Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 28
Кабала
Кніга першая
25
ОглавлениеНовае лета ў сядзібе Пісарчукоў прайшло адносна спакойна, як што гвалтоўная высылка ў дзікія стэпы Казахстана нікога з іхняй сям’і пакуль не закранула, і ніхто больш не дамагаўся ад заможнага гаспадара Пятра тае тайны, дзе яго старэйшы сын, або ад Паўлюка – дзе яго брат, ад Ганны – дзе муж Барыс. Гэта імя цяпер у сценах іхняга дома гучала не часта, тым не менш усе, пачынаючы з Аксінні і канчаючы Маняй, насілі яго ў сабе разам з абліччам такога роднага і блізкага, жывога і дасціпнага чалавека, і ўсе падзеі ў сядзібе далей мелі развівацца як бы пад знакам прысутнасці, калі не чыннага ўдзелу Барыса.
Ну, а яму на чужыне – час пра гэта сказаць – мала што і адыходзіла. Праўда, пакуль тыя ваяры-жаўнеры былі ў лагеры ваеннапалонных, кожнага з іх прыгняталі няпэўнасць і спрошчанае, як не жывёльнае існаванне. Без добрай ежы. Без асэнсаванага занятку і працы. Без мэты і хоць колькі-небудзь акрэсленай перспектывы. Прусія прыняла і невядома чаго чакала цяпер ад іх, вязняў ваеннага часу. Неўзабаве, аднак, з’явіўся нямецкі афіцэр і праз перакладчыка пачаў тлумачыць, што беларусы, узятыя ў палон на тэрыторыі Польшчы, маюць за сваю радзіму цяпер не Польшчу, а Савецкую Беларусь і ўвогуле дзяржаву СССР, саюзную Трэцяму рэйху. Вядома, што Германія будзе мацаваць дружбу і ўсялякае супрацоўніцтва з савецкай краінай, таму ёй не выпадае трымаць тут, у лагеры, ураджэнцаў Беларусі і Украіны. З гэтага дня кожнаму, хто выкажа такое жаданне, даецца магчымасць выехаць на сваю радзіму. Кіраўніцтва лагера мае даручэнне скласці спісы рэпатрыянтаў, ураджэнцаў Беларусі, і адправіць іх цягніком.
– Гут! Гутэн шон, гер афіцэр!..
– Эвой, як добра! Гут! – асмялеўшы і хапіўшы натхнення, умомант адрэагавалі воклічамі некаторыя з ваеннапалонных.
– Данке, данке шон, адным словам!..
– Ура! – вырвалася з грудзей у некаторых.
І гэты рэй адлюстроўваў агульны настрой натоўпу, дакладней, выстраеных у шарэнгі зняволеных, былых жаўнераў польскай арміі.
Неўзабаве сапраўды склалі спісы і наладзілі першы эшалон патрыётаў Бацькаўшчыны, знітаваных радзіннымі і сваяцкімі ніцямі з роднай зямлёй, палучаных духоўным вопытам з гісторыяй і культурай шматпакутнай зямлі – Беларусі.
Барыс Рамановіч заставаўся ў спісах на другі эшалон. З ім разам чакаў сваёй чаргі і яшчэ адзін моталец – Андрэй Мацукевіч, спакойны, роўны характарам ды адкрыты па натуры чалавек. У свой час, дзякуючы бацькоўскай апецы, яму ўдалося вывучыцца на тэхнолага па перапрацоўцы малака, ён працаваў у Моталі на малачарні, дзе выраблялі сыр і масла. На чужыне Андрэй моцна сумаваў па родным кутку і па працы, у якой раскрываўся як падрыхтаваны, дбайны і добры спецыяліст.
Нямала добрага, мілага сэрцу, прыемнага на ўспамін пакінуў у сядзібе ды сваім мястэчку і Барыс. Таму мотальская ява і памяць, гутаркі і разважанні спрыялі таварыскім добразычлівым адносінам маладых нявольнікаў. Апроч іх у лагеры ваеннапалонных былі і іншыя селюкі з брэсцкіх і пінскіх абшараў.
Калі гурт, прызначаны ў першы эшалон, пакідаў лагер, Барыс Рамановіч напісаў кароткі ліст, акуратна вывеў на ім мотальскі адрас і, адшукаўшы у тым гурце земляка Антона Малайцэвіча родам з-пад Драгічына, папрасіў яго аб ласцы: калі вернецца дадому, завітаць у Моталь, знайсці сядзібу Пісарчукоў і перадаць ягоным бацькам або жонцы пісьмовую вестку, наказаць, каб чакалі.
Малайцэвіч у самым добрым настроі ды разліку на ўдачу пагадзіўся гэта зрабіць.
Прайшло два тыдні – часу даволі, меркаваў Барыс, каб яго сям’я ўжо атрымала з рук Малайцэвіча напісаны ім ліст.
