Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 22
Кабала
Кніга першая
19
ОглавлениеЯны прайшлі з белага салона ў вялікую залу. Пан Канстант, нязмушана і спрытна перабіраючы рукамі абадок пры колах, вёў госця ў бібліятэку. Пятро, ідучы за ім, быў удзячны лёсу, які падараваў яму гэты выпадак.
На пане дыпламаце быў выдатны шэры, з сіняватым адлівам касцюм і гальштук у тон. Усё адпавядала добраму густу і моманту выхаду ў людзі.
Нарэшце новыя шыкоўныя дзверы і прасторны пакой, абсталяваны адмысловай мэбляю з чорнага дубу. Пан Канстант прапусціў госця паперадзе сябе; насустрач ім падняліся з крэслаў двое: сіваваты, моцны ў касці, жвавы мужчына з вусамі. Па авале твару і вострым, пранізлівым позірку з-пад цёмных броваў Пятро прызнаў у ім Рамана Скірмунта, з якім даўней сустракаўся, а другі пан – тутэйшы – родны брат Канстанта – Генрык, таксама ў веку, але яшчэ не страціў цёмнага колеру валасоў.
Павіталіся і спаважна пачалі рассаджвацца. Парачанец Раман сеў у крэсла, накрытае чырвонай крамнінай. На другое чырвонае крэсла пан Канстант паказаў госцю з Моталя. Астатнія крэслы былі пакрыты англійскім узорыстым паркалем.
– Даўно, шаноўны спадар, мы з табой не бачыліся, – сказаў Пятру памешчык Скірмунт. – Помню сына твайго, гожы хлопец, шляхцюком трымаўся, яго непакоіла сацыяльнае і палітычнае становішча люду паспалітага… Дзе ён цяпер?
– Гэта мой старэйшы, Барыс. Ён цяпер у войску і, напэўна, бярэ ўдзел у абароне Варшавы. Таму і баліць мая душа…
– Не абаранілі Варшаву! – з нечаканай горыччу зазначыў пан Канстант. – Я маю весткі, што ўрад пакінуў сталіцу яшчэ да яе абароны. Інакш кажучы, ганебна рэтыраваўся, і гэта быў нядобры знак. – Ён з горыччу ўздыхнуў: – Прападзе польскі люд без Пілсудскага!
Раман прыжмурыў вочы і тнуў кончыкамі пальцаў у стальніцу:
– Я не аспрэчваю ваяўнічасці пана Пілсудскага. Мір праху яго! Але ж хіба не ён заключыў у 34-м годзе пагадненне з Гітлерам аб мірным вырашэнні спрэчак?
– Дапусцім, ён… І, дапусцім, у сваіх разліках мы зрабілі памылку.
– А Польшчы здрадзілі не толькі Гітлер, але і яе саюзнікі – Англія, Францыя… Дзе іхнія войскі? – паставіў рубам пытанне Генрык, хоць, па сутнасці, гучала яно рытарычна.
Пятро Рамановіч з цікавасцю слухаў братоў. Падобныя дыялогі і сентэнцыі цяпер гучалі, бадай, па ўсёй Польшчы.
Гутарку доўжыў Раман Скірмунт, ён шокаў:
– Уся справа ў тым, шо Юзаф Пілсудскі не мог не зрабіць памылкі, грунтуючыся на сваёй удаўнелай ідэі-мары – асобай місіі Польшчы на ўсходзе Еўропы. Я ж памятаю ягоныя планы ў 19-м годзе заваяваць Расею і стварыць максімальна шырокую канфедэрацыю пад гегемоніяй Польшчы, маўляў, польскі жаўнер будзе падаваць руку японскаму жаўнеру! Дык чым жа ў гэтых захопніцкіх планах ён лепшы ад Гітлера? Я помню і тое, шо ён казаў: «У так званай Беларусі будзе альбо польскасць, альбо расейскасць». Чаму, ну чаму, дазвольце спытаць? На тых жа падставах нехта можа сцвярджаць і, напэўна, сцвярджае, шо так званая Польшча павінна быць або расейскай, або германскай. Зноў жа, чаму?.. І чаго вартыя змовы аб дзяльбе Беларусі?! Сціхла Грамадзянская вайна, і Расея, не маючы ніякіх сваіх, уласна, дачыненняў да гэтых зямель, перадае Вільню і віленскія абшары Літве, хаця Літва таксама ніякім чынам не можа на іх прэтэндаваць… А неўзабаве Польшча, заўзята ваюючы, забірае Вільню і пнецца ўжо дакляраваць сваё права на віленскі вабны куток. Мала таго, яна тут жа патрабуе ад Расеі падзяліць усю Беларусь. І я паўтараю: чаго, пане-браце мой, чаго варта змова гэтых краін у Рызе, га?..
Вочы Рамана і Канстанта сустрэліся, і ні адзін з іх не спяшаўся адвесці позірк.
