Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 25
Кабала
Кніга першая
22
ОглавлениеЗабойства былога солтыса Кузюра, надзіва прыстойнага і вабнага чалавека, які нікому не зрабіў шкоды, па ўсім відаць, перапоўніла чашу цярпення маладой, бы рдзяны парастак, савецкай улады і, уласна, бальшавікоў, што былі прысланыя сюды ці то з Менска, ці то з Масквы, каб апекаваць гэту ўладу ды ўсталёўваць мірны лад жыцця.
А забойствы надараліся як не кожны дзень. Таму, жадаючы спыніць бандытызм і анархію, бальшавікі арыштавалі пад Моталем – у суседняй вёсцы Тышкавічы – юнака, якому спадобілася запэцкаць рукі крывёю: прылюдна яго расстралялі.
Паказальная карная акцыя ўладаў паймела такі належны ўплыў, і пра забойствы ў Моталі ад таго часу было не чутно, але ж цяпер наганялі на людзей страху арышты, аб прычынах якіх мала хто што і ведаў.
Калі двое міліцыянераў прыйшлі дадому да Ладзі Палто і прапанавалі яму прайсці ў іх суправаджэнні ў пастарунак – так, на стары лад, людзі звалі будынак абаронцаў парадку, – сэрца ў яго сцялася, прадчуваючы, што шлях ад роднага парога павядзе яго зноў за краты. Невядома чаму, але так вычварна пачаў віцца і плесціся, плесціся і віцца ягоны неміласэрны лёс. Жыццё ў скрут пайшло ад самага першага моманту іхняй з Балаганам і Філіновічам задумы па пераходзе ўсходняй, пярун яе пабі, савецкай мяжы. А ці было што злачыннае ў тым ягоным учынку, калі ён, Ладзя Палто, шукаў на тым баку паратунку? Збавення ад голаду. Ад жабрацтва… Воля і шчасце там мроіліся. Толькі патрапіў у няволю. І цяпер тая гісторыя абярнулася для яго чыстым пракляццем. І для бацькоў… І для жонкі-красуні Аляксандры… Ён толькі-толькі пачаў жыццё з ёю ладзіць ды яшчэ не намілаваўся, не нацешыўся, не выстарчыў для яе добрай долі. І от адарвалі… Яна ж умомант сабрала яму невялікі клунак. І плакала, калі ён, зніякавелы, змарнелы, пакідаў сядзібу сваю.
Прадчуванне Ладзю не падманула, і следчы пачаў ставіць пытанні якраз пра ранейшую вандроўку ў Савецкі Саюз. Анічога не было ў тых прыгодах людскага, каб успомніць ды расказаць, – адныя пакуты. Далібог! А следчы дамагаўся тым часам: скажы, якія мэты перад табою былі пастаўлены і хто іх ставіў?.. Значыць, на артыкул кодэкса пра шпіянаж цягнуў скуралуп.
Пасля допыту Ладзю Палто пакінулі ў камяніцы, дзе быў астрог. Агледзеўся: у камеры пяць чалавек, апроч яго, і ўсе сядзяць ціха, усе не столькі панылыя, колькі стрыманыя, засяроджаныя на думках, вядомых ім адным. Яго з’яўленне не зрабіла на тубыльцаў асаблівага ўражання, адно Іван Баяба ўстаў з тапчана і падаў яму руку, пры гэтым панадна ўсміхнуўся:
– А цябе, верабей, за што сюды кінулі? Ці ты, як і я, эксплуатаваў сваю жонку, сям’ю? Або тваё багацце, што заўжды паміж ног трымаеш, калола камусьці ў вочы?
– Не вем… – адказаў сцішана, на запалым дыханні новы вязень.
Калі шчыра, дык ён разгубіўся ад неспадзеўкі – сустрэў тут, за кратамі, Баябу, сапраўднае прозвішча якога было Мацукевіч; у Моталі ўсе ведалі яго як заможнага гаспадара, жывога, пракідлівага, якому зямля штораз давала тое, што ён ад яе хацеў узяць. Палто лічыў Баябу ў местачковым жыцці чалавекам высокім, удачлівым і паважаў яго, таму хоць і ведаў пра Баябаў арышт, але не спадзяваўся вось так, нос у нос, сустрэцца з ім, ды яшчэ ў адной ролі нявольнікаў, вязняў, небяспечных для грамадства людзей, або і горш за тое – непатрэбнага смецця, якое выграбалі новыя ўлады.
