Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 13
Кабала
Кніга першая
10
ОглавлениеКірмаш гудзеў, ляскатаў, шапацеў чалавечымі галасамі, пераходзіў на прыглушаны гул, у які час ад часу ўпляталася фырканне і ржанне коней.
Шырокі пляц, як скінуць вокам, варушыўся і вёў адменны гандаль. Каля фурманак з яблыкамі, ігрушамі, слівамі, як мухі-назолы, круціліся падлеткі ў разліку сцібрыць што якое вабнае, калі гаспадар да іх радасці зазяваецца.
Тавару ў гандлёвых радах – процьма, пачынаючы ад скарбу зямлі – вапны, здабытай у Бездзежы, гаршкоў, якімі славіліся ганчары Гарадной, ды розных бочак, бочачак, маслабоек, біклаг, кублоў для сала, змайстраваных слаўнымі бондарамі ў Рылавічах, і канчаючы бочкамі мёду, што былі пастаўлены тут прадпрымальнымі гаспадарамі навакольных вёсак і хутароў. Тут і алей на ўсе густы, вяленая рыба, каўбасы, смятана, сыры, булкі, цукеркі… Прадавалі авечыя шкуры і хром на боты. Рымар Абко меў прадаваць раменны вупраж. У вочы кідаліся тавары, прывезеныя здалёку – пушыстыя кусцікі кавылю, пафарбаваныя ў розныя колеры, кітайскія вабныя ліхтарыкі і вееры. Каля іх тоўпіліся маладзіцы, дзяўчаты і дзеці. Купцы спрактыкавана зазывалі пакупнікоў.
Прайшоўшы ў куток, дзе кідаліся ў вока свежым адгабляваным дрэвам кадушкі, Пятро Рамановіч з цікавасцю агледзеў новую медагонку, пэўна, з кляновай клёпкі, яму яна спадабалася, але потым падумалася, што і старая ў яго яшчэ не знасілася, таму няма сэнсу даваць ёй адстаўку.
Каля радоў з мёдам ён заўважыў прыяцеля – купца Клямку. Той бойка абмяркоўваў штосьці з патлатым таўстаматым, але яшчэ не старым чалавекам, выцягнуты авал твару ў якога і бычыныя вочы, якімі ён паволі варочаў, паказвалі на спаважнасць і мудрасць ягонае думкі, што заўсёды цанілася.
– Віват, пане пчаляр! – усклікнуў Клямка, калі заўважыў паблізу Пятра. – Знаёмцеся: гэта купец з Хелма…
І той падаў руку:
– Мэндаль.
– Але ж вас я, шаноўны гаспадар Пятро, – доўжыў Клямка, – гэтаму купцу не аддам! Наша дамова з вамі застаецца ў сіле.
– Ну гэтак, – кіўнуў Пісарчук. – Таму я і не выстаўляю свой мёд на кірмаш.
– Добжа, – і да таго купца: – А ці ведаеш ты, пане Мэндаль, сенатара Рамана Скірмунта? Між іншым, ён у Парэччы жыве. Дзе і я… Раней ачольваў Таварыства па распрацоўцы сельскагаспадарча-эканамічных патрэбаў Палесся.
– Я меў чуць пра Скірмунта. Толькі ж польскія паны абшарнікі пра яго дрэнныя словы казалі.
– Дарэмна! Ведай адно: пан Скірмунт і гаспадар Пятро Рамановіч – беларусы, якіх я найбольш паважаю.
– Прыемна чуць! – і Мэндаль яшчэ раз мякка паціснуў руку Пятра.
– А мы тут з панам Мэндалем спрачаемся пра акцызы, – патлумачыў купец Клямка.
– То вы й працягвайце. Гэта ж ваш дзень сёння! Бачыце, што робіцца: тавараў – безліч. Прайду ж далей і я – пагляджу яшчэ тое-сёе.
Пятляючы між радамі, Пятро прабіўся на другі бок плошчы. Сярод знаёмых ён неўзабаве стрэў Малыцьку – чалавек прыдбаў мелу для пабелкі сцен у пакоях падрамантаванай хаты. Паблукалі разам, накуплялі для сваіх маладзіц слодычы, усялякіх цукерак, а Пятро яшчэ і тульскіх пячатных пернікаў – так іх звалі – для ўнучкі. Нарэшце, ён спыніўся далей каля воза з пяньковымі вяроўкамі, узяў адну з іх, каторая таўсцейшая, у роздуме пакруціў, пацёр у пальцах, як знаток натуральнага сялянскага валакна, прыцаніўся, дастаў з кішэні і аддаў грошы. Добрая вяроўка! Няхай будзе на ўсялякую патрэбу.
Калі ён вярнуўся ў сядзібу, сын Барыс і астатнія ўжо былі дома. Селі сям’ёю за стол. Самы час! У царкве ж недзе ўсё яшчэ служылі святочную службу, пасля якой змораныя ад сваёй божай службы святары збяруцца ў вялікай хаце каля царквы і за накрытым святочным сталом таксама спазнаюць хмельную радасць і асалоду быцця.
