Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 8

Кабала
Кніга першая
5

Оглавление

Мінула нешта ці не тры гады пасля таго выпадкам дараванага яму знаёмства са Скірмунтам; Барыс колькі разоў успамінаў пана з асаблівай выразнасцю, задавальненнем і сумам.

Першы раз, бадай, калі даведаўся пра арышт польскай дэфензівай у студзені 1927 года Браніслава Тарашкевіча і ягоных паплечнікаў, паслоў польскага сейма. Іхняя дзейнасць у Варшаве, нягледзячы на забарону беларускага друку, рабілася ўсё больш вядомай, калі не сказаць скандальнай. Яна, тая дзейнасць, выклікала ўхвалу і ўдзячнасць, падтрымку ў насельніцтва Крэсаў Усходніх.

Камуністычная партыя Заходняй Беларусі звярнулася да сваіх землякоў, рабочых і сялян, з улёткай:

Далоў фашыстоўскую самаволю!

Неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў!

Далоў правакацыйныя пляны Пілсудскага супроць рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі!

Асобныя абзацы ўлёткі Барыс перачытваў для сябе і адданых сваіх слухачоў з мотальскай спулкі па некалькі разоў. І кожны раз у яго замірала сэрца пры ўяўленні агульнай карціны таго, што дзеелася на паняволенай зямлі беларусаў:

Азвярэлы польскі фашызм становіцца ўсё больш жорсткім… Хваля дзікіх рэпрэсыяў перакочваецца па ўсім краі. Масавыя арышты і вобыскі, арышт пяці паслоў – прадстаўнікоў ад радыкальных сялянскіх арганізацыяў, нялюдскія катаванні і здзекі з арыштаваных, разгром беларускіх культурна-асьветных і кааператыўных устаноў – вось вынік «супакаення крэсаў» крывавымі наезьнікамі Пілсудскага.

…Некалькім арыштаваным пракуратура дамагаецца сьмяротных прысудаў. Шмат арыштаваных сыйдуць у магілу, ня вытрымаўшы катаванняў і турэмнага рэжыму.

Клясавая нянавісьць буржуазіі ня мае межаў.

Таварышы рабочыя і сяляне!

Нэндза даводзе масы да роспачы; эканамічнае, палітычнае і нацыянальнае прыгнечванне акупантаў, катаванні дэфензывы нястрымана піхаюць іх на крывавую клясавую помсту. Аднак, таварышы, час расплаты яшчэ ня прыйшоў. Усялякі ўзброены выступ у сучасны момант, адарваны ад супольнага выступлення з рабочымі і сялянамі Польшчы і Заходняй Украіны, засуджаны на няўдачу, будзе лёгка патоплены ў крыві, сыграе на руку Пілсудскаму, які гэтага і чакае, да гэтага і імкнецца.

Таварышы рабочыя і сяляне!

Мы павінны проціпаставіцца пагромам фашыстоўскага ўраду, мы можам не дапусьціць да далейшых рэпрэсіяў толькі праз паўторныя масавыя палітычныя выступы рабочых, сялян і ўсіх працоўных – ня толькі Заходняй Беларусі, але і Заходняй Украіны і ўсяе Польшчы.

Па ўсіх фабрыках, заводах, у варштатах і прафсаюзах, ва ўсіх вёсках, маёнтках, тартаках, усе гурткі Грамады, школы, усе культурныя гурткі, гмінныя рады склікайце па колькі разоў масоўкі, сходы і мітынгі, выносьце самыя вострыя пратэсты супроць белага тэрору, патрабуйце вызвалення ўсіх палітычных вязняў, арыштаваных паслоў, якія нават згодна з польскай канстытуцыяй лічацца недатыкальнымі, адначасна выказвайце сваю салідарнасьць з імі, пратэстуйце супраць зламаных правоў рабоча-сялянскіх арганізацыяў.

Склікайце дзеля пратэсту масавыя вулічныя мітынгі…

Стварайце на прадпрыемствах камітэты барацьбы з фашызмам, а на вёсках – сялянскія камітэты…

Кожны рабочы і селянін паасобна і ўся маса працоўных цалкам…

У нашай масавасьці і арганізаванасьці наша сіла, бо супроць масавага руху бяссільны паліцыя і фашысты, бо фашыстоўскаму ўраду ня хопіць сілаў пераарыштаваць мільёны працоўных.