Расчуліў Ладзю Палто знак увагі Баябы да яго і жарт, трохі колкі, але справядлівы. Яму імпанаваў высокі настрой гэтага начыненага прамяністай энергіяй чалавека. Іх прыяцельскае вітанне, падчас якога голас Баябы гучаў напорыста і густа, а голас Палто, наадварот, тонка і слаба, не раўнуючы, як у ягняці,– такое іх вітанне разварушыла астатніх вязняў.
– Дык, выходзіць, ты не веш сваёй віны? – дапытваўся Баяба.
– Не вем. Зрэшты, быў грэх, за які і ўчапіўся следчы: да сканчэння тэрміну я ўцёк з савецкай турмы.
– А-а?..
– Вось табе і маеш!
– Бачыш ты! – пасыпаліся з розных бакоў воклічы здзіўлення, захаплення, спагады. – Малады, а цёрты пасак! Ну сядай, расказвай, калі ведаеш, пачым фунт ліха.
І ўсяго за некалькі кароткіх хвілін небарака Палто авалодаў сабой, набыў сваю годнасць і раўнавагу, як што пачуваў сябе роўным сярод роўных, балазе да ягонага пакутніцкага вопыту таварышы праявілі асаблівую цікаўнасць, павагу. Седзячы на невысокім тапчане і прытрымліваючы рукой свой клуначак, ён расказваў пра той небяспечны шлях на ўсход, які скончыўся для яго і ягоных паплечнікаў выпраўленча-працоўным лагерам на Урале, дзе амаль не кармілі. З усяго ім пададзенага вынікала тое, што ў савецкай краіне не бяруць за асаблівы клопат вызначэнне віны грамадзяніна або яго довады, калі ён не вінаваты. Таму ў лагерах і адбываюць тэрмін тысячы і тысячы людзей, якія ніколі нікому нічога дрэннага не зрабілі, а дзяржаве – тым болей.
Выснова з апавядання Палто нікога з прысутных не радавала, у кожным яна забівала надзею на аб’ектыўнае следства і справядлівы прысуд. Настрой пачаў западаць, і тут крамяны і чырванатвары вязень па прозвішчы Ляш пераключыў размову на іншае.
– Бачыш, – сказаў ён, паказваючы на хатулёк Палто, – пры арышце табе хоць дазволілі хлеба з сабой узяць. Мусіць, іншыя міліцыянты былі! А мяне гэты пярэварацень Райкевіч, маць яго, не тут будзь сказана, узяў на вуліцы, як дурня. І куды яго сумленне дзелася? Каня не даў распрэгчы, а я па дровы ездзіў, у хату не даў зайсці, з дзецьмі, з жонкай развітацца. Не даў, злыдзень, глынуць чаго якога, бо я ж не з гасцей прыехаў, а з лесу. Нічога з сабою не ўзяў… «Ты арыштаваны, кажа, і не спрабуй уцячы, а то я пры зброі». Гад ён! Як выслужвацца пачаў!
– То чаму ж яму і не выслужвацца? – разважліва падаў Баяба. – Колькі гадоў ён гэту ўладу чакаў. Ад чакання мо сэрца высахла.
– Дзіва што! А добры быў чалавек. Мёду не шкадаваў нікому, – падтрымаў гутарку нехта з глыбіні камеры.
– Улада псуе чалавека…
– У такім разе, пане Ляш, трэба лічыць, што і ты сапсуты ўладай, – заявіў Баяба. – Xіба не? Працаваў жа солтысам у Асаўніцы, збіраў даніну, уціскаў людзей… Не, скажаш?
– Не! – рашуча адрэзаў Ляш. – Гэта каго я прыціснуў? Га? Можа, скажаш, пане дабрадзей?.. Ды не, не маеш досведу? А-а… Тады скажы, у чым мая віна перад сінодам камуністаў, калі людзі са свайго асяродку вылучылі мяне солтысам?
– Віны няма, а кара ёсць, – ціха ўставіў сваё меркаванне Ладзя Палто. – Гэтак амаль у кожным выпадку жыцця. Вунь мотальскага солтыса Кузюра нізавошта забілі. Ніякай шкоды людзям ён не зрабіў.
– Ходзіць пагалоска, што Кузюра забіў Паўлючок – Пісарчукоў сын, – прагучаў ужо знаёмы голас з цемры.
