Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 11
Кабала
Кніга першая
8
ОглавлениеУ сярэдзіне трыццатых Барыс Рамановіч, напэўна, меў усе падставы для гонару за cвой чалавечы імпэт, бо ўсё, да чаго ён ні дакранаўся і ў што ні ўкладваў энергію рук або розуму, неўзабаве давaла свой плён, і Маня часам магла дзівіцца з таго, што гаварылі пра бацьку. Аднойчы, напрыклад, у яе дзіцячай свядомасці засела яскравая фраза, кінутая дзядзькам Паўлам:
– Калі Барыс пасее нават на печы – збожжа прарасце і дасць ураджай!
Гэта – з ранішняй гутаркі дзеда Пятра з сынамі. Маня слухала іх гаману праз дзверы, лежачы на сваім ложку, і яе ўражвала такая карціна: бацька сее на печы і там ідзе ў рост збажына…
Мужыкі звычайна збіраліся рана, яшчэ да ўзыходу сонца, і абмяркоўвалі надзённае – дзе і ў які тэрмін, на якім полі лепей сеяць жыта, лён, грэчку… Або садзіць бульбу. Або касіць… Або жаць… У ранішніх сямейных нарадах на прасторнай кухні час ад часу прымалі ўдзел і сябры, хаўруснікі Паўлюка – Пампулі, Малыцькі,– такія ж, як і ён, дужыя, спраўныя. Апроч іх – яшчэ дзедаў брат Васіль Рамановіч. Ведала Маня, што таму не шэнціла ў сваёй гаспадарцы і ён жыў бедна. Калі запрашалі, Васіль ахвотна прыходзіў і памагаў ладкаваць справы ў сядзібе Пятра.
А што ж сама Маня?.. Варта зазначыць, што пры змене дня і ночы яна падпарадкоўвалася пэўнаму біялагічнаму рытму – спаць клалася рана, а расплюшчвала вочы акурат на дасвецці, нагастраючы слых… Маючы найвялікшую цікаўнасць да чынных праяў у навакольным свеце, да размоў дарослых, яна лавіла як не кожнае слоўца ў дзедавай хаце. Вядома, дзяўчынка не магла зразумець усяго, пра што гаманілі, але ж інтуітыўна – хутчэй інтуітыўна, чым розумам – схоплівала асноўнае: спрадвечны клопат сялян скіраваны на тое, каб дагадзіць зямлі і каб тая ўрадзіла. Потым ужо, калі ніва выспее, – сабраць усё ў свірны і іншыя сховы, накарміць жывёлу, лішак прадаць… Да гэтага зводзілася гаспадарчая рупнасць.
Маня не памятала, калі тое здарылася, але ж дзед Пятро выдзеліў са сваёй гаспадаркі Барыса і Паўла, маўляў, хлеб, самастойна здабыты, смачнейшы… Паўлу ён адшкадаваў ладны кавалак зямлі, а сам займаўся пчалярствам. Барысу ж перапала больш грошай. Толькі гэта не замінала ім усім рана збірацца, абмяркоўваць ды разам пыніць гастадарку.
Дзед Пятро, пэўна, мог пагадзіцца з Паўлам: у Барыса лёгкая рука ў працы, бадай, не толькі ў сялянскай… Як чалавек знаходлівы, з добрым ладам душы, Барыс заснаваў і апекаваў спулдзельню і краму, у якой Маню заўжды частавалі цукеркамі. І зноў жа ўліпла ў дзіцячую душу дзея-падзея: на нейкае свята, няйначай на Сёмуху, сабраліся каля гміны стражакі ў сініх мундзірах. У руках – музычныя інструменты. Начышчаныя трубы ззяюць на сонцы… І от тыя мундзіры выстраіліся пэўным парадкам, адзін за адным, а яе бацькa – наперадзе; у яго ў руках доўгі і гладкі кій з кутасамі. Бацька ўзмахнуў ім – шаўкавістыя кутасы торгнуліся, і гэтак – раз-пораз. У той жа момант штосьці стукнула-грукнула… Глуха і моцна. Гэта – барабан! І ўскінулася чароўная мелодыя духавога аркестра, паплыла над мястэчкам. Неўзабаве музыкі ў мундзірах, надзімаючы шчокі, зайгралі марш і лёгкім строем рушылі ўслед за Барысам Рамановічам па вуліцы, умаяванай прысадамі, кветнікамі, нібыта спрабуючы конча рассунуць хаты і пераўладкаваць вуліцы ў нейкі казачны горад.
