Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 20
Кабала
Кніга першая
17
ОглавлениеСны чалавечыя… Як паказвае ўласны досвед Пятру, яны азначаюць адно гульню самавітага і вольнага ўяўлення, якому ні думка, ні воля не чыняць перашкод падчас свайго адпачынку, і не сочаць за ім, і не кантралююць яго. Адмысловы стан, чуеце, – воля!
І далей, масціў масток да ведаў назіральны і ясны розум Пятра: у снах адбываецца своеасаблівае адлюстраванне рэчаіснасці, якая выступае тут як гнутая, ломаная, мешаная-перамешаная і сяк-так сабраная нанова карціна жыцця. У яе іпастасі можа з’явіцца чортведама што.
Але ж селяніну Пятру столькі і клопату было б аб тых снах, калі б не спадчыннае яшчэ ўяўленне, што дзіўныя малюнкі і дзеі снуюцца на тым самым грунце, па якім наўсцяж, віляючы, бяжыць кудысь таемная сцяжына лёсу. І ці доўгі той шлях? Ці шмат на ім радасцей? А колькі пакут?.. Бяжыць не бачная нікому сцяжына. От толькі малюнкі і надарэнні ў сне, нягледзячы на іх неверагоднасць, пэўным чынам адлюстроўваюць і саму пуцявіну. У гэты ж момант і ў наступны… Яны прадвызначаюць і падказваюць, што чалавеку тчэцца наперадзе.
Неабавязкова, канешне, каб усе малюнкі былі сімваламі і вымагалі сваёй расшыфроўкі,– не кожны сон у руку, кажуць, ды што зробіш, людзі ўважаюць на сны.
На гэты раз Пятро Пісарчук доўга сноўдаў з сякерай па лясных кутах, забіраўся ў нетры, якія часам рассоўваліся, утвараючы галявіны, працятыя аксамітнымі промнямі сонца. Сярод гонкіх сосен, што вабілі вока сваімі бронзавымі крамянымі камлямі, ён шукаў сухастоіны, каб спусціць іх на дровы. І дзяцел стукам сваёй дзюбы аб падатлівы луб нярэдка падказваў, дзе шукаць падобныя дрэвы… Пахла смалою. З невялікай замшэлай западзіны цягнула пахам багны, толькі розныя пахі зліваліся ў адзін лясны водар, таму дыхалася чалавеку ўсмак, глыбока і роўна.
Усведамляючы, што гэты лес займае сотні вёрст – сягае вунь аж да Спораўскага возера і нават далей, што сваімі вяршалінамі ўтварае зялёнае покрыва-мора, Пісарчук падумваў пра тыя мясціны, куды яшчэ не трапляў чалавек. А ўглыб іх нямала! Павага да лесу і гонар за лес як за штосьці аграмаднае, адухоўленае, блізкае поўнілі ягонае сэрца.
Заняты сваімі ўявамі-думкамі, ён не заўважыў, як неба, што церушылася бляклай сінечай у баравую прастору, стала цямнець. Чалавек узяў на яго ўвагу толькі тады, калі над борам прагрукатала. Разважаючы, што ў такім разе трэба рабіць, Пятро стукнуў абухом сякеры, з якою хадзіў, па сухастоіне – знізу ўгору пайшоў сухі звон ды як бы рэхам аддаўся воддаль. Зноў угары моцна бухнула-трэснула, пакацілася немаведама куды, пасяляючы на гэты раз у грудзях Пятра – цёртага селяніна – трывогу. Ён ціха прысвіснуў і з размаху цюкнуў сякерай у ствол. Тут новы грукат страсянуў зямлю, і на момант падалося, што абрынулася неба. Сухастоіна затрашчала і імкліва пайшла на яго. Не паспеўшы перахрысціцца, ён адскочыў, спатыкнуўся, упаў. Зрок выхапіў і пакінуў у памяці, як з кустоў выскачыў заяц. Напалоханы шумам і грукатам, ён паімчаўся міма.