– Наплюй ты, Макар! – горача запярэчыў яму Баяба. – Пісарчукоў сын Паўлюк мне сваяком даводзіцца, і я гатоў галавой налажыць, што гэта не так. – І дадаў, памаўчаўшы: – Правакацыя! Мяркую, тайна смерці Кузюра ў тым, што ён багата ведаў пра некаторых мясцовых хаўруснікаў новай улады. Ён ведаў, бадай, хто рабаваў панскі палац у Моладаве і хто рэквізаваў золата ў багатых яўрэяў у Моталі – уцекачоў з Польшчы. Ён кантактаваў практычна з усімі. Усе шукалі ў яго ласкі, спагады. Таму, калі з першага разу, пад тую чырвоную замець, не ўдалося выслаць солтыса Кузюра на Сібір і ён вярнуўся з Пінска, ягоны лёс, бадай, быў прадвырашаны. Цяпер няхай пухам яму зямля будзе!
На гэтакай сумнай ноце і завяршылі няспешную ды прымхлівую гутарку. Уладкаваліся спаць – хто дзе, на тапчане ці ў кутку на падлозе. Супакоіліся пасля некалькіх мацюкоў, якімі той-сёй спрабаваў аблегчыць душу. Здаецца, усе спалі, толькі солтыс Ляш яшчэ пэўны час варочаўся. І бядак Палто, праз сон няйначай, чуў скрыгат Ляшавых зубоў. У чалавека, відаць, ляжала злосць на сэрцы, і не мог ён дараваць злыдню Райкевічу тое, што пры арышце абышоўся з ім гэтак жорстка, не па-людску, пазбавіўшы яго і развітання з сям’ёй, і кавалка хлеба.
Праспявалі местачковыя пеўні. Першыя… ці другія?.. Раніца ўспарола жыхароў астрога металічным бразгатам ключоў і рэзкім скрыпам дзвярэй. Вязні не паспелі прадраць вочы ад здранцвелага, цяжкога і горкага сну, як у камеру ўпіхнулі аднаго за другім яшчэ двух мужыкоў, станістых, дужых і годных у паставе, дармо што ў першага цьмянеў сіняк пад вокам – пэўна, супраціўляўся арышту. Высакаваты лоб разам з носам утваралі амаль адну лінію, светлы чуб, прылагоджаны, мяккі, усцілаў макаўку галавы злева направа, востры позірк вачэй, крыху разгубленых… І другі – маладзейшы, нечым быў падобны да першага. У вязняў, якія з цікавасцю аглядалі навічкоў, ад неспадзеўкі ажно дыханне перахапіла, а солтыс Ляш у першы момант, напэўна, падумаў, што мае справу з галюцынацыяй, бо як было паверыць, што перад ім у цесным пакойчыку стаіць яго крыўдзіцель – Андрэй Райкевіч, былы падпольшчык, кіраўнік мясцовых камуністаў, апошнім часам – міліцыянт, а цяпер таксама вязень. О-ёй!.. За ягонай спінай хаваўся брат Сяргей, ён жмурыў вочы на святло, якое падала з закратаванага акенца.
– Добрай раніцы…
Першым ачомаўся і паказаў прысутнасць духу гаспадар Баяба:
– Проша, паночкі… Сюды заўсёды дарога адкрыта. Не высокія ў нас, праўда, пакоі, нават цьмяныя, што казаць, ды не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца. Ці ж не так? А ў нас, бачыце, лепшыя людзі акругі сабраліся. І вас мы гатовы прыняць.
Ці ўлавілі браты Райкевічы іронію ў голасе Баябы, цяжка сказаць.
Наперад выйшаў асаўніцкі солтыс Ляш:
– Во, падла, які падарунак! Га?
Ён пільна і ўтрапёна разглядваў міліцыянта Райкевіча – акурат гэтак, у сваёй апошняй ролі, ён успрымаўся тут. «Падарунак» крактануў і зрабіў крок наперад, маючы намер, пэўна, прысесці на бліжэйшы тапчан.
– Пастой! – папераджальна і пагрозліва спыніў Андрэя солтыс, яго твар перакасіўся і асклабіўся, рукі сцяліся ў кулакі.– Я ж Бога маліў, каб сустрэцца з табой і морду набіць! Бальшавіцкі халуй і нягоднік! Ага, пабялеў!.. Хтось табе ўжо навесіў ліхтар, ды гэтага мала, аднак!..
Баяба схапіў Ляша за рукі і адціснуў яго сваім корпусам убок, прэч ад небаракі Райкевіча, які, пэўна, не ўсведамляў да канца сваёй віны перад солтысам, бо цягнуў нягучна і скрушліва:
– А за што… за што ты?..
Падаў голас Макар, мажны, камлюкаваты купец з барадой:
– За што, пытаеш. А хіба не ты, шэльма, яго арыштоўваў?