– Мой брат! – урэшце прамовіў Канстант. – Я не заўсёды з табою пагаджаюся, а вось тут, як ёсць, прымаю твой погляд. Сапраўды, Рыжскае мірнае, з дазволу сказаць, пагадненне мела шмат элементаў гвалту. Але ж за гэта варта дакараць не столькі Польшчу, колькі Савецкую Расею. Бо калі, скажам, вы ўтварылі і юрыдычна зафіксавалі Беларускую савецкую дзяржаву ў складзе камуністычнай імперыі, то і прызнавайце, прошэ пана, яе паўнамоцтвы, запрашайце на гандаль.
– Не пусцілі ў Рыгу нават Жылуновіча, кіраўніка ўрада, хоць ён дамагаўся ўдзелу.
– Я, шчыра кажучы, не думаю, што ягоны ўдзел там што-небудзь змяніў бы. От хіба ж дэлегацыя Украіны, запрошаная туды, перашкодзіла дзяльбе сваіх абшараў? Не…
– Аднак ты выгароджваеш Польшчу, пан Костусь.
– Не-е, яшчэ раз кажу, ад Расеі шмат залежала. Дадам, у Польшчы і Расеі былі розныя інтарэсы. Польшчу перш-наперш цікавіла пашырэнне сваіх абшараў на ўсход. Няхай так. Затое ў Расеі жыццёва важных абшараў хапала. На ўсе бакі! Адсюль і адносіны да падзелу чужых тэрыторый у Рызе кіраўніка расейскай дэлегацыі Абрама Іофе. Ён аддаваў палякам не сваё…
– А трапна сказана! – ціха прамовіў Пятро Рамановіч, толькі тое пачулі, і ён дадаў для пэўнасці: – Калі адсякаеш не свой палец або нават руку, не так баліць…
– Зусім не баліць! – умомант падхапіў дыпламат Костусь-Канстант і доўжыў, звяртаючыся, уласна, да Рамановіча: – Уявіце сабе, шаноўны, тыя перамовы… Я ведаю, што там было, бо чытаў успаміны розных людзей. Так… Дыпламаты доўга і безвынікова дэбатавалі. На пасяджэннях сум адольваў усіх. Аднаго разу выйшлі ў калідор, каб перакурыць. Тады Абрам Іофе, праінструктаваны самім Леніным, падыходзіць да лідэра польскай нацыянальнай дэмакратыі пана Рамана Дмоўскага, які ачольваў польскую дэлегацыю, дый кажа яму: «Пане а пане, мы не настойваем на правядзенні дзяржаўнай мяжы па лініі, якую прапанаваў англічанін Керзан. Ён чалавек выпадковы… А нам абы мір заключыць. Таму калі з вас мала траціны абшараў, заселеных не то беларусамі, не то ліцвінамі, то бярыце болей. Пэўна! Вы можаце браць сабе Менск і абшары далей, аж да Барысава, Бабруйска, Мазыра… Тады дзяржаўная мяжа складзецца сама сабой і будзе праходзіць па Бярэзіне і Прыпяці».
Костусь зрабіў паўзу, і гэтая паўза была запоўнена чаканнем слухачоў. Усе былі ўражаныя.
Цішыню парушыў брат-парачанец:
– І шо далей?
– Скажу… На тыя словы расейца пан Дмоўскі весела ўсміхнуўся дый кажа: «Не, пане Іофе, тэго не вольно робіць. Бо мы добжэ ведаем, што знача партызанка беларуская. Узяць сабе Менск – тое самае, што ўзяць скулы на дупу. Не-е, тэго не вольно робіць!»
Усмешкі паказвалі, што мудрасць польскага дыпламата ўспрынята належным чынам, і тады Раман Скірмунт звярнуўся да братоў:
– Шаноўныя Костусь і Генрык! Вы культурныя людзі, і мне не сорамна перад вамі прызнацца, шо я не прымаю і, больш за тое, у думках ніяк не магу спасцігнуць менталітэту рабаўнікоў, заваёўнікаў. Так-так… Беларускія землі заўсёды былі больш асвечанымі, больш развітымі ў параўнанні з маскоўскімі. Таму дазвольце мне задаць рытарычнае пытанне: у каго вучыліся расейскія дойліды, музыкі, друкары?.. Аказваецца, вучыліся ў нашых майстроў – ліцвінаў, беларусаў… А чым за гэта плаціла Расея нашай краіне?.. Войнамі, вынішчэннем народа дашчэнту, разбурэннем нашых гарадоў. Пэўна ж, вы ведаеце, а калі не, то я нагадаю, якімі прыгожымі, зграбнымі стаялі раней Бярэсце, Магілёў… Таму я ніяк і не спасцігну, шо за прыхамаць у іх, рабаўнікоў, заваёўнікаў, асабліва калі яны з блізкага мне асяродку – мае сучаснікі тым больш. Ну хто, ну шо яны, урэшце?! Сяк-так спасціглі гісторыю сваёй краіны, культуру, любяць айчыну – толькі сваю! Гіцлі!.. А шо там у суседа за плотам – да самага коміна пустка? Альбо народ беларускі – не народ? Ці ж ён не меў і не мае сваёй культуры? Не меў Княства, дзе культура і права былі за ўзор для ўсёй астатняй Еўропы, не кажучы ўжо пра Масковію?.. Паглядзіце на Вільню, сталіцу Княства, – якія выштукаваны гмахі, палацы, які парад вуліц! Панове Скірмунты! – з немалой доляй патэтыкі звярнуўся Раман да братоў.– Вы сёння польскія дзеячы, польская костка! А было ж інакш. У XVІ—XVІІ стагоддзях наш род размаўляў на той мове, на якой Сапега пісаў Статут Вялікага Княства Літоўскага. Паглядзіце: чым не фатальнае супадзенне? Мова Статута – тая ж мова, якой і цяпер народ карыстаецца! На гэтай мове Янка Купала піша свае журботныя вершы. – І ён прадэкламаваў:
А як завуць край гэты родны мой —
Забыўся ўжо праз свой прыгон і здзек;
Мабыць, забраны ці тутэйшы ён,
Я ж сын яго – тутэйшы чалавек!
