Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 26

Кабала
Кніга першая
23

Оглавление

На снежныя гурбы ўдзень падалі і плавіліся і адлівалі сінечай сонечныя промні. Гурбы зверху крыху адтайвалі і пакрываліся шарпаком, чэрхлі; па іх вольна бегалі дзеці.

З дахаў хат і хлявоў спрабавалі спаўзаць ледзяшы, якія ўтваралі фантастычныя ледзяныя бароды. Да вясны, праўда, яшчэ няблізка, і вераб’і, збіраючыся купкамі па дварах, абмяркоўвалі свае харчовыя пытанні. Яны скакалі на абледзянелых кармушках, з якіх у тым альбо іншым двары сяляне кармілі жывёлу, ці блыталіся, падскоквалі і перакочваліся мячыкамі ў саломе, натрэсенай ля хлявоў. Калі ж нешта ім пагражала, калі падкрадваўся, няўрокам кажучы, драпежны кот, яны ўсе, па нейкай нячутнай нікому камандзе, лёгка і дружна ўспырхвалі ў паветра. Пакружыўшыся, купка вераб’ёў зноў пікіравала на кармушку; там у наледзі заўсёды знаходзілася што-небудзь падзяўбці, а калі не – вераб’і мецілі прасачыцца невялікім дэсантам у хлеў да жывёлы.

Сінічкі, тыя ў хлеў рэдка заглядвалі, далікатнасць і гонар не дазвалялі ім гэта рабіць. Разам з тым яны не саромеліся зазірнуць цераз шыбу ў дом чалавечы – нешта ім падказвала, што калі не ў гэтай, то вунь у той будыніне чалавек расшчодрыцца і вынесе ім што-якое, каб замарыць чарвячка.

Маня ведала, да чаго спанатраныя сінічкі, таму, каб дагадзіць ім, неаднойчы развешвала на галінках дрэва кавалачкі несалёнага сала.

З раніцы яна хадзіла ў школу. Туды завезлі новыя падручнікі, дзяцей ужо вучылі на рускай мове. Увогуле ж, рускамоўнае навучанне ў мотальскай школе было найхутчэй выключэннем з правілаў, бо амаль усюды на ўз’яднанай заходняй частцы Беларусі адкрываліся беларускія школы. Гэта было свядомай палітыкай камуністаў, якія стараліся паказаць свой клопат аб развіцці нацыянальнай адукацыі і культуры ў процівагу палякам. А ў Моталі руская школа пачала дзейнічаць хутчэй за ўсё таму, што не хапала беларускамоўных настаўнікаў… Яно і не дзіўна, таму што ўз’яднанне звалілася на людзей, як снежны ком на галаву.

Настаўнікі Мані падабаліся. Амаль усе яны былі маладыя, казалі, што іх накіравалі сюды па камсамольскіх пуцёўках; мо таму яны мелі ладны запас лагоды, цярпення і не білі вучняў лінейкамі. Мясцовыя настаўнікі працавалі таксама, бо ўсім, мусіць, уцякаць не было як, а мо і не было куды.

Класнай у Мані стала тая ж настаўніца Ніна Лук’янаўна Бойка, муж якой лічыўся палякам і працаваў у краме. Яны жылі ў доме на два паверхі, пабудаваным з чырвонай цэглы.

Туды, у чырвоны мур, да Ніны Лук’янаўны, і паймелі ахвоту хадзіць Маня Раманавічанка разам са сваёй сяброўкай Маняй Васілевіч, абедзве яны былі выдатніцамі ў вучобе. Пазней сяброўкі памагалі Ніне Лук’янаўне правяраць вучнёўскія сшыткі. Яна сама запрашала дзяўчынак.