Ад узрушэння Маня моцна трымалася за матчыну руку, шурпатую, цвёрдую, і Ганна, няма што дарослая, глядзела на аркестр як не з дзіцячым захапленнем. На ёй была белая вышываная блузка і белая, у кветкі спадніца, на шыі – мысюры, гэта значыць пацеркі… А Маня – у блакітнай крамнай сукенцы з карункавай тонкай аздобай на рукавах і каўнерыку.
– Ай артысты, ай артысты! – усміхалася Ганна. – Глядзі, доню, які ў цябе татка… Мастак!
Яны прайшлі, прасачыліся праз такі стракаты і квяцісты натоўп аднавяскоўцаў бліжэй да аркестра. Цяпер ім добра былі відаць твары артыстаў, як іх назвала маці. Побач апынулася суседка – маладая, з гонкім станам жанчына, якую звалі Германкай.
– Ге! – весела ўсклікнула яна і кіўком галавы паказала на дырыжора. – Ці пазнаеш, Ганя? Бач, колькі самалюбства і гарту – як у шляхцюка!
– Не кажы!.. Цягнуў ён мяне: «Ганя, прыходзь абавязкова, паглядзіш, на што здольны тутэйшыя!» – маўляў, не ўсё палякам баль ладзіць – і мы сябе пакажам!
– То – пэўна, не абсеўкі ж і мы, не з гліны злеплены. – Германка дакранулася да акуратна прычэсанай Манінай галоўкі; рука ў яе, як і ў мацеры, была цупкая, бы з дроту. – І табе, малеча, уцеха-пацеха! Ото ж, глядзіш на ўсе вочы!
Але наўрад ці ўслухоўвалася Маня ў тыя суседчыны словы. Бацька ж, яе бацька – мастак! – быў блізка. Праходзячы міма з аркестрам, ён падміргнуў ёй, і яго круглявы твар асвяціўся вясёлай усмешкай. Для Мані гэта былі хвіліны ўтрапення і быў гонар за бацьку. Пры гэтым усю яе дзіцячую істоту паланіла музыка; яна лілася і ўскідвалася ўгору каскадамі, дзівосная музыка медных труб!
Ад лагоды дзяўчынка заплюшчвала вочы. Напэўна, уяўлялася Мані, што яна лунае на мілагучных хвалях, нябачных і пругкіх, – над шатамі дрэў, над прасторай мястэчка.
Гэтую ўцеху з бацькавым аркестрам яна потым згадвала не раз, калі бегала паўз возера да яго ў спулдзельню з уражлівай навіной:
– Татка, шчупака спаймалі!
Назіраць з берага, як рыбакі закідваюць, а потым выцягваюць з вады нерат, было яе любімым заняткам. Ад страшнай цікаўнасці да таго, што за дзіва трапіла ці трапіць у сетку з таямнічых глыбіняў, яе аж дрыжыкі прабіралі; і сама яна, не раўнуючы, як рыбіна, ускоквала, ставала на дыбкі і цягнулася ў брэдзень. Пры добрым улове мужыкі вясёлым і дапытлівым позіркам акідвалі дзіцячы натоўп на беразе, спыняліся найчасцей на ёй:
– Бяжы, Манька, па бацьку! Барзджэй…
Барыс Рамановіч любіў купляць адборную рыбу і купляў найчасцей шчупакоў. Аднойчы ж прынёс вусатага сома, ды такога вялікага, што дома не ведалі, які цабэрак для яго падабраць. Укінулі ў балею з вадой, і ён ажыў, баўтануўся ды ўвесь у пырсках выскачыў на падлогу, не на жарт напалохаўшы Маню, якая стаяла побач, назіраючы, як варушацца яго срэбныя плаўнікі і вусы…
Але за святамі і россыпам сямейных уцех была праца і былі будныя дні. Здарылася так, што Барыс, павялічыўшы свой капітал на вырабе чарапіцы, прыкупіў у пана Юргенсана яшчэ кавалак зямлі ў пойме Ясельды і цяпер меў поплаў. Яму, аднак, не ставала часу і, калі шчыра, ахвоты займацца сялянскаю працай, таму гаспадарку вяла Ганна. Працавала яна ўлежна, на думку Барыса, ажно праз меру, не супыняючыся ад ранку да ночы, і яму не хапала яе клёку, уласна, яе. Барыс часам папікаў жонку ў той непамернай шчырасці і затканасці клопатамі па гаспадарцы і казаў ёй, што ён увогуле адзін здольны забяспечыць сям’ю і што яна магла б не рабіць. Тады яна адказвала:
– А што ж я – паняй буду? О-о-о!..