Або з таго, шо мне даводзілася чытаць раней:
Так няміла, як магілай,
Неяк выдае
Беларусь, мая старонка,
Ды люблю ж яе…
– Між іншым, – доўжыў размову Раман Скірмунт, – Пілсудскаму, Гітлеру ды, бадай шо, і Сталіну законы не пісаныя. Але калі ўважаць хоць на нейкую культуру і элементарную логіку, то дзе яны ў такой палітычнай заяве: у Беларусі павінна быць альбо польскасць, альбо расейскасць? Глум над светам дый толькі!..
Расхваляваны Раман устаў і пачаў хадзіць між крэсламі. Канстант маўчаў, як што быў азадачаны эскападай стрыечнага брата.
Падаў голас Генрык:
– Але ж я выхаваны на польскай культуры.
– Правільна! І я ўзгадаваны ў польскай культуры, але не ўважаю сябе за паляка. Я даўно ўжо казаў людзям пра гэта. Я не маю найменшай патрэбы залічваць сябе да народнасці, з якой лучыць толькі культура, тым больш навязаная сілай пры пэўных абставінах.
– Рамане! – звярнуўся да яго Канстант. – Не гарачыся, калі ласка, і не гневайся – жыццё, лічы, пражыта. І пражыта яно намі па-рознаму. Што зробіш?
– Костусь, усё гэта так. Але ж мы селі за гэты стол, каб асэнсаваць шо-колечы. Ты служыў рэжыму, які бачыў сваю асаблівую місію на ўсходзе ў тым, каб каланізаваць народы і ў першую чаргу нас, беларусаў, ды распаўсюджваць польскасць. Царызм таксама бачыў свае вялікадзяржаўныя інтарэсы ў тым, каб душыць палякаў, беларусаў, украінцаў, пазбаўляючы іх найперш роднай мовы. Губернатар паняволенага краю Мураўёў, як і Пілсудскі потым, выразна ўяўляў сабе гэта: «То, что не доделал здесь русский штык, доделает русская школа». Вось таму мы, тутэйшыя, і ўзгадаваны ў польскай культуры, а іншыя – у рускай. Таму палякі і ўпусцілі шанц дамовіцца з Савецкай Расеяй аб супольнай абароне перад пагрозай фашызму. А Гітлер тым часам узяў у Сталіна індульгенцыю на адпушчэнне грахоў.
На стале ў цёмных бутэльках стаяла чырвонае віно, побач – невялікія празрыстыя шклянкі з крышталю. Стаялі таксама кава ў кафейніку і белыя кубкі на сподачках. На талерках ляжалі нарэзаны сыр і асобна – пячэнне, бісквіты…
Раман падышоў да стала, наліў сабе стопку віна і тым самым як бы падаў прыклад іншым.