На пачатку вучобы, праўда, Раманавічанка зведала і засмучэнні – не было на чым пісаць. Увогуле з крамаў пазнікалі сшыткі, мыла, запалкі, цукар, бо з Польшчы ўсё гэта перасталі завозіць, а з усходняй Беларусі, магчыма, не было як завезці. Калі пэўную колькасць сшыткаў прывезлі ў школу і размеркавалі паміж вучнямі, ёй не далі. Сказалі, што яна з багатай сям’і, таму для яе няхай купяць. А купіць не было дзе, і Маня разам з дзедам мусілі рэзаць на кавалкі старыя газеты і розную абгортачную паперу, каб зрабіць тыя сшыткі. Ад крыўды, а на каго – не ведала, ад прыніжэння годнасці такімі парадкамі ёй хацелася плакаць, яна і плакала, адно мела ўпартасці столькі, каб забыць на тую няўдачу, авалодаць сабой.

«Нехта хоча, каб я дрэнна вучылася, была горшаю з вучняў, а я не горшая, я не такая, я павінна даказаць, што я не такая, – разважала дзяўчынка. – Я павінна добра вучыцца і быць вясёлаю, і тады з мяне ніхто не пасмее насміхацца; затое маім поспехам будзе рады дзедусь».

І Маня вучылася так, што яе неўзабаве сфатаграфавалі, каб змясціць картачку на школьную Дошку гонару.

Яе вучнёўскія справы хутка наладзіліся, і настрой адпавядаў акурат савецкім песням, бадзёрым, вольным, хвалюючым, якія ліліся з рэпрадуктараў – радыё ўвайшло амаль у кожную хату. З асаблівай асалодай, з заміраннем сэрца Маня слухала новую па тым часе і напеўную «Кацюшу». Гэта песня была для яе як бы гімнам самотнаму каханню, лагодзе, высокім грамадзянскім пачуццям. Здаецца, упершыню ў сваім сэрцы яна адкрыла нейкую дзіўную пустэчу, нікім і нічым не запоўненую, якую толькі і магла насяляць падобная музыка.

Расцветали яблони и груши,

Поплыли туманы над рекой.

Выходи-и-и-ла на берег Катюша-а-а,

На-а-а высокий берег, на крутой…


Напяваючы, Маня спрабавала ўявіць сябе недзе на крутым беразе невядомай ракі – уявіць сябе і яшчэ некага, пакуль нябачнага ёй удалечыні, у смузе прасторы і часу.

А неўзабаве ў культурны ўжытак, у паноўлены побыт Моталя, які зваўся цяпер гарадскім пасёлкам, што, між іншым, адпавядала яго занятку рамесніцтвам, увайшло і кіно; у памяшканні, дзе раней размяшчалася пажарная служба, часта паказвалі фільмы «Чапаеў», «Браняносец «Пацёмкін» і іншыя. Гэта захапляла і чаравала юныя душы, у тым ліку і Маніну, пашырала ўяўленне аб навакольным свеце.

Цяпер шмат чаго пацяшала і мілавала; жыццё наогул моцна ўздымала б настрой Мані, калі б яе позірк не ўлоўліваў цень неспакою і трывогі на твары дзеда або каб твар мацеры быў не настолькі схуднелы і сумны. Маці шмат працавала, бо каровы, цялушка і парсюкі патрабавалі догляду, не кажучы ўжо пра гусей, курэй… Хапала клопату і ў полі, і ў сядзібе.

Як ёй дапамагчы? Маня неаднойчы думала пра гэта і знаходзіла-такі, што рабіць, прызвычаілася прыбіраць у хаце, мыць падлогу… Памые і бяжыць у суседні пакой:

– Бабуля, ідзі паглядзі… Аж блішчыць! Мама вернецца з поля – парадуецца.

Раней, да прыходу чырвоных, ім памагаў пыніць гаспадарку цягавіты і нешматслоўны дзяцюк Грыша, далёкі сваяк. Быў ён малазямельны, жыў разам з сястрой нешта хат праз дзесяць ад іхняй сядзібы. Маня нярэдка насіла ім малако пасля вячэрняй дойкі, што не ўлічвалася ў заробак і за што яны ласкава дзякавалі. Калі ж прыйшлі Саветы, разняволенаму пралетарыю Грышу падалося, што далейшая праца па найме будзе прыніжаць ягоную годнасць.