На дэманстрацыях арганізуйце масавую рабоча-сялянскую самаабарону…

Далоў белы тэрор!

На пасяджэнні спулкі Пятро Мінюк паставіў пытанне аб правядзенні ў Моталі масавай акцыі ў падтрымку ахвяраў тэрору.

– Якой акцыі? – спытаў брат Васіль.

– Давайце абмяркуем…

– Па-першае, – выказаўся Барыс Рамановіч, – нам варта выкарыстаць належным чынам легальныя формы. Таму я прапаную наладзіць сход гуртка Сялянска-Работніцкай Грамады.

– Правільна! – ухваліў Мінюк, у хаце якога праходзіла пасяджэнне.

– І зрабіць сход пашыраным…

– Прыняць на ім адозву пратэсту, – унёс прапанову Язэп Палто.

– Гэта мы зробім.

– А яшчэ, калі зіма сыдзе, наладзім маёўку, – падаў Хведар Філіновіч.

– То доўга ж чакаць!..

– Чаму? Вольны час мы выкарыстаем на яе падрыхтоўку.

– Хведар мае рацыю… Папрацуем разам з камсамольцамі. Як, таварыш Кузюр? – звярнуўся Мінюк да сакратара камсамольскай арганізацыі, які прысутнічаў на пасяджэнні.

– Але ж… Згодны, – адказаў Сцяпан Кузюр. – Мы цяпер пад выглядам удзелу ў вясковых зборнях правядзём сходы, падрыхтуем моладзь.

– Правільна! Дзеля гэтага Філіновіч можа перадаць вам неабходную літаратуру. А я даю ўлётку, якую Барыс тут зачытаў. Усяго дзесяць асобнікаў – мала?.. Давядзецца перапісваць.

– Такой бяды! Гэта мы ўмеем рабіць. Доўгі тэкст, карацейшым зробім.

– Вясёлая ў вас праца, аднак, пане сакратар камсамольскай арганізацыі,– пажартаваў Барыс Рамановіч. – Ходзіце да дзевак, танцуеце з імі, за цыцкі іх мацаеце, паперкі засоўваеце за пазуху, а лічыцца, што праводзіце масавую палітычную работу!

– То калі гаспадару Барысу зайздросна, – з усмешкай парыраваў Сцяпан, – проша, пане, разам з намі ў падарожжа па вёсках.

– Во, гэта было б дарэчы, – засмяяўся Мінюк. – Улёткі ж Барыс ужо на памяць ведае. Падымі сярод ночы – як ойча наш прачытае! Ды годзе. Час разыходзіцца.

То быў цяжкі год, калі багата людзей галадала. Шукаючы, як выбавіцца ад галечы і нэндзы, не адна сялянская сям’я пакінула сваю радзіму – паехалі на край свету: у Злучаныя Штаты Амерыкі, Аргенціну, Аўстралію.

З надыходам вясны пагроза галоднай смерці павялічвалася, і, бадай, гэтая акалічнасць не ў апошнюю чаргу паспрыяла таму, што на мітынг пад Моталем, у зялёным гайку, сабраліся некалькі соцень тутэйшых.

– Таварышы! – звярнуўся да іх Пятро Мінюк. – Жніво галоднай смерці ўзрастае. Спажылі насенне, бульбу, звялі жывёліну… Многія, з дазволу сказаць, харчуюцца драўлянай карой, адыходамі. Жабруюць. І застануцца палі незасеянымі, а там будзе яшчэ большы недарод – паўсюдны голад, масавае выміранне. Хто віноўнік усёй гэтай злыбеды – усё большай нястачы і голаду?

Натоўп ажыў, пачуліся воклічы:

– Паны і абшарнікі!

– Фашыстоўскі ўрад…

– Бяспраўе і здзекі…

– Няма змогі з-за падаткаў!

– Таварышы, дзе выйсце?..