– Беларускія землі заўжды былі больш асвечаныя, больш развітыя ў параўнанні з маскоўскімі ці расейскімі,– сказаў ён. – У гэтым пераканаўся Сталыпін, будучы губернатарам на Гарадзеншчыне. Вопыт прыватных, так бы мовіць, фермерскіх гаспадарак выклікаў у яго захапленне. Адсюль, я мяркую, ідэалогія зямельнай рэформы ў Расеі. Вельмі паважаў і цаніў ён нашага Эдварда Вайніловіча, які каля дваццаці гадоў узначальваў Менскае зямельнае таварыства і шмат зрабіў, шмат каму на Бацькаўшчыне дапамог. Як ніхто ў глыбіннай Расеі, ён ведаў жыццё, тэхналогію земляробства, патрэбы зямлі і сялян, быў прагматыкам. Мы з ім уваходзілі ў Дзяржаўны Савет, і Вайніловіч прымусіў слухаць сябе з прытоеным дыханнем, са здзіўленнем і зайздрасцю. У адрозненне ад абмундзіраваных і вырабленых на адзін капыл чыноўнікаў з’яўляўся на пасяджэнні з загарэлым і абветраным тварам, адкрытым, прыгожым. Пра яго энергію і розум сведчылі вочы, у глыбіні якіх, надаралася, ляжаў сум – па дзецях, Алене і Сымону, заўчасна памерлых. Дзеля ўвекавечання іхняй памяці ён збудаваў у Менску чырвоны касцёл, надаў яму імя Алены і Сымона. Нягледзячы на няшчасці, быў спакойны, упэўнены ў сабе – прыроджаны лідэр! Сталыпін угаворваў яго заняць пасаду віцэ-міністра сельскай гаспадаркі Расеі, але… Вайніловіч добра адчуваў розніцу паміж духам і ладам жыцця ў Расеі і дома. Характэрны выпадак… Аднаго разу патрапіў ён, вядомы ўжо дзеяч заходніх зямель, на прыём да імператара ў Царскім Сяле. Імператар, падаўшы руку, пытаецца пра поспех экспедыцыі генерала Жылінскага ў меліярацыі. Пацікавіўся ўвогуле настроямі аграрнікаў. Эдвард патлумачыў: у нас той, хто мае зямлю, займаецца зямлёй, а не палітыкай. Далей ён выказаў нараканне: усё, цар-бацюшка, было б добра, калі б правесці мяжу альбо ўстанавіць каранцінную паласу і адгарадзіцца ад цэнтральных расейскіх губерніяў, адкуль прыходзіць усялякая зараза. У гутарцы са мной потым Эдвард прызнаваўся, што момант быў адмысловы і калегі па Дзяржсавету торгалі яго за крысо фрака, баючыся, што ён далёка заходзіць. Адно імператар адрэагаваў спакойна: «Несомненно так, несомненно так…» і паціснуў яму руку. Дык вось, мае родныя, любыя, дазвольце ўзняць чарку за тое, каб падобныя Эдварду Вайніловічу людзі не пераводзіліся на беларускай зямлі і каб каранцінная паласа пралегла паміж нашым народам і каланістамі!
Костусь-Канстант пачуваў сябе ніякавата ад бунтарскага імпэту Рамана, але палічыў за лепшае паквітацца з ім жартам. Ён, праўда, перш звярнуўся да селяніна Пятра:
– Спадар Пятро, як гэта ў вас, мужыкоў, гавораць? Госць… А-а, вось: «Госць – не костка, за вароты не выкінеш!»
Раман адказаў яму з іранічнай усмешкай:
– Дзякуй…
– Аднак, – сказаў ён, – нам добра было б паслухаць, што носіць у думках гаспадар Пятро. Моталь большы за Моладава і Парэчча, а дзе больш людзей, там, пэўна, і розуму болей. Так ці не?
– А я вем? – усміхнуўся ў вусы мудры моталец. – Я мог бы ў Бога спытаць – дык хадзіць далёка, але ж…
Чырвоныя промні сонца, прабіваючыся скрозь вяршаліны дрэў у садзе, даставалі сюды і асвятлялі сваім неспакойным святлом твары дыскутантаў. Пятро Рамановіч ацаніў пытанне, якое, на першы погляд, было вельмі простае, а калі глыбей – вырастала ў загадку або задачку на кемлівасць. Паны з датклівай цікаўнасцю чакалі ад яго адказу. І, усцешаны іх увагай, Пятро паспрабаваў давесці ім свае думкі:
– За два тыдні ад пачатку вайны насельніцтва ў нас прырасло. За кошт польскіх уцекачоў, найперш яўрэяў. Ва ўправе зарэгістравана ўжо каля паўтары тысячы бежанцаў. От толькі наконт розуму ў грамадзе – няма на яго попыту. Дзіва што, светам правяць разлік і грубая сіла. Я думаў пра гэта, асабліва пасля гутаркі з купцом Мэндалем, уцекачом з-пад Хелма, – і Пятро ўсміхнуўся нейкім сваім успамінам…
– Мы слухаем, – нагадаў Раман.
– Гутарка была – так бы мовіць, без клею, за шыхаваным сталом. Мэндаль, як, зрэшты, і пан Канстант, чытаў «Майн кампф», і з ім цікава было абмеркаваць прэтэнзіі Гітлера. Яны вам добра вядомыя: яўрэі ў свеце – найпершае зло, яны прыбіраюць да рук ключавыя пасады, яны прынеслі ў грамадства аблудлівы камуністычны рэжым і правяць баль у Расеі. Яны наважваюцца абрабаваць да споднікаў увесь свет… Таму Гітлер, як тое і належыць высакароднаму арыйцу, абрынуў на іх свой справядлівы гнеў, ён, чуеце, абараняе ад юда-камунізму свой народ і іншыя народы… Я проста аслупянеў, слухаючы Мэндаля, – прызнаваўся Пятро. – Няўжо, думаю, гэта і сапраўды так? Няўжо Гітлер з-за яўрэяў распачаў вайну?..