– Усё, – сказаў ён Мані.– Хопіць… Так і перадай сваім. Баста!

Сказаў гэтак, калі Маня прынесла яму сырадой. Тым часам хваравіта-бянтэжлівая ўсмешка на чыстым паголеным твары паказвала, што Грыша саромеецца і прымушае сябе гаварыць як бы запазычаныя дзесьці апраметныя словы.

– Дзякуй за ласку, але я больш не буду гнуць спіну на вас! Новая ўлада ўжо нейк забяспечыць.

Маня вярнулася дадому занепакоеная і слова ў слова – як чула, так і перадала тую няўклюдную, як ёй здавалася, размову з парабкам Грышам. «Баста!» Маці і дзед, пачуўшы гэтакі вырак, былі вельмі здзіўленыя. Дзед спахмурнеў, нібы злы дух знячэўку грукнуў яму ў дзверы.

– Ліха матары! Чалавека гонар заеў. Рукі – свае, а зямля – чужая, і на душы разлад. Мілей спіну гнуць на сваёй зямлі. Яно праўда.

– А мы ж яму добра плацілі! – азвалася Ганна. – Ён меў працу і хлеб у той час, як іншыя былі рады лушпіне!

Дзед памаўчаў і скрушліва пахітаў галавой:

– Хлеб, кажаш… Па нашай мотальскай прыказцы: «Хліб – нэ жэна, з’іў, тай нэма». А калі так – гусь свінні не таварыш! Досыць, кажа, спіну гнуць… Я разумею, адкуль вецер дзьме.

У гэту зіму дзеда Пятра і ўсю ягоную сям’ю, усю радзіну асабліва трывожыла тое, што да заможных сялян новая камуністычная ўлада паставілася непрыхільна. Уражвалі метады ўціску і ізаляцыі самавітых гаспадароў. Выклікала ў душы абразу, крыўду, пратэст штосьці такое, чаго нельга было нікому выказаць.

Неяк раней арыштавалі Івана Мацукевіча, па мянушцы – Баяба. Ён быў мужам Ганнінай і Зосінай сястры Мар’і. Баяба гаспадаром быў не менш удалым за Пісарчука. Цяпер сядзеў за кратамі ў Брэсце.

І вось на дасвецці прыбег да іх Коля, брат Ганны, Манінай маці:

– Ганна а Ганна! Гэтай ночы вывезлі Мар’ю з дзецьмі.

Заможныя сем’і адну за адной арыштоўвалі проста без суда, без доказаў віны, хапалі звычайна ўночы і вывозілі пад ціхі лямант і енк дзяцей і дарослых, а ў Янаве імі набівалі таварныя вагоны і, бы тую скаціну, дэпартавалі далей, як потым высветлілася, – у казахскія стэпы… Гэтакім чынам з мотальскіх вуліц, сядзіб знікла ўжо дзевяць сем’яў. Пятро Пісарчук пакепліваў з самога сябе: авечак стрыгуць, а баран дрыжыць… А калі сур’ёзна, то і ён чакаў сваёй чаргі. Толькі яго пакуль не чапалі. Праўда, невядома з якой нагоды пры хаце, у якой ён жыў разам з сям’ёй, неўзабаве выставілі дазор з камуністаў. І гэта ўражвала. Ды не толькі дзеда, бабулю, маці і дзядзьку Паўлюка… Маню таксама. За дазорам чулася нешта надзвычай пагрозлівае і пакуль што таемнае… Можна было толькі здагадвацца, што сочаць за дзедам, каб ён, барані Божа, не ўцёк.

