкламаваў:
– А я хто – вярблюд? Даруйце, а дзе наш люд? Чаму не беларускія песні, не беларуская школа? Не дамо пахаваць мову… Да д’ябла яна нам, польская мова! Наогул, – прымірэнча зазначыў ён, – няхай перапрашае пані настаўніца, але пад прымусам можна толькі выць, а не спяваць.
Маня Васілевіч была вельмі здзіўлена пачутым і пажадала ўдакладніць:
– І вы ўсе там вылі?! Як ваўкі?..
– Кіраўніца спеваў аж спалатнела, – дадаў Грышка і не стаў больш удакладняць, як там было.
Абедзве дзяўчынкі былі ўстрывожаныя, а хлопцы глядзелі на іх з захапленнем. У Раманавічанкі чысты, бадай, яшчэ дзіцячы тварык і зусім не па-дзіцячы цямлівы позірк пад чорнымі шнуркамі броваў. Валасы ў абедзвюх гладка прычасаныя, от толькі ў Васілевіч – косы да самых каленяў. Увогуле круглявая, беленькая, з такімі доўгімі залацістымі косамі, яна вельмі нагадвала ляльку.
– Янка! – шматзначна выпаліла Раманавічанка, укладваючы ў голас сардэчную скруху.
– Я маўчу.
– Грышка, – гукнула яе сяброўка да хлопца – ён у гэты момант падцягваў штаны, з якіх ужо вырас.
– Я глухі і нямы, як усе беларусы.
– І ўсё ж, – сказала Раманавічанка, – вы не баіцёся, што прыедуць паліцыянты да вашых бацькоў і стануць з хат стрэхі здзіраць?
Хлопцы маўчалі. Перапынак скончыўся, зазваніў званок. Грышка наском старога чаравіка падбіў каменьчык і рашуча пакрочыў у школу.
Янка момант яшчэ памарудзіў. Яму, напэўна, прыгадаліся бацькоўская сядзіба і бацькі, якія шмат працавалі і нябедна жылі. Яны збіралі грошы, каб набыць на дах чарапіцу. Ён прамовіў як бы для самога сябе:
– А я што?.. Я нічога, словам – як усе. Толькі з паліцыянтаў таксама за гэтакі грэх, няхай святар скажа, – чэрці шкуру здзяруць! Свенты кшыж!.. – І ён перахрысціўся.
…Хлопцам не здраджвала бадзёрасць, і Маня, гэтая ўлюбёніца дзеда Пятра, ідучы зноў на ўрок, упершыню нутром сваім адчула, што яна апынулася ў самым асяродку палітычнага закалоту. Абставіны, відавочна, вымагалі і ад яе быць дарослай, чаго ёй у гэты момант зусім не хацелася. Душу агортвалі няпэўны сум і трывога.
1
Верш Марыі Канапніцкай, напісаны ў знак пратэсту супраць анямечвання Польшчы.