Ціха. Нічога больш не грукоча. Нічога аніяк не баліць, дальбог. Ён паварушыў пальцамі рук, ног і са здзіўленнем адчуў, што жывы. Нейкім краем усведамлення адзначыў, што не спіць, а дакладней – абудзіўся ад сну і трызнення, але ненадоўга. Аксіння дыхала побач. Момант, і, ладу не дабраць чаму, ён зноў там… Расплюшчыў вочы і бачыць: на паваленай сухастоіне сядзіць нешырокі ў плячах чалавек, пыхкае люлькаю. На ім форменны кіцель, боты блішчаць. Па абліччы сваім ягамосць дужа знаёмы Пятру, як што ў расейскіх газетах яшчэ ў тыя гады, калі ён жыў там, неаднойчы друкавалі ягоныя карткі.
Невысокі пакацісты лоб, крутыя чорныя бровы, угору прычасаны сіваватыя валасы, густыя, шчаціністыя, бы поўсць на воўку, вусы пажаўцелі ад дыму.
Пятро ніколі ў жыцці не спатыкаўся з ім, але ведаў: гэта ён!
– Устань, Пісарчук, подыды до мінэ.
Пісарчук успрыняў саму постаць, уладарны голас як належнае; нават тое, што лясны госць назваў яго местачковае прозвішча, яму не здавалася дзіўным. На нагах у Пісарчука таксама былі боты, толькі ялавыя. Пэўнае падабенства з кіцелем уладара мела і Пятрова куртка свайго сукна, якая высока, пад самую шыю, зашпільвалася на гузікі. Яны, Пятро і лясны госць, былі прыкладна аднаго веку, і нейкая мужчынская роднасць заўважалася ў іхніх вусах. А што да валасоў, то іх, бадай, нельга было параўнаць, паколькі ў Пятра валасы больш светлыя і больш мяккія і заставалася іх на галаве ўжо вобмаль.
Пісарчук устаў і пашукаў вачыма сякеру.
– Ты не думай, што здэсь я одын, – мовіў госць. – Здэсь багата маіх люды. Усе збіраюць мінэ грыбы. Здэсь за кожным дрэвам – мае вочы.
– А я тут самотны, – ці то падумаў, ці прамовіў маркотны Пятро. – То чым жа, васпане, я абавязаны гэтай сустрэчы?
– Сустрэча прызначана, ды не з табой, пчаляром. Твая роля тут, увы, як ось гэтых соснаў… Уцяміў? Я маю сустрэцца з буйным чорным Шэршнем, о-оо! – І лясны госць усміхнуўся нейкім сваім спадзяванням ды нецярпліва паглядзеў на гадзіннік. – Як думаеш, не пабаіцца ён сюды прыляцець?
Пісарчук уцяміў, пра каго гаворка, і адчуў востры непакой, трывогу, цікаўнасць да моманту:
– Аднак я хацеў бы на яго паглядзець.
Госць-вядзьмак разгарнуў на каленях карту, на якой у розных фарбах азначаліся краіны Еўропы, і, выказваючы сваё задавальненне, тыцнуў люлькай у Польшчу:
– Ось тут ён пакажа свае тактычныя здольнасці. Сваю сілу… А мы поглядым.
Польшчу на карце перацінала шырокая сіняя лінія.
– Там мой сын… Ён за капрала ў польскай арміі.
– Твой сын камуніст?
– Не ведаю…
– А ты беларус?
– Так…
– Мне неаднойчы даводзілася чуць, што беларусы – наўздзіў трывалы народ і што яны ў вадзе не тонуць і ў агні не гараць. Гэта праўда?
– То вам, васпане, хтосьці нахлусіў! Мы заўжды гарым.
– Няўжо?
Пятро Пісарчук не заўважыў, як і калі карта ў руках ведзьмака загарэлася, і ён паднёс яе пад крысо ягонай курткі.
– Ось мы і проверым…
– Ці варта, васпане?! Нас адвеку нішчаць, топяць у крыві…
Пятра працяў жах, і ад жаху зрабілася горача, ён кінуўся бегчы – крок, два, але ж ногі-шэльмы не слухаліся – да брыдкага страху дадалося яшчэ і яшчэ; не толькі сэрца – усё нутро трымцела, і ён прахапіўся.