Пазней, праўда, высветлілася, што цікуюць за сынам дзеда Пятра – Барысам… Аднак непамысным рабілася, што яго, Барыса, няма, а за ім тут палююць. Нібыта Барыс жывы і цяпер у варожым хаўрусе – уваходзіць у склад нейкай пятай калоны, міфічнай, таемнай, якая, значыцца, ставіць на мэту знутры падарваць моц савецкай улады. Знутры… А як? Ліха матары! Цяпер, калі ўкараняецца не ўлада, а насланнё шалу д’ябальскага, дзе ж быць Барысу, калі не ў баку ад гэтага? Няўжо і сапраўды ён жывы і недзе тут блізка? Калі на тое, няхай і было б гэтак!

Толькі навошта плявузгаць пра «пятую калону»? Хіба Пятру невядома, што сын яго быў з камуністамі? Дык няўжо тыя, хто сочыць за сынам, ведаюць пра яго нешта такое, чаго не ведае ён, Барысаў бацька?

Гэты недалужны і дзіўны дазор супаў з прыездам, а ў гэтым выпадку – вяртаннем у Моталь Іллюка Дубовіча, аднаго з актывістаў падполля, які з прыходам чырвоных пачуваў сябе на кані. Такі быў момант. Яму пастаянна хацелася ўскідваць рукі-шаблі ўгору і крычаць «Ура!».

Падчас вызвалення Заходняй Беларусі ад польскага панавання Дубовіча запрасілі ў Пінск, дзе залічылі ў так званую Рабочую гвардыю.

Цяпер цяжка даведацца, якую ролю ён выконваў у тым асяродку рыцараў камуністычнай прышласці, але ж, паколькі любімымі словамі Іллюка ад таго часу сталі словы «пятая калона», можна ў пэўнай меры рабіць здагадкі, што за мэту Рабочай гвардыі ставілася задача аховы сродкаў камунікацыі і іншых важных аб’ектаў у горадзе ад варожых элементаў, і паляванне на гэтых элементаў, іх вылоўліванне, ізаляцыя ад грамадства дзеля таго, каб не даць ім, паразітам, магчымасці апамятацца, заканспіравацца, асесці, зашыцца ў падполле і потым дзейнічаць па прынцыпе пятай калоны. Пра пятую калону гэты шэльма, падсвістыч чуў раней у сувязі з падзеямі ў Іспаніі.

Але ж і пры такім цікавым занятку ў Пінску Іллюку Дубовічу сумна рабілася. Цяпер, у лёсавызначальны час, душой сваёй ён быў на мотальскіх грудках, дзе заставаліся яго карані, яго радасці і засмучэнні. І калі ў Пінску ён, як бо мовіць, араў на чужым полі, то ў Моталі свая ралля ляжала няўробленая, і яму карцела вярнуцца дадому. Таму не мінула і трох тыдняў гвардзейскай, дужа прывабнай на рэвалюцыйнасць службы ў Пінску, як ён пачаў абіваць парог начальніка Рабочай гвардыі Меера Шлёмавіча Жукоўскага—Зільберта і прасіць яго адпусціць на роднае ўлонне.

Той дапытваўся, чаму яго гэтак цягне туды, можа, кралю займеў?..

– Ды не, – Дубовіч круціў галавой, якая нагадвала крутабокі парудзелы гарбуз. – Там ёсць пільны клопат, які няможна адкладваць.

– Гэта – сакрэт?..

– Не, ад вас, Меер Шлёмавіч, у мяне сакрэтаў няма. Хачу прыгледзець за партыйнай спулкай, у якой звілі асінае кулацкае гняздо… Хто б вы думалі? Адкажу: правакатары з былой КПЗБ – Райкевічы, Андрэй і Сяргей…

– Няўжо там без цябе з імі не разбяруцца?