– А яно ў нашай супольнай барацьбе, у тым, каб паказаць панам, што мы таксама людзі і што нам не канешне жыць тут на правах рольнічага быдла.

Да локця Барыса дакрануўся Сцяпан Кузюр, танклявы, энергічны ў рухах:

– Спадар Барыс, зусім не выключана, што за намі сочыць не адна пара вачэй шпегаў. Таму рэзалюцыю мітынгу, якую вы падрыхтавалі, няхай зачытае нехта іншы. Як вы лічыце, магу я гэта зрабіць?..

– Меціш у героі, Сцяпане?

– Ды не-е! – пачырванеў Кузюр.

– Я чалавек не горды! – і Барыс перадаў камсамольцу сагнуты ў чатыры столкі ліст.

У лютым 1928 года пачаўся доўгі – ён закончыўся ажно ў маі – судовы працэс, узбуджаны дыктатарскім рэжымам Юзафа Пілсудскага супроць 56 дзеячаў патрыятычнага і пракамуністычнага руху, пераважна актыву Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Патрапіла на кручок дэфензівы і мотальская спулка. Яшчэ летась арыштавалі Пятра Мінюка, а неўзабаве і ягонага брата Васіля. Далей пры вобыску ў доме Мікалая Мінюка, аддаленага родзіча тых Мінюкоў, знайшлі паказальныя лісты і шыфраграмы, якія вывелі следчых на сакратара камсамольскай ячэйкі Сцяпана Кузюра.

У абвінаваўчым акце, складзеным пракурорам Драгічынскага павета, значылася:

Мінюка арыштавалі ў чэрвені 1927 года. Ён прызнаўся, што быў сябрам камуністычнай арганізацыі, у якую яго ўцягнулі Кузюр Сцяпан і Рамановіч Барыс (псеўданім Пісарчук). Іх ячэйка падпарадкоўвалася падрайкаму ў Крывіцах, а калі Мінюк быў у войску, райкам перабазіраваўся ў Моталь. Мінюк заявіў, што пасля службы «адышоў ад палітыкі». Рамановіч Барыс на допыце не прызнаўся, што належаў да партыі.

Мінюк Мікалай Фёдаравіч, 23 гады, і Рамановіч Барыс Пятровіч, 23 гады, за прыналежнасць да КПЗБ абвінавачваюцца па арт. 102 ч. 1 КК і на аснове артыкулаў 208 і 523 КПК. Гэту справу належыць разглядзець у Пінскім акруговым судзе.

На шчасце, Рамановічу не давялося доўга нудзіцца як арыштанту. Дапамог выпадак. Калі ён сядзеў у Пінску ў казённым памяшканні перад дзвярыма следчага і чакаў сваёй чаргі на допыт, у пакой зайшла пані, як потым высветлілася, жонка следчага. Выхаваны ў лепшых традыцыях былога, паламанага ўшчэнт свету, Барыс устаў, пакланіўся ёй і адчыніў дзверы ў пакой начальніка. Пані была ўражана высакароднымі манерамі арыштанта і папрасіла мужа адпусціць яго на волю, што той і зрабіў.

Лёс быў літасцівы да маладых людзей – да Барыса, як, зрэшты, і да зняволенага Сцяпана Кузюра. Нейкі іншы шчаслівы выпадак дапамог Сцяпану ўцячы з пастарунка. Проста ў наручніках. Пэўны час ён хаваўся ў знаёмых, а калі паліцыя напала на след, яшчэ раз уцёк, цяпер ужо за мяжу – туды, дзе Саветы.

Прысуд сабе зняволеныя не доўга чакалі. Тарашкевічу далі дванаццаць гадоў турэмнага зняволення, Мінюкам – па пяць… Іншым – таксама турма.

І цяпер Барыса непакоіла тое, што Тарашкевіч, на якога паказаў яму памешчык Скірмунт як на цэнтральную фігуру ў легальным беларускім руху і на якога пан, як і багата хто з беларусаў, ускладваў свае спадзяванні, апынуўся за кратамі. Гэта ўвогуле быў жорсткі рэпрэсіўны ўдар пілсудчыкаў па беларусах, па іх самавітым духу, па душах, паняволеных, але пакуль незламаных.