Ганна дзівілася з такой гаманы чалавека і шчыравала далей.
Барыс сумаваў без яе вечарамі і таму часам апранаўся і ішоў на зборню да Парычанкі, адзінокай жанчыны, у вялікай хаце якой збіраліся маладзіцы прасці кудзелю, а з імі і Ганна. А яшчэ там нярэдка Маня круцілася, пераймаючы ад маці пракаветны вопыт; яна вучылася вышываць. Дык бацька падсаджваўся да іх на лаўку і ў суме даводзіў:
– Ганя, ты мяне пільнуй, а не кудзелю. Кудзеля нікуды не ўцячэ!
– Хіба што… Але ж дома да ночы нешта трэба рабіць.
– Знойдзем што, Ганя… Твой гладыш, мой таўкач – будзем біць масла!
Пры гэтым ён спрабаваў узяць маладзіцу на рукі, яна вырывалася:
– Ой, які ж ты бессаромнік, Барыска, ну проста вар’ят!
Ганна ніяк не магла зразумець, што за мудрасць усялілася ў яе чалавека дый пракудуе ім. У тым жыццёвым калаўроце годнасць жанчыны вызначалася акурат увішнасцю ды плёнам у працы. Сяброўкі, суседкі Ганны, кпілі з яе чалавека: «Жарабец!..» Або яшчэ больш з’едліва на яго ж адрас: «Ад жарабка скура і на плоце гагоча!»
Таму Барыс найчасцей пакідаў зборню ўнураны, не ведаючы, на што крыўдзіцца – ці то на лёс, ці на жонку. У такую хвіліну яму на вока неяк і трапіла Хвілюсіха, якую звалі яшчэ Ёўдай, Еўдакіяй… Калі на тое, маталяне – вялікія майстры на вынаходніцтва мянушак, вулічных прозвішчаў. Дзяўчына ж мела шмат чаго прывабнага, закладзенага проста ў яе стан прыродай, але не мела долі, шчасця, бо паходзіла з беднай сям’і. Барыс, мабыць, захапіўся ў сваім «адыходным промысле», у сваіх палюбошчах. Можна дапусціць таксама, што ён пашкадаваў нябогу і памкнуўся даць ёй хоць кроплю таго, на што ў душы сам быў багаты. Ці чакаў ён, аднак, што нехта адважыцца яго дакараць за гэты вольны і па-свойму добры ўчынак, вядома, апраметны, але ж, чуеце, і далікатны.
Аднаго разу, калі ён на золку вяртаўся дадому, пэўна, яшчэ адчуваючы на сэрцы Хвілюсішына дыханне, са свайго падворка на вуліцу выглянула Алена Германка, бліснула на яго вачыма і гучна войкнула:
– Барыс, шэльма, сораму на цябе няма! Толькі дамоў валачэшся? Ганьбу Ганне нясеш!..
– Дзеўка, а табе што да таго?
– Ге! А вось убачыш, калі мы з Ганнай звяжам цябе, бугая аблуднага, ды выражам ніжэй крэсла тую забаўку! Я памагу Ганне!
Барыс прыпыніў крок і, надзімаючы пагрозліва шчокі, вырак:
– Заб’ю!
– Ох, напалохаў!
Сапраўды, Алена, ягоная суседка, была не з палахлівых, наадварот, мела шмат ваяўнічай энергіі, порсткасці ды ініцыятывы. Такім палец у рот не кладзі! Яна і на самой справе магла б споўніць сваю пагрозу. З такой стане… Ай, і трэба ж вырадзіцца блазну ў спадніцы! А галоўнае – на якую патрэбу?
