Читать книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка - Страница 9
Кабала
Кніга першая
6
ОглавлениеНарадзілася Маня акурат у зімовую сцюжу, пасля Вадохрышча, калі Зямля круцілася-вярцелася і сціху выстройвала лёс чалавечы пад знакам Вадалея. Польскія паны ўсё яшчэ ўладарылі ў Пінску, Янаве, Моталі. Па тым часе яны ўладарылі на ўсе бакі ад Моталя, гміннага мястэчка Драгічынскага павета Палескага ваяводства. Ёй жа спадобілася мець бацькамі карэннага беларуса, старэйшага сына Пятра Рамановіча – Барыса, высокага, cпраўнага круглатварага дзецюка, у пары з Ганнай Міховіч, мясцовай прыгaжуняй, якая станам, гнуткім і ладным, паглядам, лагодным і ўсмешлівым, пасавала яму.
Маня – першая завязь, а на вочы дзеда – першая ягадка іхняга, Барыса і Ганны, кахання. Звычайнае немаўлятка, яна адразу зрабілася лялькай, ад якой чакалі бог ведае чаго, і – што дзіўна – Маня апраўдвала самыя лепшыя спадзяванні бацькоў, усёй радзіны ў Моталі і нават далей, дзе жылі сваякі. Дзяўчынка добра смактала пругкія Ганніны грудзі, забаўлялася цішай і назіраннем розных прадметаў, калі яе пакідалі адну. Вадалей-нeбарака, мусіць, наклаў-такі добры адбітак на яе паводзіны, бо глядзела Маня-золатка што на матчын твар, што на іншыя твары і рэчы наўкруг учэпіста, намагаючыся, пэўна, спасцігнуць нейкую важную для яе патаемнасць.
Яшчэ не споўнілася ёй і годзіка, як Маня стала на ножкі, пайшла, смеючыся і радуючыся акурат з гэтакай сваёй праявы болей за бацькоў. Мурашка зусім, яна часам залазіла пад стол, каб падслухваць, пра што вядуць у застоллі рэй знаёмыя і незнаёмыя дзядзькі і маладзіцы.
Іх сям’я жыла ў дзедавай хаце, займаючы два пакоі, якія былі спальняй і кухняй, а яшчэ яны мелі асобныя сені. Ці трэба казаць, што для малечы Мані, калі яна, стаўшы на ножкі, пачала бегаць, воля была не толькі тут, але і на дзедавай палавіне. Дзед наогул меў вялікую прыхільнасць да ўнучкі. Маючы двух сыноў, ён сумаваў па дачцэ, але дачку яму Аксіння так і не нарадзіла. Відаць, Маня запаўняла ў ягонай душы патаемны куточак. Невыпадкова ўнучка заўжды гарнулася да дзеда. З усёй непасрэднасцю потым яна будзе цікавіцца яго гаспадарчым заняткам, а ён адорваць яе ўвагай, пяшчотай. У такім сугуччы і нараджалася ў іх вышэйшая еднасць, што цешыла ўсіх.
А праца на сялянскім падворку, як і ўвогуле на зямлі, ішла наплывам, мяняючыся спрадвеку, бы вада ў віры. Гэты калаўрот, праўда, захапляў больш Маню, унучку Пятра, чым яе бацьку – Барыса, які пасля службы жаўнерам у Войску Польскім вярнуўся на бацькоўскі падворак.
У мястэчку, дзе ўсім было цеснавата, шырыўся гандаль, рамесніцтва, адыходныя промыслы. Сяляне ўладкоўваліся на працу па найме, утваралі брыгады цесляроў і сталяроў, рабіліся плесарамі, гэта значыць плытагонамі, на Ясельдзе і іншых водных шляхах. Ім, дзецям прыроды, з нейкага часу мроіліся вандроўкі, прыгоды і грошы, зразумела, здабытыя сваім мазалём. Дзяўчаты, дарэчы, больш трымаліся спрадвечнага – разам з мацяркамі і бабулямі працавалі ў сядзібах, у полі, апрацоўвалі і пралі лён, воўну, спявалі за прасніцамі, ткалі шыкоўныя посцілкі, прасцірадлы, ручнікі, абшывалі сябе і радзіну.
У адвольным замесе сялянскіх традыцый і вольных рамесніцкіх ды рыначных веянняў Барыс Рамановіч шукаў сваё месца і нарэшце знайшоў.