– О-о, госпадзе! Ох…
– Чаго ты стогнеш? – спыталася Аксіння, варушачыся побач.
– Брыда апанавала, – не адразу адказаў ён. – Такі сон, адным словам…
Потым, радуючыся, што насланнё адыходзіць, ён з палёгкай уздыхнуў. За акном ужо сеялася святло і паціху выцінала морак з хаты. Заспявалі разам як не ўсе местачковыя пеўні.
Яшчэ трохі дрымоты, і зусім абудзілася сядзіба Пятра; нявесткі Ганна і Зося рупіліся на падворку ды ў хляве, пыніліся з жывой гаспадаркай: даілі кароў, гатавалі корм для свіней і авечак. Ім памагаў Паўлюк. Аксіння абабрала бульбу ды падпаліла ў печы дровы, паставіла два гаршкі – боб і лапшу на малацэ, якую асабліва любілі дзеці, тут жа пачала пячы дранікі на сняданак, скваркі да іх; намыла бульбу ў вялікі чыгун – гэта для тых, што ў хляве рохкалі.
Полымя ад печы ахоплівала жарам яе круглявы твар, ахінуты хусцінкаю. Раней бывала, калі яна глядзела ў печ, палаючую залаціста-чырвоным агнём, ёй згадваўся ўрачыста-дзівосны выпадак з далёкіх юнацкіх гадоў. Яна тады разам з бацькамі і старэйшымі братамі паехала на Спораўскія балоты, дзе яшчэ ў часы каралевы Боны былі пракладзены асушальныя канавы, і гэта рабіла абшары даступнымі для сялян. Паміж дзвюма канавамі – Галоўнай і Жыдоўкай, што сыходзіліся пры ўпадзенні ў Ясельду, быў невялікі груд, парослы хмызам, купкамі дрэў. І от, выехаўшы туды, яны колькі дзён усёй сям’ёю касілі траву ў тваністым балоце, потым выцягвалі яе на цвёрды груд, сушылі ды складвалі ў копы, з якіх ужо ладавалі стагі. Начавалі на месцы, у зялёных буданах з вецця.
Аднаго разу не паспела іх шчырая сямейка дагрэбці і прыгарнуць да стога сухія валкі, як нахапіліся прыцемкі. Аксіння акурат стаяла на стозе, прымаючы на вілы і ўкладваючы сабе пад ногі сена, якое, бярэмя за бярэмем, мужыкі падавалі ёй знізу на рагачах.
Як стала цямнець, працу прыпынілі, і, улічваючы тое, што спаўзаць долу, а раніцай назаўтра зноў караскацца на стог нязручна, яна падала думку нанач застацца на стозе. Бацька ўхваліў яе намер, закінулі ёй туды майно – дзяружку і жакетку, пажадалі добрай ночы.
У тую ноч Аксіння сябе не памятала, хіба толькі напачатку ёй падумалася пра мотальскіх хлопцаў, пра Пятра, яе аднагодка – яны сябравалі. Што ён робіць там і ці сумуе па ёй? Яна ж сумавала і думала пра яго, нават уздыхнула, накрываючыся жакеткай.
Добра пахла сена. Навярэдзіўшы рукі і спіну за дзень, не заўважыла, як правалілася ў бездань сну. Спала, бы дзіцё пасля маку.