– Я… Дык на тое загад быў!
– Загад?! – усклікнуў Ляш. – А хто табе загадваў, каб не даць дакрануцца мне рукамі да хлеба? Гм…
Андрэй Райкевіч маўчаў. Дайшло… Забіўшыся ў куток, ён сеў і сядзеў, ахапіўшы голаў рукамі,– пэўна, спрабаваў уцяміць, што з ім здарылася, чаму няшчасці неспадзеўкі абрынуліся на яго. Але, як ні намагаўся, не мог зразумець, за што яго арыштавалі. Адзінае, што ўсведамляў цяпер, дык гэта свой пралік і віну пры арышце Ляша. Аналізуючы свае паводзіны ў Асаўніцы, ён выразна перажыў яшчэ раз нецярпенне, трывогу, калі чакаў з лесу Ляша, а той як знарок бавіўся, падточваючы ў ім міралюбны настрой і злагаду. У Райкевіча таго дня ляжала на думцы трохі раней патрапіць дадому, як што захварэў падсвінак, і гэта абяцала яму новыя клопаты. Ён спяшаўся, таму пачаў прыспешваць і Ляша-дрывасека, калі той вярнуўся ў сядзібу. Але… Бачыш, як чалавек устроены: яго не злаваў сам факт арышту, да арышту, можа, ён у думках ужо быў падрыхтаваны, – злавалі жорсткасць, няўвага да чалавечых патрэб у момант арышту. І ці мала што ён хацеў жонцы сказаць… Не сказаў. З-за яго… А ці шмат змарнавалася б часу, калі б ён, здарожаны, змораны працай у лесе, сеў за стол ды паеў перад невядомай дарогай або схадзіў за хлеў па сваёй патрэбе. Не паеў, не схадзіў і нічога не ўзяў з сабою. З-за яго, шэльмы Райкевіча, якому д’ябал собіў часова стаць міліцыянтам. Знелюбеласць і нянавісць солтыса Ляша да сябе ён наклікаў справядліва, што асабліва выразна асэнсоўвалася цяпер, калі жыццё пакацілася па нейкім непрадгаданым сабачым нахіле. Яго арыштавалі ў пастарунку, калі з’явіўся на працу, а праз колькі хвілін прывезлі ў пастарунак і брата Сяргея. І гэта нягледзячы на тое, што яны ўсё сваё свядомае жыццё аддалі камуністычнай прапагандзе ды змаганню за ўласны Беларускі дом і савецкую ўладу. Арыштоўваючы, ім з братам таксама не далі магчымасці палагодзіць, паладкаваць дома справы, развітацца з блізкімі. Зрэшты, дай Божа яшчэ іх родным і блізкім застацца на волі!
Ладзя Палто з жалем назіраў за братамі Райкевічамі, за солтысам Ляшам, Баябам, Макарам і ўсімі астатнімі вязнямі, якіх сабралі ў гурт па нейкай жахлівай недарэчнасці. Яго востры жаль узмацніўся і зрабіўся нават гаркава-балючым, калі солтыс, трымаючы Баябу пад локаць, адышоў з ім да дзвярэй, а Палто сядзеў поблізу.
– Я не магу, я не ўберагуся і задушу гэтага гада ўночы! – у хваравітым узрушэнні шаптаў Ляш.
– Ты што, братка, блёкату наеўся?! Астынь! – занепакоена адказаў Баяба. – Што людзі падумаюць: свой свайго пачаў душыць?.. Свет вар’яцее! Ганьбу толькі наклічаш на сябе, на свой род. Зацяты ж ты, як кныр. Атрасі рукі ад злосці!
Ляш прамармытаў штось мала зразумелае і мацернае. Баяба выразна, з хітраватай усмешкай паглядзеў на Палто, і Палто кіўнуў яму ў знак падтрымкі і згоды:
– Ну так… Але ж, але ж!
Толькі не ведаў Палто, седзячы ў астрозе, якія думкі думаць далей, хоць яно і не цяжка было здагадацца, што яму пагражае, куды лёс зноў павядзе і дзе выкіне.
Як жыць яму ў гэтым небяспечным і кручаным свеце? Як жыць «ёй»?.. У кожным разе яго душу ўлагоджвалі згадкі, летуценні і мроі пра Аляксандру, Алесю, сваю жоначку. Яна цяпер будзе для яго ў думках і парываннях апірышчам. А што выпадзе, уласна, ёй на долю без яго, паколькі яна засталася пры доме цяжарная?..