У гмінным мястэчку акурат стваралася пажарная служба. Узначальваў яе пан Юргенсан, казалі, латыш. От Барыс і аддаў ёй перавагу – стаў стражакам. Гэтай падзеяй, а калі больш яскрава – стварэннем пажарнай каланчы ў Моталі, можна сказаць, і было адзначана дзесяцігоддзе польскай акупацыі заходняй Беларусі, што, паводле Рыжскага польска-расейскага «мірнага дагавору» 1921 года, стала калоніяй Польшчы.
Сярод цывільнага люду пажарнікі мелі адметнасць – зашпільваліся на адмысловыя казённыя гузікі. Барыс, праўда, бачыў у польскім мундзіры нешта большае, чым наданне годнасці стражнікам. Актывізавалася палітыка польскіх паноў па прышчэпліванні сваёй нацыянальнай акрасы зямлі беларусаў. Іх клопат быў зразумелы. Урад Пілсудскага непакоіла нарастанне бальшавіцкіх і наогул вызваленчых настрояў у жыхароў шматлікіх гмін і паветаў. На гэтыя зрухі Барыс Рамановіч глядзеў як на спробу няшчаснага люду вылезці з-пад дошак (на якіх паны балявалі) на свет белы. Пры гэтым вызначалася цяга мужыкоў на ўсход, да аб’яднання з той часткай Беларусі, дзе, як лічылася, справядлівасць ходзіць пад чырвонымі штандарамі.
З інфармацыі, якой часам пан Юргенсан дзяліўся са стражакамі, Барыс цяміў, што, насуперак волі ўладаў, спакваля расхістваецца ды расхістваецца акупацыйны рэжым на Крэсах Усходніх. Гэтаму спрыялі выступленні сялян: Косаўскае (з расстрэлам паўстанцаў з вінтовак і кулямётаў), Асташынскае, а неўзабаве і Кобрынскае ўзброенае… Магчыма, там недзе пратэст быў больш рашучы і смелы, чым у Моталі, аднак жа і тут спакой час ад часу парушалі ўлёткі, якія распаўсюджвалі мясцовыя прыхільнікі ўз’яднання і панаднага камунізму; так што водсвет тых бліскавіц, як бы далёка яны ні зіхалі, пэўным чынам даходзіў і сюды.
Да ўсіх працоўных Заходняй Беларусі!
У апошні час у капіталістычным сьвеце, а асабліва ў фашыстоўскай Польшчы, разгарнулася шалёная антысавецкая кампанія. Рымскі папа, рабіны і папы, буржуазія і сацыял-фашысты адкрыта прапаведуюць новы крыжовы паход супроць Краіны Саветаў.
У гэтай ганебнай рабоце актыўна дапамагаюць фашыстоўскай дыктатуры яе сацыял- і нацыянал-фашыстоўскія агенты (ППС, Бунд, Вызваленне, Стронніцтво Хлопске, беларускія хадэкі, Сельсаюз, Луцкевіч, Астроўскі і інш.), прыкрываючыся лжыва-апазіцыйнай фразай.
У сейме яны галасуюць за ваенны бюджэт і, як пілсудчыкаўскія сабакі, накідваюцца на камуністычных дэпутатаў, якія смела і адкрыта заклікаюць працоўных да рэвалюцыйнай барацьбы, на абарону СССР. Разам з паліцыяй яны расстрэльваюць дэманстрацыі рабочых і сялян. Разам з фашыстамі яны зрываюць забастоўкі і душаць іх.
Уся лепшая і значная (больш паловы) зямля знаходзіцца ў руках невялічкай купкі абшарнікаў, кулакоў і асаднікаў…
Голад на Віленшчыне і паўсюдны неўраджай сталі бытавым з’явішчам. Зямельная і крэдытная палітыка фашыстоўскага ўраду ставіць сабе за мэту ўзмацненне і пашырэнне абшарніцка-кулацкай гаспадаркі і далейшае паняволенне і руйнаванне бядняцка-серадняцкіх гаспадарак.
Непасільным падаткавым ярмом, памножанымі штрафамі, нядоімкамі, страхавымі ўзносамі, акцызамі, мытамі, шарваркамі і іншымі формамі акупацыйнага грабяжу і кабалы ў цэлым пілсудчыкі вымотваюць з працоўнага люду ўсе сілы.