Ні для каго не было сакрэтам прозвішча – Германка… З вуснаў у вусны ў мястэчку перадавалася легенда нітавання лёсаў людскіх падчас сусветнай зацятай бойні. Праўда, Барыса ў той далікатнай гісторыі ўражвала найперш існаванне нейкіх няпэўных, нябачных, нягучных, непадуладных дотыку ведамак, інфармацыйных ніцяў, каналаў, неспазнаных стасункаў у свеце…
Тры гады стаялі ў Моталі адборныя кайзераўскія войскі, салдаты – адзін у адзін – па два метры ростам. Мундзіры, каскі – бляск! Дзяўчаты аж млелі на зборнях, паглядаючы на іх, і была любоў міравая. Адзін з юрлівых кайзераўскіх ваякаў, высокі, ладны, як і ўсе, з саламяным чубам, прычасаным набок, захапіўся Германчынай маці Агапай; вядома, Алены тады на свеце яшчэ не было. Ён почасту заходзіў у хату, дзе жыла прывада. Яна жыла разам з першай дачушкай сваёй ды свякрухай і свёкрам, а іхні сын Даніла (муж Агапы) тым часам карміў вошай на Мазурскіх балотах, праз якія праходзіў фронт.
Час быў цяжкі – мышы і тыя каліва не мелі ў запасе. Таму ў радасць было, калі той ваяка прыносіў на спажыву сям’і кансервы, хлеб ці іншы вайсковы правіянт; натуральна, ён меў да сябе прыхільнасць згаладалых людзей, асабліва Агапы, будучай Германчынай маці, яна даўно сумавала па мужчынскай ласцы.
Невядома, аднак, на якіх там рубяжах, што займала расейскае войска, завітала да салдат цыганка. Аднаму за адным яна пачала прарочыць, што наспела яму і што ў яго дома. «А табе, Данілка, вось што скажу, – сказала Данілу. – Тваё шчасце, што цябе лёгка параніла. Ведай, табе была наканавана дамавіна. Толькі ж у цябе дома якраз у той момант нарадзілася дзіцё, і з-за яго ты жывым застаўся».
Даніла – цыганцы: «Не можа быць, ты маніш! Але няхай… Я заплачу». А цыганка – яму: «Калі ты не даеш веры таму, што я сказала, грошай у цябе не вазьму. Толькі ж я, Данілка, шчырую праўду адкрыла: у тваёй жонкі нарадзілася дзіцё якраз у хвіліну твайго ранення, а табе была наканавана магіла». І расказваў далей Даніла… Цыганка абвяла позіркам астатніх салдат: «Хоць вы і не з адной вёскі, але калі пасля вайны пацікавіцеся, – да канца сваіх дзён помніць будзеце – я праўду сказала: у яго нарадзілася дзіцё, і таму ён застаўся сярод вас жывым».
Скончылася вайна – Даніла прыходзіць дадому, а ў хаце калыска вісіць і немаўля голас падае: «Уга-уга!»
Даніла, калі браў горкае зелле ў рот, спрабаваў ушчуваць сваю жонку, ды ў крыўду нявестку не давала ягоная маці. Так і жылі… Алена падрасла, у шэсць гадоў ужо была падпаскам. Дарэчы, да Данілы яна ставілася надта ласкава і ўсё лепятала: «Татачка, татачка!..» Ён нанач памые, акуратна вытра сухім ручніком і памажа вазелінам яе заўжды лёгкія на тупату ногі, паабітыя, парэпаныя, – у ложак яе занясе. Шкадаваў нават болей за старэйшую дачку. Ужо калі Алена выйшла замуж за Іосіфа, ён, слабы і змарнелы, дабіраючы свае апошнія дні, адпісаў ім усё, што меў з лепшага.
Наўздзіў гуманная гісторыя склалася ў гэтай сям’і, і цяпер Барыс, дзівячыся Алене Германцы, не ведаў, як льга дакапацца да крыніцы ведамак, пададзеных Данілу цыганкай, і як яна магла згадаць, што будзе і пра што Даніла ў свой час ахвотна распавядаў людзям. Адно той раман бравага немца зводдалек неяк, акурат у падсвядомасці, нагадваў сыну Пісарчука Барысу ягоны юр з Хвілюсіхай.