– Пытанне няпростае, – зазначыў у роздуме Раман Скірмунт. – З гэтым выбраным боскім народам, канешне, могуць быць праблемы скрозь, дзе ён, як пырнік, распаўсюджваецца. Толькі ж з яго асяроддзя выйшлі таксама выдатныя дзеячы асветы, культуры. У свой час я, напрыклад, захапляўся дзіўнай чароўна-паэтычнай прозай Змітрака Бядулі, які друкаваўся ў «Нашай ніве». А ў нашаніўскім артыкуле «Жыды на Беларусі» ён, па сутнасці, ідэалізаваў іх адносіны з беларусамі. Толькі не адмаўляў Змітрок і таго, што большасць яго супляменнікаў жыве паводле прынцыпу грубай сілы: «Чый верх – таго і праўда!» Цікава, аднак, шо мусіў сказаць табе, чалавеча, купец Мэндаль?
– Ён усё разумее, але што можа змяніць ардынарная яўрэйская душа? Мяркуе, што не толькі ў іх прычына, бо з кнігі відаць: Гітлеру патрэбны новыя тэрыторыі, якіх у яўрэяў няма. Яны ж самі іх шукаюць.
– Але ж, але ж… – Дыпламат Канстант падаўся з каляскай да кніжнай паліцы. – У дыктатараў, заваёўнікаў свая псіхалогія. Яе адметнасць у тым, што яны вызваляюць сябе ад маральных абавязкаў перад чалавечай супольнасцю. Ім нібы ўсё дазволена Богам. Толькі ж не Бог, а нейкая іншая сіла кіруе іхнімі памкненнямі. Не выключана, што гэтая сіла ўплывала і на Пілсудскага, заснавальніка новай, незалежнай Польшчы, калі ён марыў, уласна, пра імперыю. Што да яўрэяў, паяднаных Вайцманам, а гэта сіяністы, то ў іх свае высілкі на экспансію, на закабаленне і падпарадкаванне сабе народаў. Яны рассыпаны геаграфічна, але Талмуд у іх за правадыра. Талмуд для іх – само сумленне. І ў гэтым таямнічасць і складанасць сітуацыі з іхняй экспансіяй. У мяне тут у адной ксёнжцы ёсць выказванні пісьменніка Вільгельма Мара, дарэчы, суайчынніка Гітлера, які жыў раней. Ён у нечым, кажуць, падобны да расейскага рэвалюцыянера-народніка Бакуніна. Мар, мусібыць, першым убачыў, хто стаіць каля стырна рэвалюцыйнага пралетарскага руху, хто арганізоўвае і накіроўвае яго, чые інтарэсы на самой справе адстойваюцца дагматам, дзе не павінна быць ані ўласнікаў, ані сямейных ці нацыянальных межаў… Панове, я вам зачытаю.
У гэты момант Генрык Скірмунт устаў і ціха выйшаў з пакоя. Калі дзверы за ім зачыніліся, пан Канстант пахітаў галавой:
– Перажывае… Хвалюецца, небарака… Вайна моцна ўдарыла па ягоных творчых планах. У Варшаве ж наважваліся ставіць оперу па напісанай ім партытуры, і ўсё раптам абрынулася. Значыць – не лёс. – І, перавёўшы дыханне: – Паслухайце, аднак, што пісаў Вільгельм Мар у 1879 годзе: «Я глыбока перакананы, што прыход яўрэйскага імперыялізму – пытанне ўсяго толькі часу… Гора пераможаным!.. Для мяне сумненняў няма, што не паспеюць пражыць чатыры новыя пакаленні, як не застанецца ніводнай пасады ў дзяржаве, уключаючы самыя высокія, якія б не апынуліся ў руках яўрэяў». – Пры гэтых словах пан Канстант сустрэўся з зацікаўленым поглядам Пятра Рамановіча і зазначыў: – Не выключана, што і Гітлер гэта чытаў. «А цяпер, – піша Мар, – сярод еўрапейскіх дзяржаў адна толькі Расея – апошні бастыён Еўропы, і менавіта супраць яе яўрэі рыхтуюць свой канчатковы ўдар. Яўрэйскія змоўшчыкі выклічуць у Расеі рэвалюцыю, якой свет яшчэ не бачыў… Пасля таго, як Расея будзе пераможана, ім ужо не будзе чаго баяцца. Апошні час Еўропы настане самае позняе праз сто або сто пяцьдзесят гадоў».
Пан дыпламат скончыў чытаць і загарнуў старонку кнігі. Нейкі момант усе маўчалі. Пятро Рамановіч зноў прыгадаў Парыпу, і калі Парыпа прадказваў прагрэс у тэхніцы, лягло на думку, то прадказальніка Мара занесла ў абсягі палітыкі.
Сваё меркаванне выказаў Раман Скірмунт:
– Хацелася б адно мець спадзеў, шо мы слухалі байкі нейкага адмысловага баечніка, да прыкладу, Мюнхаўзена. Але ж мой брат Костусь не той чловек, які здольны пераказваць байкі. Га?