На стале ў Пісарчукоў пераважаюць стравы з рыбы, прыгатаванай па-рознаму, грыбоў, садавіны ды гародніны. Піражкі з яблыкамі, піражкі з тварагом… Мёд… Спас, як зазвычай, прыпадае на Засненскі пост, вядомы яшчэ як пост Успення. Пастом і вызначаецца акраса стала. Пад першыя нягучныя сямейныя здравіцы прапусцілі па чарцы, потым яшчэ, але ўсё без лішку, вольна, прыстойна.
Толькі вось гаспадара Пятра і тут не пакідала засяроджанасць:
– Я ўсё думаю: калі-небудзь знойдзецца тэхніка і знойдуцца людзі, якія дапамогуць нам вызначыць, дзе ляжыць ён, адкапаць і выцягнуць з вады Мікалай-звон.
– Пятро! – усклікнула Аксіння і доўжыла, увачавідкі пакепліваючы: – Без таго звону ты проста жыць не можаш!
– Мама! Ці чуеш, мама!.. Трэба паважаць таткаву схільнасць да музыкі!
Апошнія словы уткнуў сын Паўлюк. Не ўсе зразумелі, што ў яго галаве?.. І Паўлюк даводзіў:
– Вось Піліпу, да прыкладу, падабаецца скрыпка, некаму хораша кладзецца на душу арган, а тату – медны звон! Таму ён і марыць пра дужага Мікалая! Той малінавы заўсёды будзе гучаць у ягоных вушах. Я праўду кажу, тата?
У застоллі зрабілася весела, але за бацьку заступіўся Барыс:
– Я не веру ў Бога, і вы гэта ведаеце. Тым не менш скажу ў застоллі: асілак-звон здольны быў адганяць чарцей ад Моталя на дваццаць вёрст! Штука дужа прыемная і карысная! Апроч таго, Мікалай-звон быў і, калі яго выцягнуць з возера, зноў можа стаць адметнасцю, сімвалам мястэчка.
– Хіба што…
– Тады, – узняў чарку Паўлюк, – за яго вяртанне!
– Анягож, – не змоўчала Зося і кінула мужу: – Ідзі, раней выцягні, а тады ўжо!..
– Выцягну!
І тут усе на момант прыціхлі.
– «Да пшанічанька яра-а-а», – пачала Зося…
Застолле адчула смак і асалоду ад таго журліва-лірычнага напеву.
Да пшанічанька яра-а-а,
Да пшанічанька яра-а-а,
Яравы аве-ес,
Яравы аве-ес…
Не ў першы раз у гэтай сям’і гучыць Зосін голас, а дзівіць і ўражвае сваёй чысцінёй, тэмбрам, роўнымі, вытрыманымі і адначасова своеасаблівымі меладычнымі пералівамі. Да яе адразу ж далучыліся іншыя галасы – Ганны, Аксінні, Паўлюка дый Пятра. Песня набрала моцы і ніколькі не страчвала свайго задушэўнага ладу.
Яравы аве-ес,
Не по праўды, козачэ,
Не по праўды, соколю,
Ты со мною жывеш,
Зо мною жывеш…
Маня-малеча акурат у той момант была каля стала, яна замерла. Дзяўчынка глядзела на сваю дружную радню, пераводзіла позірк з аднаго на другога і з захапленнем слухала. Пры спяванні апошніх слоў куплета маладзіцы, між іншым, пачалі ўкрадне зыркаць на яе татку і пераміргвацца. А гэтага для яго ўжо было занадта! Бацька няйначай знайшоў нейкую нагоду, устаў і выйшаў з хаты. Дармо, у спіну яму ляцела:
Зо мною жывеш…
Дай як прыйдэ ве-ечур,
Да вечур-вечурочак,
Да другоей ідэш.
Вярнуўся Барыс неўзабаве, ды не адзін, а са сватамі – Параскай і яе сынам Паўлам Міховічам, братам Ганны і Зосі; Павел хадзіў у жаніхах; за імі ступіў на парог і сват Іван Баяба, добра злеплены, мажны, відны, з жонкай Мар’яй – сястрой Ганны і Зосі,– яна ж побач са сваім чалавекам Іванам выглядала дзяўчынкай.
Насустрач ім абрынулася раскацістае і вясёлае:
Сёння ў нашай хаце свята,
І гасцей як тут багата!
Усіх на свята запрашаем
І сардэчна вас вітаем!
Паўлюк, а за ім і яшчэ той-сёй, прытанцоўваючы, падхапіліся вітаць дарагіх сватоў.
Як бачыш у віхуры воклічаў, рухаў, настрояў загучала:
Госці, госці, госці, госці,
Хтосьці ёсць, намя кагосці.
А без гармоніка й дуды
Ходзяць ногі не туды!..