Неяк падчас сенакосу Барыс падахвоціўся завезці на луг абед, які згатавала Аксіння, ягоная маці. Там, на сенажаці, разам з Ганнай зграбалі і складвалі ў копы сена яго брат Паўлюк, жонка Паўлюка – Зося, суседзі і прыяцелі, а ў іх гурце, вядома ж, і Германка, жывая і дзёрзкая маладзіца, без якой мала дзе і што ў Моталі абыходзілася.
Выпраўляючыся ў дарогу, ён пасадзіў на воз побач з сабой Маню. Узяць дачку падказала яму бацькоўская ласка. Толькі ж неўзабаве ён мог і пашкадаваць пра свой учынак, бо на лузе, куды яны прыехалі, усчаўся такі рэй, які дачцэ ніяк няможна было слухаць. Калёсы з абедам і самім паважным, самаздаволеным фурманам Барысам як бачыш абступілі жанкі і ўчынілі яму перакрыжаваны допыт, з’едлівы, езуіцкі, на розныя галасы – прынамсі, так ва ўспрыняцці Барыса.
– А ці ты гэта, Барыс?
– Барыс? Які гонар для нас!..
– А ведаеш, чалавеча, здалёк мы цябе і не пазналі – нешта схуднеў, знябыўся – можа, Ганя цябе дрэнна корміць?
– А няўжэ ж…
– То ці не Хвілюсіха гэтак цябе абсмактала?
– Жывы аб’едак!
– Барыс а Барыс! У цябе такая спраўная жонка і дачка – ну як чарнічка-сунічка лясная. То ці ёсць у цябе, таткі, сорам?
– Бач: антыхрыст! Нават вачэй не хавае!..
– Пабойся Бога, Барыс!
І далей, і далей – што называецца – пагналі храпку на Івана. Напор жаночых з’едлівых і па-свойму зычлівых пачуццяў быў такі, што яму ажно млосна зрабілася, і ў агульным тым хоры ён ужо не спрабаваў нават усвядоміць сабе, што чаўпе на яго найбольш агрэсіўная тут Германка. Барыс нешта спрабаваў тлумачыць і супакойваць жанчын:
– Ну што вы гэтак уз’еліся на мяне?
Маня ж слухала, што ён даводзіць, і тут жа забывала бацькавы словы – яны здаваліся ёй нязначнымі. Мані было вельмі сорамна, крыўдна і балюча за бацьку. А ўвогуле яна была ў стане здранцвення, калі ад страху замірае сэрца.
Адно толькі на фоне гэтага гармідару ёй бачылася суцяшальнаю і добраю – пастава дзядзькі Паўлюка. Ён стаяў збоку, назіраў за явішчам і ўсміхаўся, спакойна, нават весела. Ён чакаў, калі бура сунімецца, каб паабедаць.
А Маніна маці, усхваляваная і, мусіць, расчуленая такім напорам гурмы на яе чалавека, які пачаў хібіць, старалася схаваць свае пачуцці за звыклымі рухамі, працай – здымала з воза і адносіла да кустоў лазняку, дзе быў цень, кошыкі і глячкі з абедам.
Цётка Зося кінулася ёй памагаць, і неўзабаве ўвага жаночага корпуса да Барыса аслабла, пасыпаліся паблажлівыя жарты, скіраваныя на іншых асоб, і абед перацяў нарэшце тэму гаворкі.
Дадому з лугу, дзе віравала праца і затым віравалі вольныя і палкія пачуцці местачковай зборні, Барыс ехаў маўклівы, унураны. Мані падабалася, што бацька маўчыць.
Але ж праз дзень пасля гэтага надарэння Маня пачула ад бабы Аксінні, што ў іхнім доме збіраецца радзіна і што бацьку, яе бацьку Барыса, будуць біць. Потым бабуля дадала пагрозліва:
– Калі сын становіцца блудлівым катом, то яго варта прагнаць з хаты!
Маня слаба ўяўляла сабе, якая гэта падзея блізіцца, але ў любым выпадку яна не магла яе прапусціць. Як потым яна будзе тлумачыць свае паводзіны ў малалецтве, у ейным мозгу было штосьці такое, што прымушала яе скрозь круціцца-вярцецца і прыслухоўвацца, прыглядацца да людзей, да іхняга хаўрусу, каб усё-ўсёсенькі ведаць. Таму пад той час, калі збіралася сям’я і ўжо прыйшла маці і браты Ганны Мікалай і Павел, малая залезла пад стол у вялікім пакоі і стаілася за краямі абвіслага абруса.