Ды вось і ранак, ён запомніўся Аксінні на ўсё жыццё. Прачнулася, прыгадваючы, дзе яна. Села. У здзіўленні падхапілася на ногі. Наўкруг туманіцца ўся прастора. Туман белымі пластамі ляжыць, а воддаль з белі выпаўзае вялізны залаціста-ружовы шар. І падалося ёй, што ў гэтай сырадойнай пространі яны адны – яна і прамяніста-ружовы дыск, бадай, знакавы і хвалюючы; ён напаўняў яе цяплом і пяшчотай, ён чараваў яе істоту аж да самага донца. Так утульна і радасна ёй было хіба ў абдымках Пятра. І гэтакая веліч! І той дыск, такі вялізны і блізкі, а яна – напроці яго, і нічога і нікога болей. Толькі ў жылах хадзіла маладая кроў…
На гэты раз дзівосная тая карціна не згадвалася, дый твар яе быў засяроджаны, думны – з начы бабе перадаліся непакой і трывога, якімі поўнілася сэрца яе чалавека Пятра. А ён тым часам агледзеў малатарню, якая стаяла ў гумне, змазаў шківы і іншыя часткі, што круціліся і церліся ў працы. Сёння гаспадар з сынам будуць малаціць жыта. Пятру аставалася яшчэ падсілкаваць у стайні каня, як што яму выпадала ў лёгкай вупражы хадзіць пад павеццю па крузе – цягнуць прывад, круціць шасцярню, ад якой перадаваўся рух на барабан і іншыя вузлы малатарні.
Але ж за працай, потым за сняданкам і зноў за працай на гумне Пятро ніяк не мог забыцца на сон, ад якога дагэтуль яшчэ знібела душа і было прадчуванне нядобрага. Зрэшты, чаго можна чакаць, калі ў дзверы грукоча вайна?
Час за хатнімі клопатамі прабег хутка. Пасля працы, распрануўшыся да пояса, ён папрасіў Паўла паліць яму крыху злетненай вады на рукі, на карак; добра намыльваючыся, змыў з сябе ўсю пацяруху ды едкі цёмна-шэры пыл ад малатарні. Калі ўжо расціраў ручніком да чырвані вільготнае крамянае цела, Павел, гледзячы на бацьку, усміхнуўся:
– Дык кажаш, той вядзьмак хацеў выпрабаваць цябе на вогнястойкасць?
– Табе, сынку, смех, а гэта ж не жарт. Хіба думаў калі, што з гэтакім д’яблам сустрэнуся! Хоць бы і ў сне… Тфу!
– Хай яго хай!..
Пятро наважыўся зноўку з’ездзіць у Моладава, каб спаткацца і пагутарыць са знаным палітыкам, якім лічыў Канстанціна Скірмунта. Здавалася, каму ж валодаць новай інфармацыяй пра вайну і спрычыненыя вайной падзеі ў свеце, як не яму, былому міністру замежных спраў Польшчы і потым амбасадару ў Лондане… Пятро не рабіў перад жонкай сакрэту з таго, што мае паехаць у панскі палац, каб, уведаўшы якія навіны, узяць іх за аснову, за ключ для разгадкі жахлівага сну.
Тым часам Маня, гуляючы на падворку, падскоквала на ўтравелай сцяжыне каля веснічак і сыпала жартаўлівыя словы і скорагаворкі, якія забаўлялі яе двухгадовую сястрычку Вольку:
– Чэпік, чэпік – доўгі нос, куды чорт цябе панёс, не падмазаўшы калёс!
Тая не ўсё, праўда, разумела з гэтакага ланцужка, але рагатала з дзіцячай адданасцю, як што ёй падабаліся вясёлыя скокі-падскокі і словы ў такт Маніным рухам; яна і сама ўжо дэкламавала, прысядаючы:
– Цепік, цепік…
Ды тут Маня заўважыла, як дзед, выкаціўшы са сваіх сенцаў ровар, падаўся на вуліцу. Ён быў чыста, як па-святочнаму, апрануты. Яна дагнала яго.
– Дзядуля, а ты куды гэта?
– На Парыпавы горы! – І першы раз за дзень вочы ў дзеда засвяціліся ў лагоднай усмешцы. – Мо ты ведаеш, дзе іх шукаць?
– Не-е, – Маня не адразу ўцяміла, куды хіне яе дзед. – А што табе там?..
– Адтуль свет шырэй відзён.
Ёй бабуля ўжо расказала, што ад самае ночы трывожыла дзеда, і таму яна была рада: ён зноў вясёлы і нават жартуе.
Маня ўпершыню пры развітанні сказала яму словы, якія зазвычай гаварылі дарослыя – баба Аксіння або маці,– і пры гэтым зычліва памахала рукой:
– Добрым часам, дзядуля!