Дзень быў доўгім, гаманкім і песенным, але ж і яму знайшоўся канец. Звечарэла. У хатах ужо там-сям запальваліся лямпы, і старыя пасля таго, як дагледзелі жывёлу, што не зважала на хмельны рэй у сядзібе, паціху супакойваліся і рыхтаваліся да сну. Іншы план быў у моладзі, яна заўзята шыкавала на зборнях, наладжвала танцы на адкрытых пляцоўках альбо ўлагоджвала свае ўзаемаадносіны па ціхіх кутах – каханне ж было за асноўны матыў у будове жыцця.
Акурат у гэты час Пятро з Аксінняй выйшлі з сядзібы за веснічкі.
Пад самымі вокнамі іх мураванкі была ўкапана невысокая лаўка, і менавіта каля яе гаспадары раніцай паставілі стол, накрылі яго белым абрусам, на ім пакінулі ў плеценай вазе яблыкі і графін з мядовым напоем, кружку…
Гэта быў добры знак і зычэнне таму, хто гуляў на вуліцы – пачастунак для ўсялякага ахвочага люду, а часам і суседзяў. Так рабілі і іншыя гаспадары.
Цяпер, у канцы дня, ад тых пакінутых яблыкаў у вазе амаль нічога не засталося, і ад медавухі – невялікая рэшта. Праўда, гэта быў ужо другі наліты графін, а першы выпілі ўвесь.
Пятро з Аксінняй выйшлі, каб забраць святочны стол у двор. Адно тут Пятра пацягнула прысесці на лаўку – пасядзець, крыху ачомацца ад дзённага тлуму. І, паклаўшы на пакацістыя і цёплыя плечы сваёй жонкі руку, ён прыгарнуў яе да сябе.
– Вось так і жывём, – мовіў ён. – Усё, што трэба для жыцця, здабываем. Нялёгка… цяжка бывае, але ж, калі на тое, і светкаваць, весяліцца ўмеем. У нас святкуюць Спас, а ў Высокім, я чуў,– Іллю, у Токарах – Тройцу, у Расна – Івана Купалу. Толькі ў Століне – прастольнае свята прыпадае на Пакровы, і там, калі святкі, народ па тры дні балюе, спраўляе вяселлі, госці гузуюць з вёскі ў вёску. Ад песень, танцаў, гаманы ажно гай шуміць!
Памаўчаў, перавёў дыханне.
– І добра, – казаў далей, – адно на душы неспакойна.
– Ты пра Барыса?..
– Ды не! Наогул… З газет бачу: свет наўкола неўладкаваны. Людзі грызуцца альбо рыхтуюць доўбні адзін на аднаго. У Іспаніі вайна… У Нямеччыне да ўлады прыйшлі нацыянал-сацыялісты, пэўна, вялікія рызыканты. Нешта новае ўваходзіць у жыццё. Адразу й не ўцяміш. Калі б на нашай вуліцы, напрыклад, знайшоўся паскуднік, які дбаў бы толькі пра ўласную сядзібу і на суседскія селішчы глядзеў як на сваё, без усялякіх выбачэнняў таптаўся па чужых агародах… Што б ты, Ксеня, сказала пра такога?
– Не ведаю, гэта ж няможна ўявіць сабе!
– І я не ўяўляю. Зрэшты, немец менш чванлівы за паляка. Вазьмі панскую ўвагу да беларускага люду, агонь яе выкуры! У Крэсах Усходніх знікаюць апошнія беларускія школы. Нас пазбаўляюць супольных чалавечых правоў. А там, у Германіі, ужо пачалася тузаніна з жыдамі, іх прымушаюць высяляцца з Нямеччыны.
– Як гэта? Зусім?..
– А што ты думаеш!.. Польшча, між іншым, заключыла з немцамі дамову тэрмінам на дзесяць гадоў аб мірным суіснаванні, павазе да нацыянальных межаў. Але ж немцы зноў узбройваюцца і лічаць непазбежнай вайну з бальшавіцкай Расеяй. Адсюль як бачыш вынікае: Польшча можа апынуцца ў адным хаўрусе з немцамі, і тады…
– Не давядзі Госпадзе!
– Новая навала ўжо нас не абміне. Але ж лепш не думаць пра гэта…
* * *
У небе ўсё ярчэй разгараліся зоркі. З возера разам з туманам ішла прахалода. Чуліся загадкавыя воклічы і смех, недзе воддаль пілікаў гармонік. Неўзабаве ўзнікла песня і сціхла… Зноў заспявалі ў некалькі галасоў.
Да пшанічанька яра-а-а…
– Чуеш? – сказала Аксіння. – Напэўна ж, і наша нявестачка ў тым карагодзе.
– Няхай. Але ж як гучыць над возерам дзявочы напеў, пад высокім азораным небам!
Мелодыя па-новаму чаравала. Яна вяртала Пятра і Аксінню ў сваю маладосць, не такую ўжо і далёкую, а толькі – як помняць сябе – сумесную, суладную; і прайшла іх маладосць праз выпрабаванні аж да гэтага дня, да гэтага самага Спаса, па вызначэнні – Ратавальніка; ім заўжды здавалася, што не будзе ёй скону.