Гэтак далей жыць нельга! Гэтак далей пакутаваць і цярпець ужо ня хочуць і ня могуць нашы працоўныя. Свае пратэсты і абурэнні ўсё больш і часцей яны выяўляюць у форме забастовак рабочых і хваляванняў сялян. Забастоўкі рабочых у Вільні, Пінску, Горадні, крывавыя сутычкі бядняцка-серадняцкіх мас з паліцыяй і кулакамі ў Лідскім, Каматлоўскім і Тэраспальскім раёнах, дэманстрацыі беспрацоўных у Вільні, Пінску, узмоцнены рост рэвалюцыйных настрояў у арміі, адыход людзей ад абшарніцка-кулацкіх, фашыстоўскіх ваенных і гаспадарчых арганізацый – гэта найбольш яскравыя рэвалюцыйныя дзеі за апошні час.
Ні граша ўраду Пілсудскага-Бартэля, ураду тэрору, голаду і вайны! Рашуча байкатуйце ўплату падаткаў, не плаціце ніякіх узносаў у крывавы фонд тэрору і вайны. Адмаўляйцеся ад усялякіх павіннасцяў. Ганіце прэч паліцыю, саквэстратараў!
Вільня. Сакавік. 1930 г.
Усё, што ляцела весткай, гучала, крычала, усё спараджала ў сялян спадзяванні на змены ў жыцці. У лепшы бок. Бо ў горшы – ужо не было куды!
Тым часам, каб заняць хлопаў ды ўцягнуць іх у татальныя асіміляцыйныя працэсы і ўмацаваць сваё палітычнае становішча, хіжы паліцэйскі рэжым пачаў арганізоўваць розныя дапаможныя каманды з мясцовага люду. У Моталі стварылі службу «шчэльцаў», ці, больш дакладна, «стшэльцаў» – стральцоў,– арганізацыю вайсковага характару з ліку добраахвотнікаў, куды ішлі ў асноўным дзецюкі, не маючы пэўнага жыццёвага занятку. У праграму навучальна-выхаваўчай падрыхтоўкі стшэльцаў, апроч палітыкі і вайсковых заняткаў, уваходзілі фізічныя практыкаванні і спартыўныя гульні. У Доме людовым час ад часу наладжваліся і стшэльцаўскія забавы з гармонікам. Нярэдка яны заканчваліся бойкамі, у якіх супраць стшэльцаў выступалі мясцовыя патрыёты, інакш кажучы, хлопцы з пракамуністычнай або камсамольскай рошчынай у душы.
Барыс па-свойму перажываў падзеі. Як бы там ні было, але той пажарнай каланчой, узнятай над мястэчкам, паны дужа дагадзілі маталянам, бо іхнія хаты ў мінулым неаднойчы гарэлі. Хаты стаялі шчыльна, страха да страхі – на вальнейшае рассяленне людскога мурашніка тут не хапала месца. З гэтай прычыны пажар, няўрокам кажучы, асвойтаўшыся ў нейкай бядачай халупе, мог лёгка злізаць цэлую вуліцу.
Паны дагадзілі, напэўна, і Барысу, які займеў сталы занятак, шмат было вольнага часу, нядрэнны заробак. Цяпер ён дэфіляваў па местачковых вуліцах, гаманкіх ды зыркіх, у дыхтоўным сінім мундзіры з бліскучымі гузікамі,– ладны, станісты, спанатраны на гумары і блюзнерстве, лавіў на сабе доўгія позіркі мясцовых дзяўчат, маладзіц… У вольныя ад дзяжурства гадзіны, калі Ганна мела адхланне ад працы ды ласку да яго, стражак Барыс, праўда, бавіўся з ёй.
Часам з яго ставала ахвоты лавіць рыбу на возеры, але ж вуды не прызнаваў і аддаваў перавагу рышоўцы. Рыбаліў не адзін – шукаў хеўру, з якой, як кажуць, і бацьку добра біць. Разам выбіралі месца і час, каб употай ад спадароў-арцельшчыкаў, якія арандавалі ў пана Юргенсана возера, закінуць снасць.
З большай ахвотай, праўда, Барыс лавіў ракаў. Ракі, як тыя стражы падводнага царства, насялялі грывы ўзбярэжжаў і само возера. Штораз ён прыносіў іх дадому па поўным вядры. Адно разумеў: рыба і ракі для яго – забава, і толькі. Ён не быў лайдаком, але ў душы выношваў іншае, наважваўся заняцца сур’ёзнай справай па мене, продажы. Ён меў намер урасці ў гандаль, камерцыю, каб лавіць не столькі шчупакоў і ракаў, колькі злотыя.