Боты дзеда Пятра, як бачылася ёй адтуль, зрабілі колькі крокаў па падлозе і спыніліся каля стала; ён, пэўна, перахрысціўся на абразы, якія віселі ў куце, і ціха прамовіў:
– Мы ўсе ва ўладзе Усявышняга, і няхай дасць блаславенне Айцец міласэрнасці нашай і ўсялякага суцяшэння, каб мы маглі самі суцешыць тых, каго напаткала няшчасце.
Такі ўступ надаваў загадкаваму і трывожнаму моманту нейкую ўрачыстасць.
– У нашай радзіне дагэтуль яшчэ не было распусты, – казаў далей дзед, – і мы з Аксінняй, здаецца, не давалі сваім дзецям прыкладу ў парушэнні божай запаведзі: не чыні пралюбадзейства!.. Тым не менш наш сын Барыс, не саромеючыся ні людзей, ні бацькоў, не кажучы ўжо пра жонку, пачаў любошчы з другой. Як гэта магло здарыцца? Нешта не ўцямлю…
На дапамогу бацьку прыйшоў малодшы сын – Паўлюк:
– А я, бацька, патлумачу: мы жывём з Богам, а Барыс – па веры сваёй – з камуністамі, а ў тых наперадзе – рай, які завецца камуніяй. У камуніі ж, кажуць, усе будуць пад адным радном – нават жонкі. Воля кожнаму: з кім хочаш спалучайся – хоць з валаамавай асліцай!
– Брэшаш, Паўлюк! – як уджалены, падскочыў Барыс.
– Я брашу, што ты з Хвілюсіхай злыгаўся?
– Чаму злыгаўся? Цынік! Там жабрацкая сям’я і дзеўкі пухнуць з голаду. Я ж памкнуўся быў памагчы ім, бо, па тых жа боскіх запаведзях, любі бліжняга свайго, як самога сябе!
– Дык для цябе Ёўда стала ўжо бліжэйшая за жонку? – здзіўленая, спытала Аксіння.
– А чаго маёй жонцы не хапае? Я ж не пакінуў яе і пакідаць не збіраюся!
– Во як! А ночы дзе ты прападаеш? – плакала Ганна – Маніна маці.
– Я ж кажу, – пасведчыў зноў Паўлюк, – тут камуністычны ўплыў: усё агульнае і ніякай адказнасці!
– У-ох! Памаўчы, дурань!..
– Цішэй, ці-шэй! – узвысіў свой голас дзед. – Ты, Барыс, на вачах раздвоіўся, і ў тым твой грэх і бяда твая. Так што няма чаго кідацца на іншых.
– Сапраўды, – падтрымала свацця Параска. – Абурацца няма чаго, калі на тое. Табе, жарабцу, мала Ганны?.. Шалееш, гіцаль, у раскошы!
– Прабачце, але ж гэта не так!
– Барыс, – тым жа строгім голасам сказаў дзед Пятро, – няма табе як прабачыць, і калі ты не пакінеш Яўдоху, мы выдзелім табе пэўную долю і папросім пакінуць бацькоўскі дом! Ганна з Маняй застануцца ў нас. Я Маню вывучу…
– Не будзе гэтага!
– Будзе! – запэўніў дзед. – Чалавеку, калі жэніцца, патрэбна разуменне сям’і. У Бібліі што гаворыцца на гэты конт?.. Чалавек пакіне бацьку і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адною плоццю. Што Бог спалучыў пры згодзе вашых сэрцаў, тое чалавек не павінен разлучаць.
– Го! – Барыс пляснуў далонню аб лаўку, на якой сядзеў, ускочыў з яе ды манерна падышоў да жонкі.– Ганя, я ж даўно хацеў, каб мы былі адною плоццю! Хто і што нас разлучае? Дурніца! – узяў яе пад руку. – Хадзем!
Гэты жэст быў даволі артыстычным і тым не менш прымірыў радзіну.
Для Мані і яе сям’і тыя гады былі б, відаць, самымі спакойнымі, калі б не татава каханка.