– І далей пайшло як па пісаным. Племя Майсеева ўчыніла кастрычніцкі пераварот, які назвала рэвалюцыяй, і далей распачало тэрор – нечуваны ў гісторыі. Я чытаў, як у Адэсе і Харкаве здзіралі з жывых скуру, а недзе абварвалі кіпнем ці выраблялі бог ведае што з палавымі органамі. І гінула ўсё святое ды самавітае… У тым браў удзел і просты люд, нацкаваны, ашуканы бальшавікамі. Раней, у неяўрэйскіх войнах, падобнага не назіралася.
– Яны ж разагналі і Першы Усебеларускі Кангрэс, – уздыхнуў стрыечны брат.
– У цябе, Раман, свае згадкі і свой боль, – спакойна зазначыў на гэта дыпламат Канстант і, узяўшы з паліцы нейкі новы фаліянт, доўжыў нітку размовы: – Надта паказальны тэрор супраць царквы, хрысціян увогуле. Можа, чулі, ёсць ці быў там у іх найпершы гуманіст, ідэолаг, наркам асветы Анатоль Луначарскі, яго бацькоўскае прозвішча Мандэльштам. Дазвольце дакладна перадаць ягоныя словы. Іх вы не знойдзеце ў Маркса, іх можна знайсці яшчэ хіба ў Талмудзе. Дык вось: «Мы ненавідзім хрысціян. Нават лепшыя з іх павінны быць прызнаны нашымі ворагамі. Яны прапаведуюць любоў да бліжняга і спачуванне, тое, што супярэчыць нашым прынцыпам. Хрысціянская любоў замінае развіццю рэвалюцыі. Далоў любоў да бліжняга! Тое, што нам трэба, – нянавісць. Мы павінны ўмець ненавідзець; толькі тады мы можам перамагчы сусвет», – і, скончыўшы фразу, Канстант спытаў з падначкай у голасе: – Ну, як вам падабаецца?..
Гаспадар Пятро перахрысціўся:
– Юда! Гэта юда… Ён і Троцкі – двурушнікі, д’яблы, носьбіты самага глумлівага, што ёсць на свеце.
Раман Скірмунт злосна соп, да яго ўспамінам вярталася перажытае дваццаць гадоў таму.
– Каб толькі гэтыя двое, – нарэшце сцішана прамовіў ён. – Костусь валодае статыстыкай, і гэта – жах! Той Мар – вялікі празорлівец!
– А я нагадаю яшчэ пра аднаго прарока, – падаў голас гаспадар Пятро. – Калі вы, пане Раман, былі ў Расеі, маглі чуць пра манаха Авеля…
– Авель?.. Так, – кіўнуў Раман. – Адзін час у Дзяржаўнай Думе шмат гаварылі пра чалавека, які ў даўніну даўнюю прадказаў лёс Екацярыне ІІ, яе сыну Паўлу І, кожнаму з яго пераемнікаў. І ўсё спраўджвалася. Даведаўшыся, аднак, пра акалічнасці сваёй смерці, Екацярына пасадзіла вешчуна Авеля – дарэчы, па бацьку-туляку ён Васіль Васільеў – у Шлісельбургскую крэпасць…
– То Авель больш чым за стагоддзе наперад прадказаў рэвалюцыю ў Расеі! – не ўтрымаўся, каб не засведчыць, Пятро Рамановіч.
– Але ж… І гэта ашаламляльна! – выказаўся Раман. Уявіць немагчыма, як глыбока можа сягнуць дух чалавечы.
Утварылася паўза, і, пераканаўшыся, што яго слухаюць, Пятро Рамановіч меў гонар доўжыць размову:
– Да мяне ў Паволжа, калі я жыў там, прыязджаў брат Нічыпар, дыпламаваны юрыст… Не ведаю, з якіх крыніц ён узяў, але паказваў мне паперу са словамі Авеля наконт рэвалюцыі. Я перакажу.
– Прошэ пана! – падахвоціў яго пан Канстант.
– Дык вось… Пачынаецца, як і ў прароцтвах Парыпы: «Вайна будзе, вялікая вайна, сусветная. Па паветры людзі, як птушкі, лятаць будуць, пад вадою, як рыбы, плаваць, смуроднаю сераю адзін аднаго нішчыць пачнуць… Падзе трон царскі, а здрада будзе расці і памнажацца… Мужык з сякераю возьме ўладу ў шаленстве, але і сам потым расплачацца. Наступіць сапраўдная кара егіпецкая. Кроў і слёзы натоляць зямлю. Брат на брата ўздымецца». І далей напрарочаны агонь, меч, нашэсце чужынцаў і ўнутраны вораг, улада бязбожная. «Будзе жыд скарпіёнам бічаваць Зямлю Рускую, рабаваць святыні яе, зачыняць Цэрквы Божыя, караць лепшых людзей рускіх». – Пятро скончыў пераказ. – Усё дакладна, як і пра цара Мікалая ІІ…
– Фенаменальна! – ацаніў паведамленне пан Канстант ды ўзяўся доўжыць нітку размовы: – На Захадзе з даверам прынялі ўспаміны расейскага эмігранта князя Мікалая Жэвахава. Што, панове, уражвае: у зверскім, інквізітарскім, д’ябальскім здзеку нярэдка бралі ўдзел і жанчыны-яўрэйкі. Таму я лічу абгрунтаванымі і правільнымі словы Жэвахава, калі ён, падсумоўваючы ўсю гэту патарочу і гнюсь, піша: «З якіх бы мы кутоў ні разглядалі пададзеныя жахі, яны заўсёды будуць здавацца бязглуздзіцай… Іх здольна высветліць толькі ідэя ахвяравання яўрэйскаму богу, выкананне патрабаванняў Яхве».