Барыс Рамановіч цяпер, чуеце, не той семнаццацігадовы гімназіст, які прыехаў з Расеі,– жыццё, сям’я год за годам усё больш адціналі яго ад юначых захапленняў. І прычыны таму былі розныя. Іх падпольная спулка, на жаль, не мела істотнай падтрымкі ад іншых падобных асяродкаў на Берасцейшчыне. Практычна яна страціла жывую зваротную сувязь і з Савецкай Беларуссю, дзе за нэпам, памяталася, будавалі запаветны лад жыцця. Туды больш не пускалі. Але туды і памкнуўся Браніслаў Тарашкевіч, які дамагаўся ад Польшчы права для беларусаў і ўслаўляў лад жыцця за Саветамі. Краіны зрабілі абмен вязнямі, і Польшча замест ваяўнічага беларускага дзеяча, патрыёта, вучонага, якім быў Тарашкевіч, прыняла да сябе Аляхновіча, драматурга, акцёра. Нібыта паляка, хаця які з яго поляк?.. Як паведамлялі газеты, абмен адбыўся 6 верасня 1933 года на мяжы пад Стоўбцамі, на станцыі Коласава. І быў вялікі кантраст у знешнім выглядзе вязняў. Элегантна апрануты, з бародкай, у капелюшы, пад гальштукам – Тарашкевіч ішоў насустрач знямогламу, абдзёртаму і, паводле польскіх крыніц, босаму Францішку Аляхновічу, які сем гадоў правёў на Салаўках. Разміналіся адзін з адным, і абодва, бадай, былі шчаслівыя: у кожнага за спінай была турма, а цяпер, здавалася таму і другому, свеціць новая жыццёвая перспектыва і, галоўнае, воля!
Польскі афіцэр, які наглядаў за абменам вязняў, даў ім пару мінут для прыватнай размовы.
– Бронюсь, куды ты ідзеш?! – усклікнуў драматург Аляхновіч голасам, у якім былі здзіўленне і горыч.
– Я вяртаюся ў беларускі дом, – адказаў спаважна Тарашкевіч, і ў гэтай спаважнасці чуліся прага волі, надзея і крыху нават патэтыкі.
– Дзівак! У беларускім доме запанавалі чужынцы.
– А ў польскай турме хіба лепшае знойдзеш?..
– Прабач, Бронюсь, ты дарэмна ў Крэсах заснаваў Грамаду. Тваё аграмаднае тварэнне зараз далёка – на выселках.
– Як? – сумеўся той.
– До! – падаў голас польскі афіцэр, яму няможна было дапускаць палітычных размоў.– Даволі, панове…
– Прабачце, – кінуў у яго бок Францішак Аляхновіч, – мне прыгадалася пагаворка. Жылі на свеце два браты, і абодва дурні: адзін халодны, другі галодны… Нам застаецца толькі пажадаць адзін аднаму ўдачы!
Газеты пісалі яшчэ, што на момант абмену пад пахай у Аляхновіча быў бохан хлеба.
Яны развіталіся і пайшлі, каб выпрабаваць паасобку сваю пакручастую пуцявіну.
Мотальскіх прыхільнікаў «беларускага дому», што выбудаваны там недзе, таксама палохалі арышты дэфензівай камуністаў-падпольшчыкаў, іх катаржнае ўтрыманне ў турэмных засценках.
Паводле сведчанняў, якія пакінулі нам удзельнікі тых падзей, у верасні 1935 года польскія ўлады наладзілі паляванне на патрыятычна настроеных беларусаў з камуністычнай спулкі, дзе пераважала моладзь. Актывісты раскідвалі ўлёткі, сваім зместам скіраваныя супраць польскіх уладаў, развешвалі чырвоныя сцягі. Дык палякі высачылі амаль усіх і ўчынілі арышты. Дзяўчат, праўда, пасля допыту адпусцілі, а хлопцаў трымалі за кратамі ажно два тыдні, выхоўвалі кухталямі ў духу пачцівасці да польскай дзяржавы. Кіраўніка ж спулкі Яна Мацукевіча па прозвішчы Самарака моцна збілі, потым звязанага кінулі на воз і – у павятовы горад Драгічын, на допыт, на суд, адтуль – у пінскую турму, тэрмінам на чатыры гады. На волі застаўся адзін падсвістыч – гэтак зваў спаважны люд Іллюка Дубовіча, які ленаваўся абрабляць свой гарод, – на падсвістыча-прастака ў палякаў не хапіла доказаў.