Не ўсе арыштаваныя, праўда, з годнасцю выйшлі з паказальнага антыбеларускага працэсу, наколькі буфанаднага, настолькі й аблуднага. Пасля хадзіла пагалоска, што нехта Радзіслаў або Радаслаў Астроўскі, што, між іншым, з’яўляўся ўдзельнікам Усебеларускага кангрэса, а потым і Слуцкага збройнага чыну і які ачольваў у Вільні Беларускі кааперацыйны банк ды фінансаваў камуністычны рух у Крэсах Усходніх, памяняў погляды, выракся сваіх сяброў, стаў выступаць за супрацоўніцтва беларусаў з санацыяй. Усе дзівіліся гэтаму. А што было ў галаве Астроўскага – аднаму Богу вядома.

Пасля гэткіх страт і няўдач камуністычны рух прыціх і месцамі рассыпаўся, часткова падаўся ў падполле. Тлела да пары да часу агорнутае шэрым попелам вуголле і ў Моталі. Барыс адчуваў яго, але ладу ў думках больш не было, дый ішлі тыя думкі ўжо трохі іншым парадкам.

Неяк у бацькавай бібліятэцы знайшоў ён тоненькую, бы наліснік, брашурку. Уласна, бацька ж і параіў яму яе пачытаць. На вокладцы было пазначана: А. Бяроза. «Расейска-польскі баль і беларускае пахмелле». Кніжачка была выдадзена ў Пінску ў друкарні «Hasto» ў 1921 годзе.

У даўно мінулыя часы жорсткіх войнаў, – чытаў Барыс, – калі адно з дзікіх плямёнаў перамагала другое слабейшае племя, тагды пераможцы на полі бітвы святкавалі сваю перамогу: усім палонным скручвалі вяроўкамі рукі і ногі, раскладвалі іх па зямлі і клалі на іх дошкі, пакрывалі тыя дошкі каберцамі, а затым садзіліся самі, пяялі песні, пілі хмельны напітак і, напіўшыся п’янымі, танцавалі на гэтых дошках. Стогны і крыкі абяздоленых палонных, што ляжалі пад дошкамі, яшчэ больш весялілі падгулялых пераможцаў і заглушаліся музыкай, смехам, п’янымі крыкамі…

І далей невядомы Барысу аўтар перакідваў масток ад плямёнаў у бліжэйшыя гады і сучаснасць, калі ўжо цэлыя народы, якія лічылі сябе культурнымі, перамагалі ў вайне слабейшых за сябе і святкавалі перамогу, акурат як тыя дзікія плямёны, толькі замест дошак яны накладвалі на забраны народ і яго зямлю іншы прэс – свае дзяржаўныя ўстановы, сваю чужацкую культуру, мову і рэлігію. Гэтак рабіла Расея ў дачыненні да Польшчы і Беларусі. «Расейскія чыноўнікі,– чытаў Барыс, – зусім не разумелі мясцовай – ні польскай, ні беларускай – мовы і ва ўсіх установах пісалі і гутарылі толькі на расейскай мове, нават забаранялася зварочвацца да чыноўнікаў на польскай ці беларускай мове».

Брашура захапіла Барыса так, што асобныя старонкі ён перачытваў па некалькі разоў.

Аўтар выказваў сваё крайняе здзіўленне ад Польшчы. Яна ж толькі што вырвалася з расейскіх ціскоў, нямецкай акупацыі, а як ужо набыла крышачку моцы, стала на шлях сваіх жа прыгнятальнікаў. Польскі рэжым пад выглядам барацьбы з бальшавікамі заняў амаль усю Беларусь, кажучы сабе і ўсяму свету, што польскія войскі займаюць не беларускія землі, а гістарычныя абшары Польшчы. Ён крычаць на ўвесь свет: «Нема жаднэй Бялорусі. Ёсьць толькі вялікая ад мора да мора Польшча!» З другога боку савецкі ўрад, лічачы Беларусь «заходняй вобласцю Расеі», таксама пхае Чырвоную Армію на беларускія землі.