– Калісь Андрэй адцёр мяне ад кіраўніцтва ячэйкай…

Не паспеў, аднак, Дубовіч патлумачыць начальніку, што больш прынцыповых ад яго людзей на свеце няма і што якраз ён асабіста патрэбен Моталю, каб там усё давесці да ладу, як у калідоры ўсчаўся шум, тупаценне гвардзейцаў – злавілі злодзея… Жукоўскі—Зільберт захацеў сам з ім трымаць гаворку і ахнуў, калі ў кабінет да яго ўвялі знаёмага юнака па прозвішчы Карабовіч, у абносках, са збродлівым позіркам на нямытым твары. З ім Зільберт паўгадзіны таму сустракаўся… Першы раз Карабовіч папаўся на крадзяжы ў краме. Тады Меер Шлёмавіч палічыў, што ўшчувальнай гутаркі з ім хопіць, і адпусціў на волю. Але ж, выходзячы з будынка Рабочай гвардыі, гэты блазан не ўтрымаўся і ўкраў ровар, які належаў аднаму з гвардзейцаў. Карабовіча дагналі і паспелі надаваць у каршэнь. Наогул ён меў выгляд пабітага сабакі.

– Ах, доўбень, ах, нахабнік! Цяпер турма табе забяспечана! – дакляраваў яму Зільберт. У наступны момант шэф паглядзеў на байца Дубовіча і даў яму зразумець, што размова з ім скончана; Дубовіч выйшаў з кабінета пры сваіх, як то мовіцца, інтарэсах.

Ну а далей яму дапамог выпадак. Праз чыгуначную станцыю Пінск праходзіў састаў з ваеннапалоннымі, узятымі немцамі пры акупацыі Польшчы. Там былі і ўраджэнцы Беларусі, якіх па дамоўленасці з савецкім бокам вярталі на радзіму. Нехта выкінуў праз шчыліну ў дзвярах запіску ў надзеі, што напісанае не прападзе. Яе падабраў адзін з байцоў Рабочай гвардыі, што акурат дзяжурыў там, і прынёс у свой штаб. Неўзабаве туды выклікалі і Дубовіча. Намеснік начальніка замест таго, каб адказаць на прывітанне байца, спытаў:

– Ты жыхар Моталя?

– Але…

– Тады чытай! – і падаў шматок паперы.

А там было напісана:

Ст. Пінск. Для сумленных людзей.

Перадайце, калі ласка, у Моталь Барысу Рамановічу або яго бацьку, што эшалон № 1 з ваеннапалоннымі з Кёнігсберга мае праследаваць па Беларусі без прыпынкаў – у Сібір.

– Гм… – замармытаў азадачана Іллюк Дубовіч, не ведаючы яшчэ, што ад яго патрабуецца. – Навіна, аднак!..

– Таварыш Зільберт згодзен адпусціць цябе ў Моталь пры ўмове, што ты даследуеш там, чым займаецца Рамановіч і якая ў яго сувязь з ваеннапалоннымі.

– Барыс Рамановіч забіты на фронце, прынамсі, у Моталі распаўсюджаны такія чуткі.

– Яго няма?! – застыў у нямой паўзе намеснік начальніка. Між іншым, ён тут, у Рабочай гвардыі, працаваў без году тыдзень. – А калі ён не забіты і хаваецца ад новай улады?

– А-а, – змікіціў баец Дубовіч. – То гэта мае быць ужо пятая калона?

– Называй, як хочаш. А даследуеш, пра вынікі – сюды. Прычым тэрмінова.

Па прыездзе ў Моталь істоту Іллюка поўніў гонар і ўсялякія там ідэйныя вартасці. Яму, як заўзятаму гульцу, патрэбная карта сама ішла ў руку. От і кароткая служба ў Рабочай гвардыі таксама стала ў шэрагу ягоных асабістых удач. Яна дала малапісьменнаму местачкоўцу, былому сябру падполля, практыку палітычнай класавай барацьбы ў новых умовах, папоўніла патрэбны слоўны запас, пашырыла кругагляд, і цяпер ён абабіты, хай сабе прыблудны, а разам і свой чалавек у міліцэйскім асяродку. Там, на шчасце, не было праблем, каб Дубовіча адразу залічыць у склад міліцыі, нядаўна створанай у Моталі. Дзеля таго акурат каб сачыць за грамадзянамі…

Ён патрапіў сюды ў самы час, калі на ягоную палітычную падрыхтоўку ўважалі. Яму собіла ўвайсці ў адмысловую дзяржаўную ўстанову з безліччу ўласных задум і задач наспелых, зусім неадкладных, вострых, бы скальпель у руках нейкага адмысловага хірурга. На добры грунт садзіліся яго ўзвышаныя парыванні і летуценні.