Але ж для выхавання cапраўднай пачцівасці, на думку карнікаў, учыненага імі пярэпалаху было мала, і праз колькі дзён яны вярнуліся.
Акурат мружылася нядзельная раніца. І гэту раніцу, і ўвесь дзень азмрочыла зграя жандараў. Яны зганялі мужыкоў мястэчка і шэрагу вёсак гміны да хат удзельнікаў камуністычнага бунту, іхніх бацькоў і прымушалі дарослых грамадзян, паважных, сумленных, чыніць грэх – здзіраць саламяныя стрэхі з будынкаў.
У вачах селяніна, рамесніка гэта было дзікунствам. Яно абарочвалася сапраўднымі драмамі для гаспадароў, у чыіх сем’ях былі камунякі. Асаблівыя страты панесла сям’я местачкоўца Плюнгера, у якога старэйшы сын Данік, яшчэ будучы падлеткам, сышоўся з пракамуністычнаю моладдзю. Забароненае вабіць, рызыка, само сабой, адточвае характар, і гэта перш-наперш цягнула туды. Толькі ж пра цану сваёй палітычнай гульні Данік даведаўся, калі жандары сабралі каля бацькоўскае хаты народ і на Данікавых вачах раскідалі саламяную страху. Маці галасіла, суседкі памагалі ёй, а бацька, якому не ўдалося ўгаварыць палякаў не чыніць сям’і шкоды, разгублена мітусіўся ў двары, твар яго то наліваўся крывёю, то бялеў. Нечакана ён схапіў Даніка за каршэнь і добра перацяў пугаўём. Данік завойкаў і пусціўся ўцякаць, а гаспадар Плюнгер услед яму роспачна крычаў:
– Камуністычны смаркач! Доўбень!.. Я ж табе, я ж… Цьфу на цябе!
Адно жандарская навука з першага разу не прышчапілася Даніку як след, пра што можна меркаваць хоць бы з таго, што праз паўгода іншыя грозныя жандары з’явіліся каля сядзібы Плюнгераў.
І зноў страха была зруйнавана. Толькі на гэты раз выхаваўчая акцыя не абмежавалася сялянскаю страхою, паліцыянты вышуквалі прыхаванае ў свірне ды каморы збожжа, рассыпалі яго па зямлі, распорвалі і выкідвалі з пакояў падушкі, а таксама палатно, распускалі і шпурлялі пад ногі снапы неабмалочанага жыта, пшаніцы, аўса, прымушалі людзeй усё гэта мяшаць у кучу і таптаць, таптаць разам з зямлёю. У зацятай панскай крыві, пэўна, кіпела столькі разбуральнай энергіі, што яна прыводзіла іх у стан раз’юшанасці і шаленства. Ашалелым ад крыўды і здзеку выдаваў і гаспадар Плюнгер.
Зразумела, пасля такога пагрому замест пачцівасці і спагады да сябе палякі выклікалі яшчэ большы дакор, абурэнне, агіду і нянавісць.
Гаспадар Плюнгер зламаўся.
Каб засцерагчы сядзібу ад вынішчальнага жандарскага ўрагану ў далейшым, ён мусіў напісаць у паліцыю заяву, што выракаецца свайго старэйшага сына Багдана, і прагнаў Даніка з хаты.
Нешта тыдні са два, а можа, і болей Данік-вісус перажываў сваю ганьбу, туляўся па сядзібах сяброў, начаваў па адрынах і праклінаў увесь свет, а найперш польскіх паноў. У яго душы цяпер перабольшвала пачуццё помсты – палякам, і не толькі ім, а багата каму, нават бацькам! Праўда, па меры таго як гаспадар Плюнгер адраджаў сядзібу, нядобрае сынава сэрца мякчэла, і ён зноў прыхінуўся – начаваў дома, прымаў ад мацеры пачастункі. А ўвогуле – як пацярпелы – выходзіў яўна ў героі, у ватажныя лідэры ў коле сяброў.