Аўтар яскрава высвечваў самае вялікае ліха тутэйшых, ён быццам цвікі забіваў у свядомасць Барыса, ставячы адно за адным пытанні:

Якім чынам Польшча з прыгнечанай зрабілася прыгнятальніцай?

Чаму польская ўлада ў 1919 годзе разагнала беларускі ўрад у Менску і сяброў яго кінула ў турму?

З якой прычыны зачынены ў Гародні беларускі Нацыянальны камітэт і польскія жандары арыштавалі беларускіх дзеячаў?

Чаму арыштоўваюць беларускіх вучыцеляў і высылаюць у канцэнтрацыйныя лагеры?

Чаму польская ўлада перашкаджае адкрываць беларускія школы і польскія жандары збіваюць сялян, якія патрабуюць для сваіх дзяцей беларускамоўнага навучання?

Чаму, урэшце, польская ўлада закрывае беларускія газеты і наогул не дае свабодна развівацца нацыянальным беларускім арганізацыям, не хоча існавання незалежнай Беларусі?..

Усе гэтыя пытанні неаднойчы задаваў сабе і Барыс, але яны не выклікалі такой выразнай трывогі і болю, пакуль не былі прачытаны ў кніжцы. Друк надаваў ім як бы законны статус, сілу, яскравасць.

Расейскі ўціск польскага народа ўзгадаваў у асяродку яго нацыянальнай арыстакратыі, што ачольвае цяпер польскую палітыку, страшэнную нянавісць да ўсяго расейскага і наогул усяго няпольскага. Толькі цяпер беларускі народ ляжаў пад «культурным» прэсам, пад тоўстымі дошкамі Польшчы, а паны балявалі, седзячы зверху.

Па даручэнні бацькі Барыс вёз мёд у Парэчча для купца Клямкі. Гэта быў прысадзісты, з агніста-рыжай бародкай і шырокай пляшынай на макаўцы гном, акурат так ён успрымаўся. А прозвішча – Клямка – далі яму, пэўна, з-за шырокага пляскатага носа, якім ён прынюхваўся да ўсяго, што пахла.

Клямка ўзважыў мёд, зазірнуўшы пры гэтым у бітоны, запісаў вагy, падлічыў, колькі ён будзе вінен грошай, і даў Барысу распіску. Не выключана, што рахуба абяцала яму добры прыбытак. Уткнуўшыся на момант невялікімі мітуслівымі вочкамі ў Барысаў пагляд, глыбокі і доўгі, ён усміхнуўся:

– Мёд – скарб спрадвечны. Проша, пане, у хату!

Яны селі за стол, накрыты белым абрусам, узялі па келіху.

– За здароўе пчаляра селяніна Пятра Рамaновіча! – абвясціў Клямка.

– Дзякуй, пане дабрадзею! Такіх людзей, як мой бацька, сапраўды мала, і яны мацуюць падмурак, на якім мы седзімо.

– Ото ж, ото ж, святая праўда!

Закусвалі хлебам з салам, пахучым мёдам з салёнымі агуркамі.

– Такія людзі – як дойліды. Не тое што мы з вамі!

– А што – мы?..

– Бы тыя вусені на капусце! – пацвельваючы, сказаў Барыс.

Вочы ў Клямкі пашырэлі.

– Гм… Бачу, млоды пан не знайшоў для сябе вартага занятку ў польскай дзяржаве?

– Напэўна… Толькі мне хацелася б зразумець, пане Клямка: што такое «варты занятак»? І ці вартым жыцця, скажам, было тое, чым займаліся тут, у Парэччы, паны Скірмунты, дзед і бацька яснавяльможнага пана Рамана?

– То Скірмунты стварылі вытворчасць, якую парушыла вайна. Суконная фабрыка вывезена.

– Так, але ж я ўдакладню пытанне: ці варта мне, скажам, нажываць дабро і быць панам сабе і людзям, быць, напрыклад, памешчыкам Скірмунтам?

– О-о, пся маць, чаго захацеў млоды хлоп, га? Цікава ж, якая планіда прадвызначае твой шлях у жыцці?