Праўда, з тагачасных моцных уражанняў дзяўчынцы давялося перажыць неўзабаве яшчэ адно. Было гэта ў 1937 годзе. Ужо маці нарадзіла ёй сястрычку Вольгу. Ужо адцвіла ружавата-белымі пялёсткамі вялізная яблыня каля хаты, пад абвіслымі галінамі якой Маня любіла гуляць з лялькамі. Лета…
У двор завітаў пан – Генрык Юргенсан. Ён звычайна быў падцягнуты, жвавы, з вусамі, што разыходзіліся ў бакі стрэламі. Паводле Маніных назіранняў, вусы ў пана Юргенсана былі куды больш вытанчаныя, чым у дзеда. Гэты пан з нейкіх часоў хаўрусаваў з сям’ёй Пісарчукоў і прадаў ім шаснаццаць дзесяцін лугу, а ягоная жонка нават пагадзілася хрысціць у царкве немаўля, народжанае ў Пісарчукоў, і цяпер даводзілася малому хроснай маці, а бацькам, Паўлюку і Зосі,– кумой. Вось такая радня.
Аднак выгляд у пана Юргенсана на гэты раз быў разгублены, рухі няпэўнымі, вусы і тыя абвіслі. Ён сказаў дзеду, што здарылася няшчасце і што ён хоча параіцца, як сябе паводзіць далей. Дзед пасля гэткага кранальнага тлумачэння жэстам рукі запрасіў пана ў хату. Маня маланкаю сіганула ў сталовую і заняла сваё патаемнае месца ў кутку пад сталом.
Пан Юргенсан момант цяжка і знясілена маўчаў, потым Маня пачула:
– Бачыць Бог, я не хацеў гэтага!
– А што, пане, здарылася?
– А тое, што я забіў чалавека…
– Як?! Пане Юргенсан, беражы вас Бог! І – што вы кажаце?
– Кажу… Я не хацеў гэтага. На досвітку іду са стрэльбай і бачу на палетку паміж карчоў бульбы штосьці чорнае. Я ўглядваюся… Варушыцца. Дзік, думаю, рые, ласуецца, дрэнь, бульбяной завяззю. Стрэліў. Падыходжу, ажно там – ніцма ляжыць чалавек.
– О Божа, пад сваю абарону прымі! Забітага душу супакой. Цяжкі грэх даруй пану… Пане Генрык, я вельмі шкадую, але ў такі змрочны і цяжкі для вас дзень быў бы рады вам памагчы.
– Парайце, спадар Пятро, што мне рабіць далей? Пайсці ў гміну і ва ўсім прызнацца ці прыкусіць язык ды зрабіць выгляд, што нічога не ведаю?
– Раю, пане Юргенсан, вельмі раю не памнажаць грэх на грэх, бо ён і без таго вялікі. Найлепей, я думаю, пайсці ў гміну і расказаць, а потым, калі высветліцца, хто гэты чалавек, узяць сіроцкую сям’ю пад апеку. Бедныя ж людзі – няшчасныя людзі, памагай ім, Госпадзе! Гэты, можа, ад голаду палез на чужы палетак мацаць у карчах бульбу.
Дзед наліў небараку келіх гарэлкі, і, калі яны выпілі і выйшлі, Маня вылезла з-пад стала, адчуваючы рэзкія і яркія фарбы летняга дня і чалавечае гора ды стомленасць. Усё гэта праяўлялася ў лёгкім галавакружэнні. Яна ўпершыню ўявіла, дакладней, паспрабавала сабе ўявіць забітага чалавека і ўпершыню так блізка, апасродкавана, праз дзедавы перажыванні, перажыла гэты трагічны выпадак. Можна сказаць, што смерць упершыню з’явілася ў яе свядомасці і агарнула холадам сэрцайка. Разам з тым яна ўсведамляла сваю ўдачу ў выведванні тайнаў дарослых і хоць няпэўна, але адчувала яшчэ і цяжар ад такіх ведаў.
Увесь ход перажыванняў у гэты момант перакрываўся наплывам яе лагоды і пашаны да дзеда: ён добры, ён мудры, як што з ім паны ладзяць і ў цяжкую хвіліну анічога перад ім не ўтойваюць. От які яе дзед!.. Ёй хацелася жыць толькі з дзедам.