На момант у замружаным рухамі ценяў пакоі ўсталявалася цішыня. Яе зноў парушыў пан Канстант:
– Мінула дзве з паловай тысячы гадоў, як у вавілонскім палоне іудзейскія кніжнікі стварылі «шэдэўр», і на Талмудзе пачаў фарміравацца тып вечнага жыда. Яўрэі з глузду з’ехалі на сваёй выключнасці. Беспадстаўнасць яе ў XVІІ стагоддзі паказаў іх жа суродзіч – філосаф Спіноза. Талмудызм папсаваў душу народа, у якога, мажліва, былі ўжо пэўныя задаткі да гэтага. А тое, на што яны здольныя, яскрава засведчыў такі бліскучы правакатар у Расеі як Айзеф. На пачатку века занятак тайных агентаў і забойцаў сярод яўрэяў быў вельмі распаўсюджаны. Абставіны спрыялі, як што ў іх, сышчыках і правакатарах, мелі вострую патрэбу паліцыя, жандармерыя. Многія нажыліся на гэтым. То быў рэвалюцыйны час. Пасля вайны з Японіяй… У Санкт-Пецярбургу з’явіўся, напрыклад, абаронца інтарэсаў збяднелага рабочага люду Георгій Гапон. Святы і мужны чалавек. Ён у кароткі тэрмін набыў найвялікшую папулярнасць у рабочых. А Польшча была пад Расеяй, і тое, што там рабілася, складала агульную нашу гісторыю. Я даследаваў той перыяд па некаторых крыніцах… Святара Гапона абылгалі, падставілі да яго правакатара сіяніста Пінхуса Рутэнберга, заманілі на дачу і забілі. Забілі, а тады павесілі. Яны ж, гэтыя айзефы ды рутэнбергі, вызначалі потым і тое, што пісаць у падручніках па гісторыі, таму, набыўшы зайздросную славу ў свеце, Гапон трапіў школьныя кніжкі як пярэварацень – правакатар і здраднік рабочага руху. Невыпадкова ж далей, пры бальшавіках, Леніне, Троцкім і Луначарскім, калі ўтварылі ГПУ, карная ўстанова цалкам трапіла ў рукі, запэцканыя крывёю. Распачалося нечуванае дагэтуль паляванне на найбольш таленавітых і вядомых дзеячаў. Прыйшла смяротная чарга і да Сяргея Ясеніна. На яго сфабрыкавалі некалькі гучных спраў, узялі ў ціскі, нанялі паэта Эрліха ў якасці правакатара. Заманілі ў Пецярбург, пасялілі ў гатэлі, забілі і потым павесілі. Усё чын чынам… А паэзіяй Ясеніна азаралася ўся Расея. Тое ж зрабілі і з Мікалаем Гумілёвым… У Лондане на гэты конт была пэўная думка. Вядома, польскі ўрад павінен быў лічыцца з фактам прысутнасці яўрэяў у краіне і прыняў абмежаванні ў правах для гэтай катэгорыі грамадзян. Адно яўрэйская тэма ні ў якіх іншых варунках не прысутнічала ў польскай палітыцы, якую я меў гонар праводзіць, – патлумачыў брат-дыпламат. – Тым не менш яна існуе, і Гітлер узняў яе да ўзроўню дактрыны. Мяркуючы па ўсім, ён заўзяты ігрок і спрабуе даць фору нават ідалу Яхве.
– Панове, ад паведамленняў пана Канстанта проста жах бярэ, але даруйце, мяне непакоіць іншае, – прызнаўся Пятро Рамановіч. – З’явілася прадчуванне… Як бы вам давесці? Апошнім часам за мной сочыць нейкае чужое, варожае вока. Не здзіўляйцеся. Пасля гаманы з Мэндалем і іншымі мотальскімі яўрэямі пра вайну кашмары ў сне проста не даюць спакою: то на мяне валіцца дрэва, то нейкі д’ябал, падобны да Сталіна, наважваецца спаліць жывым. Не тут бы мовіць пра гэта. Адсюль, аднак, пытанне бліжэйшых дзён. Польшча не ўтрымаецца, гэта ўжо зразумела. Немец прыйдзе сюды. Альбо не?.. Што гэта ў Гітлера і Сталіна за дружба, пра якую пішуць газеты?