Звонку гэта, бадай, было мала прыкметна, але ж ён наляцеў на прыціхлае і спакутаванае мястэчка, як коршак. Праўда, нічога не зачапіў прылюдна, не стаў пэцкаць свае рукі ў крыві, як хто-кольвек, а калі нечым і запэцкаў трохі, дык толькі чарнілам, і гэтага, між іншым, хапіла з тых шэльмаў, што заміналі яму і савецкай уладзе.

Прыступіўшы да спраў, Дубовіч перш-наперш выставіў дазор у сядзібе Пятра Пісарчука, а потым у лічаныя дні разабраўся таксама і з асіным кулацкім гняздом, звітым у самым сэрцы мотальскай камуністычнай гурмы.

Моталь захапіла знянацку, узрушыла і нейк збіла з тропу навіна аб арышце і зняволенні ў турму вядомага ўсім падпольшчыка-камуніста, кіраўніка партыйнай спулкі Андрэя Райкевіча, які таксама працаваў у міліцыі. І тут жа як бачыш на высылку загрымела Андрэева сям’я і ягоны брат Сяргей…

Ашаламіла Моталь навіна, як што браты Райкевічы былі сваімі, шчырымі і сумленнымі грамадзянамі, адданымі камуністычнай ідэі; праўда, уцяміць, што яна, выпакутаваная ідэя, азначае, цяпер не было змогі.

Мотальскім шаўцам, бадай, можна было б здымаць мерку з арыштаваных – на камуністычны німб, каб ён, той німб, калі-небудзь шыўся. І Ян Мацукевіч быў з іхняй кагорты…

Андрэй Райкевіч меў кавалак зямлі, на якой у асноўным пчалярыў, і гэты прафесійны занятак аб’ядноўваў яго з Пятром Рамановічам. Пры сустрэчы сталы і маладзейшы пчаляры дзяліліся навінамі, набытым вопытам.

Андрэй не шкадаваў свайго мёду ні для суседа, ні для любога прышлага чалавека – кожнае лета выносіў проста на вуліцу ў вядры мядовае пітво. У сям’і Пісарчука даніну падобнай дабрачыннасці аддавала час ад часу ягоная жонка Аксіння. Іншым разам яна рабіла гэта ўпотай ад Пятра. Каб ён не хваляваўся. Пятро ж таксама не быў скнарым, але і не любіў раскідвацца тым, што прыдбаў сваім мазалём.

Цяпер усе прыгадвалі Андрэя Райкевіча з чырвоным сцягам на ровары, калі ён аб’язджаў вуліцы Моталя з радаснай весткай аб набліжэнні Чырвонай Арміі, аб канцы польскага панавання…

І ўжо зусім местачкоўцы пачувалі разгубленасць, немач сваю і бяссілле, калі неўзабаве арыштавалі ды пасадзілі за краты Яна Мацукевіча, другога кіраўніка падполля, якому выпала працаваць старшынёй сельскага Савета ў суседняй вёсцы Дзедавічы.

Пятро Пісарчук неяк трываў, аднак багата што якое і муляла і вярэдзіла душу. У Моталі доўжыўся чырвоны тэрор, і дарэмна было шукаць у апошніх падзеях хоць які-небудзь сэнс або логіку. Іх – анізвання! Як душылі пілсудчыкі самавітых і сумленных людзей, што ўзвышалі свой голас у абарону правоў беларуса, так і камуністычны рэжым, даючы волю ўсялякай поскудзі, душыць носьбітаў самое ідэі, душыць гаспадароў і вытворцаў, бы самахоць рыхтуе сіло на сябе.