Ніхто, аднак, не мог паведаміць Барысу, што там здарылася і як далёка ад дому цяпер адданы яму таварыш Малайцэвіч.
Неўзабаве ж пасадзілі на вайсковыя машыны і другі гурт рэпатрыянтаў, калонай адправілі ў Кёнігсберг, горад дзіўнай готыкі і хораша выбрукаваных вуліц, дзе чакаў іх цягнік; размеркавалі па вагонах, і вось-вось павінна была прагучаць каманда аб адпраўцы. Але цягнік стаяў, і чаканне доўжылася. Урэшце ўсім прапанавалі пакінуць вагоны і сабрацца гуртам – бы на нейкі сход ці мітынг. Няпэўнасць і трывога перараслі ў вострую цікаўнасць, ва ўзрушэнне і трывогу. Ужо знаёмы па лагеры нямецкі афіцэр абвясціў, што планы на іх адпраўку мяняюцца. «Чаму?!» – у сотні галасоў і вачэй выбухнула пытанне. І тут агульнае узрушэнне абярнулася чалавечым расчараваннем, збянтэжанасцю, а для каго-нікаго нават адчаем. Афіцэр адкрыў прычыну канфузу: савецкі бок адмовіўся прыняць эшалон з ваеннапалоннымі, другі па ліку…
– Уга!
– Ай… Тфу!
– Ліха матары!..
– Вось табе маеш!
– З гэтага моманту, – казаў афіцэр, – вы болей не з’яўляецеся ваеннапалоннымі нямецкай дзяржавы, як што ваенны камісарыят адмяніў гэты статус для вас і даў вам волю. Цяпер думайце самі, што рабіць далей. Скажу болей, – дадаў ён, – у нас ёсць звесткі, што адпраўленыя намі з першым эшалонам ваеннапалонныя пакуль яшчэ не трапілі дадому, дзе па іх сумуюць родныя і блізкія. Эшалон пайшоў у Расею.
– У Сібір?
– Як?..
– Што вы кажаце?!
Апошняя вестка – як цэбар халоднай вады на галаву кожнаму. Яна астудзіла ахвоту да ўзніклых было спрэчак наконт няўдачы з адпраўкай. Некаторых гэтае паведамленне, наадварот, вызваліла ад інтуітыўнага прадчування сваёй асабістай няўдачы, бяды пры вяртанні на радзіму, і яны з палёгкай уздыхнулі. Да іх адносіўся і Барыс. Грамадзе ў тэрміновым парадку давялося пераадольваць той настрой на хуткае вяртанне дадому і мяняць карты, а дакладней, ліхаманкава шукаць і выстройваць новыя планы наконт асабістага жыцця і ўладкавання на чужыне. Немцы прапанавалі некалькі варыянтаў працоўнага занятку. Папраўдзе, занятак выбіралі ўжо не столькі нашы паняволеныя ваякі, колькі іх выбіралі розныя там прамыслоўцы і гаспадары, спаважныя дзядзькі з адзнакай годнасці ў кожным руху, «купцы» прыклейваліся вачыма да кожнага.
Барыс Рамановіч патрапіў да фермера, які выштукаваў сабе сядзібу непадалёку ад Кёнігсберга і вёў мяса-малочную гаспадарку. Андрэю Мацукевічу пашанцавала ўладкавацца на малачарні ў самім Кёнігсбергу і такім чынам дапасці да ўлюбёнай прафесіі. Увогуле, большасць былых палонных знайшлі для сябе прытулак і працу ў гэтым вялікім прыморскім горадзе. Разыходзячыся, яны стараліся пакінуць адзін аднаму адрас для зносін, сустрэч ці проста на ўсялякі выпадак. Толькі небагата часу мінула, як высветлілася, што яны сапраўды маюць пільную патрэбу ў зносінах. Асноўныя цяжкасці для палешукоў былі ў тым, каб авалодаць чужой мовай, бо тлумачыць на мігах свае ўчынкі, жаданні, патрэбы рабілася чыстым выпрабаваннем. Цягнула да сваіх, карцела паслухаць саміх сябе, абмяняцца думкамі, атрымаць маральную падтрымку, дабраславенне ў нейкіх турботах. Карацей, усё вяло да стварэння імі свайго клуба, сваёй суполкі, і калі гэта ідэя нейкім чынам дайшла да Андрэя Мацукевіча, ён не толькі ўхваліў яе, але і падказаў чалавека, здольнага быць за лідэра; вядома, гэты чалавек – Барыс Рамановіч, адукаваны, абазнаны ў мовах, ён размаўляў ужо і па-нямецку, – не было роўных яму там сярод беларусаў. Мала таго, ён умеў падысці да любога, зразумець чужы інтарэс, паспачуваць, дагадзіць, памагчы чалавеку. Што-што, а гэта яму па нутру.