Барыс Рамановіч хадзіў у тыя дні пахмурны. Ці не з роспачы і пратэсту супраць польскага ўціску спрабаваў быў заехаць на кані ў расчыненыя дзверы рэстарана мясцовых ліхвяроў? На такое свавольства ў Моталі мог адважыцца хіба толькі ён, Барыс. Таму здзіўленыя, уражаныя і пацешаныя адначасова местачкоўцы пры выпадку ківалі Пятру Пісарчуку:
– Ото ж і сын у цябе – зух!
– Шэльма галайдакаваты! Га?
– Ой-ё-ёй!..
А Маня, мала што разумеючы ва ўчынках дарослых, пераймала ад бацькоў сваіх хіба што іхні настрой ды спачувала кожнаму, каго паны крыўдзілі.
Пасля пагрому ў Моталі становішча пракамуністычнага падполля яшчэ больш пагоршылася, і не толькі з-за жорсткай рэакцыі ўладаў. Хаваючыся ад пераследу, Паўлюк Мінюк і два браты Валынцы падаліся ў Савецкі Саюз. Ім употай удалося перайсці мяжу і трапіць у сталіцу вольнай Беларусі. Аднак далей іх след згубіўся. Дайшлі чуткі, што на тым баку арыштоўваюць усіх перабежчыкаў і ніхто ім не дае веры, калі яны называюць сябе сябрамі камуністычнага падполля. Да іх ставяцца як да шпіёнаў.
Барыс адчуваў скруху і няпэўнасць, бо недзе там у глыбіні душы ўсё яшчэ тлела неперагарэлым вуголлем цудоўная казка пра новы свет і сацыяльную роўнасць. Ён не пазбыўся расейскіх уражанняў і захапленняў. Але тут ужо амаль была страчана глеба, на якой узнялася была яго чалавечую цікавасць да новабудоўлі, што звалася сацыялізмам. Нa шэрае вуголле ў душы наплаcтоўвалася іншае, як што пайшла паласа, дзе пераважалі сямейныя турботы. Ён дбаў цяпер пра ўласную годнасць у местачковым жыцці, наколькі дзелавым, настолькі і балаганным, дыханне і дынаміку якому надаваў капітал.
Зрэшты, Рамановічам па-ранейшаму кіравалі мaтывы сумлення, толькі цяпер сваім нутром ён цягнуўся да іншых крыніц і сродкаў самарэалізацыі і натхнення.
Аднаго разу бацька прынёс ад паноў гісторыка-этнаграфічную працу «Сяляне мястэчка Моталь і іхнія песні» – брашуру, напісаную і выдадзеную ў 1888 годзе членам імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства Марыяй Саковіч, ураджэнкай суседняй вёскі Моладава. І тады Барыс, прачытаўшы даследаванне, як бы збоку паглядзеў на сябе, на сваіх местачкоўцаў, сялян, і на яўрэяў, занесеных сюды яшчэ вятрамі сярэднявечча. Асобныя старонкі адкрывалі вытокі знаёмых яму з’яў, уражвалі значнасцю і драматызмам тагo, што рабілася на гэтай зямлі.
У пакручастыя гістарычныя часы Моталь трапляў пад уладу і апекаванне розных дзяржаў, у асноўным Польшчы, Масковіі… Мясцовыя жыхары лічылі сябе грамадзянамі Вялікага Княства Літоўскага, і пагатоў – за польскай каралевай Бонай яны набылі права мяшчанства, што практычна рабіла іх вольнымі людзьмі, так бы мовіць, прадпрымальнікамі; за імператрыцай Кацярынай сталі дзяржаўнымі сялянамі, плацілі падаткі ды зноў жа ўнікалі прыгону, і таму яны ў хуткім часе пачалі адрознівацца ад прыгонных сялян навакольных вёсак нават знешне і ў зносінах з шырокім светам вызначаліся добрым норавам, кемлівасцю.