– Няўжо не збудзецца? – уголас папытаўся дзед Пятро ў самога сябе.

– Ты пра што, Пятро? – не зразумела яго баба Аксіння, накрываючы абедзенны стол.

Перш чым адказаць, ён перахрысціўся на абразы.

– Я пра гвалтаўнікоў, ліха матары, якія прысмакталіся да ўлады і правяць баль. У іхніх уцехах мы – трэскі, і нас звозяць на сметнік у Сібір. Але ж без нас асірацее зямля. Без гаспадара зямля ператворыцца ў пустку. І хто тады будзе злыдняў карміць? Сталін скажа: «Калгасы!» А Сталыпін мо быў не дурнейшы за Сталіна, калі раскідваў абшчыны і даваў кожнаму селяніну водруб, волю і права жыць самавіта, тварыць з зямлёй разам. Ксеня, ты чуеш? Зямля родзіць толькі тады, калі чалавек душой яе сагравае.

– От ужо ты разгаварыўся: зямля ды зямля! Вядома ж, на дурніцу пасееш – хлеба не з’ясі. Цеста ў дзяжы не падымецца, калі ты не ўлагодзіш яго.

– То я і кажу: нічога Сталін не выгадае ад калектыўнага цеста, балазе замешваць яго пачалі на крыві.

Усё гэта асталявалася ў Манінай памяці з восені, калі яна слухала і трымцела ад страху, як асінавы ліст.

А цяпер нябога Раманавічанка зноў ходзіць у школу. Яна добра вучыцца і слухае песні савецкай зямлі. Калі ж накоцяцца на яе сум, маркота з нейкай прычыны, тады яна падыходзіць да абраза Маці Божай, укленчвае і просіць, моліць яе, каб яна вярнула ёй бацьку.

Ці чула найсвяцейшая Дзева Марыя Манін голас і шэпт, ці бачыла яе слёзы? У багоў, напэўна, і сваіх праблемаў хапае… Яны, глядзі што, даўно ўжо згубілі і Зямлю з поля зроку, бо надта ж багата анёлаў цемры водзяць тут свае карагоды і сілы д’ябла каламуцяць жыццё, мяшаюць кроў з гразёю. Даруй, Божухна, і ты, найсвяцейшая Маці Божая, нашы грахі. Але ў чым яны і чаму мы такую кару на сябе прымаем?

Пасля малітвы яна супакойвалася і больш чым калі адчувала сябе дарослай.

* * *

У той дзень, парабіўшы ўрокі, дзяўчынка вынесла і прывязала да галінак сала сінічкам.

Якраз прачнулася сястра Вольга, і Маня ўзяла яе на рукі, паднесла да акна. Разам яны назіралі за маленькімі стракатымі птушкамі і радаваліся блізкаму знаёмству з імі. Сінічкі дзяўблі сала і час ад часу зыркалі на іх пацерачкамі сваіх вачэй, махалі хвосцікамі… Сястрычкам здавалася, што птушкі дзякуюць ім, і ў захапленні смяяліся.

За гэтым заняткам і застаў дзяцей паштальён. Пільна, з цікаўнай усмешкай паглядзеўшы на Маню, ён спытаў, дзе маці.

– Няма і не ведаю, калі прыйдзе, – адказала Маня.

– Тута для вас пісьмо…

Маня не прывыкла атрымоўваць па пошце лісты і не адразу ўцяміла, што гэта значыць. На канверце было некалькі яркіх марак і круглыя штэмпелі. Урэшце яна прачытала зваротны адрас і словы: Барыс Рамановіч… Эвой!..

– Татка жывы! – выпаліла яна і пусцілася ў скокі па хаце. – Тата! Наш тата жывы!.. Дзед! Баба! Дзе вы?.. Наш татка жывы!

Да Ганны, калі яна вярнулася дадому, дакладней – у свой двор, не адразу дайшло, што значыць той адчайны і вясёлы Манін крык; яна знерухомела, прыслухоўваючыся, а Маня выскачыла з хаты і, махаючы лістом, кінулася ёй на шыю:

– Мама, наш татка жывы!