– Я пра гэта не ведаю. Але ў той мой прыезд сюды, пане дабрадзею, я меў сустрэчу з панам Раманам Скірмунтам, і пасля працяглай размовы з ім у мяне ўзніклі пытанні.

– Да яго?.. Але ж, ён цяпер у Варшаве. Маёнткам правіць ягоная сястра.

– Пане а пане, пытанне да вас: ці варты чалавечай годнасці ваш занятак? Як купец вы шукаеце свой інтарэс і на тым спакваля нажываеце сабе капітал? Добра гэта ці не? І ці мае чалавечую годнасць памешчык Скірмунт, на якога працуюць сяляне? Як лічыце?

У Клямкі вочы яшчэ больш акругліліcя, і ён прашаптаў:

– Свента Марыя! Што я чую: ты камуніст?..

Барыс вытрымаў яго дапытлівы позірк:

– Вас цікавіць мой светапогляд? Калі так, адкажу. Жывучы ў Расеі, я сустракаў камуністаў. Я слухаў іхнія прамовы. Але мне не прыходзіла ў голаў, што трэба выслухаць яшчэ і процілеглы бок. Цяпер я спрабую кампенсаваць свой пралік і, вядома ж, з вашага дазволу, стаўлю пытанні.

– Не тшэба! – усклікнуў устрывожаны Клямка. – У Польшчы, дзе правіць маршалак Пілсудскі, такія пытанні задаваць нікому не дазволена! Дый хто можа вызначыць годнасць чалавека, апроч самога Пана Бога? На памeшчыка Рамана Скірмунта сяляне моляцца… Пан Раман пераняў ад сваіх продкаў найлепшыя прыкметы і стаў дбайным гаспадаром. Ён людзяны. Ён добры для сваіх і тутэйшых сялян – не адной збяднелай сям’і ў вёсцы памог, прывёз, парэзаў і пакалоў дровы зімою. Няхай сабе і з дапамогай іншых людзей. А вясною, калі ў каго выходзіць належны запас, падсыпле зерня ў сялянскі засек. Грэх, велькі грэх, пся маць, ставіць пад сумненне чалавечую годнасць Скірмунтаў.

Слухаючы палкую тыраду пана Клямкі, Барыс Рамановіч стрымана і патаемна ўсміхаўся. Ён папрасіў купца не крыўдаваць на яго. Вяртаючыся дадому, ён наўмысля праехаў паўз панскі маёнтак, зазірнуў у парк. Праехаў тым самым гаем з апалым на гэты момант лісцем, адкуль, як цуд, тады выскачыла панская пралётка.

Праз душу прайшлі чарадой успаміны, ляжалі там светлы сум і захапленне памешчыкам, грамадзянінам, палітыкам – асобай, якая па кропельках сабрала ў сабе і ўвасабляла яскрава ўсё адметнае, пракаветнае, бацькоўскае, беларускае, знаёмае, блізкае – як не саму Айчыну.

Але ж паціху адышлі кудысьці далей, упарадкаваліся, няйначай леглі на дно, у запас і гэтыя ўражанні, уяўленні. Жыццё рухалася незалежна ад волі аднаго чалавека – імя якому ці то Барыс, ці Пятро, ці Раман… Жыццё ўводзіла ў новыя лабірынты і патрабавала волі, энергіі, каб у іх разабрацца. А маладосць – ліхадзейка, яна брала сваё. І неўзабаве гарачае бунтарскае сэрца Барыса перайшло на іншыя рытмы. Яно гарнулася ўжо, бадай, не столькі да палітыкі, колькі да дзяўчат.

Пасля праведзеных пэўным чынам агледзін, выбару і выбракоўкі нявест на зборнях, ён спыніўся на Ганне, гожай дзяўчыне, дачцэ Пятра і Параскі Міховічаў. То была сялянская сям’я, самавітая, дружная, у якой шмат працавалі і, займеўшы ўдачу, купілі сячкарню, пабудавалі млын, пры якім вецер варушыўся за паслугача.

Пісарчукі тым часам прыдбалі не менш хітрую рэч – малатарню.