Далей, праўда, матэрыяльнае становішча тутэйшага люду пагаршалася, і ўжо на вачах у даследчыцы М. Саковіч многія гібелі, не маючы зямлі, гаспадаркі – перабіваліся выпадковымі заробкамі. Прычым, пісала Саковіч, «яўрэі да такой ступені эксплуатавалі іх, што некаторых загналі ў кабалу на ўсё жыццё. У селяніна, напрыклад, у сярэдзіне зімы выходзіць хлеб – трэба купляць, а грошай няма; ідзе да камісіянера, які наймае рабочых на сплаў лесу, бярэ грошы пад вялікія працэнты і бярэ абавязацельства адпрацаваць з надыходам вясны; цягне лямку небарака, ды за адзін раз усяго, што павінен, не адпрацуе, і даводзіцца яму ісці на наступны год рабіць ужо задарма, а цяжкое становішча прымушае зноў пазычаць, працэнты растуць, і такім чынам селянін заблытваецца… Апошнім часам жыхары Моталя дужа збяднелі, бо яўрэі не давалі ім грошай пад вексалі, а замест працэнтаў бралі або засевы, або што-колечы з дамашняй скаціны – каня ці карову, а пад заклад выдадзенай ім сумы патрабавалі дамы ці іншыя збудаванні. Рэдкі моталец вольны ад кабальных пазык… і жыды, – зазначала яна, – давёўшы справу да гвалту, прадаюць усю маёмасць з малатка. Маталяне прызвычаіліся да гэтага так, што словы «пышы на мэні» (гэта значыць запісвай у лік маёй пазыкі) нават увайшлі ў пагаворку. Лепшую частку мястэчка яўрэі прысвоілі сабе. Яны пасяліліся часткова ў хатах сялян, пацясніўшы іх за даўгі на самы край пaселішча. Былога калісьці дабрабыту анізвання, і нельга не пашкадаваць гэтых людзей, што спакон веку прывыклі да матэрыяльнай незалежнасці, да свабоды, высакародны знак якой на сабе і цяпер носяць; ён жа выяўляецца ў шырокай чыннай натуры мотальца, асабліва ранейшых, лепшых часоў».
То ці мог Барыс Рамановіч адвярнуцца ад падобнай гісторыі? Ён пачуваў у сваёй душы пратэст і абавязак нітаваць мінулае з cучасным у жыцці маталянаў, клапаціцца не толькі пра сваю сям’ю. А ў свядомасці не раз паўставаў малюнак з дошкамі над паняволеным людам, тымі дошкамі, на якіх балююць чужакі: расейцы, палякі, жыды… І такі шырокі клопат спалучаўся ў яго, бадай, з дакляраваным камуністамі ўладкаваннем жыцця, дзе кожны дбае не толькі пра сябе. Таму і выспела ды выразна акрэслілася думка: стварыць канкурэнцыю мясцовым гандлярам, якія, маючы манаполію на пастаўку тавараў, трымалі цэны ў сваіх руках. Яны, як тыя крумкачы, групаваліся вакол сінагогі, якая стаяла на рынку, і жылі адасоблена сваёй абшчынай – па вуліцах Берасцейскай і Пінскай. Яны мелі ласку ад уладаў выбіраць собскага солтыса, каб не падпарадкоўвацца хрысціянскаму солтысу – свінячаму, як выказваліся між сабою.
Асэнсоўвалася большае: у той час, пра які акурат апавядала ў сваім даследаванні Марыя Саковіч, на становішча солтыса ў Моталі таксама ўплішчваліся яўрэі. Найперш – Озер Вайцман, круты, неардынарны, старанны чалавек, мяркуючы ўжо хоць бы па тым, што разам з Рахеляй, а па-мотальску – Рохляй, нагалубілі ажно адзінаццаць дзяцей; наступным, пасля Вайцмана, быў солтыс Абрагам Маталянскі, пра якога, праўда, мала якіх ведамак і захавалася, апроч таго што ён вучыў яўрэйскай мове сына Рохлі і Озера – Хаіма, які прагна цягнуўся да навукі і ў людзі.
Вяршэнства жыдоў у мястэчку, на думку адукаванага люду, і абумоўлівала цянёты, нялюдскі іх уціск і кабалу.
У душы Барыса Рамановіча, безумоўна, таіўся зух прабеглы, і яму ўласцівы быў імпэт гульні, дзе спакваля крок за крокам ён вызначаў свой шлях да мэты. Думкі пра ўласную краму ды гандаль акурат і захапілі яго магчымасцю сапраўднай і вольнай чалавечай гульні на полі, якое трымалі ў сваіх руках іншыя. Праз новы і пакуль яшчэ таямнічы для яго занятак, уласна, праз прызму гандлю Барыс глядзеў цяпер у будучыню, дзе мроілася яму шчасце сям’і і палёгка народу, да якога ён ставіўся неабыякава.