Пустое вядро бразнула з рук долу – ад самых глыбіняў Ганнінага сэрца ўзнялася і пракацілася па жылах, адольваючы стому, гарачая, сыпучая, бы той прысак, хваля.

– Дзе ж ён?

Падзея абмяркоўвалася за сямейным сталом. Сто разоў чыталі і перачытвалі пісьмо ад ваяра Барыса. Твары ўсіх свяціліся радасцю, а Ганна асабліва заззяла. Ды пасля слёз і пакут, пасля вылітай на дзяцей гаркавай пяшчоты чаму не парадавацца? Яна абводзіла радню вільготным позіркам, поўным прыязнасці і лагоды.

– Ёсць Бог на свеце! Але ж…

Барыс прыслаў свой ліст з Кёнігсберга. У ім ён коратка апісваў свае вайсковыя прыгоды пад Варшавай. Калі бой загрымеў і заляскалі, ззяючы востра і маланкава, шаблі, яго разгарачаны конь-недарэка перапудзіўся і панёс і панёс у поле, скінуў седака ў бульбоўнік. Там ён праляжаў кантужаны невядома колькі, ачнуўся, апрытомнеў, агледзеўся – было далёка да хат, і ваяр выйшаў на шашу, прысеў на ўскрайку. Лёгкая нямецкая машына з адным афіцэрам падабрала яго і завезла ў мястэчка, дзе навічка далучылі да некалькіх дзесяткаў ваеннапалонных. Гналі іх далей, не даючы ежы, і згаладалыя мусілі жывіцца парэшткамі коней, што акалелыя валяліся там-сям па дарозе. На здымку, які пераслаў Барыс, невядомы зафіксаваў яго пры выхадзе з лагера ваеннапалонных блізу Варшавы. Адсюль нявольнікаў ужо этапавалі ў Кёнігсберг. А там валадары моманту ўчынілі шмон, перарэгістрацыю, сарціроўку па нацыянальным складзе. Беларусам, казалі, дарога адкрыта на радзіму.

Толькі потым у абяцанках штосьці ўскладнілася, і Барыс застаўся жыць і працаваць у баўэра. Рабіў на малачарні, дзе пераганяў малако. Урэшце, ён абдымаў усіх сваіх родных.

На тым ліст заканчваўся. Праўда, у канверце быў яшчэ дадатак, і калі яго Пісарчукі чыталі і перачытвалі ўголас, то былі расчуленыя па-новаму.

Я знайшоў верш, у якога і назвы няма, – паведамляў Барыс. – Здаецца, ён належыць нашаму выдатнаму паэту. Радкі хораша выяўляюць стан, у якім мы апынуліся, і адпавядаюць загібу думак кожнага з нас. Не схлушу, калі скажу, што вершам зачытваюцца, перапісваюць і носяць з сабой, бы які талісман.

Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні,

На чужое неба ўжо гляджу сягоння.

Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,

Як і жыў, жыву я ў сваім родным краі.

І няма на свеце так вялікай меры,

І няма на свеце так каваных дзвераў,

Каб хоць на часіну – у будні ці ў нядзелі —

Беларусь са мною разлучыць пасмелі.


Пасля прачытанага нічога больш не хацелася гаварыць. Усе былі ва ўладзе простых ды чароўных слоў і гукаў, пранікнёнае рытмікі, сугалосся пачуццяў. Утварылася паўза.

– Што Бог ні дае – то на лепшае! – як заўсёды, энергічна выказаўся Барысаў брат – Паўлюк.

– Не кажы, сынку, – прамовіў стомлены ад хвалявання і неўтаймоўнага завароту жыцця Пятро Пісарчук. – Яшчэ дзякаваць Богу, што ён там застаўся. Значыць, яму наканавана крыху пажыць.

Пакутны век. Трылогія

Подняться наверх