Яны сябравалі сем’ямі, і, калі Пятро Міховіч заўчасна памёр, Пятро Рамановіч навучыў яго сыноў, Мікалая і Паўла, пчалярству дзеля таго, каб і яны ўзбіліся на поспех у працы на зямлі. І была ў іх сястра… Юная вёрткая Міхавічанка Ганна. Яна неўзабаве аформілася і выспела вабнай сялянкай, шчырай, безадказнай у працы. Маючы пэўнае ўяўленне аб дзявочай годнасці, яна нявесцілася і кідала на хлопцаў доўгія дапытлівыя позіркі. Барыс ацаніў у ёй гібкасць і дакладнасць рухаў, грацыю і спрыт у танцах, своеасаблівы тэмбр, напеўнасць голасу.

Дай ужэ ж вэс-на,

Дай ужэ ж красна-а.

Із стріх во-да ка-пле,

Із стріх вода кап-ле-е,

Да-а-й із стріх во-да кап-ле.

Мо-ло-до-му плэ-ска-ры-ку

Бы-стра рыч-ка пах-нэ,

Быс-тра рыч-ка пах-нэ,

Бы-стра рыч-ка пах-нэ.


Улетку яны з Ганнай заплывалі на возера; іх яно цешыла шырокай прасторай, лёгкімі хвалямі, якія ледзь-ледзь гойдалі човен. Вабілі вока спакойныя плёсы, трыснягі і дзівосна свежыя лілеі. Ім здавалася, што вадзяны водар і водар лілей нельга перадаць на словах, што ўсім гэтым поўніцца не толькі возера, але і самі яны. Уражанні надоўга заставаліся ў сэрцы. Адпачывалі на невялікай зялёнай і мурожнай выспе. У прыродзе наогул усё было такое дзівосна цнатлівае, новае і заўсёднае, вечнае… Ім таксама здавалася, што на чоўне яны прастуюць у вечнасць і што ніколі не скончыцца той шчаслівы рух.

Пасля прагулкі па Мотальскім возеры з твару Ганны доўга не знікала патаемная і шчасная ўсмешка, у яе голасе была сама мілагучнасць. Якраз у адну з такіх хвілін ёй пад сэрца і пастукалася сваім сэрцайкам Маня.

Барыса Рамановіча вось-вось павінны былі прызваць на службу ў хвалёнае польскае войска, а гэта значыла, што ён часова мусіў развітацца як з бацькоўскай хатай, так і з асяродкам усіх уцех, летуценняў. Дома захваляваліся, асабліва Аксіння-маці, якой стала вядома пра ягоны вялікі грэх перад Ганнай Міхавічанкай. І, каб улагодзіць падзeі, Барыс за дзень да свайго ад’езду ў бок Варшавы знайшоў на пагулянцы сваю мілаху, вядома, замружаную, сумную, хоць і бойкую (не хацела выгляду падаваць, што ёй блага), павёў да бацькоўскае хаты. Але Ганна, як толькі даведалася пра намер Барысa ў гэты дзень, у гэты момант назваць яе перад Пятром і Аксінняй Пісарчукамі сваёй жонкай, надта збянтэжылася. Яна адчула сорам і страх у душы ды заўпарцілася на самым падворку. Тады Барыс падхапіў яе на рукі. Ганна ж, нягледзячы на свой зняважаны гонар, а можа, якраз і таму, гарнулася да гожага хлопца і зблізку яшчэ больш бунтавала сэрца яму. Ён унёс яе ў хату, паставіў побач з сабой. Ганна не ведала, куды вачэй дзяваць. А ў Аксінні пры ўсведамленні гэтакай дзеі сэрца закалацілася ад неспакою.

Барыс грубавата крыкнуў:

– Мама, глядзі Ганну, каб не збэсцілася, і не давай нікому ў крыўду. А я… я тым часам д’яблу гэтаму служыць буду. Чаго ўталопілася? Я кажу пра Пілсудскага.

– Добра, сынку…

На наступны ж дзень і паехаў. Яго чакаў кавалерыйскі полк.

А вакол сонца па нябачнай спіралі ў прасторы і часе раскручваўся ўжо 1929 год…

Пакутны век. Трылогія

Подняться наверх