Вечаровая смуга ўжо ўбіралася ў сілу, пан Канстант трываў і не клікаў прыслугу, каб запаліла свечкі. Аціхлы і прытоены ў суцемках белы палац зноў поўніла срэбная музыка, яна жвірчэла і пералівалася на сярэдніх актавах ды снавалася ў элегічны твор.
– Як дыпламат я ведаю, што ў палітыцы логіку цяжка шукаць. Тым не менш яе пастаянна шукаюць. Таму ўвесь свет цяпер збіты з панталыку пактам Молатава – Рыбентропа, заключаным тры тыдні таму, 23 жніўня. Я ведаю і тое, што пры заключэнні падобных пактаў нярэдка агаворваюцца асобыя ўмовы бакоў. Якія яны?.. Уявіце сабе шахматную дошку, за якую селі Сталін і Гітлер. У іншых краінах сядзяць назіральнікі… Гітлер робіць на Польшчы першыя хады. Што далей будзе?..
У бібліятэчны пакой, дзе яны сядзелі за кавай, асцярожна ўвайшла танклявая, з адкрытым энергічным тварам дзяўчына.
– Пане Канстант, – звярнулася яна, – калі хочаце, я запалю вам настольную лямпу. А можа – камін?
– Дзякуй, не варта. Мы пяройдзем у сталовую…
Гамонячы, усталі з месцаў, і Пятро Рамановіч яшчэ раз кінуў вокам па пакоі, дзе неаднойчы бываў. У кутку стаяў такі ж, як і ў калідоры, куфар, набыты ў Італіі. У ім захоўваліся розныя гістарычныя, пераважна родавыя, дакументы, якія аднойчы паны Генрык і Канстант паказвалі яму. Абрысы розных прадметаў і карцін, якіх шмат вісела па сценах, скрадваліся паўзмрокам. Паблізу кніжнай паліцы, на століку, ляжала бясцэнным скарбам «настольная кніжка» Элізы Ажэшкі. Гэта быў альбом з вершамі, цытатамі з розных крыніц, яе ўласнымі афарызмамі, выслоўямі іншых асоб, якія пашанотна яна ўпісала сюды. Вокладка альбома вабіла вока зялёнай скурай з пазалотай. Пад вокладкай на чыстай старонцы – яе ўласнаручны надпіс. Гэту кнігу найвыдатнейшая польская пісьменніца завяшчала Канстанту Скірмунту незадоўга да сваёй смерці. Яна неаднойчы бывала ў гэтым палацы і ў гэтай бібліятэцы. Зрэшты, не толькі яна. Яшчэ з малалецтва браты Канстант і Генрык захавалі ў памяці, як у гэтых белых сценах палаца гасцяваў іншы слынны дзеяч паняволенага краю – Напалеон Орда, брат Гартэнзіі, іхняй бабулі, кампазітар, майстар выдатных графічных малюнкаў, якія таксама ўпрыгожвалі сцены бібліятэкі. Асобай маэстра Орды захаплялася Еўропа. Гэта быў прыязны, сімпатычны, адкрыты душой для ўсіх мастак. Толькі ж бывала і тое, што Напалеон Орда проста хаваўся тут, у моладаўскім маёнтку, ад вока царскіх жандараў.
Светлы сум, непакой і горыч за нешта супольнае, блізкае, што было і не атрымала далейшага свайго развіцця або зусім страчана, напоўнілі сэрца Пятра.
Яны выйшлі ў сенцы, калі музычны матыў, што мякка сачыўся з кабінета Генрыка, змяніўся, пачаў перарастаць у наплыў ціхай журбы і пяшчоты, стаў мілажальным ды загучаў адкрыта, моцна і чыста. Генрык выконваў паланез Агінскага.
Пятро ехаў з палаца сам не свой – зачараваны, захоплены ўзвышальным светам людскасці і мастацтва, мастацтва і людскасці. Ён адмовіўся вячэраць разам з панамі, бо час быў позні і выпадала ехаць упоцемкі. Скірмунты правялі яго на ганак з калонамі – пан Канстант узяў удзел у праводзінах, відаць, дзеля прагулкі. Развітваліся. Раман Скірмунт моцна сціснуў Пятрову руку і, упіраючыся скрушлівым позіркам у прадонне ягоных вачэй, мовіў:
– Невядома, спадар Пятро, калі Бог дасць нам яшчэ сустрэцца, таму, уважаючы на тваю беларускасць, скажу. Няхай твой сын акажацца жывым і здаровым! І няхай твае дзеці і ўнукі не пройдуць абыякавымі па Бацькаўшчыне. Гонар і дух продкаў абавязваюць з’яднаць, аднавіць, адрадзіць ліцвінскі край беларусаў. Па век вякоў!
Дыпламат Канстант-Костусь, седзячы ў калясцы, слухаў зычэнне стрыечнага брата з паважнай усмешкай, трохі паблажлівай і вясёлай.
– Добрым часам, пане-браце!
– Давідзэння!..